Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Пролежні — гэта праява дыстрафічнага язвава-некратычнага працэсу ў мяккіх тканках у хворых, што працяглы час знаходзяцца ў пасцелі, лежачы на спіне. Узнікаюць пры недастатковым ці дрэнным доглядзе скуры, нязручнай пасцелі, нерэгулярным яе перасціланні. Найбольш часта пролежні ўтвараюцца ў вобласці крыжа, лапатак, патыліцы, пятак, локцяў, сядалішчных бугроў і ў іншых месцах, дзе мяккія тканкі доўгі час сціскаюцца (рыс. 1.5). Пролежні бываюць у знясіленых хворых з аслабленнем сардэчнай дзейнасці ці недастатковасцю кровазвароту, пры захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы, пры цукровым дыябеце. Першай прыметай про-
Рыс. 1.5. Найбольш тыповыя месцы пролежняў
a
Рыс. 1.6. Падкладны круг (а) і яго правільнае падкладванне (б)
лежняў з’яўляецца бледнасць участка скуры з далейшым яго пачырваненнем. У развіцці пролежняў вылучаюць тры стадыі: 1) пачырваненне скуры; 2) стадыю сухога некрозу (амярцвенне скуры); 3) стадыю вільготнага некрозу. Першая стадыя можа развіцца на працягу 10—12 гадзін, а потым пераходзіць у стадыю сухога некрозу. Пры адсутнасці лячэбнай дапамогі сухі некроз пераходзіць у вільготны з утварэннем гнойных язваў, агаленнем мышцаў, сухажылля, надкосніцы. Пролежні могуць ускладняцца развіццём сепсісу, рожы, флегмоны, газавай гангрэны з далейшым лятальным зыходам.
Прафілактыка пролежняў забяспечваецца правільна пастаўленым доглядам хворых. 3 гэтай мэтай паставу хворага ў ложку, калі няма проціпаказанняў, трэба сістэматычна мяняць. Лепш класці такога хворага на спецыяльны проціпролежневы матрас, укрыты старанна распрастанай прасцінай. Пры неабходнасці пад крыж падкладваюць круг ці гумавае судна, укрытае прасцінай, пад пяткі — ватна-марлевыя падушачкі. У хворага, які мусіць ляжаць на жываце, ахоўваюць ад пролежняў вобласці каленных суставаў, грэбеняў і асцей падуздышных касцей. Схільныя да пролежняў месцы 3—4 разы на дзень праціраюць камфарным спіртам, 0,5 % растворам
нашатырнага спірту, 1—2 % спіртавым растворам таніну, разведзеным сгаловым воцатам. Праціранне суправаджаюць асцярожным масажам. Лячэнне ўтвораных пролежняў праводзяць пад наглядам урача (рыс. 1.6, а, б).
1.2.4. Гігіенічныя ванны
Ванны — гэта водныя працэдуры, якія прымяняюцца з гігіенічнай, лячэбнай і прафілактычнай мэтамі. Ванны бываюць агульныя, калі ў ваду апускаюць усё цела, і мясцовыя — пры апусканні ў ваду часткі цела. Адрозніваюць таксама паўванны з апусканнем у ваду ніжняй часткі цела да пояса, сядзячыя ванны з апусканнем у ваду вобласці таза, ніжняй часткі жывата і верхніх частак бёдраў.
Па тэмпературы вады ванны падзяляюцца на халодныя (да 20 °C), халаднаватыя (20—33 0 С), індыферэнтныя (34—36 ° С), цёплыя (37—39 °C) і гарачыя (40—42 °C), Па саставу ванны могуць быць прэснаводныя, мінеральныя, газавыя і лекавыя. У залежнасці ад гэтага скура падвяргаецца тэмпературнаму, механічнаму або хімічнаму ўздзеянню.
