• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

    Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 421с.
    Мінск 1996
    142.72 МБ
    Кормячай маці неабходна стварыць умовы поўнага спакою, яна павінна дастаткова адпачываць, выконваць умераную фізічную працу, гуляць на свежым паветры і спаць не менш як 8—9 гадзін. Катэгарычна забараняецца ўжыванне алкагольных напіткаў, піва, курэнне.
    Некаторыя медыкаменты і нават вялікія дозы вітамінаў могуць аказваць тэратагеннае дзеянне. Таму, каб пазбегнуць шкоднага ўплыву медыкаментаў на дзіця, кормячая і цяжарная жанчына па магчымасці павінна выключыць ужыванне лекавых сродкаў.
    У перыяд выкормлівання жанчына павінна строга захоўваць асабістую гігіену, 2—3 разы на дзень абмываць малочныя залозы і прымаць душ, рабіць паветраныя ванны для малочных залоз працягласцю 10—15 хвілін. Каб прадухіліць з’яўленне трэшчын і балючасці саскоў, кормячая маці павінна правільна даглядаць малочныя залозы:
    1)	пазбягаць залішняга мыцця залоз, асабліва з мылам;
    2)	не карыстацца для догляду залоз аэразолямі, крэмамі, растворамі борнай кіслаты;
    3)	пасля кармлення пакідаць некалькі капель малака на сасках, каб яны высахлі на паветры;
    4)	як мага болей трымаць саскі адкрытымі, у крайнім выпадку — уначы;
    5)	саскі заўсёды павінны быць сухія.
    Аднак, калі на сасках усё ж з’явіліся ранкі або трэшчыны, для лячэння прымяняюць ванначкі з цёплага 0,1—0,5 % воднага раствору калію перманганату, апраменьванне ртутна-кварцавай лямпай, змазванне абляпіхавым алеем і растворамі антыбіётыкаў.
    У выпадку, калі догляд малочных залоз адпавядае патрабаванням, дзіця правільна прыкладваецца да грудзей, а саскі малочных залоз усё ж застаюцца балючымі, неабходна звярнуцца да ўрача для высвятлення прычыны.
    Пасля родаў на працягу 2—3 дзён малочныя залозы выдзяляюць малодзіва — густую жаўтаватую вадкасць, у якой змяшчаецца больш тлушчу, чым у звычайным малацэ. 3 3—4-га дня выпрацоўваецца пераходнае малако, таксама багатае на тлушч. Малако набывае ўласцівы яму пастаянны састаў толькі з 2—4-га тыдня. Здаровая жанчына выдзяляе 1—1,5 л, а часам і болей (да 3 л) малака за суткі.
    Дзеці пры натуральным выкормліванні адчуваюць голад ад 6 да 10 разоў на суткі. Некаторым для насычэння хапае малака з адной малочнай залозы, другім патрэбны абедзве. Важна ўлічваць, што першая порцыя малака (на пачатку кармлення) змяшчае мала тлушчу і шмат лактозы і вады. Гэтая порцыя забяспечвае дзіця вадкасцю. Апошняя порцыя (у канцы кармлення) багатая на тлушч і забяспечвае патрэбы дзіцячага арганізма ў энергіі. Раніцай малака ў карміцелькі болей, у дзённы і вячэрні часы колькасць яго змяншаецца, аднак яно больш насычанае пажыўнымі рэчывамі.
    Асноўную масу малака дзіця высмоктвае ў пачатку кармлення: 50 % за першыя 2 хвіліны і 80—90 % на працягу першых 4 хвілін. Таму не варта трымаць дзіця ля грудзей болей як 10—15 хвілін. Частай прычынай залішне працяглага кармлення з’яўляецца няправільнае трыманне дзіцяці ля грудзей, пры якім яно не можа задаволіць пачуццё голаду, доўга ссе і траўміруе пры гэтым сасок малочнай залозы.
    Утварэнне груднога малака адбываецца адначасова ў абедзвюх грудных залозах. Калі залоза становіцца поўная і тугая, утварэнне малака аўтаматычна зніжаецца. У сувязі з гэтым для нармальнай лактацыі і добрага самаадчування маці пры кожным кармленні патрэбна прыкладваць дзіця да абедзвюх грудзей.
    Сцэджванне груднога малака неабходнае ў выпадках, калі маці ізаляваная ад дзіцяці, калі яно вельмі слабое і не можа ссаць, калі ў малочных залозах стварыўся застой або для стымуляцыі лактацыі. Сцэджванне можна ажыццяўляць уручную або малакаадсосам.
