Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Атрад першай медыцынскай дапамогі з’яўляецца таксама і першым этапам эвакуацыі пацярпелых з ачага паражэння, якую ён павінны арганізаваць і за якую нясе адказнасць.
Бальнічная база загараднай зоны з’яўляецца другім этапам медыцынскай эвакуацыі і спецыялізаванай медыцынскай дапамогі.
Эвакуацыя пацярпелых з АПМ у загарадную зону ажыццяўляецца ўпраўленнем бальнічнай базы. У прафіляваных лячэбных установах бальнічнай базы загараднай зоны паражоныя атрымліваюць спецыялізаваную медыцынскую дапамогу да папраўкі ці канца хваробы.
У прафіляваных бальніцах працягваюцца лячэбныя мерапрыемствы, накіраваныя на лячэнне пацярпелых. Істотнае значэнне ў функцыяніраванні іх мае медыцынская рэабілітацыя, якая спрыяе вяртанню ў строй і да актыўнай працоўнай дзейнасці максімальнага ліку паражоных і хворых у найкарацейшы тэрмін.
2.9.2. Паражэнне атрутнымі рэчывамі агульнаядавітага дзеяння
Агульнаядавітыя АР. Фізіка-хімічная характарыстыка сінільнай кіслаты. Атрутныя рэчывы агульнаядавітага дзеяння адрозніваюцца як па хімічнай прыродзе, так і па асаблівасцях паражальнага ўздзеяння на арганізм. Да іх адносяць сінільную кіслату, хлорцыян, мыш’яковісты і фасфарысты вадарод, аксід вугляроду, карбанілы металаў, фторарганічныя злучэнні. Першыя тры прадстаўнікі гэтай групы АР вядомыя ў арміі ЗША пад шыфрамі AC, СК і SA.
Сінільная кіслата знаходзіць шырокае прымяненне ў вытворчасці хіміка-фармацэўтычных прадуктаў. Яна выкарыстоўваецца пры вытворчасці сінтэтычных валокнаў, нітрыльнага каўчука, арганічнага шкла, гербіцыдаў, пластмас і інш. Пры ўзнікненні аварый на вытворчасці атручванні сінільнай кіслатой магчымыя і ў мірны час.
Сінільная кіслата (HCN — цыяніставадародная кіслата, цыяністы вадарод) — гэта бясколерная лёгкалятучая вадкасць з характэрным пахам горкага міндалю, з тэмпературай кіпення +25,7 °C і тэмпературай замярзання -13,4 ° С, добра раствараецца ў вадзе і болыпасці арганічных растваральнікаў. 3 практычнай мэтай HCN выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе водных раствораў.
Пры звычайнай тэмпературы сінільная кіслата захоўваецца ў вадзе працяглы час. Лёгка рэагуе са шчолачамі з утварэннем соляў — цыянідаў, якія з’яўляюцца ядавітымі і няўстойлівымі злучэннямі і распадаюцца пад уздзеяннем вуглекіслаты паветра з выдзяленнем сінільнай кіслаты. Мінеральнымі кіслотамі гідралізуецца да мураўінай кіслаты.
Таксікалагічная характарыстыка сінільнай кіслаты. Таксічнасць сінільнай кіслаты абумоўлена яе здольнасцю блакіраваць дыхальны фермент тканак — цытахромаксідазу. Гэтая ўласцівасць HCN тлумачыцца схільнасцю да ўзаемадзеяння з трохвалентным жалезам фермента. У выніку прыгнечваецца тканкавае дыханне, спыняецца працэс біялагічнага акіслення і сінтэз энергетычных рэсурсаў, наступае хуткае знясіленне і развіваецца клінічная карціна паражэння.
Жалеза гемаглабіну ў эрытрацытах крыві, якія выконваюць транспартную функцыю кіслароду, знаходзіцца ў двухвалентнай форме. Калі ж перавесці яго ў трохвалентнае, то тады, страціўшы здольнасць пераносіць кісларод, яно лёгка звязвае сінільную кіслату і ахоўвае пры гэтым цытахромаксідазу. Аднак перавод жалеза гемаглабіну з двуху трохвалентнае не павінны перавышаць 20— 30 %, каб не выклікаць кіслароднага галадання з-за парушэння яго транспартнай функцыі. Перавод жалеза гемаглабіну ў трохвалентнае дасягаецца метгемаглабінаўтваральнікамі (амілнітрыт, метыленавы сіні і інш.), якія ператвараюць гемаглабін у метгемаглабін. Пры ўзаемадзеянні сінільнай кіслаты з метгемаглабінам утвараецца цыянметгемаглабін. Сінільная кіслата хутка рэагуе з глюкозай з утварэннем неатрутнага рэчыва — цыянгідрынглюкозы. Уласцівасць HCN утвараць цыянгідрынглюкозу і цыянметгемаглабін выкарыстоўваюцца пры правядзенні антыдотнай тэрапіі.
