Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
У мяне Артур цікавіўся, як я стаў журналістам. У гамонцы мы і не заўважылі, як прыйшлі на аўтастанцыю і як сюды прычаліў з Гомеля аўтобус.
Ніна Шкляр не прыехала. А мы, чакаючы яе, так прагна ўглядаліся ў пасажыраў, якія выходзілі на бетанаваную пляцоўку, спадзяваліся спаткаць яе, аж пакуль не выйшла апошняя пасажырка маладзенькая дзяўчына ў белай сукенцы з двума вялізнымі чамаданамі і сумкаю на плячы. Яе ніхто не сустракаў, і мы спыталі дазволу паднесці ёй чамаданы.
Калі дзяўчо ўсміхнулася, давяраючы нам свае чамаданы, мы запыталіся, натуральна, куды трэба ісці.
-	Тут недалёка, яна махнула рукою ў бок чыгункі.
Дзяўчына перавяла нас праз чыгунку, і мы апынуліся на нейкім неабсяжным куп’істым лузе. У гэты час нечакана здрыганулася неба, падсвечанае маланкамі, пасыпаліся дробныя дажджынкі, і ў прыродзе пачалося штосьці неверагоднае. Над зямлёю запанавалі ўспышкі, якія ахоплівалі амаль усё неба, і суцэльны ціхі звон, які парушаўся толькі працяжнымі раскатамі грому. Бліскавіцы штоміг асвятлялі ўвесь абшар, яны ззялі адначасна з усіх бакоў, заліваючы прастору асляпляльным святлом. Іх вогненныя зігзагі, асабліва тыя, што мелі не вертыкальны, а гарызантальны накірунак, і ў вышыні, і ўдалечыні праціналі неба, утвараючы фантастычныя формы. Часам такія бліскавіцы нагадвалі хвалепадобныя дугі, сям-там перарваныя, яны сваімі канцамі ўтваралі завостраныя пікі. I на гэтым д’ябальскім маляўнічым фоне пачалося шквалістае нашэсце ліўня. Наша спадзяванне, што навальніца як наляцела, так і праляціць, развеялася хутка, як, дарэчы, і мая трывога за канты на штанах, і мы, даўно згубіўшы сцежку, перасталі пераскокваць з купіны на купіну: ратаваць ногі ад вады не было аніякага сэнсу. Што і казаць, выглядалі мы недарэчнымі мурашкамі, якія з вялікімі ношамі пайшлі насуперак непагодзе.
Каб дзяўчыне было лягчэй адолець цяжкі шлях, мы пачалі знаёміцца.
Звалі яе Аленай. Прозвішча насіла чыста беларускае Кажух. Студэнтка, затрымалася пасля сесіі ў горадзе і дабіраецца ў сваю вёску Пяскі, за сем вёрстаў ад мястэчка. Мы пажартавалі, спыталіся, ці не цэглу вязе яна ў чамаданах. Аказалася, асноўным грузам былі кнігі. Нягледзячы
на праліўны дождж пра што мы толькі не размаулялі. Напрыканцы пакутлівай вандроўкі ў Пяскі ўспомнілі пра сумнае: не стала бліскучага расійскага майстра прозы, сардэчнага пісьменніка Паўстоўскага.
Аленіна вёска ўразіла брамаю ў самым яе пачатку. «Помнік архітэктуры 19 стагоддзя. Неагатычны стыль», з ходу прыйшоў да такой высновы Артур.
Што да нашага з Артурам рыцарства, то за яго Алена арыгінальна ўзнагародзіла нас: у мокрым кветніку зламала жоўтую вяргіню і ўручыла зорку кветкі адну на дваіх.
Зваротная дарога ўсё яшчэ пад шалёнаю залевай была нашмат лягчэйшая: рукі, як-ніяк, вызваліліся ад чамаданаў.
Да Мілашаў вярнуліся мы а чацвёртай гадзіне раніцы. Іна дужа хвалявалася за нас: дзе прапалі? Мусіла спароць з сенавала Толю Ковеля, узброіць яго бацькаваю плашч-палаткаю і выправіць на пошукі прапаўшых. Пошукі скончыліся нічым, дакладней яшчэ большаю трывогай.
А шостай раніцы я ўжо быў на аўтастанцыі, каб у мокрым касцюме і раскіслых басаножках вяртацца дамоў. Дома пераапрануўся, перакусіў і роўна а дзявятай, поўны стваральнай энергіі, паўстаў у рэдакцыі перад занудлівым галоўным...
