• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

    Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 421с.
    Мінск 1996
    142.72 МБ
    Пачырваненне скуры абумоўлена расшыреннем сасудаў. Трывалае пачырваненне твару бывае ў ліхаманкавых хворых. Яно можа быць звязана таксама з частым ужываннем алкагольных напіткаў, працяглым уздзеяннем сонца і ветру. Кароткачасовае пачырваненне твару можа наступіць у момант хвалявання, сораму, гневу. Пачырваненне ўсёй скуры ўзнікае пры атручванні ядамі — алкаголем, марфінам, атрапінам і г. д.
    Цыяноз, або сінюха, — пачырваненне скуры і слізістых абалонак, звязанае з высокім утрыманнем у крыві вуглекіслаты, пры якім кроў набывае сінюшнае адценне. Перш за ўсё цыяноз з’яўляецца на сЛізістых абалонках, а затым у месцах з тонкай скурай (кончык носа, мочкі вушэй, пад нагцямі), Цыяноз можа развівацца: 1) ад
    недастатковай насычанасці крыві кіслародам пры захворваннях лёгкіх (пнеўманія, ацёк лёгкіх і інш.); 2) пры дэкампенсаваных пароках сэрца, калі запавольваецца ток крыві праз лёгкія; 3) у выніку атручванняў крывянымі ядамі, якія выклікаюць змяненне гемаглабіну.
    Жаўтуха — гэта захворванне, пры якім скура, слізістыя абалонкі і склера вачэй набываюць жоўты колер у сувязі з накапленнем у крыві жоўцевага пігменту — білірубіну і адкладваннем яго ў тканках. Жаўтуха можа быць: механічная, выкліканая закупоркай жоўцевай пратокі каменем або пухлінай, пры якой прыпыняецца адток жоўці ў кішэчнік і білірубін накопліваецца ў крыві; парэнхіматозная, якая ўзнікае пры паражэнні печані, у выніку чаго выдзяленне білірубіну ў крыві парушаецца пячоначнымі клеткамі; гемалітычная, абумоўленая інтэнсіўным разбурэннем эрытрацытаў і павышаным утварэннем з гемаглабіну білірубіну, пры якім печань не спраўляецца выводзіць увесь білірубін у кішэчнік.
    Парушэнне пігментацыі скуры з’яўляецца адным з сімптомаў некаторых захворванняў. Пры паражэнні наднырачнікаў узнікае бронзавая хвароба, пры якой скура афарбоўваецца ў бронзавы колер.Такая афарбоўка спачатку з’яўляецца на адкрытых участках цела (кісці рук, твар), а затым распаўсюджваецца, за выключэннем далоняў і падэшваў, па ўсім целе.
    У фізіялагічных умовах пігментныя плямы на твары могуць з’яўляцца ў жанчын у перыяд цяжарнасці. Гэта так званыя х л аа з м ы. З’яўленне іх звязваюць са зменай гарманальнага статусу арганізма і функцыі печані.
    Часам сустракаюцца людзі з белымі ўчасткамі скуры, пазбаўленымі пігменту. Гэта песь, або віціліга. Песь часцей бывае ў жанчын, мае сямейны характар. Плямы малочна-белага колеру бываюць рознай велічыні і формы. Песь не ўплывае на агульны стан арганізма і трывожыць хворых як касметычны дэфект. Прычына хваробы невядомая.
    Лейкадэрма — дробныя белыя плямкі на скуры, якія ўзніклі ў сувязі з памяншэннем утрымання ў арганізме пігменту меланіну. Лейкадэрма можа ўзнікаць пасля працяглага прымянення фурацыліну, на месцы скурнага сыпу пра грыбковых дэрматозах і ў другасным перыядзе сіфілісу на скуры пярэдняй, задняй і бакавых паверхняў шыі («каралі Венеры»), Часцей сустракаюцца ў жанчын.
    Альбінізм — прыроджаная адсутнасць нармальнай пігментацыі скуры. Вочы ў альбіносаў — ружова-чырвоныя ў выніку прасвечвання сасудаў радужнай абалонкі. Альбіносы дрэнна бачаць днём, ім уласціва светлабоязь. Часам сустракаецца частковы альбінізм, калі пігмент адсутнічае толькі на асобных участках цела (белая пасма валасоў на галаве і г. д.).
    Скурны сып — з’яўленне на скуры і слізістых абалонках плямаў, пузыркоў, вузельчыкаў, гнайнічкоў і да т. п. пры ўздзеянні на арганізм розных знешніх і ўнутраных фактараў. Сып можа суправаджаць розныя захворванні.