Пры пападанні ўнутр сінільная кіслата і яе солі ўсмоктваюцца праз слізістыя абалонкі страўнікава-кішачнага тракту на працягу некалькіх секунд, а пранікненне праз скуру адбываецца марудна. У выглядзе пары HCN практычна не пранікае праз скуру і выклікае паражэнні пры паступленні ў арганізм праз органы дыхання. Пры ўдыханні заражанага паветра, якое ўтрымлівае сінільную кіслату ў канцэнтрацыі 0,4—0,8 мг/л, смерць наступае праз 2—5 хвілін, а з павышэннем канцэнтрацыі — яшчэ хутчэй. Канцэнтрацыя 0,12—0,15 мг/л пры экспазіцыі 30—60 хвілін выклікае небяспечныя
для жыцця цяжкія атручванні. Пры пападанні ўнутр з вадой ці ежай смяротнай з’яўляецца доза 1 мг/кг. Частка сінільнай кіслаты, якая пранікла ў арганізм, выдзяляецца праз лёгкія з выдыхаемым паветрам ў нязменным выглядзе.
Галоўныя клінічныя сімптомы маланкавай і зацяжной формаў паражэння сінільнай кіслатой. Маланкавая ф о р м a наступае пры пападанні ўнутр ці ўдыханні паветра з высокай канцэнтрацыяй пароў HCN. Чалавек міжвольна ўскрыквае, амаль адразу губляе прытомнасць і падае. Потым развіваюцца сутаргі ці адразу наступае расслабленне мышцаў, знікаюць рэфлексы, спыняецца дыханне, падае артэрыяльны ціск. Сэрца пасля спынення дыхання яшчэ працягвае скарачацца. Смерць можа наступіць на працягу 2—3 хвілін.
Зацяжная форма ўзнікае пры атручванні малымі канцэнтрацыямі HCN у паветры ці пры пападанні яшчэ меншай дозы ўнутр і развіваецца на працягу 10—15 хвілін. У цячэнні зацяжной формы выдзяляюць чатыры стадыі.
Пачатковая стадыя характарызуецца адчуваннем паху горкага міндалю, пачуццём драпання ў горле, слінацячэннем, паяўленнем непрыемнага горкага прысмаку ў роце, мышачнай млявасцю, болем за грудзінай. Акрамя таго, адзначаюцца галаўныя болі, галавакружэнні, моташнасць, пазывы на дэфекацыю. Скурныя покрывы і бачныя слізістыя ярка-пунсовага колеру. Калі на гэтай стадыі атручвання паступленне яду ў арганізм спыняецца, названыя сімптомы хутка знікаюць.
Стадыя задышкі характарызуецца ўцяжарваннем сімптомаў першай стадыі, развіваецца моцная задышка, павялічваецца мышачная млявасць, узмацняюцца болі ў вобласці сэрца, расшыраюцца зрэнкі, узнікае пачуццё страху смерці.
Сутаргавая стадыя характарызуецца ўзмацненнем задышкі, стратай прытомнасці, з’яўленнем прыступаў клоніка-танічных сутаргаў. Узнікае экзафтальм (вірлавокасць), зрэнкі моцна расшыраюцца. У час прыступу сутаргаў парушаюцца рытмічнасць, частата і напаўненне пульсу і глыбіня дыхання. Захоўваецца ярка-пунсовы колер скурных покрываў і бачных слізістых абалонак.
Паралітычная стадыя характарызуецца спыненнем сутаргаў, расслабленнем мускулатуры, стратай адчувальнасці і рэфлексаў, зменай задышкі на павярхоўнае перарыўнае дыханне, зніжэннем артэрыяльнага ціску, міжвольным мочаспусканнем і дэфекацыяй, паралічом дыхання. Пасля спынення дыхання сэрца яшчэ працягвае скарачацца на працягу 3—5 хвілін, затым наступае смерць.
Першая медыцынская дапамога і догляд хворых пры атручванні сінільнай кіслатой. Пры паражэннях сінільнай кіслатой у ачагу
паражэння прадугледжваюцца наступныя мерапрыемствы.
