Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Хворыя з ныркавымі ацёкамі на задышку не пакутуюць і ляжаць у звычайнай гарызантальнай паставе.
Гіпертанія — павышэнне артэрыяльнага ціску — абумоўлена спазмам дробных крывяносных сасудаў нырак і выдзяленнем у кроў рэніну — рэчыва, якое выклікае ўтварэнне ангіятэнзіну і павышэнне артэрыяльнага ціску. Пры гэтым з’яўляюцца моцныя галаўныя болі, галавакружэнне, шум у вушах, дваенне ў вачах, часам страчваецца зрок, парушаецца сон.
Болі ў паяснічнай вобласці сведчаць пра расцяжэнне капсулы нырак у выніку запаленчага працэсу і набухання нырачнай тканкі.
Расстройства функцыі мочааддзялення можа суправаджацца болямі ў нізе жывата, павышаным і частым або паніжаным мочааддзяленнем.
Дыурез — колькасць мачы, выдзеленай за пэўны час.
Сутачны дыурэз — колькасць мачы, выдзеленай за суткі, дзённы — на працягу дня, начны — за ноч. Сутачны дыурэз у здаровага чалавека залежыць ад аб’ёму ўжытай вадкасці і вагаецца ад 1000 да 1800 мл, прычым 3/4 яго прыпадае на дзённы дыурэз. У нованароджанага дзіцяці ў сувязі са слабасцю канцэнтрацыйнай здольнасці нырак сутачны дыурэз складае 200 мл/м2 паверхні цела і павялічваецца да 2—4-га месяцаў жыцця (к канцу першага месяца ён дасягае 2500 мл/м2).
Калі ў хворага на працягу 6—8 гадзін адсутнічае мочаспусканне, трэба прыняць меры да апаражнення мачавога пузыра. Гэта можна выклікаць рэфлекторна, паклаўшы грэлку на ніз жывата. Такога ж эфекту можна дасягнуць з дапамогай клізмы з цёплай вады, спрынцавання ці арашэння цёплай вадой вонкавых палавых органаў у жанчын або апускання ў цёплую ваду палавога члена ў мужчын. Часам бываюць эфектыўныя цёплая ванна, гук вады, што льецца з крана. Калі ўсе прынятыя меры не далі выніку, трэба апаражніць мачавы пузыр праз катэтэр.
1.6.3. Зандзіраванне страўніка
Страўнік зандзіруюць з мэтай прамывання, даследавання страўнікавага соку і штучнага кармлення.
Проціпаказанні да зандзіравання: 1) цяжкі стан хворага; 2) стан пасля страўнікавага крывацёку; 3) выражаныя сардэчна-сасудзістыя захворванні; 4) дрэнная праходнасць стрававода.
Для зандзіравання скарыстоўваюць страўнікавыя зонды.
Тоўсты страўнікавы зонд — гэта гумавая трубка дыяметрам 10—12 мм і даўжынёй 70—75 см, дыстальны канец якой скруглены. На адлегласці 2 і 5 см ад скругленага канца маюцца дзве авальныя адтуліны, на аддаленні 40, 50 і 60 см нанесены меткі для кантролю глыбіні ўвядзення зонда. Увядзенне зонда да першай меткі (40 см) сведчыць аб тым, што зонд знаходзіцца ў страўніку.
Тонкі страўнікавы зонд — гэта гумавая трубка даўжынёй 1 — 1,5 м і дыяметрам 3—5 мм з першай меткай ад страўнікавага канца на адлегласці 45 см. Дыстальны канец зонда таксама скруглены і мае з бакоў дзве адтуліны. Прызначаны для ўзяцця на даследаванне страўнікавага соку.
Методыка ўвядзення тоўстага і тонкага зондаў аднолькавая. Хворага садзяць на стул, просяць адкрыць рот і глыбока дыхаць праз нос. У гэты час канец зонда ўводзяць за корань языка і просяць зрабіць глытальны рух, у час якога зонд хутка прасоўваюць у стрававод. Працэдура паўтараецца да таго часу, пакуль зонд не апынецца ў страўніку.
1.6.4. Прамыванне страўніка
Да прамывання страўніка звяртаюцца з лячэбнай і дыягнастычнай мэтай. Паказаннямі для прамывання могуць быць: 1) атручванне ядамі, прынятымі праз рот, і недабраякаснымі прадуктамі; 2) захворванні страўніка; 3) непраходнасць кішак.
