Археолагі дапаўняюць летапісцаў  Георгій Штыхаў

Археолагі дапаўняюць летапісцаў

Георгій Штыхаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 149с.
Мінск 2009
34.71 МБ
Праз некалькі дзён на дапамогу пртяйшлі разам з настаўнікам гісторыі вучні Заслаўскай сярэдняй школы. Яны раскапалі некалькі курганоў ля дарогі на Радашковічы. Большасць пахаванняў аказаліся жаночымі. Пра гэта сведчылі ўпрыгожанні, якія насілі модніцы каля 900 гадоў таму назад, — каралі, нагрудныя манетападобныя падвескі, спражкі, пярсцёнкі.
Ля самай дарогі знаходзіўся вялікі курган вышынёй у 2 метры. Пад ім знойдзена пахаванне мужчыны. Яго рост дасягаў 173 сантыметры. Ля яго былі пакладзены кавальскія клешчы. Вакол — шэсць выкаваных цвікоў, а таксама рэшткі жалезнага прадмета, верагодна, цугляў. Апрача таго, у пахаванні знойдзена бурштынавая караля, вельмі падобная да прасліца, і сярэбраная манета Атона
і Адыльгейды, выбітая ў Саксоніі ў X ст. Ва Усходняй Еўропе такія манеты сустракаюцца ў скарбах першай паловы XI ст. Манета гаворыць пра дату пахавання — у пачатку XI ст. у кургане быў пахаваны нейкі рамеснік.
У іншым месцы, у курганнай групе № 2, быў раскапаны курган, у якім знайшлі гаршчок, вылеплены ад рукі без дапамогі ганчарнага круга. Гэта адзін з найбольш ранніх курганоў X ст. Значыць, у самых старажытных курганах каля Заслаўя былі сапраўды пахаваны сучаснікі Рагнеды.
Абрад пахавання ва ўсіх курганах аднолькавы. Спачатку распальвалі на зямлі агонь. Відаць, месца ачышчалі ад злых духаў. На гэтае месца клалі памерлага і вакол яго рэчы ці ўпрыгожанні, якімі ён карыстаўся пры жыцці. Затым насыпалі курган. Абрад пахавання пераходны ад трупаспалення (крэмацыі) да трупапалажэння.
Заслаўскі курганны могільнік лічыцца адным з самых буйных у Беларусі. Ён складаецца з некалькіх курганных груп, што раскінуліся вакол Заслаўя. Яшчэ нядаўна тут налічвалася каля 300 курганных насыпаў. У курганах хавалі памерлых з канца X да пачатку XII ст. Такі вялікі могільнік мог належаць старадаўняму гораду.
Дзе ж быў гэты горад?
На правым беразе Свіслачы, дзе ў яе ўпадае Княгінька, узвышаецца вежа Спаса-Праабражэнскай царквы XVII ст. Месца гэтае называецца «Вал», бо яно акружана чатырохвугольным земляным умацаваннем прыкладна тых жа часоў, калі пабудавана царква. На плане 1753 г. месца, пра якое тут гаворыцца, абазначана словам «замак».
У мінулым на гэтым замчышчы даследчыкі неаднаразова спрабавалі рабіць раскопкі, але бясспрэчных прыкмет старадаўняга паселішча выявіць ім не ўдавалася.
Якраз у той час, калі навуковыя супрацоўнікі і школьнікі раскопвалі курганы, недалёка ад замчышча пачалі будаваць школу. Выкапалі катлаван. Ён быў не надта глыбокі, метра паўтара, і праразаў пласт чорнай зямлі з бітай цэглай, кафляй, шклом і іншымі рэчамі. Гэта быў зручны для археолагаў момант, каб высветліць, калі тут упершыню пасяліліся людзі.
Самыя старажытныя адкладанні культурнага пласта знаходзіліся ўнізе і ляжалі на жоўтым прыродным пяску. Месцамі яны былі некранутыя. Пры іх аглядзе мы знайшлі адломкі такіх жа гаршкоў, як і ў курганах.
На падрыхтаваным пад будоўлю суседнім месцы былі зроблены раскопкі. У зямлі на глыбіні 80 сантыметраў удалося выявіць несумненныя рэшткі старажытнага паселішча канца X—XII стст. Было знойдзена шмат керамікі таго часу, у тым ліку некалькі абломкаў амфар.