    У канцы кармлення дзіцяці неабходна надаць вертыкальную
    паставу для таго, каб яно магло адрыгнуць заглынутае паветра. Пасля кармлення дзіця трэба пакласці на правы бок або на жывот для прадухілення магчымасці аспірацыі ежы пры адрыгванні або рвоце.
    Колькасць выссанага малака вызначаюць узважваннем дзіцяці перад кармленнем і пасля яго.
    Змешанае выкормліванне ўяўляе сабой кампенсацыю груднога малака маці пры яго нястачы донарскім малаком, малочнымі сумесямі ці спецыяльным кефірам.
    Для пераходу да змешанага кармлення дзіця ўзважваюць перад кармленнем і пасля яго і вызначаюць колькасць выссанага малака. Калі яго меней нормы, назначаюць дакорм. Кантрольнае ўзважванне дзіцяці звычайна праводзяць у паліклініцы.
    Характар ежы для дакорму вызначаецца ў адпаведнасці з узростам дзіцяці. Дзецям да 3 месяцаў даюць донарскае малако, а пры яго адсутнасці выкарыстоўваюць малочныя сумесі, якія атрымліваюць у дзіцячай малочнай кухні. Малочныя сумесі рыхтуюць з каровінага малака, якое разводзяць слізістымі адварамі з дабаўленнем 5 % цукру на аб’ём сумесі. Слізістыя адвары гатуюць з рысавых, ячных ці аўсяных круп. Ha 1 л адвару бяруць 50 г круп і 4 г кухоннай солі, вараць да гатоўнасці і працэджваюць, Пасля гэтага ў атрыманую сумесь даліваюць кіпячоную ваду да аб’ёму 1 л, ізноў кіпяцяць і астуджваюць. Для прыгатавання малочнай сумесі кіпячонае каровінае малако разводзяць адварам у прапорцыі 1:1 (Б-сумесь) або 2:1 (В-сумесь). На ўвесь аб’ём сумесі дабаўляюць 5 % цукру. Перад ужываннем ежу падаграюць да 37 °C.
    Дакормліваць дзяцей пасля 3—4 месяцаў жыцця трэба з лыжачкі, а не з соскі, да якой яны хутка прывыкаюць і могуць адмовіцца ад грудзей. Паступова колькасць дакорму павялічваюць і замяняюць ім некалькі кармленняў грудзьмі. Аднак карміць грудзьмі трэба абавязкова не меней 3 разоў на суткі, каб пазбегнуць спынення лактацыі.
    Нашым часам для змешанага і штучнага выкормлівання дзяцей першага года жыцця вельмі часта выкарыстоўваюцца адаптаваныя, або максімальна набліжаныя па саставу да жаночага малака, сухія і кіслыя малочныя сумесі. Сярод сумесяў прамысловага вырабу на аснове каровінага малака найбольш папулярныя «Малютка», «Малыш», «Алеся-1», «Алеся-2» (Беларусь), «Детолакт», «Новолакт-1», «Новолакт-2» (Расія), «Внтолакт», «Ладушка» (Украіна), «Снмнлак», «SMA» (ЗША), «Бона», «Пйлттн» (Фінляндыя), «Нмпресс» (Германія) і інш.
    Ненатуральнае (штучнае) выкормліванне прымяняюць у выпад-
    ках, калі малако маці забяспечвае менш за 1/5 сутачнага рацыёну або пры наяўнасці ў маці захворванняў, якія з’яўляюцца проціпаказаннем для натуральнага выкормлівання (злаякасныя пухліны, актыўныя формы туберкулёзу, вострыя псіхічныя захворванні, цяжкія хваробы крыві, сэрца, нырак і інш.). У першыя 2—3 месяцы пры штучным выкормліванні дзіця неабходна забяспечыць донарскім малаком. Малочныя сумесі прымяняюць таксама і пры дакорме.
    Малочныя сумесі, якія прым&няюцца пры выкормліванні, могуць быць адаптаваныя — максімальна набліжаныя па саставу да жаночага малака і неадаптаваныя, або не збалансаваныя па бялковым, тлушчавым, вітамінным і мінеральным саставе. Лепш прымяняць адаптаваныя малочныя сумесі. Яны бываюць салодкія («Малютка», «Малыш» і інш.) і кіслыя («Бнолакт» і інш.). Кіслыя сумесі памяншаюць браджэнне і прыгнечваюць хваробатворныя мікробы ў кішэчніку.
    Сумесь «Малютка» прымяняецца для выкормлівання дзяцей да 2 месяцаў, сумесь «Малыш» — ад 1—2 месяцаў да года. Іх мэтазгодна спалучаць з кісламалочнымі сумесямі «Бнолакт», «Бнолакт-2», якія можна назначаць з двухтыднёвага ўзросту.
