Археолагі дапаўняюць летапісцаў  Георгій Штыхаў

Археолагі дапаўняюць летапісцаў

Георгій Штыхаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 149с.
Мінск 2009
34.71 МБ
У канцы нашай займальнай экскурсіі па помніках чаплінскага археалагічнага комплексу я запытаўся ў Пятра Мікалаевіча, да якога часу адносіліся помнікі і каму яны належалі: славянам або іншым плямёнам.
— Паселішчы і могільнік можна датаваць II ст. да н. э. — II ст. н. э. Гэта бясспрэчныя выразныя помнікі зарубінецкай культуры. Належалі яны, магчыма, продкам славян.
Мы шчыра падзякавалі Пятру Мікалаевічу і накіраваліся да будынка Чаплінскай школы, дзе павінны былі пераначаваць.
Вучні знаходзіліся пад уражаннем таго, што яны пачулі і ўбачылі за гэты дзень. Сваімі рукамі «пагарталі» яны старонкі гісторыі, зірнулі ў вочы нямым сведкам сівой мінуўшчыны.
— Георгій Васільевіч, а чаму мы паселішчы і могільнікі называем помнікамі зарубінецкай культуры? — нечакана спытаў Шура, адзін з самых дапытлівых вучняў.
— He так даўно вучоныя нават не ўяўлялі, што ва Усходняй Еўропе ёсць помнікі такога тыпу.
У 1899 г. украінскі археолаг В. В. Хвойка ўпершыню адкрыў грунтовы могільнік «поле пахаванняў» ля вёскі Зарубінцы на Кіеўшчыне. Затым такія помнікі знайшлі на значнай тэрыторыі паўночнай Украіны і паўднёвай Беларусі. Па назве вёскі, дзе гэтая культура ўпершыню была адкрыта, яе назвалі зарубінецкай, а плямёны, што на гэтым месцы жылі ў старажытнасці, — зарубінецкімі. Такая назва ўмоўная.
Прыкметы здабычы і апрацоўкі жалеза прысутнічаюць амаль на кожным паселішчы. Упрыгожанні з бронзы таксама выраблялі на месцы. Знойдзены маленькія гліняныя тыглі, у якіх плавілі каляровыя металы, формачкі, у якіх адліваліся рэчы, шматлікія гатовыя вырабы.
Асабліва важную ролю ў гаспадарцы плямёнаў адыгрывала земляробства. Вырошчвалі проса, пшаніцу,
ячмень, рэпу і іншыя культуры. Плямёнам былі вядомы ўсе асноўныя віды свойскай жывёлы: коні, свінні, буйная і дробная рагатая жывёла. Пераканаўчы доказ гэтаму — шматлікія знаходкі касцей пры археалагічных раскопках.
Жыхары падтрымлівалі сувязі з іншымі плямёнамі — кельтамі (жылі ў Заходняй і Сярэдняй Еўропе), познаскіфскім насельніцтвам лесастэпавай і стэпавай паласы Падняпроўя. 3 далёкіх грэчаскіх гарадоў да зарубінецкіх плямёнаў трапляў гліняны посуд — амфары. Для свайго часу зарубінецкія плямёны стаялі на даволі высокім узроўні культурнага развіцця.
Археалагічныя даследаванні ў Чапліне былі прадоўжаны беларускім археолагам Леанідам Давыдавічам Побалем (1924—2004). Ён знайшоў і даследаваў на калгасным полі 238 пахаванняў-крэмацый у грунтовых ямах з вялікай колькасцю пахавальнага інвентару рубяжа нашай эры. Выяўлена 1164 шкляныя пацеркі, якія з’яўляюцца антычным імпартам і характэрны для гарадоў Паўночнага Прычарнамор’я.
У асобных магільных ямах каля Чапліна знойдзены парныя пахаванні. Пахаванне мужчыны і забітай жанчыны ў адной яме сведчыць, на думку Л. Д. Побаля, аб сацыяльным падзеле ў грамадстве, з’яўленні ў зарубінецкіх плямёнаў ладу ваеннай дэмакратыі і патрыярхальнага рабства.
Паселішчы рымскага часу
Што адбывалася ў Верхнім Падняпроўі, на тэрыторыі Беларусі ў II—V стст. н. э.? У гэты час насельніцтва размяшчалася на селішчах, якія не мелі штучных умацаванняў.
Адно з такіх паселішчаў было даследавана каля вёскі Адаменка ў Быхаўскім раёне на Магілёўшчыне. Шмат дапамаглі ў гэтай справе вучні мясцовых сельскіх школ.
