Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
142.72 МБ
У інфекцыйных бальніцах акрамя звычайных палат з мэтай прафілактыкі ўнутрыбальнічных інфекцый арганізуюцца боксы і паўбоксы для хворых з кантагіёзнымі інфекцыямі. Боксы маюць асобныя ўваход і санітарны вузел і не звязаны з іншымі палатамі агульным калідорам.
Калідор у аддзяленні павінны мець шырыню не меней як 2,5 м. Гэта дазваляе свабодна перамяшчацца з насілкамі і, акрамя таго, стварае дадатковы рэзервуар паветра.
Сталовая лячэбнага аддзялення павінна забяспечваць адначасовы прыём ежы 50 % хворых.
Санітарны вузел аддзялення складаецца з умывальні, ваннай, туалетаў, санітарнага пакоя. Санітарны пакой прызначаны для мыцця, дэзінфекцыі і захоўвання суднаў, мае шафы для захоўвання бруднай бялізны і інвентара для прыбірання.
У дзіцячых бальніцах з мэтай прафілактыкі ўнутрыбальнічных інфекцый лячэбныя аддзяленні павінны складацца з некалькіх асобных секцый. Гэта дае магчымасць функцыянавання аддзялення ў тым выпадку, калі ў адной з секцый устаноўлены каранцін.
У дзіцячай інфекцыйнай бальніцы лячэбнае аддзяленне складаецца з боксаў, паўбоксаў і звычайных палат. Для дзяцей ва ўзросце да года палаты павінны быць не болей як на 2 ложкі, пасля года — на 4 ложкі. Медыцынскі персанал дзіцячай бальніцы да пачатку работы павінны прыняць душ і перапрануцца ў чыстае спецадзенне, адзін раз у квартал абследавацца на бактэрыяносьбіцтва.
У стацыянарных лячэбных установах галоўны ўрач устанаўлівае распарадак дня, абавязковы для выканання персаналам і хворымі.
У адпаведнасці з цяжкасцю захворвання хвораму назначаецца індывідуальны рухальны рэжым: 1) агульны — хвораму дазваляецца хадзіць па аддзяленні і тэрыторыі бальніцы; 2) паўпасцельны — дапускаецца хаджэнне па палаце і ў туалет; 3) пасцельны — не дазваляецца пакідаць ложак; 4) строгі пасцельны — забараняюцца актыўныя рухі ў ложку. Са зменай сгану хворага ўрач назначае яму іншы від рухальнага рэжыму.
Назначэнне індывідуальнага рухальнага рэжыму павінна адпавядаць фактычнай паставе хворага ў ложку, якая можа быць актыўная, пасіўная і вымушаная. Калі хворы па сваім стане можа падымацца з ложка, сядзець і хадзіць, то такую паставу называюць актыўнай. Пасіўнай з’яўляецца такая пастава, калі хворы захоўвае тую позу, якую яму дапамаглі прыняць, а сам рухацца не можа. Вымушаную паставу ў ложку хворы прымае сам, каб палегчыць свае пакуты. Так, хворы з бранхіяльнай астмай прымае вымушаную паставу седзячы з апушчанымі долу нагамі, абапіраючыся рукамі на край ложка; хворыя з восгрым апендыцытам, прабадной язвай страўніка, запаленнем брушыны прымаюць вымушаную паставу лежачы на спіне; хворыя з язвай страўніка — лежачы на жываце.
Прыкладны ўнутраны распарадак бальніцы
Табліца 1
Час
Мерапрыемства
7.00—8.00
Пад’ём, вымярэнне тэмпературы цела, туалет, выкананне ўрачэбных назначэнняў
8.00-9.00
Снеданне, праветрыванне памяшканняў
9.00—14.00
Абход урачоў, выкананне ўрачэбных назначэнняў, лабараторных і дыягнастычных даследаванняў, прагулка
14.00—15.00
Абед, праветрыванне памяшканняў
15.00—17.00
Пасляабедзенны адпачынак
17.00—19.00
Выкананне ўрачэбных назначэнняў, вымярэнне тэмпературы цела, прагулка па назначэнні ўрача, наведванне хворых роднымі
19.00—20.00
Вячэра, праветрыванне памяшканняў
20.00—22.30
Вольны час, падрыхтоўка хворых да дыягнастычных даследаванняў
22.30—23.00
Вячэрні туалет, падрыхтоўка да сну
23.00
Сон
Прафілактыка занясення ў бальніцу і распаўсюджвання заразных хваробаў дасягаецца выкананнем санітарна-проціэпідэмічнага рэжыму. Усіх хворых з павышанай тэмпературай і нявызначаным дыягназам змяшчаюць у асобную палату ці ізалятар. Трымаюцца санітарных правілаў пры наведванні хворых роднымі, не радзей аднаго разу ў 10 дзён хворыя прымаюць гігіенічную ванну або душ з пераменай нацельнай і пасцельнай бялізны.
