Археолагі дапаўняюць летапісцаў
Георгій Штыхаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 149с.
Мінск 2009
Г. В. Штыхаў
АРХЕОЛАГІ
ДАПАЎНЯЮЦЬ ЛЕТАПІСЦАЎ
Г. В. Штыхаў
АРХЕОЛАГІ ДАПАЎНЯЮЦЬ ЛЕТАПІСЦАЎ
Мінск
«Беларуская навука» 2009
УДК 902/904(476)
ББК 63.4(4Бен)
Ш94
Штыхаў, Г. В.
Ш94 Археолагі дапаўняюць летапісцаў / Г. В. Штыхаў. — Мінск : Беларус. навука, 2009. — 149 с. : іл.
' ISBN 978-985-08-1022-9.
Аўтар у папулярнай форме знаёміць чытача са шматлікімі археалагічнымі раскопкамі на тэрыторыі Беларусі, а таксама з багатымі падзеямі старажытнай і сярэднявечнай гісторыі.
Адрасавана шырокаму колу чытачоў.
УДК 902/904(476)
ББК 63.4(4Бен)
ISBN 978-985-08-1022-9 © Штыхаў Г. В„ 2009
© Афармленне. РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2009
НЯМЫЯ СВЕДКІ ГІСТОРЫІ
Помнікі сівой мінуўшчыны!.. Праз смугу стагоддзяў данеслі яны звесткі пра жыццё далёкіх продкаў. Нашы прашчуры пакінулі аб сабе надзвычай цікавую памяць — рэчы, якія рабіў і якімі карыстаўся чалавек на ўсіх этапах свайго жыцця. Гэтыя рэчы — часам адзіныя сведкі найстаражытнейшай гісторыі людзей, бо першая пісьменнасць, як вядома, з’явілася каля пяці з паловай тысяч гадоў таму назад (прымаючы пад увагу Егіпет і Міжрэчча). Чалавецтва жыве на Зямлі некалькі мільёнаў гадоў.
Як даведацца пра жыццё першабытных людзей, пранікнуць у цемру іх дапісьменнага часу? Вось тут на дапамогу вучоным і прыходзяць прылады працы, рэчы, якімі карысталіся гэтыя людзі. Кожны зроблены прадмет (артэфакт) сведчыць не толькі аб майстэрстве яго творцы, але і аб ведах і вопыце ўсяго тагачаснага грамадства.
Рэчавыя гістарычныя помнікі значна дапаўняюць паведамленні пісьмовых крыніц. Без такіх помнікаў не абысціся пры вывучэнні ўсіх гістарычных эпох, нават тых, калі людзі ўжо добра ведалі пісьмо.
Зямля захавала да нашых дзён рэшткі старажытных паселішчаў і гарадоў, абкружаных некалі глыбокімі равамі, абнесеных грознымі вежамі. Стагоддзе за стагоддзем гэтыя паселішчы і гарады заносіла пылам, засыпала зямлёй; яны зарасталі хмызам, пакрываліся дзірваном. Вучоныя-археолагі вызваляюць ад векавых напластаванняў тое, што збярог для гісторыі час.
У нашай краіне, бадай, няма такога кутка, дзе б не было помнікаў старажытнасці. Гісторыя Беларусі шырока прадстаўлена багатай спадчынай матэрыяльнай культуры — помнікамі археалогіі і архітэктуры.
Вы ўжо ведаеце, што навука, якая вывучае далёкае мінулае чалавецтва па рэчавых крыніцах, называецца археалогіяй. Само слова «археалогія» грэчаскага паходжання і ў перакладзе на нашу мову азначае «навука аб старажытнасці». Пра яе вобразна гавораць, што гэта гісторыя, узброеная рыдлёўкай.
Археалагічныя помнікі інакш называюць нямымі сведкамі гісторыі. Яны захоўваюць памяць аб сівой мінуўшчыне. Гэта галоўным чынам рэшткі старажытных паселішчаў і пахаванні старадаўніх людзей, пры раскопках якіх вучоныя-археолагі знаходзяць розныя старажытныя рэчы.
Археалагічная навука вывучае каменны век, калі людзі карысталіся каменнымі прыладамі працы; эпоху бронзы, у якую нашы продкі пазнаёміліся з металам. Затым ідзе жалезны век. Пра жалезны век і пра сярэднія вякі пойдзе наша размова далей.
У археалагічнай навуцы існуюць свае ўласныя паняцці, тэрміны: помнік, культурны слой, культурны пласт, мацярык, археалагічная культура. Ці ведаеце вы, што та-
Археалагічны помнік — старажытнае гарадзішча на беразе Лукомкі (Чашніцкі раён)
кое помнік? Вы не памыліцеся, калі скажаце, што гэта скульптура, аб’ёмны вобраз з каменю, металу, дрэва ці іншага матэрыялу. Напрыклад, помнікЯнку Купалу.