1. Хуткае надзяванне процівагаза з мэтай спынення далейшага паступлення яду ў арганізм.
2. Тэрміовае ўвядзенне антыдоту — амілнітрыту. Для гэтага разбіваюць галоўку ампулы з антыдотам і змяшчаюць пад маску процівагаза для інгаляцыі. Калі праз 10 хвілін стан пацярпелага не паляпшаецца, антыдот даецца паўторна. Калі ж і пасля гэтага няма паляпшэння, то, улічваючы магчымасць прымянення камбінаваных сумесяў АР, трэба ўвесці антыдот супраць нервова-паралітычных АР і правесці частковую санітарную апрацоўку. Для прымянення ў якасці андытоду амілнітрыт выпускаюць у ампулах з ватна-марлевай аплёткай па 0,5 мл. Ускрыццё ампул трэба праводзіць з асцярогай, бо яно суправаджаецца лёгкім выбухам у сувязі з павышэннем ціску пары, якая ўтвараецца ў ампуле ў працэсе захоўвання і пры награванні. Ватна-марлевая аплётка ампул прадугледжана з мэтай прадухілення пашкоджвання пальцаў рук. Пара амілнітрыту з паветрам выбухованебяспечная.
3. Тэрміновая эвакуацыя паражоных з ачага паражэння ў АПМ для аказання першай урачэбнай дапамогі. Калі паражоны сам ісці не ў сілах і па якой-небудзь прычыне адбылася затрымка з эвакуяцыяй, яго выносяць з ачага паражэння на часовы пункт збору паражоных, дзе працягваюць аказваць першую медыцынскую дапамогу.
Пасля частковай санітарнай апрацоўкі здымаюць процівагаз, пры •неабходнасці робяць штучную вентыляцыю лёгкіх, інгаляцыі кіслароду і іншыя мерапрыемствы неадкладнай дапамогі.
Першая медыцынская дапамога ў хімічным ачагу галоўным чынам накіраваная на спыненне доступу АР у арганізм і на ахову тканкавага дыхання.
Медыцынская дапамога ў АПМ. У атрадзе першай медыцынскай дапамогі прадугледжваецца поўны аб’ём антыдотнай і сімптаматычнай тэрапіі.
1. Унутрывенна ўводзяць 50 мл храмасмону (1 % раствор метыленавага сіняга ў 25 % растворы глюкозы). Пры адсутнасці храмасмону замест яго ўводзяць 50 мл 40 % раствору глюкозы.
2. Пасля ўвядзення храмасмону праз 2—3 хвіліны для стойкай нейтралізацыі сінільнай кіслаты ўнутрывенна ўліваюць 50— 100 мл 30 % раствору натрыю тыёсульфату.
3. Калі стан паражонага не палепшыцца праз 10—15 хвілін, можна паўторна зрабіць уліванне ў вену 25 мл храмасмону і 50 мл 30 % раствору натрыю тыёсульфату.
4. Калі акрамя інгаляцыйнага атручвання ўстаноўлена пападанне яду разам з харчам і вадой у страўнік, то разам з антыдотнай
тэрапіяй неадкладна робяць прамыванне страўніка 0,1 % растворам калію перманганату, 5 % растворам натрыю тыёсульфату ці 2 % растворам натрыю гідракарбанату і даюць салявое слабіцельнае.
5. Пры парушэнні сардэчнай дзейнасці (слабы пульс, нізкі артэрыяльны ціск) капельным спосабам на працягу 4—6 гадзін унутрывенна ўліваюць 2—4 г дыкобальтавай солі этылендыямінтэтраацэтату — С02ЭДТА , растворанай у 500 мл раствору глюкозы. Гэтая соль, маючы высокую здольнасць да комплексаўтварэння, звязвае HCN, хутка выводзіцца з арганізма і прыводзіць такім чынам да выдалення сінільнай кіслаты. Для паляпшэння работы сэрца рэкамендуюць ін’екцыі кафеіну (1 мл 20 % раствору) ці кардыяміну (2 мл), для зняцця брадыкардыі — ін’екцыі атрапіну (1 мл 0,1 % раствору).
6. Для ўзбуджэння дыхання выкарыстоўваюць ін’екцыі лабеліну (1 мл 1 % раствору) або цыцітону (1 мл). Павышае ўзбуджальнасць дыхальнага цэнтру і падскурнае ўвядзенне эфедрыну (1 мл 5 % раствору), які ўзмацняе дзейнасць сімпатычнага аддзела нервовай сістэмы.