Археолагі дапаўняюць летапісцаў  Георгій Штыхаў

Археолагі дапаўняюць летапісцаў

Георгій Штыхаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 149с.
Мінск 2009
34.71 МБ
У межах сучаснага Мінска няма ракі з коранем «мень». Іншая справа Менка (Мена) — прыток верхняга цячэння Пцічы за 16,7 км на паўднёвы захад ад вусця Нямігі. На Менцы знаходзіцца выдатны комплекс археалагічных помнікаў.
Невялікія раскопкі на Менцы зрабілі ў 1935 г. археолагі A. М. Ляўданскі і А. Д. Каваленя.
Гэтыя даследчыкі пісалі, што першапачаткова Менск размяшчаўся на гарадзішчы ў вярхоўі Пцічы, а затым у XI ст. «быў перанесены як феадальны цэнтр у больш зручнае месца, туды, дзе знаходзіцца сучасны Мінск». 3 таго часу не сціхае спрэчка аб першапачатковым месцы знаходжання Менска.
Найболыд важным аргументам для лакалізацыі Менска ў вярхоўі Пцічы служыць археалагічны комплекс — гарадзішча, селішча, пахавальныя курганы — на рацэ Менцы, цяпер моцна абмялелай. У 50-я — пачатку 80-х гадоў XX ст. на Менцы праводзіліся значныя (з перапынкамі) раскопкі беларускімі археолагамі.
На правым беразе Менкі на 2 кіламетры вышэй яе ўпадзення ў Пціч знаходзяцца два сумежныя гарадзішчы — адно Малое, другое Вялікае. Агульная іх плошча больш за 1 гектар. Гарадзішча абнесена валамі вышынёй звонку да 8 метраў, якія абкружаюць тры пляцоўкі. У Малое гарадзішча можна прайсці толькі з Вялікага.
Больш старажытнае Малое гарадзішча размешчана на мысе каля зліцця ручая Дунай з Менай (Менкай). Мыс займае пануючае становішча, з яго краю як на далоні
Пацерка з егіпецкага фаянсу П—III стст.
бачна навакольная мясцовасць. Жыхары гарадзішча належалі да плямёнаў культуры штрыхаванай керамікі мяжы нашай эры. Выяўлена унікальная знаходка, адзіная ў Беларусі, — амулет першых стагоддзяў нашай эры з так званага егіпецкага фаянсу колеру бірузы ў выглядзе плоскай пацеркі авальнай формы з рэльефнай выявай крылатага бажаства. Такія знаходкі часта сустракаюцца сярод антычных пацерак Паўночнага Прычарнамор’я, адкуль яна трапіла ў вярхоўе Пцічы. На мяжы нашай эры на гарадзішчы знаходзіўся патрыярхальны род ці вялікая сям’я, якая налічвала некалькі дзесяткаў чалавек.
Пазней, у V—VII стст., Малое гарадзішча на Менцы выкарыстоўвалася ў якасці сховішча прадстаўнікамі плямён банцараўскай археалагічнай культуры.
У канцы IX—XI ст. Малое гарадзішча на Менцы выконвала ролю дзядзінца ўсходнеславянскага горада. Яно ўяўляла з сябе адзіную сядзібу, не залежную ад умацаванняў Вялікага гарадзішча. Невялікая плошча Малога гарадзішча (0,12 гектара) сведчыць аб сядзібе — замку. Тут магла быць рэзідэнцыя прадстаўніка (намесніка) княжацкай улады.
Плошча Вялікага гарадзішча складала каля 1 гектара. Гэта быў вакольны горад. Ён уяўляецца заселеным, пра што сведчыць наяўнасць культурнага напластавання і паўсюдных знаходак раннекругавой керамікі. Жалезныя шлакі і гатовыя жалезныя вырабы сведчаць аб занятку кавальскім рамяством.
Пра гандлёвыя сувязі нагадваюць знойдзеныя пры раскопках фрагменты таўстасценных амфар. Амфары служылі надзейнай тарнай керамікай і ў іх з Паўночнага Прычарнамор’я прывозілі віно і аліўкавы алей.
На беразе Менкі, дзе было паселішча, знойдзены унікальныя свінцовыя пячаткі XI ст. дыяметрам да 3 сантыметраў. Пячаткі на шнурках падвешваліся да дакументаў. На Русі карыстацца такімі гіячаткамі мелі права толькі прадстаўнікі вышэйшай дзяржаўнай улады ці буйныя царкоўныя іерархі. На адной пячатцы захавалася паясная выява двух святых, на другой — архангела Гаўрыіла ці Міхаіла ў поўны рост.
