Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Першыя прыметы рэгенерацыі тканак з’яўляюцца толькі пад канец першага месяца пасля паражэння, а поўнае загойванне насгупае праз два-тры месяцы з утварэннем рубца.
Некратычная форма развіваецца пры масіўным уздзеянні на скуру капельна-вадкага іпрыту. Пасля паяўлення эрытэмы, свербу, балючасці і ацёкаў адразу пачынаюць узнікаць абшырныя язвы, мінуючы стадыю пузыраўтварэння. У такіх выпадках цэнтральная частка эрытэмы менш ацёчная і больш бледная за перыферычную. Такая з’ява — нядобрая прагнастычная прымета.
Некратычная форма паражэння патрабуе доўгага лячэння на працягу трох-шасці і больш месяцаў. Пасля загойвання на месцы язваў застаюцца грубыя рубцы.
Паражэнне парападобным іпрытам. Пара іпрыту адначасова ўздзейнічае на скурныя покрывы, слізістыя абалонкі вачэй і органаў дыхання. Гэтым тлумачыцца шматлікасць сімптомаў, якія развіваюцца пасля 2—4 гадзін скрытага перыяду дзеяння. Па ступені цяжкасці ў клінічнай карціне паражэнняў парай іпрыту адрозніваюць лёгкія формы, паражэнні сярэдняй цяжкасці і цяжкія.
Лёгкая форма выяўляецца праз 6—12 гадзін скрытага перыяду і адрозніваецца марудным развіццём. Першымі паяўляюцца пры-
меты паражэння вачэй. Узнікае катаральнае запаленне кан’юнктывы, якое характарызуецца рэззю і пякучасцю ў вачах, слязлівасцю, светлабояззю, гіперэміяй кан’юнктывы. Праз 10—12 гадзін паяўляюцца сухі кашаль, ахрыпласць голасу, пяршэнне ў горле, пачынаюць ныць слізістыя абалонкі носа, насаглоткі і гартані. Развіваецца катаральнае запаленне верхніх дыхальных шляхоў са слізіста-гнойнымі выдзяленнямі. На месцах з больш адчувальнай і тонкай скурай развіваецца эрытэматозная форма паражэння.
Пры своечасовым аказанні медыцынскай дапамогі лёгкія паражэнні заканчваюцца знікненнем сімптомаў і поўным выздараўленнем, якое пачынаецца праз 7—10 дзён пасля кантакту з іпрытам.
Паражэнні сярэдняй цяжкасці праяўляюцца пасля болып кароткага скрытага перыяду. Прыметы паражэння вачэй больш выразныя, узнікаюць праз 2—6 гадзін пасля кантакту з АР. Акрамя запалення кан’юнктывы — кан’юнктывіту, запаленчым працэсам ахопліваецца рагавая абалонка — развіваецца кератыт, які суправаджаецца пацямненнем рагавіцы. Моцна запаляюцца павекі, да іх далучаецца гнойная інфекцыя і паяўляюцца гнойныя выдзяленні з вачэй. На другія суткі пачынаецца спазм павек (блефараспазм) — павекі ацякаюць, зліпаюцца і закрываюць вочы.
Мацней выражаны пры сярэдняй цяжкасці паражэння і сімптомы, якія сведчаць аб пашкоджаннях слізістых абалонак дыхальных шляхоў. На другія суткі гэтыя сімптомы набываюць пераважнае значэнне ў клінічнай карціне. Развіваецца гнойнае запаленне слізістых абалонак трахеі і бронхаў, якое суправаджаецца павышэннем тэмпературы, болямі за грудзінай, кашлем з вялікай колькасцю гнойнай макроты, галаўнымі болямі, галавакружэннем, агульнай слабасцю, стратай апетыту і іншымі сімптомамі рэзарбтыўнага дзеяння АР. Часгым ускладненнем паражэння з’яўляецца бронхапнеўманія.
На скурных покрывах, якія былі падвергнуты ўздзеянню пароў АР, узнікае эрытэма, якая суправаджаецца моцным свербам.
Своечасова аказаная медыцынская дапамога і далейшае лячэнне прыводзяць да вяртання функцыі зроку звычайна праз два-тры тыдні. Больш доўга працягваецца лячэнне органаў дыхання. Калі паражэнне не ўскладняецца інфекцыйным працэсам, выздараўленне наступае праз адзін-два месяцы. Далучэнне інфекцыі замаруджвае выздараўленне. Потым на працягу шматлікіх месяцаў і нават гадоў могуць узнікаць аддаленыя вынікі перанесенага паражэння.