Эпілог
Як там у Янкі Купалы ў «Кургане»? «Пацяклі, паплылі за гадамі гады...» Божа мой, якое непрадказальнае жыццё! Хто мог падумаць, што Іначка, якая мяне з Артурам здружыла навек, загіне ў аўтакатастрофе! Загінула маладзенькаю настаўніцай у галалёд. Сястра яе Нэля выйшла замуж і пераехала на Украіну. Толя Ковель прыжыўся ў Піцеры. Мы з Артурам займелі кожны па адной жонцы і па двое дзяцей, дажылі і да ўнукаў. Сустракаючыся, не раз успаміналі былое і, вядома ж, тую арабінавую ноч. Нам карцела завітаць у Пяскі, праведаць нечаканую гераіню той ночы Алену. Аказалася, што яна, рана аўдавеўшы, выйшла замуж за італійца пад час савецкае перабудовы і пераехала ў Італію!
Аднак у Пяскі, усклаўшы кветкі на Ініну магілу ў пасёлку, мы аднаго разу ўсё-ткі завіталі.
Пасівелая Аленіна маці нас, нечаканых гасцей, сустрэла прыязна, частавала садавіной. Расказвала, паказваючы сямейныя фатаграфіі. Шкадавала, што рана адышоў яе гаспадар і што ёй наканавана цяпер векаваць адной. Дачку яны гадавалі ў строгасці. Старая паказала рэмень, што ўсё яшчэ вісеў на цвіку, той самы, якім Аленку выхоўвалі змалку.
Самае цікавае тое, як у тую арабінавую ноч маці рэагавала на паводзіны дачкі. Спачатку ёй сказала: «Як жа, доню, ты магла з двума незнаёмымі ноччу пайсці?!» А калі доня нас тады надта пачала хваліць, яна папракнула яе: «Ну дык як жа ты магла іх не запрасіць у хату?!» «Лічыце, запрасіла, калі мы прыйшлі» так падумалася.
ЦАЛІНА
1
Ну, чакай, Чыта, свайго Тарзана, з’яхіднічаў Зэк і прыгразіў згвалтаванай: А пра гэта нікому не пікні, задушу! Цяміш? Ён у азерца кінуў яе споднюю вопратку з плямамі крыві, падцягнуў і зашпіліў свае прыкметна зашмальцаваныя чорныя нагавіцы. Нягледзячы на даволі мажную сваю камплекцыю хутка ўзнімаўся на круты азёрны бераг: як шматвопытны злодзей, спяшаўся змыцца з месца злачынства.
Алеся, перасільваючы галаўны боль, паднялася з цёплага пяску і, плачучы, паспяшалася вылавіць у вадзе яшчэ непатанулую бялізну, памыла яе, выкруціла, апранулася і пайшла, не ведаючы куды, у які бок ісці. Выйшла на дарогу, глянула непадалёк стаіць той самы грузавік, у кабіне якога яна ехала, і за рулём сядзіць той самы вылюдак... Машына была заведзеная, яна знячэўку тарганулася з месца ды пайшла на яе, шафяруга быў бязлітасны: газануўшы, ледзь не дастаў радыятарам сваю жывую ахвяру, але, калі яна звярнула з дарогі ў стэп, ён адстаў, развярнуўся і пайшоў сваім курсам. Нейкі час няшчасная па інерцыі працягвала рухацца, як п’яная, не цямячы, куды ідзе, і не адразу ўгледзела, як ззяў на сонцы срабрыста-шэры кавыль. Алеся апусцілася на зямлю, міжволі тулячы да вуснаў некалькі пушыстых мяцёлачак. Залюбавалася да самазабыцця простаю стэпаваю раслінаю. I ўпершыню ў жыцці ў яе абудзілася жаданне выказаць тое, праз што пакутавала.
Ой, кавыль-кавылёк, у вачах маіх слёзы, Прыняла я ўдар майго жорсткага лёсу.
Яна здзівілася, што словы ў думках загучалі суладна, знайшлася рыфма. Яе зацікавіла спроба творчасці, словы, бы прыручаныя птушкі, прыляталі з таямнічае прасторы:
Кавылёк, кавылёчак пяшчотны, Я паранена, сэрца баліць, Памажы, памажы мне, гаротнай, Рану сэрца хутчэй загаіць!
Занатаваць прыдуманае не было як, бо сумачка з неабходнымі рэчамі засталася ў кабіне машыны. Але хвіліны творчага роздуму сталіся такім гаючым сродкам-паратункам ад стрэсу.
