Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
Міні-прытон распаўся ўраз, бо і да гаспадыні прыбіўся адзін дзівак, праўда, не вайсковы, а цывільны. Тут ён, як кажуць матросы, кінуў якар. Нарэшце, у дамку, куды Алесь усё часцей заглядваў, запанавала цішыня.
Былую Галіну кватарантку Люсю і яе сяброўку Алесь не ўспамінаў не было нагоды. Але аднойчы, калі пасля лекцый завітаў да сястры, на маснічыне ў калідорчыку ўбачыў паштоўку. Ён падняў, думаючы, што яна адрасаваная сястры ці швагру. Аказалася, Люся скардзілася Галі на свайго мужа: «Ён, Галічка, не такі, пра якіх марылі мы». Алесь цэлы дзень быў пад моцным уражаннем: аказваецца, і блудніцы здольныя марыць пра ідэальных мужоў. Нічога падобнага юны кніжнік не вычытаў яшчэ ні ў адным рамане.
ПАКУТЫ ШЧЫРАН ДУШЫ
1
Тою ж раніцай, калі паклалі жонку ў радзільны дом, Антон даведаўся па тэлефоне нумар яе палаты, прыехаў да гэтага вядомага ў горадзе гмаху, лёгка вылічыў патрэбнае акно, злаўчыўся, быццам кот, ускочыць на жалезную бочку, відаць, будаўнікамі тут пакінутую і кімсьці перавернутую ўверх дном якраз там, дзе яму трэба, і, стоячы на дыбачках, убачыць праз незафарбаваную верхнюю частку шыбы высокага акна сваю любую, такую родную пакутніцу!..
Ён у кагосьці з класікаў Усходу чытаў, што закаханага цяжка бывае адрозніць ад вар’ята. Але каб хто сказаў, што нейкая доля вар’яцтва выявіцца і ў яго паводзінах, нізашто не паверыў бы. Затое які ён закаханы, і казаць не трэба ведаюць усе: і сваякі, і сябры, і суседзі. Тое ні ад кога ён ніколі не ўтойваў. I не мог утойваць. У шчырага чалавека, якім Антон Прышчэпа вырас, святое пачуццё жыве і ў слове, і ў позірку, і ў кожным учынку, грунтуючыся на самой філасофіі ўспрымання жыцця. Здавалася б, ну што за такі вялікі неспакой: трапіла ў раддом жонка... Ды справа ў тым, што яна яму не жонка, а жоначка, з чым і сама даўно звыклася, бо не ўяўляе без яго ласкі і пяшчоты сябе. Зноў-такі здавалася б: трэба мець мужчынскую вытрымку, захоўваць супакой, каб не замінаць тваёй «палавінцы» мужна прайсці Богам наканаванае выпрабаванне болем, пакутамі, перш чым нарадзіць новае жыццё. Так то яно так, але не кажыце гэта Антону, бо яго Яніначка сама яшчэ дзіцё: аж цэлы месяц бракуе да сямнаццаці! To ж не жартачкі апынулася перад такім выпрабаваннем першы раз! I не падумайце сказаць яму, што малады здаровы арганізм лёгка перажыве ўсе мукі: дапамогуць дактары, якія заўсёды поруч. Яніна для Антона ніякі не арганізм, а жывая вясна, падораная яму не
толькі лёсам а і самой матухнай прыродай: у яе вялікія і ясныя, чыста вясновыя вочы, звонкі, як вясновы ручай, голас, пяшчотныя, мяккія, як лянок, і залацістыя, нібы сонца, пасмы валасоў, вусны спакусныя, як даспелыя суніцы; нават само імя гучыць як мелодыя, гукі якой растаюць водарам у самым сэрцы. Яна для яго любая, чароўная, адзіная і непаўторная! I трэба ж было той непаўторнай, калі ўбачыла праз ваконнае шкло яго кучарава-чубатую галаву, скласці крыжыкам указальныя пальцы рук, без слоў гаворачы, як ёй не вытрымаць! цяжка.
