Археолагі дапаўняюць летапісцаў  Георгій Штыхаў

Археолагі дапаўняюць летапісцаў

Георгій Штыхаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 149с.
Мінск 2009
34.71 МБ
Кожны вучань пачаў уважліва глядзець сабе пад ногі ў надзеі знайсці якую-небудзь цікавую рэч.
— А што гэта такое, нешта ржавае?..
— Гэта кавалак балотнай руды, пра якую мы ўжо гаварылі.
— Давайце трохі пакапаем тут. У нас жа ёсць «сапёрка», — прапанаваў вучань старэйшага класа.
Я растлумачыў дапытлівым краязнаўцам, што археалагічныя помнікі ахоўваюцца дзяржавай. Іх нельга псаваць, самавольна раскопваць.
Дазвол на археалагічныя раскопкі выдае Інстытут гісторыі Беларускай акадэміі навук у тым выпадку, калі помнік запланавана даследаваць.
Нам трэба было спяшацца на аўтобус, які рухаўся ў напрамку да вёскі Чаплін — канечнага пункта нашага падарожжа.
Археалагічныя помнікі ля вёскі Чаплін
Ад вёскі Гарадок Чаплін знаходзіцца за пятнаццаць кіламетраў. Ужо з дарогі мы ўбачылі дугападобны вал гарадзішча. Правы бераг Дняпра тут перасечаны глыбокімі ярамі. Паміж ярам і абрывістым берагам лёгка зрабіць роў і насыпаць земляны вал. Атрымаецца пляцоўка, добра ўмацаваная з усіх бакоў.
На гарадзішчы мы заўважылі людзей, якія нешта рабілі. Падышоўшы бліжэй, разгледзелі, што яны працуюць рыдлёўкамі.
Аказалася, што на гарадзішчы праводзіць раскопкі экспедыцыя Інстытута археалогіі з Масквы на чале з прафесарам Пятром Мікалаевічам Траццяковым.
«Вось дык пашчасціла», — падумаў я і, усхваляваны, накіраваўся да высокага чалавека, які, відаць па ўсім, кіраваў тут работамі.
Вучоны сустрэў мяне ветліва і нават па-сяброўску.
— Дазвольце нам, Пётр Мікалаевіч, пазнаёміцца з раскопкамі, — звярнуўся я да яго як кіраўніка экспедыцыі.
— Калі ласка, заўсёды да вашых паслуг, — адказаў ён з добрай, лагоднай усмешкай.
Імя Пятра Мікалаевіча як буйнога вучонага і спецыяліста па пытанні паходжання славян было вядома настаўнікам-гісторыкам.
Рабочы дзень на раскопках падыходзіў да канца. Супрацоўнікі экспедыцыі збіралі знаходкі, загортвалі іх
у паперу, рабілі запісы ў дзённіках. Шмат клопатаў было ў кіраўніка экспедыцыі.
— Ці будуць глыбей капаць гэту яму? — запытаў адзін з нашых хлапчукоў.
— Гэта не звычайная яма, — адказаў я і растлумачыў, што тое месца, дзе праводзіцца археалагічнае даследаванне, называецца раскопам.
— Вось глядзіце: уся плошча разбіта на квадраты 2x2 метры. Яны абазначаны ўбітымі ў зямлю калочкамі. Распрацоўка культурнага пласта звычайна праводзіцца таўшчынёй у 20 сантыметраў.
Вучні заўважылі, што там, дзе калісьці жылі людзі, утварыліся наслаенні чорнай зямлі. Яны захоўвалі разбураныя збудаванні, вытворчыя адыходы, выкінутыя ці згубленыя рэчы і іншыя рэшткі дзейнасці чалавека. Такі пласт у археалогіі называкшь культурным. Рознай бывае яго таўшчыня: ад некалькіх сантыметраў да 5—6 і больш метраў. Чым болыпы час жылі людзі на адным месцы, тым таўсцейшы культурны пласт. Але па адной яго таўшчыні нельга заключыць, колькі тут яны жылі. Патаўшчэнне пласта ідзе вельмі нераўнамерна.
Па сценках раскопу, у якім мы знаходзіліся, можна было бачыць таўшчыню культурнага пласта — яна дасягала аднаго метра.
Ніжэй знаходзіўся прыродны жоўты пясок, як кажуць археолагі, — «мацярык». Гэта быў грунт без усякіх слядоў дзейнасці чалавека. Калі дасягнуты мацярык (прыродны грунт), раскопкі можна лічыць закончанымі.
Мацярык, на якім мы стаялі ў раскопе, быў старанна зачышчаны. У ім выразна віднеліся ямы рознай формы і глыбіні — ад 20 да 40 сантыметраў. Ям было шмат.