Гігіенічныя ванны з прэснай вады з’яўляюцца сродкам санітарнай апрацоўкі для механічнага ачышчэння скуры. Тэмпература вады ў такой ванне звычайна ў межах 36—38 ° С, працягласць працэдуры — 20—30 хвілір. Гігіенічныя ванны стымулююць функцыі скуры, ачышчаюць пратокі сальных і потавых залоз, паляпшаюць дыханне скуры, павышаюць абмен рэчываў. Перад працэдурай ванну трэба добра памыць гарачай вадой са шчоткай і мылам і працерці 1—2 % растворам хлораміну ці хлорнай вапны. Ванну напаўняюць да паловы аб’ёму, наліваючы спачатку халодную ваду, а затым гарачую, каб пазбегнуць збірання пары ў памяшканні. Тэмпературу вады вызначаюць водным тэрмометрам. Яго апускаюць у ванну не менш чым на хвіліну і перамешваюць пры гэтым ваду. ГТадтрымліваючы хворага, асцярожна садзяць яго ў ванну. У вадзе пры гэтым павінна быць 2/3 цела (да вобласці сэрца). Пры здавальняючым стане хворы можа памыцца сам. У выпадках, калі гігіенічная ванна не проціпаказана, а хворы слабы, яму аказваюць дапамогу. Спачатку мыюць галаву, затым шыю, тулава, добра прамываюць падпахавыя ямкі, месцы пад малочнымі залозамі ў жанчын, пахавыя складкі і міжпальцавыя прамежкі (рыс. 1.7).
Гігіенічныя ванны проціпаказаны пры захворваннях скуры, вострых інфекцыях, псіхозах, пры ўзбуджанасці і цяжкіх унутраных хваробах.
Рыс. 1.7. Санітарная апрацоўка хворага:
a — у ванне, б — пад душам
Пасля ванны хвораму дапамагаюць устаць, выцерціся ручніком, надзець чыстую бялізну і суправаджаюць у палату.
Халодныя і халаднаватыя ванны стымулююць функцыі сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм, павышаюць абмен рэчываў, аказваюць агульнае танізуючае ўздзеянне.
Цёплыя і індыферэнтныя ванны здымаюць мышачнае напружанне, памяншаюць болі, заспакойваюць нервовую сістэму, паляпшаюць сон.
Гарачыя ванны аказваюць расслабляльнае дзеянне на арганізм, узмацняюць потавыдзяленне і абмен рэчываў.
Лячэбныя ванны па саставу могуць быць прэснаводныя, лекавыя — з дабаўленнем лекавых сродкаў у прэсную ваду і мінеральныя — з прыроднай і штучнай мінеральнай вады, якая змяшчае мінеральныя рэчывы і газы.
1.2.5. Догляд поласці рота, носа, вачэй, вушэй
Поласць рота з’яўляецца аддзелам стрававальнага тракту, у якім адбываецца механічная апрацоўка і пачынаецца хімічнае пе-
ратраўліванне ежы. Разам з ежай у рот трапляюць мікраарганізмы, якія для здаровага арганізма ў звычайных умовах не з’яўляюцца небяспечнымі. Ахоўная функцыя слізістай абалонкі, што высцілае поласць рота, узмацняецца сліной, якая змяшчае абеззаражвальнае рэчыва — лізацым. Аднак пры паніжэнні супраціўляльнасці арганізма некаторыя мікробы, што насяляюць поласць рота, становяцца хваробатворнымі і спараджаюць захворванні слізістай абалонкі шчок, дзяснаў, языка і зубоў. Прадухіліць з’яўленне гэтых захворванняў дапамагае правільна пастаўлены догляд поласці рота і зубоў. 3 гэтай жа мэтай праводзіцца перыядычная санацыя поласці рота. У дзіцячым узросце яе праводзяць у абавязковым парадку два разы на год; абавязковая таксама санацыя цяжарных жанчын і рабочых прамысловых прадпрыемстваў са шкоднымі ўмовамі працы.
Хадзячым хворым рэкамендуюцца штодзённая, раніцой і ўвечары, чыстка зубоў шчоткай з пастай або зубным парашком, чыстка міжзубных прамежкаў зубачысткай, гігіенічнае паласканне поласці рота слабым растворам калію перманганату (0,02—0,1 %) або крыху падсоленай вадой (1/4 чайнай лыжкі кухоннай солі на шклянку кіпячонай вады) пасля чысткі зубоў і кожнага прыёму ежы.
Цяжкахворым, якія не могуць самасгойна чысціць зубы, апрацоўку поласці рота павінна праводзіць медыцынская сястра. Для гэтага пасля кожнага прыёму ежы яна бярэ пінцэтам ватны ці марлевы шарык, змочвае яго водным растворам фурацыліну (0,02 %), калію перманганату, борнай кіслаты (2—4 %) ці пераксіду вадароду (0,5 %) або, у крайнім выпадку, натрыю гідракарбанату (2 %) і працірае хвораму зубы, дзясны, язык і слізістыя шчок. Пасля гэтага хвораму прапануюць старанна прапаласкаць рот гэтым растворам.