Цяжкія паражэнні развіваюцца пры ўздзеянні высокіх канцэнтрацый пароў або аэразоляў АР. Пасля кароткачасовага скрытага перыяду ўзнікаюць моцны боль у вачах, слёзацячэнне, балючая рэакцыя на святло, моцны ацёк, спазм павек. У запаленчы працэс уцягваецца рагавіца, яе верхнія слаі некратызуюцца і пакрываюцца
язвамі. У асабліва цяжкіх выпадках узнікае прабадзенне рагавіцы.
У далейшым язвы на рагавіцы вельмі марудна зажываюць з утварэннем непразрыстай рубцовай тканкі — бяльма. Пры прабадзенні рагавіцы запаленчы працэс пранікае глыбей, можа скончыцца атрафіяй вочнага яблыка і поўнай сгратай зроку. Прадухіліць цяжкі вынік і дабіцца частковага аднаўлення зроку пры прабадзенні рагавіцы магчыма толькі праз настойлівае лячэнне на працягу многіх месяцаў і нават гадоў.
Услед за сімптомамі паражэння вачэй з’яўляюцца і прыметы паражэння дыхальных шляхоў: развіваюцца пакутлівы кашаль, ахрыпласць голасу з наступнай афаніяй. Услед за гэтым адбываюцца глыбокія эксудатыўныя і язвава-некратычныя змены слізістых абалонак дыхальных шляхоў, якія ўскладняюцца гнойным запаленнем з узнікненнем падманных плевак, закупоркай брснхаў адарванымі плеўкамі, развіццём бронхапнеўманіі. К пачатку трэціх сутак стан пацярпелага значна пагаршаецца, павышаецца тэмпература да 39 °C, паяўляецца цыяноз, пачашчаюцца пульс і дыханне. Гэтыя з’явы суправаджаюцца цяжкім кашлем масіўнай серозна-гнойнай макротай з кроўю і кавалкамі некратызаванай слізістай абалонкі бронхаў. Адрыў змярцвелай слізістай абалонкі можа прывесці да смерці пацярпелага ў выніку асфіксіі. Стан пацярпелых робіцца яшчэ болып цяжкі, зацямняецца або страчваецца прытомнасць, развіваюцца сутаргі. Рэзкае пагаршэнне стану часцей за ўсё сведчыць аб развіцці іпрытнай пнеўманіі, якая характарызуецца зацяжным цячэннем і можа прывесці да цяжкага ўскладнення — абсцэсу лёгкага або смяротнага зыходу на 3—10-я суткі. Пры аналізе крыві адзначаюцца лейкацытоз са змяшчэннем лейкацытарнай формулы ўлева, лімфапенія і анэазінафілія.
У залежнасці ад канцэнтрацыі пары або аэразоляў АР магчыма развіццё булёзнай або булёзна-язвавай формы паражэння скуры.
Пры цяжкай форме паражэння ў перыяд першай сусветнай вайны (1914—1918) смяротнасць дасягала 60 %. Пры спрыяльным зыходзе лячэнне пацярпелага працягваецца некалькі месяцаў. Аднак астаткавыя з’явы перанесенага паражэння застаюцца на многія месяцы і нават гады і прыводзяць да частковай або поўнай страты працаздольнасці.
Паражэнне страўнікав а-к і ш а ч н a г a т р а к т у. Пасля ўжывання заражанай іпрытам вады або ежы праз 30—60 хвілін узнікаюць болі ў вобласці страўніка, моташнасць, слінацячэнне, шматразовая рвота і панос. Затым болі распаўсюджваюцца па ўсім жываце, развіваюцца агульная слабасць, галавакружэнне, галаўны боль, прыгнятаюцца функцыі цэнтральнай нервовай сістэмы. На слізістых абалонках, якія кантактавалі з іпрытам, узнікаюць пачырваненні і ацёчнасць, утвараюцца пузыры
і эрозіі. Вадучае значэнне пры гэтым маюць сімптомы, абумоўленыя рэзарбтыўным дзеяннем іпрыту.
Цяжкасць паражэння залежыць як ад дозы іпрыту, так і ад віду ежы, з якой ён трапіў у страўнік. Больш цяжкія паражэнні назіраюцца пры ўжыванні заражанай вады або ежы нашча, ускладняюцца яны і ўжываннем малака або тлустай ежы.