На нізкім беразе рэчкі Адаменкі распасцёрлася поле. Ніхто не ведае, з якога часу гэтае месца завецца Абідняй. Штогод яго аралі, сеялі на ім жыта, бульбу, лён. Зямля добра радзіла. Была яна чорная, сапраўдны чарназём.
Аднойчы гарачым летам 1960 г. сюды трапіў Л. Д. Побаль. На раллі ён убачыў чарапкі ад гаршкоў: адзін, другі, трэці... «Дык гэта ж рэшткі старажытнага паселішча», — вырашыў даследчык і пачаў крочыць па полі. Ён праходзіў 100, 200 метраў і ўсюды бачыў прыкметы археалагічнага помніка. Паселішча займала плошчу болып за 6 гектараў.
Сем гадоў працягваліся археалагічныя раскопкі. Чацвёртая частка помніка была даследавана. Адкапаны рэшткі наземных слупавых дамоў, а таксама 29 паўзямлянак плошчай ад 12 да 24 квадратных метраў. Гліняны посуд нагадваў сабою гаршкі з Чаплінскага гарадзішча.
Старажытныя жыхары паселішча здабывалі і апрацоўвалі жалеза. Пра гэта сведчаць знойдзеныя крыца і гатовыя жалезныя вырабы — сярпы, нажы і іншыя рэчы. 3 каляровых металаў выраблялі ўпрыгожанні. Метал плавілі ў невялікіх тыглях, якія рабіліся з асобай тугаплаўкай гліны. Бронзавыя ўпрыгожанні адліваліся ў спецыяльных формах, знойдзеных на паселішчы.
Прыгожа выглядалі бронзавыя жаночыя падвескі — лунніцы. Іх насілі як каралі. Па форме падвескі нагадвалі трохвугольнікі. У сярэдзіне кожнага вырабу былі невялікія паглыбленні, запоўненыя шклопадобнай масай чырвонага колеру — эмаллю.
Найбольш цікавыя знаходкі — рэчы рымскага часу. Яны трапілі сюды з далёкіх зямель Рымскай імперыі. Напрыклад, медная манета Геты, выбітая ў 209 ці ў 212 г. у горадзе Аўгуста-Траяна (цяпер горад Філінопаль у Балгарыі). Манета вельмі рэдкая. Таксама цікавымі з’яўляюцца рэшткі бронзавых рымскіх сасудаў і рымскай керамікі, якая пакрыта лакам.
У пахавальным абрадзе насельніцтва не адбылося істотных змен у параўнанні з тым, што было высветлена каля Чапліна. Як і раней, памерлых спальвалі і хавалі ў грунтавых ямах. Такія грунтавыя могільнікі даследаваны каля вёсак Новы Быхаў, Адаменка, Тайманава Быхаўскага раёна.
Выяўленыя матэрыялы выклікалі асаблівую цікавасць беларускіх археолагаў. Крыху раней такія помні-
кі былі знойдзены на Кіеўшчыне ўкраінскімі археолагамі і названы кіеўскай культурай.
На думку вучоных, насельніцтва на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі прымала значны ўдзел у працэсе фарміравання кіеўскай культуры. Болыпасць археолагаў лічыць гэту культуру славянскай, што вельмі верагодна, аднак патрэбны далейшыя даследаванні, значныя археалагічныя раскопкі. Датуецца кіеўская культура ўкраінскімі археолагамі канцом II ст. н. э. — сярэдзінай V ст. н. э.
Славяне і балты ў VI—VII стст.
Візантыйскія гісторыкі падзялялі славян на склавінаў і антаў. Склавіны, відаць, заходнія славяне, анты — усходнія. Сучаснікі гаварылі, што склавіны і анты паходзяць ад аднаго кораня і падобны паміж сабой.
У VI ст. славяне наблізіліся да граніц Візантыйскай імперыі. Паселішчы славян цягнуліся на левабярэжжы Дуная. Славянскія дружыны прыходзілі сюды з берагоў Лабы (Эльбы) і Одрьт, з Карпацкіх гор і з нашых Прыдняпроўскіх лясоў. Візантыйцы неаднаразова сустракаліся са славянамі як у час жорсткіх бітваў, так і ў мірныя часы, калі адбываліся перамовы.
Славяне ўключыліся ў працэс «Вялікага перасялення народаў». Яны сяліліся на землях Візантыйскай імперыі, з’явіліся на Балканах, выйшлі да берагоў Эгейскага і Адрыятычнага мораў, на захадзе славяне дайшлі да Рэйна, а на ўсходзе паступова выйшлі да вярхоўяў Дняпра, Дона і Акі, да Ладажскага возера.
У паўночнай і цэнтральнай Беларусі (Віцебская, Мінская, Гродзенская вобласці) з вельмі старажытных часоў і да сярэдзіны I тыс. н. э. жылі балцкія плямёны — продкі сучасных літоўцаў і латышоў. Вызначынь гэта дапамагло вывучэнне назваў рэк.