У мацерыку аказалася шэсць ям. Некаторыя з іх былі звязаны з рамесніцкай дзейнасцю. У адной яме знаходзілася шмат жалезных шлакаў. Іншыя ямы мелі гаспадарчае прызначэнне. У іх было шмат абломкаў керамікі. На дне некаторых гаршкоў былі адбіткі старажытных клеймаў. У большасці выпадкаў гэта малюнак кола са спіцамі ўсярэдзіне.
Пры раскопках пашанцавала знайсці сем оўручскіх прасліц, а таксама жалезныя вырабы: ключы, крэсівы, стрэмя, свердзел. Гэта тыповыя рэчы XI—XIII стст., а некаторыя з іх адносяцца да больш старажытнага часу. Тут, ля скрыжавання сучасных вуліц Заслаўя — Савецкай і Луначарскага, — знаходзіўся пасад старажытнага горада.
Заставалася знайсці такія напластаванні на замчышчы ля Спаса-Праабражэнскай царквы. Старажытны ўмацаваны цэнтр — дзядзінец горада — павінен быў знаходзіцца тут.
У мінулым даследчыкі абмяжоўваліся невялікімі раскопкамі, рабілі шурфы памерам 2x2 метры або яшчэ меншыя. На гэты раз вырашылі ўскрыць побач з вежай царквы, ля яе заходняй сцяны, плошчу 10x10 метраў. Верагоднасць таго, што тут могуць аказацца ўчасткі, дзе захаваўся старажытны культурны пласт, была вялікай. Нашы намаганні ў пошуках старажытнага Ізяслаўля былі ўзнагароджаны, але не адразу.
Даследчыкі з дапамогай студэнтаў і школьнікаў крок за крокам ускрывалі пласты зямлі. Распрацавалі верхні пласт таўшчынёй у 1,5 метра. Увесь гэты пласт быў надта перамешаны з цэглай, чарапіцай, бітым шклом зусім нядаўняга часу.
Аднак крыху глыбей паказаўся чорны слой пажарышча. У не пашкоджаных перакопамі месцах у ім была кераміка, вельмі характэрная для канца X—XI стст.
Удалося адкапаць разбураны гаршчок гэтага часу. Яго потым археолагі поўнасцю рэстаўрыравалі, склеілі з кавалкаў, якія зусім дакладна падышлі адзін да аднаго. Былі таксама знойдзены старажытныя вырабы з косці і каляровых металаў.
Але для канчатковых вывадаў матэрыялаў было яшчэ недастаткова. Уся плошча помніка складала 1,5 гектара. Трэба было знайсці прыкметы старажытнага паселішча ў іншых месцах. I гэта таксама ўдалося зрабіць.
У супрацьлеглай усходняй яго частцы былі адкапаны рэшткі паўзямлянкавага жылля з псччу-каменкай. Сярод рэшткаў печы быў знойдзены разбураны гаршчок пачатку XII ст.
Пасля гэтага зрабілі раскопкі каля паўночнай сцяны нарквы. На глыбіні 2 метраў знайшлі рэшткі печы, якая ўся была ўпрыгожана кафляй, пакрыта палівай розных колераў. На кафлі віднеліся адбіткі гербаў роду Глебавічаў першай паловы XVI ст. Падмурак печы праразаў культурны пласт часоў Полацкага княства. У гэтым пласце былі адкапаны рэшткі драўляных пабудоў, а таксама старажытны частакол, якім абгароджваўся двор.
У многіх месцах давялося выявіць культурныя пласты дзвюх эпох: Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага. Захаванасць іх была неаднолькавая. У адным выпадку рэшткі паселішча X—XIII стст. аказаліся вельмі пашкоджаны ці зусім знішчаны, у другіх — яны перакрыты больш познімі пластамі і апынуліся на глыбіні 4—5 метраў ад сучаснай паверхні.
У XVII ст. замак капітальна перабудавалі і ў ім узвялі мураванае памяшканне Спаса-Праабражэнскай царквы. Да гэтага часу яго тэрыторыя была вельмі няроўнай. Цяпер нізкія месцы былі засыпаны, уся плошча выраўнена. На месцы старажытных умацаванняў паўсталі валы і бастыёны новай крэпасці, рэшткі якой захаваліся да нашых дзён. Усё гэта тлумачыць, чаму археолагам цяжка бьгло знайсці прыкметы старажытнага горада там, дзе ён сапраўды існаваў.
Загадку Ізяслаўля, старажытнага горада Полацкай зямлі, нарэшце ўдалося разгадаць. Ён быў заснаваны ў канцы X ст. і стаяў там, дзе ў нашы дні знаходзіцца Заслаўе.