Аднак паняцце «помнік» мае яшчэ другое значэнне. Гэта ўсякі старажытны прадмет (рэч), які захаваўся, дайшоў да нас. Старажытныя рукапісы называюць помнікамі пісьменнасці. Існуе шмат іншых помнікаў.
Кожны след, пакінуты чалавекам, няхай гэта будзе гарадзішча, пахаванне, каменная сякера, гліняны гаршчок, попел ці вуголле, што засталіся на месцы колішняга паселішча, лічыцца гістарычным, ці археалагічным помнікам, бо ён захоўвае памяць аб мінулым.
Культурны слой, ці культурны пласт, — назва напластавання, якое ўтварылася ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. У ім захоўваюцца рэшткі старажытных жытлаў, гаспадарчых пабудоў, прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш. Культурны слой мае спецыфічны колер: чорны, карычневы, шэры і інш. Прыродная глеба, на якой ён залягае, у археалагічнай навуцы называецца мацерыком.
У старажытнасці розныя плямёны адрозніваліся паміж сабой сваімі культурамі. Існавалі разыходжанні ў формах прылад працы, упрыгожаннях, тыпах жылля, спосабах пахавання. Старадаўнія культуры плямён і народаў у навуцы называюцца археалагічнымі культурамі, таму што яны становяцца вядомымі дзякуючы археалагічным раскопкам.
Сцежкай пошукаў
Шмат гадоў назад мне разам з вучнямі Суткоўскай сярэдняй школы, што на Гомельшчыне, давялося праводзіць краязнаўчую экскурсію і збіраць звесткі пра археалагічныя помнікі Лоеўскага раёна. Мы ішлі сцежкай уздоўж стромкага берага Дняпра ў напрамку да вёскі Гарадок. Назва яе зацікавіла нас. Звычайна «гарадкамі», «гарадцамі», «гарадзішчамі» насельніцтва называе археалагічныя помнікі жалезнага веку і ранняга сярэднявечча.
He паспслі мы дайсці да вёскі, каб распытаць штонебудзь у мясцовых жыхароў, як перад намі вырас не-
звычайны пагорак. Яго абкружаў роў з крутымі берагамі, штучна папраўленымі чалавекам.
— Вось дык гара!.. А які глыбокі роў! Цяжка тут нават прайсці, — гаварылі вучні.
Мы з ходу паспрабавалі ўзысці па стромкім схіле да вяршыні пагорка, але гэта нам не ўдалося. Прыйшлося пакінуць унізе рукзакі. Чапляючыся рукамі за галінкі ці сцяблінкі быльнягу, мы лезлі ўсё вышэй і вышэй. Нарэшце дасягнулі верхняй пляцоўкі. Яна была невялікая, метраў сорак у дыяметры, значна пашкоджаная ямамі, падмытая і разбураная з аднаго боку ракой.
Затым мы селі на край пляцоўкі. Навокал была доўгая і шырокая коўдра: распасціраўся зялёны луг, усеяны яркімі кветкамі. Крыху далей ад нас паблісквала на сонцы тысячамі люстэркаў паверхня Дняпра.
— А цяпер нагадаем крыху гісторыі, — прамовіў я. — У VII—VI стагоддзях да нашай эры людзі, якія жылі на тэрыторыі паўднёвай Беларусі, маглі ўжо карыстацца жалезам. 3 яго яны выраблялі розныя прылады працы. А ці ведаеце вы, дзе людзі бралі жалеза?
— Ведаем! — у адзін голас усклікнулі некалькі вучняў. — Выплаўлялі з балотнай руды. Яна ёсць усюды ля балот, азёр, рэк.
— На тым беразе Дняпра стаіць вёска Рудня. Кажуць, што там некалі выплаўлялі руду, адкуль і пайшла назва вёскі, — нечакана сказала дзяўчынка, якая дагэтуль маўчала.
— Гэта так, але ж «плавіць» жалеза ў тыя далёкія часы людзі не ўмелі, — заўважыў я. — Яно плавіцца пры вельмі высокай тэмпературы — каля 1530 градусаў цяпла. У старажытнасці металургі не ўмелі атрымліваць такой высокай тэмпературы. У жалезным веку жалеза «варылі», моцна награвалі ў прымітыўных невялікіх печах-домніцах. Кавалкі руды спякаліся і ўтваралі порыстую масу — крыцу. Потым з гэтай крыцы кавалі і выраблялі розныя рэчы: нажы, сярпы, шылы, сякеры, наканечнікі стрэл і коп’яў.
