Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
1.4.5. Пузыр для лёду
Холад аказвае сасудазвужальнае дзеянне, валодае болесуцішальным эфектам. 3 гэтай прычыны пузыр з лёдам выкарыстоўваюць пры крывацёках, на выцятыя месцы як болесуцішальны і кроваспыняльны сродак, а таксама пры вострых запаленчых працэсах. Лёд вызывае больш глыбокае ахаладжэнне, чым халодны кампрэс, мацней звужае сасуды скуры і падскурных тканак, зніжае адчувальнасць перыферычных нерваў.
Пузыр для лёду ўяўляе сабой гумавы мяшок з шырокім горлам,
якое герметычна закрываецца накрыўкай. Унутр пузыра да паловы аб’ёму кладуць маленькія кавалачкі лёду ці снегу, выціскаюць з яго паветра і закручваюць. Каб не выклікаць пераахаладжэння скуры і нават абмарожання, пузыр абгортваюць ручніком і затым прыкладваюць да цела. Прыкладзены пузыр трымаюць па 20—30 хвілін з перапынкам на 10—15 хвілін пры неабходнасці на працягу сутак. Калі пузыр стаў мокры ад кандэнсацыі пары, якая змяшчаецца ў паветры, яго трэба абцерці. У выпадках гарачкавага стану хворага пузыр трэба падвесіць над галавой, класці яго на галаву не рэкамендуецца. Па меры плаўлення лёду ваду неабходна зліваць і дадаваць у пузыр лёд да ўстаноўленага аб’ёму (рыс. 1.13).
Рыс. 1.13. Пузыр для лёду
Пры выкарыстанні пузыра з лёдам для маленькіх дзяцей яго трэба падвесіць, каб дзіця не адчувала цяжару.
1.4.6. Уздзеянне на кровазварот у дзяцей
Акрамя разгледжаных сродкаў уздзеяння на кровазварот, у дзіцячым узросце моцны ўплыў аказваюць водныя працэдуры. Дзіцячы арганізм мае павышаную адчувальнасць да тэмпературных уздзеянняў, што патрабуе асцярожнасці і кантролю пры іх правядзенні. Працягласць цёплых і гарачых ваннаў павінна быць карацейшая, а тэмпература — на 1—2 °C ніжэйшая.
Гігіенічныя ванны аказваюць станоўчы ўплыў на сардэчна-сасудзістую сістэму, дыхацне і эмацыянальны статус дзіцяці, узмацняюць абмен рэчываў і загартоўваюць арганізм.
Першую гігіенічную ванну дзіцяці робяць, калі адпадзе і загоіцца пупавіна. У першыя 2—3 месяцы жыцця дзіця купаюць у кіпячонай вадзе пры тэмпературы 37—37,5 0 С. Яго адзенне і бялізну ў гэты перыяд неабходна прасаваць. На працягу першага паўгоддзя тэмпературу вады паніжаюцць да 36,5—37, у другім паўгоддзі і далей — да 36—36,5 ° С.
Дзяцей першага года жыцця рэкамендуецца купаць 5—7 хвілін, другога года — 10—15 хвілін. Купанне трэба заканчваць апалоскваннем дзіцяці вадой, тэмпература якой на 1—2 °C ніжэйшая, чым у ванне. Гэта спрыяе загартоўванню.
Дзяцей груднога ўзросту купаюць у спецыяльнай ванначцы ці
эмаліраваным тазе, прыўзнімаючы галаву і верхнюю частку тулава. Дзеці старэйшага ўзросту павінны сядзець у ванне самастойна. Вады ў ванну наліваюць да ўзроўню саскоў.
Пры купанні карыстаюцца дзіцячым, ланалінавым ці яечным мылам. Купанне праводзяць за 40—45 хвілін да кармлення або праз гадзіну пасля кармлення за 1 —1,5 гадзіны да сна.
Лячэбным уздзеяннем валодаюць не толькі лекавыя, але і агульныя ванны з простай вады. Проціпаказакні да іх такія ж, як і для дарослых людзей.
Агульныя гарачыя ванны можна прымаць з перыяду нованароджанасці пры лячэнні сезонных катараў верхніх дыхальных шляхоў. Дзіця садзяць у ванну з тэмпературай вады 37 ° С. Пасля гэтага да ног дзіцяці даліваюць больш гарачую ваду, павялічваючы тэмпературу вады да 39—40 ° С. Агульная працягласць такой ванны павінна быць ад 2 да 5 хвілін. Пасля ванны дзіця абціраюць, ухутваюць і даюць цёплае пітво.
