Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
142.72 МБ
У трэцім перыядзе цеплапрадукцыя зніжаецца, а цеплааддача павялічваецца і тэмпература падае. Хуткае зніжэнне тэмпературы на працягу некалькіх гадзін называюць крызісам, а павольнае, на працягу некалькіх дзён, — лізісам. Пры крытычным зніжэнні тэмпературы ў хворага можа развіцца вострая сардэчна-сасудзістая недастатковасць і ён можа загінуць, калі своечасова не аказаць яму дапамогу. Вось чаму за гарачкавымі хворымі неабходны пастаянны медыцынскі нагляд. Пры ўзнікненні вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасці хвораму аказваюць неадкладную медыцынскую дапамогу: уводзяць кафеін, кардыямін, мезатон ці стрыхнін, саграваюць грэлкамі, даюць гарачае піццё. Калі стан не паляпшаецца, робяць ін’екцыю карглікону ці страфантыну з глюкозай.
1.3.2.	Пульс і артэрыяльны ціск
Пульс — гэта штуршковыя ваганні сценак сасудаў, якія ўзнікаюць у выніку сардэчных скарачэнняў і залежаць ад выкіду крыві з сэрца ў сасудзістую сістэму. Адрозніваюць артэрыяльны, венозны і капілярны пульс. Найбольшае практычнае значэнне мае артэрыяльны пульс. Уласцівасці пульсу вызначаюцца галоўным чынам яго рытмічнасцю, частатой, напружаннем і напаўненнем. Артэрыяльны пульс вызначаюць у месцах, дзе артэрыі магчыма непасрэдна намацаць. Звычайна артэрыяльны пульс даследуюць у вобласці прамянёвай артэрыі. 3 гэтай мэтай абхопліваюць рукой кісць хворага ў вобласці прамянёвазапясцевага сустава так, каб вялікі палец знаходзіўся на тыльнай паверхні прадплечча, а астатнія пальцы — на далоневай паверхні ля асновы першага пальца, на прамянёвай артэрыі. Можна таксама намацваць пульс на скроневай, соннай і бедранай артэрыях. У здаровага чалавека пры абследаванні адчуваюцца ваганні тонкай, роўнай, мяккай і пругкай трубкі, якая рытмічна пульсуе пад пальцамі (рыс. 1.9).
Пульс лічыцца рытмічным, калі пульсавыя ўдары ўзнікаюць праз аднолькавыя прамежкі часу. У процілеглым выпадку пульс лічыцца няправільным, або арытмічным.
Частата пульсу ў здаровых людзей адпавядае частаце сардэчных скарачэнняў і залежыць ад узросту: у нованароджаных — 130—140 удараў у хвіліну, у дзяцей 3—5 гадоў — 95—100, 7—10 гадоў — 85—90, к 25 гадам — 60—80 удараў. На ўзроўні 60—80 удараў у хвіліну пульс застаецца да 60 гадоў, a далей зноў можа пачашчацца. Частата пульсу ў дарослых болып за 90 у хвіліну называецца тахікардыяй, а запаволенне да 60 удараў і меней — брадзікардыяй. Калі частата пульсу радзейшая за частату сардэчных скарачэнняў, гавораць пра дэфіцыт п у л ь с у. Ноччу пульс радзейшы, чым удзень. У дзяўчынак і жанчын пульс часцейшы, чым у хлопчыкаў і мужчын.
Напружанне п у л ь с у вызначаецца сілай, якая
патрабуецца для сціскання артэрыі, каб спыніць пульсацыю. Па ступені напружання пульсу можна прыблізна меркаваць пра велічыню артэрыяльнага ціску: чым вышэйшы ціск, тым больш напружаны пульс.
Напаўненне п у л ь с у залежыць у асноўным ад магутнасці нагнятальнай здольнасці сэрца ў перыяд яго скарачэння (сісталы).
Даследаванне пульсу дае каштоўную інфармацыю аб стане здароўя хворага.
Артэрыяльны ціск (АЦ) — гэта ціск крыві на сценкі артэрый у час сісталы і дыясталы. Велічыня яго залежыць ад сілы скарачэння сэрца, прытоку крыві ў артэрыі, эластычнасці і супраціўляльнасці сасудаў, а таксама ад іншых фактараў.
Адрозніваюць максімальны (сісталічны), мінімальны (дыясталічны) і пульсавы артэрыяльны ціск.