Вал Вялікага гарадзішча на Менцы (1969 г.)
Для вырашэння пытанняў пра паходжанне горада істотнае значэнне маюць вынікі вывучэння яго валоў і іншых абарончых збудаванняў. У 1983 г. археолагі ў ніжняй частцы насыпу вала выявілі зрубы — «гародні» даўжынёй 3,5—4 метры, пабудаваныя з дубовых бярвёнаў. Зрубы ставіліся ў два-тры рады адзін да аднаго ўздоўж трасы вала. Яны былі шчыльна забітыя суглінкам і супескам. Узвышаючыся на 4 метры, зрубы ўтваралі моцную аснову абарончага збудавання. Шырыня першапачатковага вала — 14 метраў.
На сценцы са зрубаў знаходзіўся верхні ярус наземных драўляных умацаванняў, Ад яго да нас дайшоў магутны пласт пажарышча з шматлікіх праслоек вугалю і попелу, знойдзены археолагамі. Знсшнія ўмацаванні загінулі ў моцным пажары неўзабаве пасля іх узвядзення.
Вал Вялікага гарадзішча на вывучаным участку перабудоўваўся і павышаўся не менш як два разы ў першай палове XI ст. з-за пажараў, якія знішчалі знешнія абарончыя збудаванні на яго грэбені. Агульная вышыня вала — звыш 8 метраў. Вялікае гарадзішча, як і Малое, мела па ўсім перыметры драўляна-земляныя ўмацаванні.
Студэнты на раскопках паселішча на Менцы
Узнікае пытанне, што ўяўлялі з сябс селішчы, якія абкружалі ўмацаваны цэнтр літаральна з усіх бакоў, і ці можна лічыць іх пасадам горада. Прыроднымі ўмовамі мясцовасці селішча падзяляецца на тры часткі. Агульная плошча старажытнага паселішча навакол гарадзішча — не менш як 30 гектараў. Другога такога вялікага раннесярэднявечнага паселішча ў Беларусі не захавалася.
У 1975 г. Полацка-Мінскі атрад экспедыцыі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі правёў раскопкі (30x30 метраў) на гіоўдзень ад гарадзішча на раллі каля ручая Дунай. Магутнасць кулыурнага пласта тут ад 0,4 да 1,2 метра, улічваючы ямы ў мацерыку, якіх расчышчана звыш 90. Гэта ямы гаспадарчага прызначэння. Большасць іх датуецца канцом X—XI ст., некаторыя больш раннія. Ямы прамавугольныя (плошча 8—9 квадратных метраў), падобныя на паглыбленыя ў цвёрды грунт жытлы (паўзямлянкі).
Адна прамавугольная яма мае памеры 2,5x3,5 метра. Яна запоўнена культурным пластом цёмнай афарбоўкі, насычаным кавалкамі абпаленай гліны. Тут былі кераміка
XI ст., жалезныя вырабы (дужка ад вядра, два нажы, частка цугляў), а таксама касцяная шахматная фігура каня. Апошні прадмет уяўляе асаблівую цікавасць. Гэта адна з самых ранніх шахматных фігур, знойдзеных на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Фігура вышынёй 3 сантыметры, мае адзін выступ ад верхняй часткі (галава каня). Выраблена з рога лася, знаходзілася ў доўгім выкарыстанні, ад чаго моцна адпаліравалася.
У археалагічнай навуцы вядома пра вялікую колькасць курганоў у вярхоўі Пцічы. Шмат курганоў зафіксавана ўсцяж старой «Койданаўскай дарогі», якая праходзіла недалёка ад гарадзішча на Менцы ў напрамку да Нямігі. Курганныя могільнікі адзначаны каля рэчышча Лошыцы. На рацэ Лошыцы археолагі выявілі пяць паселішчаў X—XIII стст. Шырока даследавалася паселішча каля вёскі Рылаўшчына (цяпер Дружба ў межах горада Мінска).
Выяўлены рэшткі жытлаў, донцы пасудзін з кляймом у выглядзе княжацкіх знакаў — трызубцаў, сярэбраная манета, чаканеная ў X ст. у Германіі. Шматлікія даныя даюць падставу меркаваць, што ў X—XI стст. жыхары паселішча абслугоўвалі волак ад гарадзішча на Менцы, якое тады з’яўлялася цэнтрам усёй воласці, аж да Свіслачы.
