Археолагі дапаўняюць летапісцаў  Георгій Штыхаў

Археолагі дапаўняюць летапісцаў

Георгій Штыхаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 149с.
Мінск 2009
34.71 МБ
У VI—VIII стст. у некаторых месцах, напрыклад, на Віцебшчыне, існаваў звычай змяшчаць перапаленыя рэшткі ў гліняную пасудзіну — урну. Яе ставілі там, дзе потым насыпалі курган. Здаралася і так, што рэшткі перапаленых касцей зграбалі ў невялікую ямку, якую потым накрывалі гаршком, ставячы яго дном уверх. Потым над усім гэтым рабілі насып.
Часта пры насыпанні кургана ўчынялася «трызна»: урачыстае развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні ці спаборнінтва.
Рэлігія ўсходніх славян была язычніцкая, мнагабожная. Яны абагаўлялі навакольную прыроду — сонца і месяц, камяні і горы, азёры і рэкі, дрэвы і розныя расліны.
Паступова складвалася ўяўленне аб бажаствах, якія ўвасаблялі сабою стыхійныя з’явы прыроды. Багі ўяўляліся ў выглядзе людзей. Вусаты Пярун быў богам грому і маланкі, сонечнымі бажаствамі лічыліся Хорс, Дажбог, Ярыла і Купала.
У вераваннях усходніх славян яскрава адлюстраваны іх заняткі сельскай гаспадаркай. У каляндарна-абрадавай
паэзіі вылучаюцца тры галоўныя цыклы: зімовы, веснавы, летне-асенні.
Асабліва пышна ў старажытных землях Беларусі праводзілася святкаванне Купалля. Прыпадала яно на перыяд найбольшага росквіту прыроды і выспявання збожжа, перад жнівом. У купальскую ноч, з 23 на 24 чэрвеня (па новым стылі 7 ліпсня), на бсрагах рэк шугала полымя вогнішчаў, хлопцы і дзяўчаты вадзілі вакол іх карагоды, скакалі праз агонь, спявалі абрадавыя песні. На досвітку дзяўчаты кідалі ў ваду вянкі.
Існавала паданне, быццам у гэту ноч у лясным гушчары расцвітае агніста-чырвоная папараць-кветка. Чалавеку, які яе знойдзе, паводле падання, забяспечана бессмяротнасць.
Язычніцкія вераванні ўсходніх славян па-свойму адлюстроўвалі з’явы рода-племяннога ладу. У 988 г. кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч прыняў хрысціянства і абвясціў яго афіцыйнай рэлігіяй Кіеўскай Русі.
Царква забараняла язычніцкі абрад пахавання памерлага, не дазваляла класці ў магілу рэчы. насыпаць над ёй курган. Нягледзячы на гэта, насельніцтва, асабліва ў вёсцы, на працягу XI—XII стст. працягвала хаваць нябожчыкаў пад курганамі, але ў хуткім часе пасля прыняцця хрысціянства іх больш не спальвалі. Рэчы, якімі забяспечвалі памерлага, таксама не гінулі ў полымі.
Курганы гэтага перыяду з’яўляюцца каштоўнымі помнікамі, якія даюць багаты матэрыял па гісторыі ўсходніх славян. Вывучаючы курганы, археолагі праз многія стагоддзі вызначалі граніцы паміж плямёнамі больш дакладна, чым гэта рабіў старажытны летапісец.
«Крывічы... сядзяць на вярхоўях Волгі, Дзвіны і Дняпра... Дрыгавічы сядзяць паміж Прыпяццю і Дзвіной», — пісаў ён.
Але дзе праходзіла граніца паміж крывічамі і дрыгавічамі на тэрыторыі Беларусі, з гэтага паведамлення даведацца нельга. Вучоныя-археолагі ўстанавілі, што яна была на поўнач ад Мінска, па лініі сучасных гарадоў Талачын — Заслаўе. Даведацца пра гэта дапамаглі старажытныя модніцы.
Ва ўсіх усходніх славян прылады працы, рэчы хатняга ўжытку, зброя былі аднолькавыя. Нават гліняныя гаршкі ў XI—XII стст. рабілі ўсюды аднолькавай формы і ўпрыгожвалі арнаментам у выглядзе хвалістых ці прамых паралельных ліній.
Іншая справа — жаночыя ўпрыгожанні. У розных плямёнаў яны былі розныя.