Закончыўшы справы, падышоў Пётр Мікалаевіч.
— Я бачу, вас цікавяць ямы, якіх тут больш, чым трэба, — пажартаваў ён.
Ямы адносіліся да розных перыядаў жыцця людзей на гарадзішчы. Некаторыя з іх можна было беспамылкова датаваць той ці іншай эпохай. Апрача таго, па ямах вызначаецца размяшчэнне жылля слупавой канструкцыі. Аснову сцен складалі слупы, якія вертыкальна закопваліся
ў зямлю, дасягаючы мацерыка. Чатыры слупы былі па вуглах. У пазы гэтых слупоў уваходзілі канцы гарызантальна пакладзеных жэрдак. Жэрдкі ўтваралі сцены жылля. Плошча яго невялікая: 16—25 квадратных метраў.
Печаў у жыллі не было. Агонь палілі на земляной падлозе, дзе ў пяску была выкапана невялікая ямка ці проста пакладзена некалькі камянёў. Рэшткі гэтых ачагоўвогнішчаў знайшлі археолагі ў час раскопак.
Шмат якія ямы былі сховішчамі, з’яўляліся склепамі. Яны мелі авальную форму, глыбіня іх дасягала 40—80 сантыметраў у грунце. У гэтых ямах члены асобных сем’яў захоўвалі свой скарб. Археолагам удалося набыць толькі некаторыя рэчы, што выпадкова ўцалелі ў такіх сховішчах.
Тут Пётр Мікалаевіч папрасіў бліжэй паднесці некаторыя знаходкі.
Ён узяў у руку жалезную рэч, якая нагадвала кароткае долата, толькі ўтулка ў ім мела чатырохвугольную форму. Гэта была жалезная сякера (так званы кельт) рубяжа нашай эры. Ва ўтулку ўстаўлялася каленчатае тапарышча. Кельт — старажытная зброя і адначасова прылада працы, якая ўжывалася для апрацоўкі дрэва і для выканання земляных работ.
У адной яме-сховішчы ляжалі жаночыя ўпрыгожанні — два бронзавыя бранзалеты, тры скроневыя кольцы, а таксама маленькі гліняны гаршчочак.
Невыпадкова ў ямах апынулася рыбная луска. Тут хавалі запасы сушанай рыбы.
Шмат было пустых ям, у якіх даследчыкі нічога не знайшлі. Аднак у старажытнасці ямы маглі быць даверху напоўнены караняплодамі, ад якіх да нашага часу не захавалася ніякіх рэшткаў. Магчыма, тут хавалі рэпу, якая была вядома ва Усходняй Еўропе з вельмі старажытных часоў.
У розных месцах раскопу было знойдзена шмат цікавых рэчаў. Сярод жалезных вырабаў пераважалі нажы. Лязо кожнага нажа зверху крыху скрыўленае. Таму даследчыкі называюць іх «нажамі з гарбатымі спінкамі». Гэтыя вырабы былі шырока распаўсюджаны ў I тыс. да н. э.
Найбольш цікавая знаходка складалася з пяці жалезных сярпоў. Яны былі добра выгнуты і па форме падобны да сучасных, але адрозніваліся ад іх невялікімі памерамі (даўжынёй 20 сантыметраў).
Былі знойдзены і зерняцёркі — два камяні, з дапамогай якіх расціралі, «малолі» збожжа.
Сапраўдным археалагічным багаццем аказалася болып чым сто гліняных прасліц. Гэта невялікія шарыкі з адтулінай пасярэдзіне. Іх надзявалі на канец верацяна, якім рабілі прадзіва. Частка гэтых шарыкаў была прыгожа арнаментавана ямкамі, канцэнтрычнымі кольцамі, заштрыхаванымі геаметрычнымі фігурамі (трохвугольнікамі, ромбамі), касымі насечкамі, елачкамі.
Самымі распаўсюджанымі знаходкамі на Чаплінскім гарадзішчы, як і на ўсіх іншых старажытных паселішчах, з’яўляюцца чарапкі ад гліняных гаршкоў ці, як скарочана кажуць археолагі, «кераміка». Для археалагічнай навукі фрагменты ад старажытных гаршкоў назаўсёды заста-
Жалезныя наканечнікі кап'я, спражка, рыбалоўны кручок, серп, нож і глінянае прасліца на драўляным верацяне з раскопак у Чапліне
нуцца незаменнымі гістарычнымі рэчавымі крыніцамі. Яны дапамагаюць адказваць на не асвечаныя раней у пісьмовых крыніцах пытанні, звязаныя са старажытнай гісторыяй.