Ванны з калію перманганатам выкарыстоўваюць пры прэласцях і захворваннях скуры. Яны валодаюць дэзінфекцыйным і падсушвальным дзеяннем. У падрыхтаваную ванну дадаюць раствор калію перманганату да атрымання слаба-ружовага колеру вады. Тэмпература вады павінна быць 37—37,5 ° С, працягласць ванны — 5—10 хвілін. Працэдуру выконваюць праз дзень, на курс лячэння 15—20 працэдур.
Хларыдна-натрыевыя ванны назначаюцца пры рахіце, яны валодаюць танізуючым дзеяннем, стымулююць абмен рэчываў. Для падрыхтавання ванны на 10 л прэснай вады бяруць 100—150 г кухоннай солі. Працягласць ванны ад 3 да 10 хвілін; праз кожныя 2—3 ванны працэдуру падаўжаюць на 1 хвіліну. Для дзяцей да года першую ванну робяць з тэмпературай вады 36—36,5 ° С, паступова зніжаючы яе да 35 0 С. Усяго на курс лячэння назначаюць 15—20 ваннаў праз 1—2 дні. Пасля ванны дзіця апалоскваюць вадой, выціраюць, апранаюць і кладуць у пасцель. 3 мэтай загартоўкі тэмпературу вады для апалосквання робяць на 1 °C ніжэйшай, чым у ванне.
Крухмальныя ванны выкарыстоўваюцца пры з’яўленні на скуры эксудатыўнага дыятэзу. Яны валодаюць процісвербным і падсушвальным дзеяннем. Для падрыхтоўкі ванны бяруць 100 г бульбянога крухмалу на 10—12 л вады. Крухмал размешваюць у халоднай вадзе і ўліваюць у ванну з тэмпературай вады 37—38 0 С. Працэдуру выконваюць кожны дзень ці праз дзень, працягласць — 7—8 хвілін. На курс лячэння назначаюць 10—12 ваннаў.
Хвойныя ванны выкарыстоўваюць пры функцыянальных расстройствах нервовай сістэмы. Бяруць прэсную ваду з тэмпературай 36—37 °C і дадаюць у яе вадкі хвойны экстракт (2—3 мл на 10 л
вады) ці ў парашку (1—2 г на 10 л вады). На курс лячэння назначаюць 15—20 ваннаў праз дзень. Працягласць працэдуры — 7—10 хвілін.
1.5. ХАРЧАВАННЕ ХВОРЫХ
1.5.1. Агульнае паняцце аб лячэбным харчаванні
Харчаванне — гэта працэс паступлення ў арганізм і засваення ім рэчываў, неабходных для пакрыцця энергетычных страт, пабудовы і ўзнаўлення тканак. Харчаванне з’яўляецца састаўной часткай абмену рэчываў, які звязвае чалавека з акаляючым асяроддзем. У жывёльным свеце харчаванне вызначаецца галоўным чынам асяроддзем пражывання і характарам даступнай ежы. Недастатковае ці залішняе харчаванне прыводзіць да парушэння абмену рэчываў.
Характар харчавання чалавека вызначае яго здароўе, працаздольнасць і працягласць жыцця. Для правільнай арганізацыі лячэбнага харчавання трэба ўлічваць фізіялогію органаў стрававання, уплыў інгрэдыентаў ежы на развіццё хваробы, магчымасць змянення ежы пры кулінарнай апрацоўцы.
У састаў ежы чалавека ў якасці асноўных інгрэдыентаў уваходзяць бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны, мінеральныя солі і вада. Бялкі, тлушчы і вугляводы выкарыстоўваюцца ў арганізме як матэрыял для пабудовы клетак, а таксама з’яўляюцца крыніцай энергіі. Так, пры акісленні ў арганізме 1 г бялку вылучаецца 4,1 ккал (17,1 кДж); 1 г вугляводаў — 4,1; 1 г тлушчаў — 9,3 ккал (38,9 кДж). Ведаючы энергетычную каштоўнасць і колькасць бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, можна падлічыць, якая колькасць харчовых прадуктаў неабходная для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці арганізма.