Пры цяжкім атручванні к канцу першых сутак развіваецца карціна восграга гемарагічнага энтэрыту, абвастраюцца сімптомы прыгнечання ЦНС, знікаюць рэфлексы, узнікаюць паралічы, страчваецца прытомнасць. Смерць надыходзіць на працягу 7—10 дзён пасля паражэння.
У выпадку выздараўлення застаюцца атрафічныя і рубцовыя змены слізістай абалонкі страўніка, парушэнйі функцыі стрававання.
Рэзарбтыўнае дзеянне. Вынікі рэзарбтыўнага дзеяння іпрыту выяўляюцца пры ўсіх відах паражэння. Выражаюцца яны ў прыгнечанні ЦНС, расстройстве сардэчна-сасудзістай дзейнасці, парушэнні мочавыдзяляльнай функцыі, глыбокім пашкоджанні абмену рэчываў і крывятварэння.
Пры цяжкіх атручваннях асноўнымі сімптомамі рэзарбтыўнага дзеяння зэяўляюцца галаўны боль, галавакружэнне, страта памяці, агульная дэпрэсія, павышэнне тэмпературы цела, прыгнечанне і згасанне рэфлексаў, парушэнне частаты і рытму пульсу, падзенне крывянога ціску, развіццё вострага гемарагічнага нефрыту, рэзкае пахудзенне.
Смерць ад рэзарбтыўнага дзеяння надыходзіць у выніку падзення крывянога ціску і спынення дыхання.
Пры атручванні вялікімі дозамі іпрыту смяротныя зыходы назіраліся на працягу першых трох дзён.
Першая медыцынская дапамога паражоным АР скурна-нарыўнага дзеяння. Прадугледжвае перш за ўсё спыненне далейшага паступлення АР у арганізм. Аказваецца ў ачагу паражэння ў парадку самадапамогі і ўзаемадапамогі, а таксама сіламі санітарных дружын і выратавальных атрадаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца індывідуальныя проціхімічныя пакеты (ІПП) і іншыя табельныя сродкі проціхімічнай абароны.
У першыя хвіліны пасля ўзнікнення ачага паражэння прадугледжваюцца наступныя мерапрыемствы першай медыцынскай дапамогі.
1. Неадкладнае надзяванне процівагаза і іншых проціхімічных сродкаў для аховы органаў дыхання і скуры ад паражэння. Пры пападанні капляў АР на скуру рук, твару і шыі спачатку трэба хутка правесці частковую санітарную апрацоўку гэтых частак скуры дэгазацыйнай вадкасцю з ІПП, а затым адразу ж надзець процівагаз.
2. Частковая санітарная апрацоўка ўсіх адкрытых частак цела і частак адзення, на якія трапілі каплі АР, з дапамогай дэгазацыйнай вадкасці з ІПП ці падручных сродкаў (2—5 % растворы хлораміну і інш.). Неабходнасць хуткай санітарнай апрацоўкі тлумачыцца тым, што яна высокаэфектыўная ў першыя пяць хвілін пасля кантакту з АР. Правядзенне яе праз 10 хвілін не прадухіляе, а толькі аслабляе паражэнне.
3. Накладванне першасных асептычных павязак на цялесныя пашкоджанні і пры неабходнасці — імабілізацыя. Пры наяўнасці ран, заражаных атручальным рэчывам, скуру вакол раны папярэдне апрацоўваюць тампонам, змочаным дэгазацыйным растворам з ІПП. Пасля гэтага бяруць чысты тампон, змочваюць яго вадкасцю з ІПП і асцярожна апрацоўваюць ім паверхню раны. Затым накладваюць стэрыльную павязку.
4. Пры пападанні АР у вочы неабходна хутка прамыць іх 2 % растворам натрыю гідракарбанату, 0,25 % растворам хлораміну ці, пры адсутнасці іх, чыстай вадой. Нельга прамываць вочы растворам вадкасці з ІПП.
5. Эвакуацыя паражоных з ачага ў атрад медыцынскай дапамогі, а пры вымушанай затрымцы эвакуацыі — сканцэнтраванне іх па-за ачагом на часовым пункце збору паражоных.
На часовым пункце збору, узнікшым на шляху эвакуацыі, канцэнтруюцца ў асноўным паражоныя, якія самастойна выходзяць з ачага. Таму тут неабходна працягваць аказваць першую медыцынскую дапамогу. У аб’ём гэтай дапамогі могуць уваходзіць наступныя мерапрыемствы.