Але цікава, дзе жылі старажытныя людзі, дзе яны працавалі, адпачывалі, збіраліся разам, каб вырашыць агульныя справы?
Усе змоўклі, на хвіліну задумаліся.
— На паселішчах, ля ракі, — сказаў адзін вучань.
— Правільна, на паселішчах, а паселішчы знаходзіліся на берагах рэк ці азёр, — растлумачыў я.
Далей мне прыйшлося спыніцца на тым, што паселішчы былі розныя. Адна справа паселішча, якое пабудавана на гары, іншая — нсўмацаванае паселішча, што стаяла на нізкім беразе ракі.
— Рэшткі старажытных умацаваных паселішчаў называюцца гарадзішчамі. На адным з іх мы з вамі цяпер і знаходзімся.
Умацаваныя паселішчы былі вельмі распаўсюджанія ў раннім жалезным веку. Адкрыццё жалеза азначала пачатак велізарнага тэхнічнага псравароту ў гісторыі чалавецтва. Разам з тым ствараліся ўмовы для назапашвання багаццяў у руках асобных калектываў унутры родавай абшчыны. А гэта вяло да яе распаду, да выдзялення патрыярхальных сем’яў. Тады яшчэ не было ні класаў, ні прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасій, ні дзяржавы.
Кожная патрыярхальная абшчына, у якой звычайна налічвалася некалькі дзесяткаў чалавек, вымушана была будаваць свае паселішчы ў цяжкадаступных месцах: на пагорках, на мысах абрывістых берагоў рэк, на астраўках сярод азёр і балот.
Дадаткова гэтыя паселішчы ўмацоўваліся драўлянымі парканамі, валамі, абкружаліся глыбокімі равамі. Бывала так, што рабілі некалькі валоў і некалькі равоў.
Жылі людзі на верхняй пляцоўцы, дзе размяшчалі жыллё, гаспадарчыя пабудовы і ўвесь скарб. Сюды, на пляцоўку, заганялася жывёла. У выпадку небяспекі з боку варожых суседзяў тут абараняліся жыхары паселішча.
Усё часцей і часцей адбываліся сутычкі паміж асобнымі патрыярхальнымі сем’ямі, родамі, плямёнамі. У час такіх сутычак ваюючыя бакі імкнуліся захапіць як мага больш здабычы. Само жыццё патрабавала будаваць умацаваныя паселішчы.
На тэрыторыі Беларусі вядомы многія сотні гарадзішчаў. Звычайна плошча пляцоўкі гарадзішча невялікая — ад чвэрці да паловы гектара.
А сустракаюцца гарадзішчы ранняга жалезнага веку яшчэ меншыя. Найбольшая колькасць іх выяўлена ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцях.
Гарадзішча, на якім мы знаходзіліся, было тыповым археалагічным помнікам далёкай эпохі. Школьнікі аглядваліся па баках, пазіралі на стромыя схілы і глыбокі роў, адчуваючы подых сівой мінуўшчыны.
Кожнаму хацелася яшчэ раз прайсціся па пляцоўцы, на якой жылі, па якой хадзілі, дзе збіраліся абмяркоўваць свае надзённыя справы нашы далёкіядалёкія продкі.
— Георгій Васільевіч, паглядзіце, калі ласка, што я знайшла, — звярнулася да мяне дзяўчынка і працягнула досыць вялікі кавалак ад глінянага гаршка.
Я ўзяў знаходку, і мае рукі быццам адчулі дотык шурпатых далоней таго чалавека, які жыў і працаваў прыкладна дзве тысячы гадоў назад. У адным месцы нават захаваўся адбітак яго пальца.
— Адкуль вы ведаеце, што гаршку каля дзвюх тысяч гадоў? — цікавіліся вучні.
— У нас на агародзе шмат валяецца чарапкоў ад гаршкоў, — пажартаваў нехта.
— Гаршчок гаршку — розніца, сябры мае. Прыгледзьцеся ўважліва да гэтага чарапка. Ён належаў посуду, у якога былі грубыя, няроўныя сценкі. У гліну дадаваўся тоўчаны камень, каб яна не трэскалася пры высыханні. Посуд вылеплены рукамі без дапамогі ганчарнага круга, які распаўсюдзіўся на Беларусі ў сярэдзіне X стагоддзя нашай эры. Значыць. гаршку, несумненна, больш за тысячу гадоў. А цяпер звярніце ўвагу на нескладаны арнамент, які значыцца па краі гаршка і зроблены двума пальцамі спосабам так званага зашчыпу. Нарэшце, форма сасуда своеасаблівая. Усё гэта вывучылі археолагі і датавалі дакладна посуд такога тыпу.