Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Умыванне дзяцей ва ўзросце да года трэба праводзіць кіпячонай вадой пакаёвай тэмпературы. Умыванне праточнай вадой з-пад крана можа быць дазволена толькі пасля 2—2,5 года. Прывіццё культурна-гігіенічных звычак — умывацца ранкам і ўвечары, мыць рукі перад ядой, пасля наведвання туалета або вяртання з вуліцы — пачынаецца з самага ранняга ўзросту і патрабуе ўвагі і настойлівасці.
Догляд валасоў і нагцей праводзяць рэгулярна ў вызначаны час. Дзецям да года валасы стрыгуць каротка, галаву мыюць у час кожнага купання, а старэйшых дзяцей падстрыгаюць не радзей аднаго разу на тыдзень. Ногці ў дзяцей растуць хутка, і іх трэба стрыгчы па меры адрастання.
Масаж і гімнастыку дзіцяці пачынаюць рабіць з 1—1,5 месяца жыцця. Да 3 месяцаў праводзяць масаж спіны і жывата, укладванне на жывот, 3 3 да 4 месяцаў павялічваюць колькасць рухаў, дадаючы новыя элементы — скрыжаванне рук і ног, павароты са спіны на жывот, расцягванне мышцаў спіны; з 4 да 5 месяцаў уводзяць згінанне ног у паставе на жываце, якая рыхтуе да поўзання; з 6 да 10 месяцаў дзяцей навучаюць поўзанню, якое ўмацоўвае мышцы
s
тулава i канечнасцяў, прысаджванню пры падтрымцы за адведзеныя ў бакі рукі, кругавым рухам рук; з 10 да 12 месяцаў практыкуюць прыўзніманне цела з паставы на жываце да вертыкальнай, нахілы і выпрамленне тулава. Перад масажам і гімнастыкай пакой праветрываюць. Заняткі праводзяць на стале, які накрываюць складзенай у некалькі столак коўдрай, цыратай і пялёнкай. Летам пры тэмпературы паветра не ніжэй 20—22 ° С заняткі можна праводзіць на вольным паветры, у цені. У час заняткаў з дзіцём трэба размаўляць, растлумачваць сутнасць рухаў (рыс. 1.33).
Пры правільным доглядзе ў 10—14 месяцаў дзіця пачынае самастойна ўставаць і хадзіць, разумець мову (рыс. 1.34).
Адзенне і абутак павінны адпавядаць узросту, ахоўваць дзіця ад ахаладжэння і перагравання. Бялізну рыхтуюць з баваўняных тканін, верхнюю вопратку — з фланелі, байкі ці трыкатажу. Абутак павінны быць мяккі і адпавядаць памеру нагі. Цесны абутак спрычыняе скрыўленне пальцаў і ступні. Трэба берагчы дзіця ад развіцця плоскаступнёвасці, таму не варта раней часу (з 6—7 месяцаў), ставіць яго на ногі і доўга трымаць у такой паставе.
Рыс. J.34. Схема развіцця статычных і рухальных функцый груднога дзіцяці
Усаджванне на гаршчок пачынаюць з 4-месячнага ўзросту. Спачатку дзіця трымаюць над гаршчком, а з 7—8 месяцаў саджаюць на цёплы і невялікі гаршчок на 2—3 хвіліны. Робяць гэта сістэматычна і ў пэўны час — перад сном і пасля сну, калі дзіця прачнулася сухое, праз 5—10 хвілін пасля прыёму ежы. У залежнасці ад фізіялагічнага акту, які чакаецца на гэты момант (дэфекацыя ці мочаспусканне), працэдуру суправаджаюць добра вядомымі ўсім гукамі. Праз нейкі час дзіця пачынае вымаўляць гэтыя гукі, калі адчуе патрэбу апаражніцца. Неабходна прывіваць дзіцяці звычку да штодзённай ранішняй дэфекацыі пасля прыёму ежы. Гэта асабліва важна для дзяцей, якія наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы і школу.
Рэжым дня павінны быць дакладна арганізаваны для дзіцяці любога ўзросту. Неабходна, каб у яго паступова сфарміравалася звычка ў адпаведны час прачынацца, есці, гуляць і засынаць. Адхіленні ад устаноўленага рэжыму вядуць да таго, што дзіця становіцца раздражнёнае, у яго парушаюцца працэсы сгрававання і нармальнага развіцця. Асабліва вялікае значэнне для дзіцяці мае дастатковы сон. Ва ўзросце 1—2 месяцы працягласць сну павінна быць не меней як 18—20 гадзін, 3—4 месяцы — 17—18 гадзін, 5—6 месяцаў — 16—17 гадзін, 7—8 месяцаў — 15—16 гадзін, 10—12 месяцаў — 14—15 гадзін, 1—1,5 года — 14—14,5 гадзін, 1,5—2,5 года — 13—14 гадзін, 3—5 гадоў — 12,5 гадзін, 6—10 гадоў — 10,5 гадзін, 12—15 гадоў — 9,5 гадзін; старэйшыя школьнікі спяць не меней як 8—9 гадзін.