Хворым, якія маюць здымныя зубныя пратэзы, рэкамендуюць на ноч іх зняць, добра прамыць з мылам і да раніцы пакласці ў чыстуф сухую шклянку, а раніцай зноў прамыць і надзець.
Поласць носа — гэта пачатак верхніх дыхальных шляхоў, які выконвае дыхальную, ахоўную, нюхальную і рэзанатарную функцыі. Удыхнутае паветра, праходзячы праз поласць носа, ачышчаецца ад пылу, у якім могуць змяшчацца шкодныя рэчывы і мікробы. Пыл асядае на слізістай абалонцы, пакрытай сліззю. Няспыннае калыханне раснічак мігальнага эпітэлію выводзіць з поласці носа слізь з іншароднымі целамі. Бактэрыі, якія праніклі ў поласць носа, значна абясшкоджваюцца бактэрыцыднымі рэчывамі, якія змешчаны ў насавой слізі. Аднак пры аслабленні ахоўных функцый арганізма хваробатворныя мікробы, якія трапілі ў поласць носа, могуць спрычыняць вострае і хранічнае запаленне слізістай абалонкі. Пра-
філактыка гэтых захворванняў дасягаецца выкананнем рэкамендацый па доглядзе і назначаных лячэбных працэдур.
Кожную палову носа пры смарканні трэба ачышчаць асобна, закрываючы другую ноздру. Гэта прадухіляе пападанне слізі з носу ў еўстахіеву трубу і сярэдняе вуха і ўзнікненне там захворванняў. Малым дзецям, якія не могуць самастойна смаркацца, нос ачышчаюць ад слізі ватным тампонам. Пры ўзнікненні ў носе дзіцяці корак іх можна выдаліць праз 10—15 хвілін пасля ўвядзення ў насавыя хады ватнага тампона, змочанага аліўкавым алеем або вазелінавым маслам, або цёплым растворам натрыю гідракарбанату. Выводзяць іх ватным ці марлевым злёгку ўвільготненым тампонам з дапамогай вярчальных рухаў.
Каплі ў нос уводзяць піпеткай у паставе хворага на спіне або седзячы; галава пры гэтым адкінута назад і крыху павернута ў той бок, з якога патрэбна закапаць лякарства. Пры гэтым значная паверхня слізістай абалонкі ўвільгатняецца каплямі. Невыкананне гэтага правіла прыводзіць да таго, што лекі адразу трапляюць у насаглотку і лячэнне робіцца малаэфектыўнае.
Удзіманне ў нос парашковых лекаў робяць пасля ачысткі носа з дапамогай спецыяльнага інсуфлятара (парашкаўдзімальніка). Пры адсутнасці інсуфлятара парашок можна ўводзіць у правую або левую ноздру па чарзе, уцягваючы яго невялікімі порцыямі ў час удыху.
Мазі ўводзяць у нос з дапамогай ватнага тампона на глыбіню да 1,5 см на 10—15 хвілін, пасля чаго тампон выкідваюць.
Вочы ўспрымаюць светлавыя раздражненні і звязваюць арганізм з навакольным асяроддзем. У выпадках захворванняў ці пашкоджанняў патрабуецца спецыяльны іх догляд, уменне закапваць каплі, закладваць мазь, прамываць, накладваць павязкі.
Часцей за ўсё пры лячэнні вачэй скарыстоўваюць к а п л і. Перад увядзеннем хвораму капляў неабходна памыць рукі. Потым бяруць піпетку і набіраюць у яе лякарства. Указальным пальцам другой рукі злёгку адцягваюць уніз ніжняе павека і просяць хворага глядзець угару. Пры гэтым падносяць піпетку да вока і, не закрываючы вейкаў і павек, націскаюць на гумавы каўпачок піпеткі і апускаюць на кан’юнктыву адцягнутага павека 1—2 каплі лякарства. Пад палец, які адцягвае павека, падкладваюць камячок ваты, каб каплі не сцякалі на шчаку. Пасля закапвання капляў пальцам прыціскаюць на хвіліну ўнутраны вугал вока, каб лякарства не пайшло адразу з вока па слёзным канале ў нос.
М а з і ўводзяць у вока спецыяльнай шкляной палачкай. Для гэтага на плоскі канец палачкі набіраюць крыху мазі і, адцягнуўшы ніжняе павека, закладваюць за яго мазь.