Для прамывання страўніка карыстаюцца прыборам, які складаецца са шкляной лейкі ёмістасцю 0,5—1 л і тоўстага страўнікавага зонда, злучаных гумавай трубкай даўжынёй 1 м і дыяметрам 1 см. Усе часткі прыбора перад прамываннем павінны быць стэрыльныя. Прамыванне праводзяць вадой або лекавым растворам хатняй тэмпературы. Для выканання працэдуры патрабуецца 5—10 л вады ці раствору, коўш для налівання вады ў лейку і таз для збору прамыўных вод.
Пасля ўвядзення страўнікавага зонда атрымоўваецца сістэма злучаных між сабой сасудаў — страўнік і лейка. Калі трымаць лейку вышэй галавы, то вада з яе будзе трапляць у страўнік, а калі апусціць ніжэй страўніка — змесціва яго будзе выцякаць у лейку, а затым у таз. Працэдуру паўтараюць да таго часу, пакуль са
страўніка не пачне выцякаць чыстая вада (рыс. 1.15).
Прамыванне пры атручваннях заканчваюць увядзеннем праз зонд салявога слабіцельнага, пасля чаго зонд вымаюць. Прамыўныя воды адпраўляюць у лабараторыю на даследаванне.
1.6.5. Дуадэнальнае зандзіраванне
Прымяняецца з мэтай атрымання жоўці для лабараторнага даследавання, увядзення ў дванаццаціперсную кішку медыкаментаў і пры неабходнасці — для кармлення.
Проціпаказаннямі для правядзення працэдуры могуць быць: 1) востры халецыстыт; 2) абвастрэнне жоўцекамянёвай хваробы; 3) язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі; 4) рак страўніка і стрававода; 5) задышка; 6) сардэчна-сасудзістыя захворванні.
Дуадэнальны зонд — гэта гумавая трубка даўжынёй 1,5 м і дыяметрам 3,5 мм. На канцы, які ўводзяць у страўнік, умацавана металічная аліва велічынёй 2 см на 4—7 мм з некалькімі адтулінамі. Зонд мае тры меткі на адлегласці ад алівы 40—50, 70 і 80—90 см. Карыстацца можна толькі прастэрылізаваным зондам.
Для ўвядзення зонда хворага садзяць на кушэтку, даюць яму ў рукі латок з зондам і тлумачаць, што ён павінны глыбока дыхаць, затым кладуць яму аліву ў рот на корань языка і просяць лраглынуць яе разам са сліной з закрытым ротам. Далейшае прасоўванне алівы ў страўнік адбываецца дзякуючы перыстальтыцы стрававода і глытальным рухам хворага. Калі першая метка зонда дайшла да зубоў хворага, гэта азначае, што аліва знаходзіцца ў страўніку. Пасля гэтага хворага кладуць на кушэтку на правы бок, пад таз падкладваюць падушку, а на правае падрабрынне кладуць грэлку. У
гэтай паставе паскараецца прасоўванне алівы праз прываротнік страўніка. Пасля гэтага хворы працягвае заглытванне зонда да другой меткі. Разам з прасоўваннем алівы з дапамогай шпрыца адсмоктваюць змесціва страўніка. Пранікненне алівы ў дванаццаціперсную кішку звычайна адбываецца праз 1—2 гадзіны, у час перыядычнага адкрыцця прываротніка.
Месцазнаходжанне алівы вызначаюць па характары адсмактанай вадкасці. Пакуль аліва знаходзіцца ў страўніку, адсмоктваецца кіслае змесціва. Пасля пранікнення алівы ў дванаццаціперсную кішку адсмоктваецца залацістая вадкасць шчолачнай рэакцыі. Для лабараторнага даследавання бяруць тры порцыі жоўці.
1.6.6. Клізмы
Клізма — гэта ўвядзенне ў тоўстую кішку вадкасці праз задні праход. Клізмы бываюць лячэбныя, ачыпічальныя, сіфонныя, лекавыя, дыягнастычныя і пажыўныя.
Ачышчальныя клізмы прымяняюцца: 1) пры атручваннях; 2) пры запорах і затрымцы стулу рознага паходжання; 3) перад родамі, аперацыямі і рэнтгеналагічнымі даследаваннямі органаў брушной поласці і малога таза; 4) перад лекавымі і пажыўнымі клізмамі.
Проціпаказаннямі да ачышчальных клізмаў з’яўляюцца: 1) першыя дні пасля аперацыі на органах брушной поласці; 2) запаленчыя працэсы тоўстага кішэчніка; 3) кішэчны крывацёк; 4) запаленне брушыны; 5) трэшчына задняга праходу і выпадзенне прамой кішкі.
Для клізмы дарослым хворым карыстаюцца кружкай Эсмарха з гумавым, шкляным ці металічным балонам, злучаным са шкляным ці эбанітавым наканечнікам з дапамогай гумавай трубкі, якая мае кран.
