• Газеты, часопісы і г.д.
  • Археолагі дапаўняюць летапісцаў  Георгій Штыхаў

    Археолагі дапаўняюць летапісцаў

    Георгій Штыхаў

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 149с.
    Мінск 2009
    34.71 МБ
    Выдатнае мастацтва полацкіх фрэсак нагадвае наўгародскі і кіеўскі манументальны жывапіс і звязана з візантыйскай традыцыяй. Разам з тым гэта і высокае самабытнае мастацтва Полацкай зямлі.
    Каля ўваходу ў тоўшчы сцяны ёсць зусім непрыкметны ход у выглядзе шчыліны. Ён вельмі вузенькі: два чалавекі ў ім не размінуцца. У шчыліне мураваныя ступенькі лесвіцы. Яны вядуць уверх на хоры — невялічкі балкон, адкрыты ўнутр памяшкання царквы. Па баках хораў ёсць дзве маленькія келлі. Адна з іх прызначалася для самой Ефрасінні, другая — для яе сястры.
    Фрэска на слупе Спасаўскай царквы
    Невялікая пабудова выклікала незвычайную цікавасць сярод вучоных, што вывучаюць гісторыю архітэктуры. На гары, пад сучасным дахам царквы, пераробленым у XIX ст., яны заўважылі незвычайную рэч. Круглы барабан купала апіраўся на квадратны пастамент. 3 чатырох бакоў былі рэшткі какошнікаў. Яны мелі паўкруглую форму, як і закамары. Какошнікі былі вышэй за закамары. Гэтая дэталь — какошнікі — больш за ўсё і цікавіла вучоных.
    Справа ў тым, што какошнікі з’яўляліся вельмі характэрнай асаблівасцю рускага дойлідства XVI—XVIII стст. Кожны бачыў на здымку сабор Васілія Блажэннага, пабудаваны ў Маскве ў XVI ст. на Чырвонай плошчы. Калі ўважліва прыгледзецца да яго, то ўнізе шматлікіх купалоў можна заўважыць паўкруглыя какошнікі. Вельмі выразна яны бачны ў славутай драўлянай Праабражэнскай царкве пачатку XVIII ст. у Кіжах, дзякуючы якой гэтая вёска ў Карэліі стала вядома далёка за межамі Расіі. Аказваецца, царква ў Полацку — самы ранні будынак ва Усходняй Еўропе, дзе ўпершыню з’явілася важная для архітэктуры дэталь — какошнікі.
    Які ж старажытны наватар пабудаваў славутую царкву? Цяпер мы ведаем яго. Гэта быў полацкі дойлід Іаан (Іван). Пра яго жыццё і дзейнасць вядома нямнога. Іаан узначальваў арцель полацкіх будаўнікоў-муляроў. Адукаваны чалавек з добрым мастацкім густам, ён увесь час быў заняты справай узвядзення манументальных будынкаў. Да яго звярталіся некалькі разоў, перш чым ён змог з’явіцца ў Сяльцо, каб пабудаваць Спаскую царкву. Мяркуюць, што ён быў манахам Бельчыцкага манастыра, на тэрыторыі якога таксама будаваў цэрквы. Вялікі вопыт будаўніка і добрыя арганізатарскія здольнасці дазволілі яму ўзвесці будынак у вельмі сціслы для тых часоў тэрмін — за трыццаць тыдняў.
    Спаса-Ефрасіннеўская царква стаіць ля вытокаў новага тыпу будынкаў. Задумы полацкага майстра атрымалі далейшае развіццё перш-наперш у самім Полацку. Археолагі пераканаўча даказалі гэта. У 1967 г. на Верхнім замку былі адпакапы рэшткі царквы канца XII ст. Архі-
    тэктурны яе выгляд — вынік далейшага развіцця таго тыпу будынкаў, якія ўзводзіў славуты дойлід Іаан.
    Полацкае дойлідства XII ст. было своеасаблівае і непаўторнае. Полацк — адзін з гарадоў, дзе нарадзіўся новы тып манументальных будынкаў, які мае ярка выражаныя ўсходнеславянскія рысы. Гэты горад — выдатны цэнтр старажытнай культуры на Беларусі.
    Каменныя царкоўныя пабудовы XII ст. апрача Полацка існавалі ў Віцебску,
    Навагрудку, Тураве, Гродне. фрэска святога ў алтары Спа_ Каменныя цэрквы будаваліся	саўскай царквы
    ў Мінску і Ваўкавыску. Да
    нашых дзён захавалася Барысаглебская, ці, як яе яшчэ называюць, Каложская, царква ў Гродне. Гэтая царква мае свае асаблівасці. Яе сцены ўпрыгожаны ўстаўкамі з неапрацаваных і плоскіх валуноў, а таксама зялёнымі, жоўтымі і карычневымі паліўнымі пліткамі розныхтыпаў. У старажытным Гродне існавала свая школа дойлідства.