Ва ўзросце 5 месяцаў пасля начнога сну працягласцю 10—12 гадзін дзіця павінна спаць удзень 3.—4 разы, у 5—9 месяцаў — тры разы, з 9 месяцаў да 1,5 года — два разы і пасля 1,5 года — адзін раз. Працягласць кожнага дзённага сну павінна быць каля дзвюх гадзін.
Часам дзеці міжвольна мочацца ўначы. У такім выпадку ўвечары належыць абмежаваць ужыванне вадкасці, а перад сном даць з’есці што-небудзь салёнае.
Іншым разам дзіця сярод ночы непакоіцца. Гэта нярэдка бывае на першым годзе жыцця. У такіх выпадках неабходна высветліць прычыну неспакою і ўстараніць яе. Карміць дзіця ўначы не рэкамендуецца.
1.8.4. Паняцце аб выкормліванні грудных дзяцей
Правільнае і рацыянальнае кармленне дзяцей груднога ўзросту забяспечвае іх гарманічны рост і развіццё, падтрыманне здароўя ў добрым стане. Харчовы рацыён павінны змяшчаць бялкі, тлушчы і вугляводы ў аптымальных суадносінах, дастатковую колькасць
Рыс. 1.35. Тэхніка кармлення грудзямі
вітамінаў і солей у адпаведнасці з узростам дзіцяці.
Натуральнае выкормліванне, ці выкормліванне матчыным малаком, найбольш фізіялагічнае і ідэальнае для дзяцей першага года жыцця, асабліва ў першыя 6 месяцаў. Грудное малако лёгка засвойваецца і адпавядае патрабаванням арганізма гэтага ўзросту. Яно мае аптымальную тэмпературу, не ўтрымлівае мікробаў і ператраўліваецца лепш за любую іншую ежу. Грудное малако ўтрымлівае 1—1,2 % бялкоў, 3—4 % тлушчаў, 6,5—7 % вугляводаў, 0,2 % мінеральных солей, г. зн. амаль у 3 разы меней бялку і ў 2 разы болей вугляводаў, чым малако каровы (рыс. 1.35).
Патрэбную сутачную колькасць груднога малака для дзяцей 7—8 дзён жыцця можна разлічыць па формулах Фінкелыптэйна: п • 70 — для дзіцяці з масай меней 3200 г і п • 80 — калі маса перавышае 3200 г, дзе п — колькасць дзён жыцця дзіцяці. Каб вызначыць аб’ём малака на кожнае кармленне, трэба падзяліць атрыманую колькасць на лік кармленняў.
Прыблізны разлік колькасці малака ў суткі на кожны месяц першага года жыцця можна зрабіць аб’ёмным або каларыйным метадамі. Аб’ёмны метад засноўваецца на ўзросце і масе дзіцяці: ад 2 тыдняў да 2 месяцаў дзіця павінна атрымліваць колькасць малака, роўную 1/5 масы цела, ад 2 да 4 месяцаў — 1/6, ад 4 да 6 месяцаў — 1/7, ад 6 да 9 месяцаў — 1/8 масы цела. Аднак агульная колькасць не павінна перавышаць 1 л. Каларыйны метад заснаваны на тым, што ў 1-й чвэрці года дзіця павінна атрымліваць каля 125 ккал/кг, у 2-й — 120, у 3-й — 115, у 4-й — каля 110 ккал/кг масы цела. Вядома, што 1 л мацярынскага малака ўтрымлівае каля 700 ккал. Ведаючы гэта, можна разлічыць пат-
рэбную колькасць малака для дзіцяці на суткі. Гэты метад лічыцца больш дакладным.
У выпадках штучнага або змешанага выкормлівання дзіцяці даюць на 10 % болей ежы, чым пры натуральным.