Распаўсюджаным жаночым упрыгожаннем з’яўляліся скроневыя кольцы — бронзавыя ці сярэбраныя падвескі. Іх упляталі ў валасы ці насілі на шнурках ля скроней. У крывічанак былі ў модзе ўпрыгожанні ў выглядзе скручанага ў кольца дроту. Іх насілі па тры з кожнага боку (поўны камплект складаў шэсць штук). Археолагі называюць іх бранзалетападобнымі.
У дрыгавічоў на драцяное скроневае кольца надзявалі металічныя буйныя пацеркі — адну, дзве або тры. Пацеркі былі зроблены з дроту, зверху яны ўпрыгожваліся напаянымі шарыкамі — зерню. Галоўная адзнака дрыгавіцкіх вырабаў — наяўнасць зерні.
Жанчьтны радзімічаў карысталіся скроневымі кольцамі складанага абрысу з сямю вузкімі выступамі розных памераў унізе. Такія ўпрыгожанні называюць сяміпрамянёвымі.
У час раскопак курганоў ля Заслаўя ў адных насыпах ля памерлых былі знойдзены бранзалетападобныя кольцы, у другіх — драцяныя зярнёныя пацеркі. Стала зразумела, што граніца паміж полацкімі крывічамі і дрыгавічамі праходзіла прыкладна ў гэтых месцах.
Жаночыя ўпрыгожанні з
скроневымі кольцамі: 1
2 — дрыгавічанкі, 3 — радзімічанкі
крывічанкі,
Археолагі штогод праводзяць даследаванні курганоў полацкіх крывічоў. 3 вялікай ахвотай дапамагаюць ім у рабоце школьнікі. Удалося знайсці і вывучыць самыя старажытныя курганы крывічоў.
Аднойчы жыхары Расоншчыны паведамілі. што каля вёскі Янкавічы ў лясным гушчары, дзе раней існавала вёска Атокі, ёсць незвычайныя пагоркі — валатоўкі. Адзін курган меў даўжыню 110 метраў. Гэта здзівіла ўдзельнікаў раскопак. Дагэтуль лічылі, што найбольшая даўжыня курганоў полацкіх крывічоў — 30 метраў.
Пачаліся раскопкі кургана. Спачатку ў насыпе нічога не знаходзілі.
— Можа, гэта не курган, а звычайны пагорак? — пыталіся вучні.
— Гэты насып зроблены людзьмі. Ён мае правільную выцягнутую форму, а па баках ёсць раўкі, адкуль бралі пясок для кургана, — адказваю я.
— Бачыце, побач яшчэ два круглыя курганы, значыць, гэта курганны могільнік. Самыя старажытныя доўгія курганы звычайна бедныя на знаходкі. Таму іх даследчыкі мала капалі, мала вывучалі. Дакладна невядома, калі і хто іх насыпаў. Для навукі важна раскапаць гэты курган.
Унізе пад насыпам паказаўся слой попелу і вугалю па ўсёй вялікай плошчы кургана. Цяпер трэба было працаваць вельмі асцярожна, каб не пашкодзіць старажытнае пахаванне.
— Гаршчок! — пачуўся гучны голас.
Асцярожна пачалі расчышчаць месца вакол знаходкі. У далейшым яна аказалася сюрпрызам для ўсіх вучоных, якія займаюцца даследаваннем крывічоў. У кургане мы знайшлі вялікае вогнішча, дзе спальвалі памерлых. Тут выявілі толькі рэшткі ўпрыгожанняў, зробленых з бронзы. Асабліва цікавыя былі невялікія круглыя бляшкі, так званыя шкарлупкі. Іх нашывалі на аддзенне. Яны, бы манеты, датуюць час пабудовы кургана V—VI стст. н. э.
Знойдзены ў кургане посуд сустракаецца на паселішчах і гарадзішчах V—VII стст. У навуцы існуе думка, што менавіта такі посуд баначнай формы належаў насельніцтву, якое жыло тут да з’яўлення славян.
Чые ж гэта былі курганы?
Аказалася, гэта захаваліся помнікі таго перыяду, калі славяне рассяліліся на тэрыторыі паўночнай Беларусі і часткова змяшаліся з плямёнамі балтаў — продкаў літоўцаў і латышоў, якія тут жылі раней.
Для вырашэння важных пытанняў гістарычнай навукі патрэбна даследаванне многіх археалагічных помнікаў у розных месцах.
Стала вядома, што кіламетраў за пятнаццаць ад Янкавіч у Полацкім раёне ля вёскі Баркі ёсць яшчэ курганы непадалёку ад ракі Дрысы. Усяго тут мелася 20 курганоў. Адзін з іх доўгі. Ён нагадваў вал даўжынёй да 25 метраў. Яго вышыня складала 2 метры. Некаторыя курганы мелі крыху падоўжаную, астатнія — круглую форму.