    Пляма — абмежаваны ўчастак скуры незвычайнага колеру, які не ўзвышаецца над паверхняй і ўзнікае ў выніку мясцовага расшырэння сасудаў. Плямы бываюць рознай велічыні.
    Разеолы — дробныя плямкі круглай формы бледна-ружовага або ружова-чырвонага колеру дыяметрам 2—3 мм. Узнікаюць у выніку мясцовага расшырэння капіляраў скуры. Характэрныя для брушнога тыфу і паратыфаў. Пры націсканні на разеолу пальцам яна знікае і зноў з’яўляецца, калі адпусціць палец.
    Петэхіі — дробныя плямкі велічынёй ад 2 да 5 мм у дыяметры, якія па форме і колеры нагадваюць разеолы, але пры націсканні пальцам не знікаюць, бо з’яўленне іх звязана з мясцовым кровазліццём у скуру з крывяносных капіляраў. Тыповыя для сыпнога тыфу, могуць суправаджаць септычны эндакардыт, гемарагічны дыятэз, рэўматызм.
    Эрытэма — абмежаванае або разлітае пачырваненне скуры пры ўздзеянні прамянёвага, хімічнага, цеплавога, інфекцыйнага і іншых фактараў. Бывае пры шкарлятыне, рожыстым запаленні і іншых інфекцыйных захворваннях.
    Вадыры — выразна адмежаваныя, бясполасцевыя ўтварэнні розных памераў і формы, бледна-ружовага, чырвонага або белага колеру, якія злёгку ўзвышаюцца над скурай. Суправаджаюцца моцным свербам і пякотай. Могуць узнікаць ад уздзеяння эндагенных і экзагенных фактараў (апёк крапівой, укусы насякомых і інш.). Пасля ўзнікнення існуюць ад некалькіх хвілін да некалькіх гадзін і бясследна знікаюць.
    Пузыркі — дробныя празрыстыя ўзвышэнні на скуры велічынёй з канаплянае зерне, якія змяшчаюць светла-жоўтую вадкасць. Праз некалькі дзён на месцы пузыркоў утвараюцца скурачкі, якія потым адпадаюць.
    Ацёкі — скапленні лішняй вадкасці ў тканках і поласцях арганізма. Узнікаюць часам у скуры, падскурнай тлушчавай клятчатцы, плеўральнай і брушной поласцях, калясардэчнай сумцы і г. д. Праз сасудзістыя капіляры адбываецца пастаянны абмен паміж тканкавай вадкасцю і вадкай часткай крыві. Аднак калі ў тканку з сасудаў выдзяляецца вялікая колькасць вадкасці, а адваротнае ўсмоктванне ўскладняецца, ствараецца ацёк.
    У залежнасці ад месца скаплення ацёчнай вадкасці адрозніваюць наступныя ацёкі: анасарка — скапленне вадкасці ў падскурнай клятчатцы ўсяго арганізма, гідраторакс — у плеўральнай поласці, асцыт — у брушной поласці, гідраперыкардыум — у калясардэчнай
    сумцы, гідрацэфалія — у жалудачках мозга і ў падпавуціннай прасторы. Акрамя гэтага, ацёк можа ўзнікаць у тканках асобных органаў — ацёк лёгкіх, ацёк мозга і г. д.
    Ацёкі могуць утварацца пры розных захворваннях, часцей за ўсё пры сардэчна-сасудзістых і ныркавых. У сардэчных хворых ацёкі спачатку ўзнікаюць толькі к канцу дня на нагах у вобласці ступняў і за ноч знікаюць. У нырачных хворых яны выяўляюцца раніцай на твары, спачатку ў вобласці павек, а к канцу дня могуць знікнуць. Пры цяжкіх паражэннях ацёкі могуць распаўсюджвацца па ўсім целе.
    Падскурная эмфізема ўтвараецца пры пападанні паветра ў падскурную клятчатку. Часцей за ўсё яна ўзнікае пры пашкоджаннях лёгкіх. Паветра ў падскурнай клятчатцы выяўляецца пры абследаванні хворага — пад пальцамі адчуваецца хруст, які выклікаецца перамяшчэннем пузыркоў паветра. Падскурная эмфізема бывае таксама пры газавай гангрэне, калі газ, утвораны анаэробнымі мікробамі, размяшчаецца ў падскурнай клятчатцы ў вобласці запаленчага працэсу.