Клізма малым дзецям выконваецца спрынцоўкай — грушападобным гумавым балонам ёмістасцю ад 30 да 360 мл з цвёрдым ці мяккім наканечнікам. Для дарослых у кружку Эсмарха наліваюць у сярэднім каля 1 л чыстай цёплай вады (25—35 °C). Аб’ём вады можа быць ад 750 мл да 2 л у залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей хворага. Пры атанічных запорах тэмпературу вады зніжаюць да 20 і нават да 12 0 С, а пры спастычных — павялічваюць да 37—42 ° С. Для паляпшэння дзеяння клізмы ў вадзе раствараюць сталовую лыжку стружкі дзіцячага ці лазневага мыла і дадаюць 2—3 сталовыя лыжкі алею або гліцэрыны. Напоўненую кружку Эсмарха падвешваюць на штатыве на вышыні 1—1,5 м, адкрываюць кран трубкі, выцясняючы з яе паветра, і закрываюць.
Хворага кладуць на левы бок блізу краю ложка з сагнутымі ў каленях і прыведзенымі да жывата нагамі. Пад хворага падкладваюць цырату, край якой апускаюць у таз. Калі хвораму
проціпаказаны рухі, клізму можна рабіць у паставе на спіне, падклаўшы пад яго судна. Увядзенне вадкасці значна аблягчаецца, калі Хвораму надаць каленна-лакцявую паставу. Пасля гэтага наканечнік змазваюць вазелінам, адной рукой расхінаюць ягадзіцы, а другой вярчальнымі рухамі ўводзяць яго ў прамую кішку на глыбіню 10—12 см і адкрываюць кран. Калі вада не паступае, неабходна змяніць палажэнне наканечніка, каб ён не ўпіраўся канцом у сценку кішкі. Пасля працэдуры наканечнік вымаюць і прамываюць, а хворага просяць устрымацца ад дэфекацыі на працягу 5—10 хвілін.
Ачушчальную клізму дзецям робяць кіпячонай вадой (28— 30 °C). Аб’ём залежыць ад узросту: нованароджаным да 1 месяца ўліваюць 30 мл вадкасці, у 1—3 месяцы — 60, у 3—6 —90, у 6—9 месяцаў — 120—150, у 9—12 месяцаў — 180, у 1—2 гады — 200, у 2—5 гадоў — 300, у 6—9 гадоў — 400, у 10—14 гадоў — 500 мл. Дзецям да 5 гадоў клізму робяць стэрыльнымі спрынцоўкамі, папярэдне пракіпячонымі ў вадзе (рыс. 1.16).
Сіфонныя клізмы — разнавіднасць лячэбных клізмаў, якія маюць высокую прамывальную эфектыўнасць. Прымяняюцца: 1) пры падазрэнні на непраходнасць кішэчніка; 2) пры адсутнасці эфекту ад прынятага слабіцельнага і ад ачышчальнай клізмы; 3) з мэтай вывядзення з тоўстай кішкі атрутных рэчываў, прадуктаў браджэння, гніення, слізі і гною.
Проціпаказанні да сіфонных клізмаў тыя ж, што і да ачышчальных.
Для сіфоннай клізмы патрабуецца 10—12 л чыстай цёплай вады (25—35 0 С). Робяць сіфонную клізму з дапамогай лейкі змяшчальнасцю 1—2 л, злучанай з гумавай трубкай даўжынёй 1,5 м і дыяметрам прасвету не менш як 1 см. Гэтую трубку злучаюць з
Рыс. 1.17. Сіфонная клізма:
a — неабходныя прыстасаванні, б — этапы працэдуры
кішэчнай трубкай, замест якой можа быць выкарыстаны тоўсты страўнікавы зонд. Апрача гэтага патрабуецца коўш для налівання вады і таз для збору прамыўных вод. Хворага кладуць на спіну, падкладваюць пад яго цырату і судна. Прамыванне пабудавана па прынцыпе супольных сасудаў ці сіфону. Канец кішэчнай трубкі змазваюць вазелінам і ўводзяць праз задні праход на 20—30 см. Лейку, падняўшы вышэй цела хворага, напаўняюць вадой, якая пры гэтым убывае ў кішку. Калі ўзровень вады ў лейцы дасягае яе вяршыні, лейку апускаюць ніжэй цела хворага і трымаюць над тазам да напаўнення яе прамыўной вадой з часцінкамі кала да папярэдняга ўзроўню. Пасля гэтага змесціва лейкі выліваюць у таз. Працэдуру паўтараюць 10 і болей разоў, напаўняючы лейку кожны раз чыстай вадой. Прамыванне працягваюць да выхаду чыстай вады (рыс. 1.17).