Назвы многіх невялікіх рэк — Брожа, Вяча, Волва, Лоша, Лучоса і інш. — паходзяць не ад славянскіх слоў, а ад каранёў слоў, якія дагэтуль ёсць у мовс латышоў і літоўцаў.
Вучоныя зрабілі вывад, што спачатку на тэрыторыі цэнтральнай і паўночнай Беларусі жылі балты (лета-літоўцы), а пазней з’явіліся славяне. Яны выцеснілі карэнных жыхароў гэтых месц або змяшаліся з імі. Новае насельніцтва карысталася старымі назвамі рэчак і азёр, таму вельмі старажытныя даславянскія назвы ў некалькі змсненым выглядзе дажылі да нашых дзён.
У неславянскіх плямёнаў лясной паласы (балтаў, фінауграў) у жалезным веку яшчэ доўга панавала прымітыўная падсечна-агнявая апрацоўка зямлі. Славяне прынеслі ў лясную зону новую прагрэсіўную форму гаспадаркі — ворыўнае земляробства. Пераймаючы вопыт выкарыстання земляробчых прылад і іншыя дасягненні ў гаспадарчым жыцці, мясцовае балцкае і фіна-угорскае насельніцтва збліжалася са славянамі. Новыя адносіны парушалі былую замкнёнасць родаў. Земляробы славяне і балты ўсё часцей сумесна асвойвалі новыя землі, расчышчалі ад лесу месцы для раллі, рассяляліся разам ці жылі «церазпалосна». Паселішчы славян станавіліся цэнтрамі далейшай земляробчай каланізацыі, экана.мічнымі цэнтрамі акругі з рознаэтнічным насельніцтвам, якое ўсё больш славянізавалася.
He заўсёды мясцовае насельніцтва без наракання саступала месца прышэльцам. Здараліся жорсткія сутычкі. Гэта пацвярджаюць рэшткі вогнішчаў — сведкі знішчэння балцкіх гарадзішчаў. Але звычайна для новыхжыхароў знаходзілася дастаткова свабоднага месца. Чым далей славяне прасоўваліся на поўнач і паўночны ўсход, тым больш было неасвоеных зямель, нявырубленых лясоў, незанятых поймаў рэк.
На рачных мысах будавалі славяне свае пасёлкі, а ў суседніх мясцінах працягвалі жыць балты, якія ўважліва прыглядаліся да гаспадаркі, звычаяў, побыту прышэльцаў. Спачатку славяне і балты жылі асобна, а потым усё больш змешваліся ў адной тэрытарыяльнай абшчыне. Спрыяла гэтаму яшчэ тое, што вераванні ў славян і балтаў былі аднолькавымі — язычніцкімі.
Значна дапоўніла звесткі пра славян і балтаў вывучэнне археалагічных помнікаў — рэшткаў старажытных гарадзішчаў, неўмацаваных паселішчаў і могільнікаў.
На тэрыторыі Беларусі захавалася каля 1000 гарадзішчаў. Многія з іх былі пабудаваны балтамі. Калі з'явіліся славяне, яны таксама будавалі гарадзішчы, каб тут замацавацца. Размяшчаюцца гарадзішчы часцей за ўсё на пагорках, абкружаных нізінамі, ярамі ці ручаямі. 3 таго боку гарадзішча, дзе не было такіх прыродных умацаванняў, насыпалі вал або выкопвалі роў. Сустракаюцца гарадзішчы ў забалочанай мясцовасці, умацаваныя з усіх бакоў. Звычайна плошча пляцоўкі гарадзішча невялікая — ад чвэрці да паловы гектара.
Каля вёскі Хотамель Столінскага раёна на Берасцейшчыне было вывучана славянскае гарадзішча і паселішча ў пойме ракі Гарыні. У VII ст. тут жылі людзі, але не пастаянна. На гарадзішчы адсутнічаюць рэшткі жылых збудаванняў. Насельніцтва хавалася сюды на час небяспекі. Гарадзішча выконвала ролю цэнтра абшчыны, члены якой жылі на неўмацаваных паселішчах.
Праз некаторы час адбыліся змены ў яго знешнім выглядзе. 3 усіх бакоў пагорак абкружаў земляны вал. Належала гарадзішча цяпер больш заможнай частцы абшчыны. Аб гэтым сведчаць знаходкі — рэчы ваеннага побыту — жалезныя наканечнікі коп’яў і стрэл, пласцінкі ад панцыра, бляшка ад партупеі, цуглі. Усё гэта рэчы, якія адносіліся да ўзбраення дружыннікаў.