Першае прыкладванне да грудзей здаровага даношанага нованароджанага павінна быць адразу пасля родаў. Нованароджанага неабходна перад гэтым абсушыць і пакласці на жывот маці для стварэння неабходнага фізічнага і зрокавага кантакту дзіцяці з целам маці. Кантакт паміж маці і дзіцём на працягу першай паловы гадзіны пасля родаў садзейнічае паўнацэннаму абуджэнню маці. Кантакт маці і дзіцяці, які ўстанавіўся адразу пасля нараджэння, неабходна падтрымліваць і далей. Маці павінна мець неабмежаваны доступ да дзіцяці. Так яна хутчэй авалодвае майстэрствам догляду яго. Неабходна пры гэтым дазволіць дзіцяці ссаць грудзі свабодна, часта, без дакладнага распарадку. Прыкладваць дзіця да грудзей неабходна пры з’яўленні ў яго пачуцця голаду, незалежна ад таго, ці ёсць у маці малако. Частае ссанне стымулюе лактацыю і паскарае пасляродавую інвалюцыю маткі. У нармальных умовах дзіцяці пасля нараджэння неабходна даваць толькі грудное малако, якое змяшчае дастатковую колькасць натуральных энергетычных і водных запасаў для падтрымання яго на працягу першых некалькіх дзён жыцця, пакуль не ўстановіцца паўнацэнная лактацыя.
Першыя два тыдні перыяду нованароджанасці найбольш важныя для ўстанаўлення груднога выкормлівання. Карміць нованароджанага ў гэты перыяд неабходна пры з’яўленні ў яго пачуцця голаду, нават і ноччу. Аднак к 1—1,5-месячнаму ўзросту дзіця само адмаўляецца ад начнога кармлення.
Пасля 1—2 месяцаў жыцця дзіця пераводзіцца на 6-разовае кармленне з інтэрвалам удзень па 3,5 і ноччу — па 7 гадзін. 3 5-га да 11—12 месяцаў дзіця кормяць 5 разоў на суткі праз 4 гадзіны з начным перапынкам у 8 гадзін. Дзяцей пасля года звычайна кормяць 4 разы на дзень. Такі рытм харчавання стварае ўмовы, пры якіх за 20—30 хвілін да новага кармлення страўнік застаецца пусты, што садзейнічае ўзмацненню сакраторнай актыўнасці страўнікавых і кішэчных залоз.
Правільны рэжым харчавання спрыяе рытмічнасці работы органаў стрававання, стварэнню ўмоўнага рэфлексу на час прыняцця ежы, з’яўленню апетыту і больш поўнаму засваенню ежы. Аднак дапускаецца і свабоднае выкормліванне, пры якім строгае дазіраванне ежы лічыцца неабавязковым і могуць быць адхіленні зд устаноўленага часу кармлення да 30 хвілін.
Акрамя малака з першых дзён жыцця дзіцяці патрэбна даваць кіпячоную ваду па 30—50 мл, а ў цёплы час года — да 100 мл на суткі.
Да выкормлівання грудзьмі жанчына павінна рыхтавацца яшчэ перад родамі. У гэтую падрыхтоўку ўваходзіць паўнацэннае харчаванне, ужыванне дастатковай колькасці вадкасці, сокаў, нармальны сон, штодзённыя прагулкі. Карысна праводзіць масаж грудзей — пагладжванне іх ад асновы да саска. Рэкамендуецца загартоўваць скуру саска і грудзей шляхам абмывання вадой і абцірання мяккай тканінай.
Сутачны рацыён цяжарнай і кормячай грудзьмі жанчыны павінны змяшчаць 100—120 г бялкоў, каля 100 г тлушчаў, 400—500 г вугляводаў, неабходную колькасць мінеральных солей, асабліва кальцыю і фосфару, а таксама вітамінаў. Кормячая жанчына павінна ўжываць да 2 л вадкасці за суткі. He валодаюць лактагенным дзеяннем такія прадукты, як малако, піва, чай, аўсяная каша.
Паўнацэннае харчаванне кормячай маці можа быць забяспечана пры штодзённым ужыванні ў ежу 180—200 г мяса, 50 г масла, 1 яйка, 800 г агародніны і садавіны, не меней як 500 г хлеба. Асабліва важна ўключаць у рацыён садавіну, агародніну, свежую зеляніну, ягады, плодаагароднінныя сокі і захоўваць рэжым харчавання на працягу дня. Залішняе ўжыванне малака або малочных прадуктаў (больш як 0,5 л у суткі) можа вызваць сенсібілізацыю дзіцяці да бялку каровінага малака.
Рацыянальнае паўнацэннае харчаванне неабходна сумяшчаць з правільным рэжымам, што часта прадухіляе ўзнікненне гіпагалактыі.