Розныя народы і плямёны ўжывалі посуд, што ўпрыгожваўся разнастайным арнаментам. Знешні выгляд гаршкоў, тэхніка іх вырабу з цягам часу змяняліся. Па ксраміцы вучоны-археолаг можа ўстанавіць, колькі стагоддзяў назад жылі ў дадзенай мясцовасці тыя ці іншыя плямёны, іх этнічную прыналежнасць: былі гэта славяне ці балты, фіна-угры ці яшчэ якая-небудзь іншая этнічная група.
Што ж за кераміка была знойдзена на Чаплінскім гарадзішчы?
Яна прадстаўлена трыма ўстойлівымі формамі: «кухоннымі» гаршкамі, у якіх варылі ежу, «сталовым посудам» — міскамі, а таксама невялікім начыннем у выглядзе конавак з ручкамі.
Увесь посуд вылеплены рукамі без прымянення ганчарнага круга. Але не ўсе вырабы зроблены аднолькава: у адных паверхня каструбаватая, няроўная, у іншых — глянцаваная. Асабліва прыгожа выглядаюць міскі. Галоўная іх прыкмета — рабро ў верхняй частцы. Нярэдка посуд арнаментаваны насечкамі і «зашчыпамі», якія нанесены па краі вырабу.
Агледзеўшы вялікі раскоп на пляцоўцы гарадзішча, мы накіраваліся да вала, што быў прарэзаны вузкай доўгай траншэяй. У разрэзе вал нагадваў слаёны пірог. Тут перамежваліся пласты жоўтыя, карычневыя, чорныя. Абарончае збудаванне на паселішчы неаднаразова перабудоўвалася, «рамантавалася». Рэшткі больш позніх падсыпак вала перакрывалі ранейшыя збудаванні.
Гарадзішча — не адзіны старажытны помнік ля вёскі Чаплін. Тут відаць цэлы археалагічны комплекс. Побач з гарадзішчам знаходзіцца неўмацаванае адкрытае паселішча. Яно цягнецца ад вала на 90 метраў уздоўж высокага берага Дняпра.
Мы прайшлі здзірванелае селішча і спыніліся там, дзе зусім нядаўна закончыліся раскопкі другой археалагічнай экспедыцыі.
Тут знаходзіўся могільнік. Адкрылі яго выпадкова сяляне. Капалі яны паблізу канаву. На глыбіні паўметра былі цэлыя гліняныя гаршкі. У іх знаходзіліся перапаленыя косці.
— Адкуль тут гаршкі? — здзівіліся сяляне.
Звярнуліся да самай старой у вёсцы бабулі: можа, яна што-небудзь ведае пра гэта.
Тая толькі рукамі развяла:
— He, мае даражэнькія, нічога пра гэта не ведаю. На маёй памяці ніхто тут нічога не закопваў. Хіба такое рабілася, як нас на свеце яшчэ не было.
Пра знойдзеныя гаршкі стала вядома археолагам. 3 гэтага фактычна і пачаліся раскопкі ля Чапліна. Высветлілася, што могільнік малежаў тым людзям, якія жылі на гарадзішчы і паселішчы. Памерлага спальвалі, а рэшткі, што заставаліся, зграбалі ў кучу і змяшчалі ў неглыбокіх, крыху падоўжаных ямах. Магілы размяшчаліся раўнамерна на адлегласці 2—8 метраў адна ад адной. Яны займалі
значную плошчу.
Большасць ям мела правільную авальную форму даўжынёй да двух і шырынёй да аднаго метра. Глыбіня ям 50—70 сантыметраў. На дно такой ямы змяшчаліся рэшткі спаленага на агні нябожчыка. Зверху клалі розныя рэчы, упрыгожанні, прылады працы, наканечнікі дзідаў (коп’яў). Побач з касцямі ставілі гліняны посуд — гаршкі і міскі.
Чаплінскі могільнік даў шмат розных старажытных рэчаў. Яны дазволілі перш за ўсё дакладна датаваць помнік. Сярод знаходак бронзавыя шпількі (археолагі называюць іх «фібуламі») для верхняй вопраткі. Вырабляліся яны з кавалка дроту. Форма іх часта мянялася. Менавіта таму такія шпількі, нібы манеты, дапамагаюць вызначыць,
Бронзавая фібула I ст. да н. э.
у які час адбывалася пахаванне. Вывучэнне пахаванняў дапамагло ўявіць болып падрабязна, якія звычаі існавалі звыш 2000 год назад. А краязнаўчыя музеі папоўніліся каштоўнымі экспанатамі.