Назва гэтага старажытнага горада паходзіць ад уласнага імя Ізяслаў, таксама як і назва горада Мсціслаў ад імя Мсціслаў, Барысаў ад імя Барыс. Вельмі верагодна, што гэтым Ізяславам быў сын Рагнеды. У далейшым дзякуючы развіццю беларускай мовы назва Ізяслаўль паступова змянілася на Заслаўе.
Замак над Гайнай
Гістарычны лёс Заслаўя падзяляў яго блізкі сусед — Лагойск (старажытная назва Лагожск). Некаторыя гісторыкі лічаць, што непрацяглы час нават існавала агульнае Ізяслаўска-Лагожскае княства.
Калі ж Лагожск названы ў пісьмовых крыніцах, адкуль можна весці адлік яго ўзросту?
Лагойск упершыню ўпамінаецца ў аўтабіяграфічным творы «Павучанне», напісаным вядомым старажытнарускім князем Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам (1053—1125 гг.). Дадзены твор створаны каля 1117 года як запавет, урок жыццёвай і дзяржаўнай мудрасці сваім дзецям і іншым князям. Манамах успамінае пра свае шматлікія паходы па Русі, па стэпах і Еўропе. Але ў творы не названа ніводная дата.
Арыгінал «Павучання» не захаваўся, яго змест быў уключаны ў Лаўрэнцьеўскі летапіс пад 1096 годам пасля апавядання пра княжацкія сваркі. «Павучанне» дае шмат гістарычных звестак, якія адсутнічаюць у летапісе. Яно з’яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай. Вучоным удалося «расшыфраваць» «Павучанне» і ўстанавіць даты паходаў, якія здзейсніў Манамах.
Калі Уладзімір Манамах быў князем у Чарнігаве, ён зрабіў паход на Полацкую зямлю ў 1078 г. Пра гэта Манамах піша: «Усяслаў [князь полацкі] Смаленск спаліў, і я з чарнігаўцамі сеўшы на коней [рушыў на яго], ды не засталі мы [яго] у Смаленску. У тым паходзе ўслед за Усяславам спаліў я зямлю [Полацкую], спустошыў яе да Лу-
Бронзавыя спражкі і «конік» XI—XII стст. з раскопак Лагойскага замчышча
комля і Лагожска ды, супраць Друцка ваюючы, [вярнуўся] у Чарнігаў». Адсюль вынікае, што Лагойск у 1078 г. быў горадам-крэпасцю Полацкай зямлі, бо праз шмат гадоў Манамах прыгадваў, як «ваяваў» яго.
Ад Заслаўя і Мінска Лагойск размешчаны на аднолькавай адлегласці, за 40 кіламетраў. 3 Лагойска — праз Плешчаніцы і Лепель — бліжэйшы шлях да Полацка даўжынёй каля 160 кіламетраў. Барысаў ад гэтага напрамку застаецца ў баку на ўсход кіламетраў за 50. Яшчэ далей, паблізу сучаснага раённага цэнтра Талочына, некалі быў княжацкі горад Друцк. Заслаўе, Лагойск, Друцк, Барысаў у XI—ХП стст. — важныя ўмацаваныя пункты на паўднёвых граніцах Полацкага княства. Супраць іх у першую чаргу і быў скіраваны ў 1127 г. удар шматлікага войска кіеўскага вялікага князя Мсціслава, аб чым мы ўжо гаварылі раней.
Што ж сталася тады з Лагойскам? Звернемся да летапісу. У ім чытаем: «Посла князь Мстнслав’ь... сына своего Нзяслава нс Курьска с свонмь полком на Логожескь». На Лагойск ішоў з Курска вялікакняжацкі полк на чале з старэйшым сынам Мсціслава — Ізяславам. Лагойску надавалася важнае значэнне, бо адсюль адкрываўся шлях на Полацк. Ізяслаў захапіў горад, прабыў тут два дні, а затым паспяшаўся на дапамогу іншым князям, якія асаджвалі Заслаўе.
3 другой паловы XII ст. Лагойск становіцца цэнтрам удзельнага Лагойскага княства. У 1181 г. тут княжыў
Усяслаў Мікуліч, саюзнік полацкіх і чарнігаўскіх князёў. Ён удзельнічаў у гэты час у паходзе на Друцк.
У летапісах пад 1186 годам упамінаецца ўжо іншы лагойскі князь Васілька Валадаравіч. Ён разам з наўгародцамі і смалянамі выступіў супраць палачан. Пазней Лагойск перайшоў да літоўскіх князёў Гедымінавічаў. Вось і ўся старажытная гісторыя Лагойска па крыніцах.