У наваколлі вёскі Новы Двор на берагах Пцічы зафіксаваны куст паселішчаў (усяго чатыры) з керамікай X—XIII стст. Плошча аднаго селішча на левым беразе ракі складае 4 гектары. Знойдзены скарб сярэбраных арабскіх дырхемаў і заходнееўрапейскіх дэнарыяў, які трапіў у зямлю каля 1000 года. Другі манетны скарб з арабскіх дырхемаў, чаканеных у перыяд з 816 да 911 г., выяўлены каля вёскі Лепкаўшчына.
ІЛахматная фігура каня XI ст. з паселішча на Менйы
Такім чынам, у X ст. на Менцы ў шчыльна населенай мясцовасці існаваў ваенны, эканамічны, гандлёва-рамесны цэнтр значнай тэрыторыі (воласці), які дасягнуў росквіту ў першай палове XI ст.
Тут знаходзілася рэзідэнцыя прадстаўнікоў дзяржаўнай (княжацкай) улады, якія кіравалі воласцю і збіралі даніну з насельніцтва. Паселішча набыло функцыі і планіровачную структуру, блізкую да ўсходнеславянскага раннесярэднявечнага горада. Вельмі магчыма, што гэта быў вядомы па летапісе (1067 г.) Менск (Менеск), які ўзнік у зоне крывіцка-дрыгавіцкага рассялення.
Са з’яўленнем новага цэнтра воласці на рацэ Свіслач пасяленне на Менцы прыйшло ў заняпад, а яго назва Менск псрайшла на новы горад. У XIV—XVI стст. на тэрыторыі паселішча размяшчалася невялікае мястэчка і ўмацаваная феадальная сядзіба.
3 гістарычнага летапісу
Усе старажытныя летапісы аднадушна падкрэсліваюць нязвычайнае для тых часоў кровапраліцце і жорсткасць бітвы на Нямізе ў 1067 г. Упартасць, з якой змагаліся войскі Яраславічаў з войскам Усяслава, была выключнай. Мы ўжо ведаем, чым скончылася гэтая смутная падзея: Усяслаў вымушаны быў адступіць.
3 той далёкай пары ўсё часцей упамінаеіша Менск у пісьмовых крыніцах і амаль кожны раз у сувязі з няшчасцямі, войнамі, разбурэннямі і пажарамі. Пачатковая гісторыя Менска вельмі цесна звязана з лёсам Полацкага княства.
На Менск і іншыя гарады Полацкай зямлі неаднаразова скіроўваў сваё моцнае войска старажытны рускі князь Уладзімір Манамах. У канцы свайго жыцця ён напісаў «Павучанне» як запавет-настаўленне сваім дзецям. У цікавым творы Манамах між іншым расказваў пра свае шматлікія ваенныя паходы. Сярод іх ён назваў паход на Менск прыкладна ў 1084 г. Горад быў узяты і зруйнаваны так, што тут не засталося «ні чэлядзіна, ні скаціны».
Менскія князі пры зручным выпадку самі стараліся напасці на суседнія землі і гарады, захапіць іх багацці,
узяць у палон людзей, разбагацець. Асабліва вызначаўся ў гэтай справе князь Глеб. Пасля смерці свайго бацькі Усяслава Полацкага ў 1101 г., а можа, яшчэ крыху раней, атрымаў ён Менскае княства. Яно было адным з самых моцных княстваў на тэрыторыі былых уладанняў Усяслава. Глеб Усяслававіч вёў палітыку ўзвышэння Менска.
У самым пачатку 1105 г. на Мснск напала аб’яднанае войска паўднёварускіх князёў, да якіх далучыўся і брат Глеба Давыд Усяславіч. Глеб здолеў адбіць напад. Відаць, дапамаглі яму ў гэтым добрыя ўмацаванні дзядзінца.
У 1116 г. князь Глеб захапіў частку зямлі дрыгавічоў і спаліў іх горад Слуцк. Незадоўга да гэтага Уладзімір Манамах стаў вялікім князем кіеўскім. Паводзіны менскага князя турбавалі Манамаха.
На Менскае і Друцкае княствы з трох бакоў быў накіраваны ўдар шматлікага войска. Уладзімір Манамах дзейнічаў у саюзе са смаленскім, чарнігаўскім і пераяслаўскім князямі. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Манамаха, ідучы з усходу, захапіў Оршу і Копысь. Аб’яднаныя войскі пераяслаўскага і чарнігаўскага князёў, наступаючы з поўдня, узялі прыступам Друцк. Уладзімір Манамах накіраваўся супраць Глеба Усяславіча на Менск і аблажыў горад. Двухмесячная асада не прынесла поспеху. Але Уладзімір разлічваў перамагчы ў што б там ні было. Ён загадаў у сваім стане будавань трывалае зімняе жыллё.