    Тое, што засталося ад мастацкіх скарбаў, якія стваралі на працягу стагоддзяў нашы далёкія продкі, мае для нас велізарную каштоўнасць. Старажытныя помнікі архітэктуры займаюць пачэснае месна ў нашай скарбніцы культуры.
    СЛЕД РАГНЕДЗІН
    Электрычка набірае скорасць. За вокнамі мільгаюць бетонныя слупы, зубцы пералескаў, і не паспееш азірнуцца, як з дынаміка гучыць: «Наступная станцыя «Беларусь»!» Міжволі глядзіш у акно. Недалёка ад чыгункі на ўзвышшы бачны вал. Ён утварае кола правільнай формы. Праз момант гэты вал знікае за хмызняком, што цягнецца ўздоўж чыгункі.
    Справа на небасхіле ўзнялася белая вежа царквы. Яе абступае магутны чатырохвугольны вал. Недалёка на выспе бачны муры другой царкоўнай пабудовы. Гэта першыя прыкметы горада Заслаўя.
    Да вайны 1812 г. Заслаўе лічылася мястэчкам Мінскай губерні. Хутка пасля вайны вядомы рускі пісьменнік і гісторык Мікалай Міхайлавіч Карамзін нанава адкрыў для навукі гэты старажытны горад.
    У сваёй рабоце «Гісторыя дзяржавы расійскай» М. М. Карамзін вызначыў датай заснавання Заслаўя 985 год. Адны вучоныя аспрэчвалі гэту дату, другія ж меркавалі, што названы ў летапісах Ізяслаўль знаходзіцца не ў Беларусі, а дзесьці ў іншым месцы, магчыма, ва Украіне.
    У жыхароў Заслаўя была свая думка па гэтым пытанні. Спытайцеся тутэйшага жыхара: «Хто такая Рагнеда?», і ён раскажа цікавую легенду пра полацкую князёўну, якой давялося жыць у гэтых месцах. Але звернемся да болып старажытных сведак.
    У 1128 г. летапісец запісаў паданне, пачутае з вуснаў нейкіх «ведушчых» людзей, якія ведалі і захоўвалі ў памяці мноства старажытных былін і паданняў. Яно дайшло і да нас у складзе Лаўрэнцьеўскага летапісу. Вось яно поўнасцю ў перакладзе на сучасную мову.
    Што расказалі «ведушчыя»
    Княжыў у Полацкай зямлі і валодаў ёю Рагвалод. Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора. У Ноўгарадзе знаходзіўся Уладзімір, тады яшчэ язычнік. Быў у яго дзяцька Дабрыня, ваявода храбры і багаты муж. I паслаў да Рагвалода Дабрыня сватоў прасіць выдаць дачку замуж за Уладзіміра. Той жа запытаўся ў дачкі сваёй: «Ці хочаш за Уладзіміра?» Яна адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, хачу за Яраполка».*
    Калі Уладзіміру паведамілі пра адказ Рагнеды, ён угнявіўся і паскардзіўся Дабрыню. Дабрыня быў раз’юшаны. Сабраўшы войска, пайшоў на Полацк і перамог Рагвалода. Рагвалод уцёк у горад, але горад быў узяты прыступам, а сам князь, яго жонка і дачка паланёны. Дабрыня ганьбай адпомсціў Рагнедзе за яе пагардлівы водзыў аб Уладзіміру. Ён загадаў Уладзіміру быць з Рагнедай у прысутнасці яе бацькі і маці. Потым бацька яе быў забіты, а Рагнеду Уладзімір узяў сабе ў жонкі і назваў яе Гарыславай. Яна нарадзіла сына Ізяслава.
    Набраў сабе Уладзімір многа жонак, і Рагнеда стала гневацца. Аднойчы, калі Уладзімір прыйшоў да Рагнеды і заснуў, яна хацела зарэзаць яго нажом. Але князь раптам прачнуўся і схапіў яе за руку. Тут яна пачала казаць яму: «Ужо мне горка стала: бацьку майго ты забіў і зямлю яго паланіў з-за мяне, а цяпер не любіш мяне і малога майго».