Сісталічны ціск фіксуецца ў момант максімальнага ўздыму пульсавай хвалі ў артэрыяльнай сістэме ўслед за сісталай левага жалудачка. Дыясталічны ціск адзначаецца ў момант спаду пульсавай хвалі, калі адбываецца дыястала сэрца. Пульсавым ціскам называюць розніцу паміж велічынямі сісталічнага і дыясталічнага ціску.
АЦ вымяраюць з дапамогай ртутнага сфігмаманометра (апарат Рыва-Рочы) ці мембраннага манометра (танометра) у міліметрах ртутнага слупка па метадзе Караткова з рэгістрацыяй гукавых фенаменаў, эквівалентных максімальнаму і мінімальнаму ціску, якія ўзнікаюць у артэрыі пры яе сцісканні. У здаровых людзей АЦ можа вагацца ў залежнасці ад стану нервовай сістэмы, часу сутак і іншых прычын. Раніцай яно на 5—10 мм рт. сл. ніжэйшае. Нармальная велічыня сісталічнага ціску бывае ў межах ад 100 да 140 мм рт. сл., дыясталічнага — 70—90 мм рт. сл. Такія велічыні АЦ адпавядаюць узроставай катэгорыі людзей ад 16 да 60 гадоў. Для асоб, старэйшых за 60 гадоў, нармальным лічыцца АЦ, роўны 150/90 мм рт. сл. У дзяцей велічыня сісталічнага ціску прыблізна можа быць вызначана па формуле: 80 плюс падвоеная колькасць гадоў жыцця дзіцяці.
Шмат якія хваробы спрычыняюць павышэнне ці паніжэнне АЦ, таму для ацэнкі стану арганізма трэба ведаць гэтую велічыню.
Тэхніка вымярэння АЦ простая. Руку вышэй локця абмотваюць спецыяльнай манжэткай, злучанай з танометрам і гумавай грушай, з дапамогай якой нагнятаюць паветра ў манжэтку. Пры гэтым манжэтка сціскае артэрыяльныя сасуды. Пасля гэтага бяруць фанэндаскоп, устанаўліваюць яго мембрану на вобласць лакцявога згібу, слухаюць і паступова выпускаюць паветра з манжэткі. У той момант, калі сісталічны ціск у плечавой артэрыі перавышае ціск паветра ў манжэтцы, кроў прарываецца праз месца сціскання; пры
гэтым праслухваецца асобы гук, або тон Караткова. У гэты момант ціск у манжэтцы лічаць роўным сісталічнаму і адзначаюць яго па шкале танометра. Пры далейшым выпусканні паветра з манжэткі тоны Караткова паслабляюцца і знікаюць. Ціск у манжэтцы ў момант знікнення тонаў адпавядае дыясталічнаму ціску, што таксама адзначаюць па шкале танометра. Даныя вымярэння АЦ запісваЮць у выглядзе дробу, лічнікам якога з’яўляецца сісталічны ціск, а назоўнікам — дыясталічны (рыс. 1.10).
Рыс. 1.10. Тэхніка вымярэння артэрыяльнага ціску з дапамогай ртутнага сфігмаманометра
Змены АЦ часга адыгрываюць ахоўна-прыстасавальную ролю. Так, у асоб, якія займаюцца цяжкай фізічнай працай, і ў спартсменаў сісталічны ціск можа быць 100—90 мм рт. сл., а дыясталічны — 60—50 мм рт. сл. У арганізме існуюць складаныя механізмы рэгуляцыі АЦ. Пры разладжванні рэгуляторнай функцыі можа адбывацца павышэнне (артэрыяльная гіпертэнзія) або паніжэнне АЦ (артэрыяльная гіпатэнзія). Гіпертэнзія сустракаецца пры эндакрынных расстройствах, гіпертанічнай хваробе, захворваннях нырак і інш. Сустракаецца гіпертэнзія і ў падлеткаў у перыяд палавога развіцця. Гіпатэнзія можа ўзнікаць пры атручваннях, інфекцыйных і сардэчна-сасудзістых хваробах.
1.3.3.	Нагляд за дыханнем.
Догляд хворых пры расстройстве дыхання
Дыханне — сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць паступленне ў арганізм кіслароду, выкарыстанне яго ў акісляльных працэсах і выдзяленне з арганізма вуглякіслага газу. Працэс дыхання складаецца з удыху, або ўвядзення паветра ў лёгкія, і выдыху — вывядзення яго. Каардынуе гэты працэс дыхальны цэнтр галаўнога мозга. У гэтым складаным працэсе вылучаюць тры фазы: 1) знешняе дыханне, якое заключаецца ў газаабмене ў органах дыхання, у выніку якога кісларод з паветра паступае ў кроў, а вуглякіслы
газ — у знешняе асяроддзе; 2) транспарціроўку кіслароду крывёй з лёгкіх да тканак і вуглякіслага газу з тканак у лёгкія; 3) унутранае, або тканкавае, дыханне, якое складаецца з унутрыклетачных акісляльных працэсаў і выслабанення жыццёва неабходнай энергіі.