Санітарны рэжым бальніцы прадугледжвае захоўванне чысціні і падтрыманне неабходнай тэмпературы паветра. Прыбіранне ў палатах праводзіцца пасля ранішняга туалету хворых. Вільготнай анучай здымаюць пыл з падаконнікаў, сцен, дзвярэй, мэблі, абагравальнага абсталявання. Апошняй мыюць падлогу. На працягу дня прыбіранне ў памяшканнях праводзіцца па меры неабходнасці. Вільготнае прыбіранне павінна весціся з выкарыстаннем дэзінфекцыйных раствораў хлораміну (1—2 %) або хлорнай вапны (0,2 %). Асветленыя растворы хлорнай вапны патрэбнай канцэнтрацыі рыхтуюць пасля адсгойвання 10 % хлорна-вапнавага малака ў цёмным месцы на працягу 24 гадзін. На вядро вады бяруць 200 мл адстоенага раствору. Падлогу мыюць у гумавых пальчатках. Перыядычна выбіваюць і чысцяць пыласосам матрасы, коўдры, падушкі, дывановыя дарожкі.
1.2. АСАБІСТАЯ ГІГІЕНА ХВОРЫХ
1.2.1.	Пасцель хворага
Большую частку часу хворыя ў стацыянары знаходзяцца ў пасцелі, таму немалое значэнне мае ўладкаванне зручнай пасцелі і ўтрыманне яе ў чысціні, што ў сваю чаргу ўплывае на цячэнне і зыход хваробы. Ложак павінны быць дастатковы па памеры, каб ён не абмяжоўваў хворага. Найбольш зручны металічны ложак — яго лягчэй мыць і дэзінфіцыраваць. Устанаўліваюць ложкі на адлегласці не менш як 1,5 м адзін ад аднаго галаўнымі канцамі на поўнач. Пазбягаюць устаноўкі ложкаў на геапатагенныя зоны пры іх наяўнасці ў пакоі. Ножкі ложка павінны мець прыстасаванні для зручнага перамяшчэння па палаце. Для цяжкахворых ставяць так званыя функцыянальныя ложкі. Яны складаюцца з трох рухомых секцый, што дазваляе надаць хвораму зручную паставу ў пасцелі. Сетка ложка павінна быць добра нацягнутая і ствараць роўную паверхню. На яе ўкладваюць матрас, наматраснік і прасціну. Краі апошняй падварочваюць пад матрас, каб яна не збіралася ў складкі. На пасцелі не павінна быць бугроў і ўпадзін. На падушкі надзяюць белыя навалачкі і ўкладваюць іх так, каб ніжняя (з пер’я) крыху выступала з-пад верхняй, а верхняя (пуховая) сутыкаласяса сценкай ложка. Коўдра павінна быць байкавая — яна лягчэй праветрываецца і дэзінфіцыруецца. На коўдру надзяюць падкоўдранік. Побач з ложкам ставяць прыложкавы столік, які па вышыні павінны быць на ўзроўні ложка. Для кармлення цяжкахворых карыстаюцца перамяшчальнымі столікамі. Праветрываюць палаты ў залежнасці ад сезона: у летні час вокны з сеткамі могуць быць адкрытыя кругласутачна, зімой форткі ці фрамугі адкрываюць на 15—20 хвілін 3—4 разы на дзень.
1.2.2.	Змена нацельнай і пасцельнай бялізны
Пры змене нацельнай бялізны цяжкахвораму трэба падвесці рукі пад крыж, захапіць край сарочкі і асцярожна сабраць яе да галавы, потым падняць рукі хворага і сабраную сарочку перакінуць цераз галаву. Пасля гэтага здымаюць рукавы, вызваляючы рукі. Апранаюць хворага ў адваротным парадку: спярша надзяюць рукавы, потым прасоўваюць у сарочку галаву і распростваюць пад хворым. Калі ў пацярпелага пашкоджана рука, то спачатку здымаюць сарочку са здаровай рукі, а потым з хворай. Апранаюць сарочку спачатку на хворую руку, а затым на здаровую (рыс. 1.2, а, б).
Нацельная і пасцельная бялізна мяняецца па меры неабходнасці, не радзей аднаго разу на тыдзень, пасля гігіенічнай ванны ці душа.