    У адказ Уладзімір загадаў ёй апрануцца ва ўсё княжацкае адзенне, як яна была апранута ў дзень вяселля свайго, сесці на багаты ложак і чакаць яго. Ён хацеў прыйсці і забіць жонку. Рагнеда выканала яго волю, але ўручыла аголены меч у рукі сыну свайму Ізяславу і наказала: «Глядзі, калі ўвойдзе бацька, дык ты выйдзі наперад і скажы яму: «Айцец, ты не адзін. Сын будзе сведкам». Уладзімір, які ўбачыў сына і пачуў яго словы, сказаў: «А хто ж цябе ведаў, што ты тут», — кінуў меч, загадаў
    * Уладзімір названы сынам рабыні таму, што яго маці была ключніцай у княгіні Вольгі. Разуванне мужа з’яўлялася часткай старажытнага абраду ў час вяселля. Яно азначала пакорліваснь нявесты. Яраполк, які таксама сватаўся да Рагнеды, быў братам Уладзіміра па бацьку і княжыў у Кіеве.
    паклікаць баяр і расказаў ім усё, як было. Баяры адказалі яму: «Ужо не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, але аднаві яе бацькаўшчыну і аддай ёй з сынам». Уладзімір жа збудаваў горад і аддаў яго ім, і даў імя гораду таму Ізяслаўль.
    Адкуль былі «ведушчыя», якія паведамлялі летапісцу аб драматычных падзеях у Полацку, што адбываліся амаль на 150 гадоў раней за гэты час, — цяжка сказаць. Магчыма, легенда складвалася ў мясцовым асяроддзі полацкіх крывічоў.
    У «Аповесці мінулых часоў» пад 980 годам змешчана тая ж самая легенда пра паход Уладзіміра на Полацк. Але летапісцы перапрацавалі і выдалілі тыя месцы легенды, якія характарызавалі Уладзіміра з адмоўнага боку. Тут няма эпізоду пра замах Рагнеды на Уладзіміра і ссылку яе з сынам у Ізяслаўль.
    Апавяданне з Лаўрэнцьеўскага летапісу (1128 г.) захавала падрабязнае апісанне падзей, у яго аснове ляжыць народнае паданне, песня ці легенда. У ім мацней адчуваецца народная традыцыя.
    Тут шмат зваротаў у форме простай мовы, якая захавалася ў помніках вуснай народнай творчасці і затым трапіла на старонкі летапісу. Пісьмовы помнік выкарыс-
    Замах Рагнеды на Уладзіміра (мініяцюра радзівілаўскага летапісу)
    
    таў багаты фальклорны матэрыял, успрыняў яго форму і паэтычны стыль.
    У пісьмовыя крыніцы трапіла яшчэ адно цікавае паданне пра Рагнеду. Яно запісана пад 988 годам у познім Цвярскім летапісе. Уладзімір, прыняўшы хрысціянства ў гэтым годзе, павінен быў развітанца са сваімі ранейшымі жонкамі і застацца з адной, якую ўзяў, будучы хрысціянінам, — грэчаскай царэўнай Ганнай. Рагнедзе Уладзімір прапануе выбраць сабе мужа сярод яго вяльмож. Адказ Рагнеды гучыць таксама горда, як і раней: «Быўшы царыцаю, не хачу рабою быць ні зямному цару, ні князю». Рагнеда пайшла ў манастыр, дзе правяла апошнія гады свайго жыцця пад імем чарніцы (манашкі) Анастасіі.
    У гэтым апавяданні Рагнеда зноў паказана гордай і непакорлівай. Яе журботны лёс выклікае спачуванне. Памерла Рагнеда ў 1000 г., а праз год — і яе сын Ізяслаў.
    У пісьмовых крыніцах няма звестак, дзе пахавана Рагнеда. Аб гэтым гавораць толькі паданні. Больш за ўсё іх звязана з Заслаўем і яго наваколлем. Паводле мясцовых легенд, Рагнеда і Ізяслаў пасля іх выгнання з Кіева жылі ў замку над Свіслаччу на сутоку з рэчкай Княгінькай (Княгіняй). Манастыр, у якім яна правяла свае апошнія дні і была пахавана, быццам размяшчаўся каля Заслаўя на ўзвышшы Чорная гара, каля якой працякае рэчка Чарніца.
    Назвы рэчак Княгінька і Чарніца насельніцтва па сённяшні дзень звязвае з імем Рагнеды. Гавораць, што тут было і возера Рогнедзь, якое потым перасохла. Рагнедзінымі называліся таксама навакольныя лясы.
    Галоўнай крыніцай звестак пра Рагнеду і заснаванне Заслаўя застаецца апавяданне Лаўрэнцьеўскага летапісу. Яно тлумачыць прычыну варожасці паміж полацкім і кіеўскімі князямі, ля вытокаў якой, на думку летапісца, была крыўда, нанесеная Уладзімірам Рагнедзе. «3 тае пары ўнукі Рагвалода варагуюць з унукамі Яраслававымі», — заключае летапісец.