Hi жывы ні мёртвы вярнуўся муж дадому. Дома не знаходзіў сабе мссца. Яшчэ гюзна ўвечары і ноччу тэлефанаваў у раддом выніку пакуль не было. «Калі яна не выжыве, думаў Антон, я памру таксама, хай нас пахаваюць разам». Падобна, у ім жыў шэкспіраўскі Рамэа. Доўга не мог заснуць, успамінаў дзень першага спаткання з ёю на пераднавагодняй вечарыне, калі ён, аператар тэлестудыі, завітаў дзеля святочнай перадачы ў школу, дзе вучыўся з першага класа па адзінаццаты. Няйнакш гэта сам лёс яго прывёў сюды. Тут і знайшоў Янінку, васьмікласніцу-чараўніцу, стройную, хударлявую, золатавалосую, з вялікімі бліскучымі вачыма. Дагэтуль Антон ніколі не ўяўляў, што так могуць блішчэць ясныя вочы, ён дапускаў падобны бліск хіба што чорных ці карых вачэй. Ды вось трапіў пад гіпноз зеленаватых. У іх патанула імгненна яго хлапечая воля-незалежнасць, ён стаў жывым ценем каханай. На ростані, калі паслалі ў сталіцу на курсы, толькі і думаў пра яе. Лісты, паштоўкі, фатаграфіі ад яго сыпаліся ёй на рукі, на душу, як сыплюцца з неба цёплыя кроплі летняга дажджу на засмяглую раллю. I яна не прымушала яго доўга чакаць узаемнай увагі, ласкі, пяшчоты.
На яе летніх канікулах былі яны разам, гасцявалі адно ў аднаго то ў кватэры Антонавых бацькоў, то ў доме Янінай бабулі, чыю адзінокую старасць яна даглядала, часта выязджалі ці выходзілі на прыроду, дыхалі свежым паветрам, збіралі ў лесе грыбы ды ягады і ўсюды абдымаліся, цалаваліся. А ў жніўні пабраліся паспелі да бабулінага адыходу. У верасні пакінула старэнькая белы свет, калі пачынала
заміраць прырода. А ўвесну, калі ўсё наўкола абуджалася ў прыродзе, Яніна гатовая была падараваць сям’і і свету новае жыццё, ды вось яе пакуты доўжыліся. Антон пасылаў ёй у думках свае лепшыя пачуцці, перачытваў яе дзявочыя лісты, адрасаваныя яму, цалаваў яе фатаграфію, тую, што найбольш поўна адлюстроўвала яе красу: спакусныя, як бы прыпухлыя вусны, вялікія вясновыя вочы, пышныя пасмы сонечных валасоў. Як ні доўга не мог Антон заснуць, ён заснуць быў павінен хоць бы дзеля таго, каб не перадаваліся любай празмерныя ягоныя хваляванні і каб убачыць дзівосна-светлы і такі яскравы сон! ...Вясна; як вокам кінуць маладая пышная пад небам блакітным рунь, па гэтым роўным полі збажыны бяжыць яго каханая, спрытна нахіляецца і з лона зямлі падхоплівае рукамі прыгожае зайчанятка і крочыць па густой руні, тулячы яго аберуч да сэрца...
I якая ж вялікая радасць завалодала Антонам раніцай, калі пачуў па тэлефоне жаданую навіну! На рынку ён быў першы пакупнік ружаў і ўсялякіх марцыпанаў. 3 палымянапраніклівым пасланнем у кішэні ёй, маладзенькай жонцымаме, і сыночку, з поўнай сумкаю прысмакаў і з ружамі ён нёсся, бы на крылах ляцеў, да вядомага гмаху... Потым чытаў і перачытваў накіданыя на шматку паперы яе простыя і такія цёпла-пранікнёныя словы: «Віншую цябе з сынам! У нас усё добра. Беражы сябе. Да сустрэчы. Цалую». Яшчэ і яшчэ Антон углядаўся ў такі родны почырк. Ён так любіў касы дожджык яе пісьма, яму дадавалі аптымізму жыццярадасныя, поўныя любові яе словы, грэлі душу і акрылялі. Вяртаючыся дадому, ён двойчы даставаў паперынку з тымі шчырымі словамі, перачытваў і туліў да вуснаў.
2
О, Прышчэпа! Антон! Бацечка! Віншуем! гэтак наперабой, неспадзявана сустрэўшы, віталі свайго супрацоўніка сябры ў ціхай і ўтульнай кавярні, куды ён зайшоў павячэраць, усе трое падняліся з-за століка. Ідзі ж, бацечка, да нас.
Хоць Антон Прышчэпа быў у адпачынку, на працы ўсе ўжо ведалі, што ён стаў бацькам, а першыя ўведалі якраз гэтыя паплечнікі рэдактар Млынец, рэжысёр Чэхін і асістэнт рэжысёра Вяроўка. Пасля цёплых поціскаў сяброўскіх рук Антон сам прыставіў чацвёрты стул да іхняга стала, сеў, паклаўшы рукі на стол. Тут яму падалі ў рукі шклянку «сухача» Чэхін усім наліваў з адкаркаванае пляшкі.
За сына! За жонку! За цябе! дружна выгуквалі тосты.