    Валасяное покрыва скуры можа сведчыць аб наяўнасці некаторых эндакрынных захворванняў. Валасяное покрыва жанчын і мужчын мае пэўнае адрозненне. У жанчын у норме не растуць вусы і барада, а на лабку рост валасоў абмяжоўваецца гарызантальнай лініяй, тым часам як у мужчын ён можа працягвацца да пупка.
    Рост валасоў у жанчын па мужчынскім тыпе, а ў мужчын — па жаночым з’яўляецца прыметай магчымай хваробы эндакрынных залоз.
    Агляд поласці рота завяршае вонкавы агляд хворага. Слізістыя абалонкі поласці рота могуць змяняцца пры шматлікіх захворваннях. Пры аглядзе хворага звяртаюць увагу на стан слізістых абалонак дзяснаў, шчок, языка і зева, на наяўнасць пачырванення і кроватачывасці. Пры аглядзе зева ацэньваюць стан нёбных міндалін, язычка і мяккага нёба. Пры захворванні органаў стрававання язык пакрываецца налётам белага ці брудна-шэрага колеру, пры шкарлятыне мае малінавы колер (малінавы язык) і г. д. Зеў аглядаюць пры добрым святле. Прыпухласць і пачырваненне нёбных міндалін, з’яўленне на іх налётаў характэрныя для ангіны.
    Пальпацыя, або прашчупванне, дапамагае вызначыць форму органа, які абследуецца, яго кансістэнцыю, характар паверхні, велічыню, размяшчэнне адносна бліжэйшых органаў, мясцовую тэмпературу, стан скуры. Па рэакцыі хворага пры абследаванні, якая выражаецца мімікай твару або рэфлекторным рухам, вызначаецца адчувальнасць ці балючасць органа.
    У залежнасці ад прызначэння пальпацыя можа быць павярхоўная і глыбокая. Пры абследаванні жывата павярхоўная пальпацыя пра-
    водзіцца далонню адной ці абедзвюх рук без націскання. Пры гэтым вызначаюцца напружанне брушной сценкі, лакальная ці агульная балючасць. Глыбокая пальпацыя выкарыстоўваецца для больш дакладнай лакалізацыі запаленчага працэсу. Яна праводзіцца пальцамі рук з асцярожным націсканнем, пры якім пальцы адчуваюць абследуемы орган. Для вызначэння наяўнасці вадкасці ў брушной поласці выкарыстоўваецца штуршковая, ці балаціруючая, пальпацыя. Пры гэтым пальцы рукі, складзеныя разам, ставяць перпендыкулярна да паверхні брушной сценкі ў вобласці абследуемага органа і робяць некалькі кароткіх штуршкоў, не аднімаючы пры гэтым пальцаў ад скуры.
    Пры пальпацыі ў залежнасці ад стану і мэты абследавання хворы можа ляжаць, сядзець або стаяць.
    Пальпацыяй вызначаюць сган скуры і лімфатычных вузлоў, мышцаў, касцей і суставаў, наяўнасць падскурных ацёкаў. Пры ацёках пасля націскання на скуры застаецца ямка.
    Пры пальпацыі брушной поласці прытрымліваюцца пэўнай паслядоўнасці. Пачынаюць з пальпацыі сігмападобнай кішкі, затым пераходзяць на сляпую, канечную частку падуздышнай, папярочнаабадочную кішку, страўнік, печань, падстраўнікавую залозу, селязёнку і ныркі. Трэба памятаць, што нармальныя ныркі, селязёнка і падстраўнікавая залоза не пальпіруюцца.
    Каб выключыць памылку, трэба абавязкова прымяняць параўнальную пальпацыю — параўноўваць здаровы бок з хворым. Рукі ўрача пры абследаванні павінны быць цёплыя, ногці каротка падстрыжаныя, каб не выклікаць скарачэння мышцаў.
    Перкусія, ці выстукванне, — метад абследавання, сутнасць якога заключаецца ў пастукванні па ўчастках цела. Па характары гуку, які ўзнікае пры гэтым, мяркуюць аб фізічных уласцівасцях органаў, якія знаходзяцца пад месцам выстуквання.
    Пры пастукванні ўзнікаюць нязначныя калыханні цела, амплітуда якіх залежыць ад пругкасці яго і якія адрозніваюцца па перыядзе і часе затухання, што дазваляе меркаваць аб сгане органа.