    Нельга перавышаць у сумесях дапушчальную колькасць цукру, які парушае абмен рэчываў. Праз гэта дзеці залішне прыбаўляюць у масе і часцей хварэюць.
    Малочныя сумесі затрымліваюцца ў страўніку для ператраўлівання даўжэй за грудное малако, таму пры ненатуральным выкормліванні дзяцей раней пераводзяць на 5-разовае кармленне.
    Неадаптаваныя малочныя сумесі гатуюць у асноўным на малочных кухнях, разводзячы каровінае малако адварамі круп ці мукі (Б-сумесі або В-сумесі). Б-сумесі даюць дзецям у першыя 2 тыдні жыцця, В-сумесі — ва ўзросце ад 2 тыдняў да 3 месяцаў. Неадаптаваныя кісламалочныя сумесі гатуюць шляхам разбаўлення кефіру адварамі розных круп (Б-кефір і В-кефір).
    П р ы к о р м для дзіцяці першага года жыцця прымяняецца незалежна ад віду выкормлівання (натуральнае, змешанае, штучнае). Для правільнага развіцця дзіцяці патрабуецца ўсё больш разнастайная ежа, болып вітамінаў і мінеральных солей.
    Для забеспячэння дзіцяці вітамінамі і мінеральнымі рэчывамі з першага месяца жыцця ў яго рацыён уводзяць сокі з садавіны і агародніны: спачатку па 0,5 чайнай лыжкі, а затым дозу паступова павялічваюць. У далейшым колькасць дзесяткаў грамаў соку павінна адпавядаць ліку месяцаў жыцця дзіцяці, напрыклад, у 5 месяцаў — 50 г. Спачатку даюць яблычны або чорнапарэчкавы сок, а ў 3—3,5 месяца можна ўвесці журавінавы, слівавы, абрыкосавы, вішнёвы, маркоўны. Малінавы, клубнічны, цытрусавы, гранатавы, таматны сокі даюць дзецям толькі пасля 3 месяцаў жыцця і вельмі асцярожна
    ў сувязі з тым, што яны могуць выклікаць алергічныя рэакцыі. Вельмі кіслыя і даўкія сокі звычайна разводзяць кіпячонай вадой і злёгку падсалоджваюць. Вінаградны сок дзецям груднога ўзросту даваць не рэкамендуецца з-за павышанага ўтрымання цукру, які ўзмацняе працэсы браджэння ў кішэчніку. Дзецям з няўстойлівым стулам карысна даваць вішнёвы, гранатавы, чорнапарэчкавы, чарнічны сокі, якія змяшчаюць дубільныя рэчывы і аказваюць вяжучае дзеянне. Пры схільнасці да запору рэкамендуюць маркоўны, таматны, абрыкосавы, слівавы, апельсінавы, мандарынавы, бурачны сокі.
    Акрамя натуральных самаробных можна выкарыстоўваць кансерваваныя сокі, якія вырабляюцца спецыяльна для дзіцячага харчавання.
    3 1,5—2 месяцаў рэкамендуецца даваць дзіцяці цёрты яблык або пюрэ з бананаў, абрыкосаў, іншых фруктаў, а таксама плодаагароднінныя і садавіна-ягадныя кансервы для дзіцячага харчавання.
    Фруктовыя пюрэ пачынаюць даваць дзіцяці з 2—5 г, затым паступова павялічваюць дозу к 2 месяцам да 20, а к 5 месяцам — да 50 г. Пюрэ з агародніны і фруктаў (абрыкосавае, слівавае, яблычнае) карысна назначаць дзецям са схільнасцю да запораў.
    3 месячнага ўзросту ў ежу дзіцяці дадаюць аскарбінавую кіслату па 30 мг на дзень, а з 3 месяцаў можна даваць па 2 чайныя лыжкі гідралізату сухіх піўных дражджэй. Вітаміны D, A, В, РР, мінеральныя рэчывы ў адносна вялікай колькасці змяшчаюцца ў яечным жаўтку, які неабходна даваць дзіцяці з 3 месяцаў жыцця, пачынаючы з 1/8 жаўтка штодзённа. Лепш дадаваць жаўток крута зваранага яйка да малака. Гэта змяншае магчымасць алергізацыі арганізма і заражэння віруснымі захворваннямі. Тварог, смятанку, цукровы сіроп да 5-месячнага ўзросту даюць толькі пры неабходнасці карэкцыі харчавання.