Выпілі. Антон паклікаў афіцыянтку, заказаў з лёгкай закуссю чатыры пляшкі віна па адной на кожнага. Калегі былі нашмат старэйшыя за яго. Ен дужа любіў іх, бо гэта быў сапраўдны ансамбль прафесіяналаў, і яны яго любілі; такое ў хлопца было ўражанне, нібы ведае іх змалку, хоць папрацаваў з імі толькі год. Дзякуючы майстэрству кожнага працавалася ім лёгка, часам, па сутнасці, з нічога рабілі цікавыя перадачы так умелі падаваць падзеі і факты.
Выпівалі за нованароджанага, за яго вагу і рост, за яго маці, за бацьку, за сям’ю, за каханне... Шчаслівы галава сям’і заказаў яшчэ віна, ізноў па пляшцы «на брата». Антон крыху захмялеў: ён амаль не закусваў, усё гаманіў, адказваў на пытанні сяброў.
3 кавярні выйшлі на галоўную вуліцу горада, павольна пайшлі па ёй, не прамінаючы ніводнага віннага аўтамата. Гэтую навінку у абласным цэнтры толькі ўвялі, і было цікава глядзець, апускаючы ў шчыліну па 20 капеек, як у шклянкі наліваецца віно там чырвонае, там ружовае, там белае...
Калі пазачыняліся ўсе крамы і кавярні, да Антона і яго сяброў прыйшла «ідэя» паехаць на чыгуначны вакзал: там яшчэ працаваў буфет...
3
...Нейкае сіва-касматае страшыдла, з рыхлым, як воблака, тварам, біла па галаве, душыла за горла. «Я тут хачу ўладарыць! крычала яно, аж ляцела рэха: арыць, арыць, арыць. А ты павінен знікнуць!» Чалавек меў моцныя рукі, імі ён заўсёды лёгенька падымаў сваю любую, мог пасадзіць
яе на сваю далоню і гэтак несці. А тут яго дужыя рукі не маглі абараніцца, ён толькі спрабаваў іх падняць, а яны, як свінцом налітыя, ападалі...
Нешта ўсё дзерла і дзерла ў горле, сціскала яго якраз тады, як дзве неверагодна моцныя сілы завалодалі целам і душою: адна, натуральная і жыццядайная, поўная здаровага сэнсу, бацюхна сон, другая, штучная, недарэчная і бессэнсоўная, высокай ступені ап’яненне; як бы абсалютна паралізаванымі аказаліся ўся фізічная моц і свядомасць чалавека. Звычайна ў жыцці ён хутка знаходзіў выйсце з няпростых і цяжкіх абставінаў. А тут аказаўся бяссільны: сон быў глыбокі, стома вялікая, ап’яненне поўнае, прачнуцца ўсё яшчэ не мог, хоць у горле пякло вастрэй і вастрэй, бы мноства джалаў у яго ўпівалася. Чалавек няўцямна варочаўся на ложку, прыціскаўся тварам да падушкі, шукаў ува сне, ужо мала падобным на сон, край коўдры хацеў акрыцца з галавою, але коўдра была пад ім і таму толькі яе ражок дацягваў да твару, нішто не ратавала.
У такім стане апынуўся, вядома, Антон Прышчэпа, дваццацітрохгадовы малады чалавек, дома, у сваёй кватэры, што дасталася ў спадчыну ад Янінай бабулі, і ў гэтым крытычным стане яму пагражала штосьці страшнае. Ён круціўся, як на гарачай патэльні ўюн, то на бок, то на жывот, хаваючы твар у гарачую падушку, заяўляла пра сябе самаахоўная функцыя арганізма. I ўражлівы зрокавы нерв маляваў сіва-касматае страшыдла, сонны мозг не быў здатны на большае, толькі так выспявала яго каманда: трэба ратавацца, трэба прачынацца! Нарэшце штосьці гадкае, агіднае пачало перакрываць дыханне, чалавеку стала млосна, і вочы расплюшчыліся. Маланкай мільганула ў галаве пытанне: «Дзе я?», следам другое: «Што са мной?» Праз незачыненыя дзверы з кухні ў пакой ледзьве прабівалася святло электрычнай лямпачкі, усе хатнія прадметы патаналі, бы ў густым тумане, у сінявата-шэрым дыме; смярдзела паленым. «Плітка!» гарачая хваля памяці абудзілася і з пачуццём трывогі і сораму ўдарыла ў галаву. Ён падняўся і, хістаючыся, шыбануў на кухню, выцягнуў з разеткі шнур, зняў з электрапліткі па-