Каларыйнасць сутачнага рацыёну, неабходнага для чалавека, вызначаецца ў адпаведнасці з масай. цела, узростам, характарам працы і асаблівасцямі хваробы. Сутачная патрэба ў асноўных харчовых інгрэдыентах здаровага мужчыны-гараджаніііа ва ўзросце 40—60 гадоў, які не займаецца фізічнай працай, складае: бялкоў — каля 90 г (з іх жывёльных — больш як 50 г), тлушчаў — каля 80 г (з іх раслінных — 25 г), вугляводаў — болып як 350 г. Агульная каларыйнасць такога рацыёну складае 2600 ккал. Для жанчын такога ж узросту ў сувязі з менш інтэнсіўным абменам рэчываў і меншай масай цела адпаведныя паказчыкі бўдуць меншыя на 15 %. У дзіцячым узросце патрэба ва ўсіх кампанентах ежы на кілаграм масы цела вышэйшая ў сувязі з больш высокім узроўнем абмену рэчываў. Пры разліку каларыйнасці харчовага рацыёну для дзяцей патрэбна ўлічваць, што 2/3 харчовых энергарэсурсаў у іх
арганізме ідзе на працэс росту, і таму на 1 кг масы цела патрабуецца ў сярэднім 120—130 кал (480—520 кДж), тым часам як даросламу чалавеку, які займаецца разумовай працай, на 1 кг масы патрэбна толькі 40—50 кал (160—200 кДж), таму, хто выконвае цяжкую фізічную працу, — 70 — 100 кал (290—400 кДж), а ў старэчым узросце дастаткова 30—35 кал (125—150 кДж) на 1 кг масы цела. У сутачным рацыёне суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў павінны быць 1:1:4.
Д ы е т a — гэта рацыён і рэжым харчавання чалавека. Дыетатэрапія, або лячэбнае харчаванне, — прымяненне з лячэбнымі ці прафілактычнымі мэтамі спецыяльных рацыёнаў і рэжыму харчавання.
Дыета здаровага чалавека не заўсёды падыходзіць хвораму. Пры назначэнні хвораму лячэбнага харчавання ўлічваецца форма захворвання, лекавае лячэнне, стан функцыі стрававання. Лячэбнае харчаванне не з’яўляецца самастойным метадам лячэння, а выкарыстоўваецца ў комплексе з іншымі відамі лячэбнага ўздзеяння. Асноўным прынцыпам дыетатэрапіі з’яўляецца індывідуальны падыход да вызначэння рацыёну харчавання, рэжыму прыёму ежы і спосабу яе кулінарнай апрацоўкі.
Рэжым харчавання ўстанаўліваюць у залежнасці ад характару хваробы, стану хворага і яго рухальнай актыўнасці. Звычайна рэжым харчавання хворых прадугледжвае прыём ежы 4—5 разоў на дзень праз 4 гадзіны. У некаторых выпадках мэтазгодны рэжым дробнага харчавання з больш частым прыёмам ежы ў невялікай колькасці.
У лячэбным харчаванні выкарыстоўваюцца спецыяльныя дыеты, якія адпавядаюць характару хваробы. Часта выкарыстоўваюць дыеты з павышанай колькасцю сырой расліннай ежы ў выглядзе салатаў, разнастайнай садавіны і агародніны. Гэта забяспечвае дастатковае паступленне ў арганізм вітамінаў, фітанцыдаў, фруктозы і іншых карысных цукроў, мікраэлементаў і іншых рэчываў. У сырой агародніне, асабліва ў лісці капусты, утрымліваецца тартронавая кіслата, якая затрымлівае ператварэнне вугляводаў у тлушч, і ўжыванне штодзённа за 10 хвілін да абеду і вячэры 1—2 лісткоў сырой капусты памяншае атлусценне чалавека. Перавага ў дыеце сырой агародніны і садавіны выклікае ашчалачальнае ўздзеянне і прадухіляе кіслотныя зрухі ў арганізме, якія садзейнічаюць развіццю атэрасклерозу. Вельмі карысныя клятчатка і пекцінавыя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў садавіне і агародніне. Клятчатка амаль не засвойваецца арганізмам чалавека, але, праходзячы па кішэчніку, узмацняе перыстальтыку, павышае вывядзенне халестэрыну, адыгрывае значную ролю ў прафілактыцы і лячэнні атэрасклерозу. Пекцінавыя рэчывы ўтвараюць з шэрагам металаў (стронцый, свінец, кобальт і інш.) нерастваральныя злучэнні, якія практычна
не ператраўліваюцца ў арганізме і выводзяцца. Гэтая здольнасць пекцінаў вызначае іх ахоўнае ўздзеянне ў адносінах да радыенуклідаў, свінцу і іншых цяжкіх металаў, што пранікаюць у арганізм чалавека. Пекцінзмяшчальныя прадукты рэкамендуюцца таксама і для людзей са шкоднымі ўмовамі працы.