Адрозніваюць грудны, брушны і змешаны тыпы дыхання. Гэта вызначаецца накірункам расшырэння грудной клеткі пры ўдыху. Пры грудным, або жаночым, тыпе грудная клетка расшыраецца ў пярэднязаднім і бакавым накірунках, пры брушным, або мужчынскім, — у бок брушной поласці, пры змешаным — ва ўсіх накірунках.
Частата дыхальных рухаў у дарослага чалавека — у сярэднім 16—20 у хвіліну. Аб’ём аднаго ўдыху звычайна складае каля 500 мл, хвілінны аб’ём — адпаведна 500-16 = = 8000 мл. У нованароджаных частата дыхання максімальная — 40—60 у хвіліну, у гадавалых дзяцей — 30—35, к 5 гадам яна зніжаецца да 25, к 15—20 гадам — да 20 у хвіліну. Пры гарачцы, а таксама ў час працы, руху частата дыхання ўзрастае.
Частата дыхання залежыць ад умяшчальнасці, або жыццёвай. ёмістасці, лёгкіх — аб’ёму максімальнага выдыху, зробленага пасля максімальнага ўдыху. Чым большая ўмяшчальнасць лёгкіх, тым болыпая паверхня, праз якую адбываецца газаабмен паміж лёгкімі і крывёй. Велічыня жыццёвай ёмістасці залежыць ад узросту, полу, развіцця дыхальнага апарату. У мужчын яна ў сярэднім складае 3,5 л, у жанчын — 3 л, у спартсменаў — 4,7 л. Вызначаюць жыццёвую ёмістасць лёгкіх з дапамогай спірометра або газавага гадзінніка. У спакойным стане вентыляцыя лёгкіх у сярэднім складае 8 л у хвіліну, пры цяжкай фізічнай працы яна ўзрастае ў 20 разоў.
Для вызначэння частаты дыхання трэба пакласці руку на жывот або грудную клетку хворага і лічыць колькасць дыханняў на працягу хвіліны. Гэта можна зрабіць візуальна, назіраючы за рухамі грудной клеткі, адцягваючы пры гэтым увагу хворага. Вынікі падлікаў графічна адзначаюць у тэмпературным лісце.
Пры розных захворваннях могуць узнікаць расстройствы дыхання, якія характарызуюцца парушэннем яго частаты, рытму і глыбіні.
Пачашчанае дыханне назіраецца пры змяншэнні дыхальнай паверхні лёгкіх (пнеўманія, туберкулёз, пухліна і інш.), пры застоі крыві ў лёгкіх, у сувязі з сардэчнай недастатковасцю, малакроўем, а таксама падчас гарачкі.
Рэдкае дыханне ўзнікае пры з’яўленні перашкод у верхніх дыхальных шляхах, інтаксікацыі і прыгнечанні функцыі дыхальнага цэнтра галаўнога мозга. У цяжкіх выпадках прыгнечання функцыі дыхальнага цэнтра ўзнікае паталагічнае дыханне тыпу Чэйна—Стокса, Кусмаўля або Біёта.
Дыханне Чэйна—Стокса характарызуецца перыядычнасцю дыхальных рухаў, паміж якімі ўзнікаюць паўзы. Пры гэтым дыхальныя
рухі паступова нарастаюць па глыбіні, а затым згасаюць да поўнага спынення дыхання і наступлення паўзы. Дыханне Кусмаўля запаволенае і глыбокае, суправаджаецца шумам, які чуваць на адлегласці. Яно характэрнае для дыябетычнай, пячоначнай і урэмічнай комы. Дыханне Біёта перарывістае, з вялікімі паўзамі, якія могуць працягвацца да адной хвіліны.
Задышка — гэта расстройства частаты, рытму і глыбіні дыхання. Яна звычайна суправаджаецца адчуваннем рэзкага недахопу паветра, у сувязі з чым хворы дыхае часцей і больш глыбока.
У д у ш ш а м называецца вельмі моцная задышка, якая хутка развіваецца і набліжаецца да асфіксіі, або ўдушэння, у выніку недахопу кіслароду.