Калі Алеся паднялася і азірнулася наўкол, то непадалёк убачыла дымок дзякуючы якому неўзабаве апынулася ля вогнішча, дзе казахі з бліжняга аула гатавалі ежу. На шчасце, яны зразумелі незнаёмку, калі спытала, як дабрацца да Кустаная, куды яна спяшаецца на ўступны экзамен у інстытут. Хударлявы мужчына адышоўся ад вогнішча, наблізіўся да незнаёмкі, акінуў яе позіркам ды, гладзячы сваю сівую бараду, сказаў, што машын туды ідзе многа, паабяцаў ёй затрымаць першую сустрэчную.
Казах вывеў разгубленую чужачку на дарогу. Падобна, адчуў, што незнаёмка перажывае цяжкую часіну. I грузавік спыніў не як чужы чалавек, а як родзіч: прасіў шафёра, зазірнуўшы ў вочы, каб завёз яго ўнучку ў Кустанай.
2
Седзячы ў кабіне спадарожнай машыны поруч ізноў з незнаёмым шафёрам, Алеся неахвотна адказвала на яго пытанні, ды не таму што адчувала: ён пытаецца абы не маўчаць, гледзячы на аднастайнасць дарогі і бязлюдных абшараў цаліны, а таму што перажывала надта свежае пачуццё агіды да грубай жывёльнай сілы ў чалавеку, да вераломства, а таксама пачуццё роспачы ад таго жахлівага, што здарылася: цяпер яна, як гаворыцца ў адной паляшуцкай песні, «не дзеўка, не
баба» і папросту можа раптам прыраўняцца да розных там шлюхаў, бо, калі спатрэбіцца, як дакажаш, што ўсё здарылася насамрэч гвалтам, а не па яе добрай волі.
Канешне, ёй страшна не пашанцавала з гэтым нелюдзем. Але ж і сама яна даўбешка несусветная! Спяшалася, спытала ў транспартнай канторы, тупіца, калі адправіцца з трэста ў Кустанай бліжэйшая машына, а не пацікавілася, хто там за рулём. Ведала, што Хрушчоў перад цаліннай кампаніяй абвясціў амністыю злачынцам, у выніку чаго на волю выйшлі тысячы і тысячы зэкаў, а не ўцяміла: учорашнія зняволеныя патрапілі ва ўсе шчыліны агульнага жылля. Чаму яна падумала, што яе гэта ніяк не датычыцца, быццам яны рассяліліся недзе далёка, а не прыкінула рэальна: цаліна для іх асабліва прывабная, бо з’яўляецца сінонімам вольніцы. Пакутуючы за сваю неабачлівасць, Алеся ўжо называла сябе ў думках прышыбленай авечкай, таму што анічога благога не западозрыла нават тады, як Зэк прыпыніў машыну і сказаў: «Душна! Выйдзем перадыхнуць». У галаве Алесі цяпер пракручваліся кадры гэтай прыкрае дарожнае гісторыі. Вось ён вылазіць з кабіны і памагае ёй спусціцца з прыступак падае руку. Джэнтльмен, дый годзе!.. Нават крывая ўсмешка нічога ёй, дурніцы, не сказала. А далей усё пайшло, нібы ў фільме жахаў. Ён хапае яе на рукі, прэ ў бок азерца і кідае з крутога берага. Яна, як бервяно, коціцца аж да самай вады. Следам за ёю да вады збягае і ён.
Тут нікуды не ўцячэш! папярэдзіў, калі яна падхапілася і спрабавала бегчы. Давай па-харошаму...
Паваліў на зямлю, пачаў распранаць. Яна з усіх сілаў супраціўлялася. Пачаў біць па твары. На просьбу-мальбу адказаў кулаком. Удар па галаве спыніў адчайны дзявочы супраціў.
Зноў і зноў Алеся ўзгадвала яго звярыны выраз твару, калі дамагаўся яе і пасля, калі гнаўся за ёю на машыне. «Няўжо хацеў забіць?! думала цяпер яна. Падобна на тое, што хацеў. Чаму ж не ўтапіў? Мог жа ўтапіць! Тады не сумняваўся, што буду маўчаць? А йдучы да машыны, выходзіць, засумняваўся».
Бязлюдны стэп дадаваў юнай асобе думак пра безабароннасць чалавека ў вялікім свеце, а доўгая дарога то трывожыла, то супакойвала яе развярэджаную душу. У тунэлі маральных пакутаў, з якога не магла выбрацца дзявочая душа, раз-пораз бліскала амаль асляпляльнае святло. Такім святлом з’яўлялася жаданне і надзея здаць паспяхова ўступныя іспыты ў інстытуце, куды яна так імкнулася.