У раскопках курганоў прымалі ўдзел, як заўсёды, школьнікі. Спачатку мы вырашылі раскапаць невялікі круглы насып, які знаходзіўся з краю курганнага могільніка.
Усе спадзяваліся, што самае цікавае павінна быць унізе, пад курганом. Так яно і здарылася. На жоўтым пяску паказалася круглая невялікая пляма. Расчышчаць яе даручылі двум шасцікласнікам. 3 дапамогай нажоў яны старанна здымалі сантыметр за сантыметрам попел і вуголле ў ямцы. Ямка ж была запоўнена дробнымі перапаленымі касцямі.
Я адышоўся крыху ад кургана, каб сфатаграфаваць яго ў працэсе раскопкі.
— Качанё! — крыкнуў хлапчук.
Спачатку я не зразумеў, у чым справа, падумаў, што гэта жарт.
— У ямцы качанё, — настойліва паўтараў ён.
— Якое качанё, адкуль?
Вучні схіліліся над ямкай і нешта ў ёй уважліва разглядалі. Трэба мець востры зрок, каб сярод соцень перапаленых костак заўважыць невялікую выяву качкі, памайстэрску зробленую.
Затым другая, трэцяя... касцяныя качкі. Усяго іх аказалася тут каля дзесятка.
У пахаванні было яшчэ некалькі бронзавых падвесак у выглядзе трапецый — жаночых упрыгожанняў. Разам
з касцянымі качкамі іх насілі на шыі, як каралі. Усяго тут налічвалася каля 200 старажытных рэчаў. Большасць была пашкоджана агнём, а астатнія наогул сплавіліся ці згарэлі.
А што ж было ў самым вялікім доўгім кургане, які дапамаглі раскапаць студэнты з Мінска. Курган аказаўся зусім пустым. У ім адсутнічала пахаванне і не было знойдзена ніякіх рэчаў. Можна мсркаваць, што гэта быў нейкі абрадавы, культавы насып.
Раскопкі сведчаць, што ў VIII—IX стст. памерлага спальвалі на агні разам з яго рэчамі. Рэшткі зграбалі ў кучку і клалі іх у ямку. У некаторых выпадках зверху засыпанай ямкі ставілі ўверх дном невялікі гаршчок. Затым над пахаваннем насыпалі курган.
На поўначы Віцебскай вобласці, дзе бярэ пачатак рака Ловаць, у наваколлі вёскі Дарахі раскінулася 11 курганных груп, у іх налічваецца 150 курганоў VI—XI стст. Побач на возеры Сенніца знаходзяцца рэшткі старажытных паселішчаў.
У курганах знойдзены старажытныя рэчы: гаршкі, жаночыя ўпрыгожанні, цуглі, спражкі. У магілу VIII ст. быў пакладзены камень ад жорнаў.
Жорны ў кургане — рэдкая і важная знаходка. Яна сведчыйь пра славянскае пахаванне, бо суседняе балцкае і фіна-угорскае насельніцтва ў гэты час яшчэ карысталася выключна прымітыўнымі зерняцёркамі. Знойдзены жорнавы камень дазволіў даследчыкам рэканструяваць старажытны ручны млын, з дапамогай якога пераціралі зерне ў муку.
Раскапаныя курганы далі магчымасць гісторыкам вывучыць пытанне аб паходжанні крывічоў, працэс фарміравання якіх адбываўся ў другой палове 1 тыс. н. э., калі славяне рассяляліся на тэрыторыі Беларускага Падзвіння.
Чаго не ведалі летапісцы
Сельская гаспадарка і звязаная з ёй жывёлагадоўля складалі аснову эканамічнага жыцця ўсходніх славян. Аднак летапісцы мала цікавіліся жыццём сяла.
Як жа выглядала старажытная вёска, дзе яна размяшчалася? Хто ў ёй жыў, якімі рэчамі карыстаўся? На
гэтыя пытанні няма адказу ў старажытных пісьмовых крыніцах.
Археалагічныя помнікі старажытнай вёскі XI— XII стст. — курганныя пахаванні і рэшткі паселішчаў. На жаль, рэшткі сельскіх паселішчаў дрэнна захоўваюцца, таму яны маладаследаваны. Асноўны матэрыял, па якім дагэтуль вывучалася вёска, атрыманы ў час раскопак курганоў.
Аматарам-рыбаловам з Полацка добра вядома возера Суя. Знаходзіцца яно за 20 кіламетраў на поўдзень ад горада. Тут каля вёскі Плусы была курганная група. Курганы цягнуліся на 200 метраў па беразе возера.