Рыс. 1.2. Змена нацельнай бялізны: a — хвораму сярэдняй цяжкасці, б — цяжкахвораму
Змяніць пасцельную бялізну ляжачаму хвораму можна двума спосабамі (рыс. 1.3).
1.	Брудную прасціну скручваюць у выглядзе валіка з боку галавы і ног і асцярожна выцягваюць. Чыстую прасціну, скручаную ў выглядзе валікаў з двух бакоў, падводзяць пад крыж хворага і распросгваюць да галавы і ног так, каб не засталося складак.
2.	Хворага перамяшчаюць на край пасцелі, а з другога боку скручваюць брудную прасціну па даўжыні. На яе месцы сцелюць чыстую і перакладваюць хворага. Затым з другога боку сцягваюць брудную прасціну і распростваюць чыстую. Ляжачым цяжкахворым пасцельную бялізну мяняюць два чалавекі, каб не спрычыніць дыскамфорту і фізічных пакут хвораму.
Рыс. 1.3. Змена пасцельнай бялізны:
a — скручванне прасціны ў даўжыню, б — скручванне прасціны ў шырыню
1.2.3.	Догляд скуры. Прафілактыка пролежняў
Скура ахоўвае арганізм ад шкоднага ўздзеяння навакольнага асяроддзя, удзельнічае ў тэрмарэгуляцыі і абмене рэчываў. Для падтрымкі нармальнай функцыі і здароўя скуры неабходны пэўныя намаганні па яе доглядзе. Галоўная мэта догляду скуры — забеспячэнне яе чысціні. Асноўны спосаб догляду — мыццё, дзякуючы якому выдаляюцца пыл, мікробы, скурны тлушч, пот, а таксама розныя рэчывы, што забруджваюць скуру ў час працы. Мыць цела патрэбна 1—2 разы на тыдзень цёплай вадой (36—38 °C) з дапамогай туалетнага мыла і мачалкі. Калі вада жорсткая і выклікае ў дзяцей раздражненне скуры, для змякчэння дадаюць буру (2—3 сталовыя лыжкі на ванну) ці рамонак, ліпавы цвет, ваўчкі. Траву апускаюць у ваду ў двухслаёвым марлевым мяшэчку. Добра змякчае ваду адвар пшанічнага вотруб’я (250 г на 4 л вады). Пасля мыцця вадой з мылам дзяцей абмываюць змякчанай вадой. He рэкамендуецца мыцца гаспадарчым мылам, якое высушвае і раздражняе скуру. Хадзячыя хворыя выконваюць паўсядзённы догляд скуры самастойна. Хворым з пасцельным рэжымам ранішні туалет дапамагае зрабіць медыцынскі персанал. Пры гэтым цёплай вадой з мылам мыюць рукі, твар, шыю, вушы, абціраюць скуру ў падпахавых ямках, пад малочнымі залозамі і ў прамежнасці.
Хадзячыя хворыя, якія ляжаць у стацыянары, гігіенічную ванну ці душ са зменай нацельнай і пасцельнай бялізны прымаюць адзін раз у 7—10 дзён.
Хворым з пасцельным рэжымам, якія не могуць самастойна прымаць ванну ці душ, санітарную апрацоўку скуры ўсяго цела робяць шляхам працірання дэзінфекцыйным растворам, які ўтрымлівае камфарны спірт. Калі спецыяльнага дэзінфекцыйнага раствору няма, для санітарнай апрацоўкі выкарыстоўваюць цёплую ваду, у якую дадаюць воцат, спірт ці адэкалон (1—2 сталовыя лыжкі на 0,5 л). Адзін канец ручніка змочваюць дэзінфекцыйным растворам і праціраюць ім скуру, а другім канцом насуха яе выціраюць. Вобласць прамежнасці падмываюць. Для гэтага пад ягадзіцы падстаўляюць судна, ногі згінаюць у каленных суставах і крыху разводзяць у тазабедраных, цёплай вадой з пасудзіны паліваюць на прамежнасць, а ватна-марлевым тампонам, сціснутым карнцангам, алрацоўваюць скуру (рыс. 1.4). Пры падмыванні жанчын апрацоўку прамежнасці вядуць зверху ўніз. Спачатку абмываюць вонкавыя органы, а затым вобласць задняга праходу, каб не занесці мікробную флору з задняга праходу ў мачавы пузыр. Жанчын трэба падмываць цёплым (25—34 0 С) дэзінфекцыйным растворам. 3 гэтай мэтай могуць выкарыстоўвацца 0,5—2 % раствор пераксіду вадароду, 1,5—2 % раствор хлораміну, 0,1—0,5 % раствор калію перманганату, 0,02 % расгвор фурацыліну і інш.