Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
П р ы цяжкіх паражэннях усе перыяды развіцця клінічнай карціны паражэння добра выражаныя.
Першая медыцынская дапамога паражоным. Асаблівасці догляду на этапах эвакуацыі. Першая медыцынская дапамога аказваецца ў ачаіу паражэння і перш за ўсё прадугледжвае спыненне ўздзеяння пары АР. Пры ўзнікненні ачага паражэння першая дапамога павінна аказвацца самім насельніцтвам (самадапамога і
ўзаемадапамога), а затым санітарнымі дружынамі, якія туды прыбудуць. Гэтая дапамога ўключае наступныя мерапрыемствы.
1. Спыненне паступлення ў арганізм атрутных рэчываў шляхам хуткага надзявання процівагаза.
2. Тэрміновая эвакуацыя паражоных з заражанай зоны ў АПМ, a пры вымушанай затрымцы эвакуацыі з-за недахопу транспарту — вываз іх і канцэнтрацыя па-за ачагом на часовым пункце збору да прыбыцця транспартных сродкаў з АПМ.
Вопыт першай сусветнай вайны паказаў, што фізічнае напружанне пасля кантакту з удушлівымі атрутнымі рэчывамі паскарае развіццё і ўзмацняе цяжкасць ацёку лёгкіх. Таму пацярпелых неабходна вывозіць на транспартных сродках або выносіць з заражанай зоны на насілках. На часовым пункце збору паражоным аказваецца першая медыцынская дапамога.
1. Здымаюць і праветрываюць верхнюю вопратку, якая адсарбіравала пару атрутных рэчываў і ў закрытых памяшканнях уяўляе сабой крыніцу дадатковага паражэння.
2. Пасля дэсорбцыі АР з верхняга адзення здымаюць процівагаз, расшпільваюць каўнер вопраткі і пояс, якія перашкаджаюць дыханню.
Процівагаз стварае перашкоду дыханню і абцяжарвае стан паражонага, таму тэрмін карыстання ім неабходна па магчымасці абмяжоўваць. Працяглае знаходжанне ў процівагазе можа паскорыць развіццё ацёку лёгкіх.
3. Ствараюць умовы для поўнага спакою пацярпелых, берагуць іх ад холаду і саграваюць.
4. Пры скаргах на раздражненне вачэй іх прамываюць 2 % растворам натрыю гідракарбанату ці чыстай вадой. Пры неабходнасці для паляпшэння сардэчнай дзейнасці робяць ін’екцыю кафеіну (1 мл 10—20 % раствору) ці кардыяміну.
Лячэнне і догляд паражоных на этапах медыцынскай эвакуацыі. Медыцынская дапамога ў АПМ і прафіляваных бальніцах загараднай зоны вызначаецца станам пацярпелага.
На атрутныя рэчывы ўдушлівага дзеяння антыдотаў не існуе. Таму лячэнне паражоных складаецца з мерапрыемстваў сімптаматычнай і патагенетычнай терапіі, з якіх першачарговае значэнне маюць наступныя: 1) проціацёчная тэрапія; 2) аблягчэнне функцыі паражоных лёгкіх па забеспячэнні арганізма кіслародам; 3) прафілактыка развіцця сардэчна-сасудзістай недастатковасці; 4) прадухіленне ўскладненняў.
Проціацёчная тэрапія прадугледжвае наступнае. 1. Кровапусканне ў аб’ёме 250—300 мл крыві (0,5 % ад масы цела) — паказана пры сіняй гіпаксіі, калі не парушана сардэч-
на-сасудзістая дзейнасць і захоўваецца нармальны артэрыяльны ціск крыві. Пры неабходнасці праз 6—8 гадзін можа быць зроблена паўторнае кровапусканне ў аб’ёме 150—200 мл.
Змяншэнне аб’ёму крыві, выкліканае кровапусканнем, прыводзіць у дзеянне рэфлекторныя механізмы, якія выключаюць з кровазвароту значную частку пашкоджаных лёгачных крывяносных капіляраў і, такім чынам, перашкаджаюць паступленню вадкай часткі крыві ў альвеолы ці значна яго зніжаюць. Акрамя таго, кровапусканне змяншае тэндэнцыю да павышэння згушчальнасці крыві і тым самым папярэджвае ўзнікненне магчымых ускладненняў (трамбозаў і эмбалій), а таксама аблягчае работу сэрца. У большасці выпадкаў праведзенае кровапусканне спыняе далейшае павелічэнне ацёку лёгкіх і выклікае яго зваротнае развіццё.
Пры шэрай гіпаксіі кровапусканне проціпаказана ў сувязі з сардэчна-сасудзістай недастатковасцю і падзеннем артэрыяльнага ціску.
2. Два-тры разы ў суткі ўнутрывенна ўліваюць па 40—50 мл 40 % раствору глюкозы. Увядзенне вялікага аб’ёму гіпертанічнага раствору глюкозы павышае асматычны ціск унутры сасудаў, прыцягвае туды тканкавую вадкасць і стварае процідзеянне выхаду вадкай часткі крыві ў тканку лёгкага. 3 гэтай жа мэтай рэкамендуецца капельнае ўліванне 30 % раствору мачавіны на 5— 10 % растворы глюкозы. Мачавіну ўводзяць з разліку 1 г на кілаграм масы цела паражонага з хуткасцю 30—60 капель у хвіліну.
3. Два разы на дзень унутрывенна ўводзяць па 10 мл 10 % раствору кальцыю хларыду або кальцыю глюканату. Гэтыя прэпараты выклікаюць ушчыльненне сценак сасудаў і зніжаюць іх пранікальнасць, тым самым ствараючы перашкоду выхаду ў тканку лёгкага вадкай часткі крыві. Акрамя гэтага, яны аказваюць дэсенсібілізацыйнае дзеянне, што мае немалаважнае значэнне для прафілактыкі развіцця ўскладненняў.
Пры ўнутрывенным увядзенні кальцыю хларыду трэба быць асцярожным, таму што пападанне гэтага раствору ў падскурную клятчатку можа выклікаць некроз.
Аблягчэяне функцыі пашкоджаных л ё г к і х па забеспячэнні арганізма кіслародам дасягаецца двума шляхамі: 1) зніжэннем патрэб арганізма ў кіслародзе: пацярпеламу ствараюць поўны спакой, саграваюць цёплым піццём, грэлкамі, ухутваннем, падтрыманнем пастаяннай тэмпературы ў палатах на ўзроўні +25 ° С і інш.; 2) штучным узмацненнем прытоку ў арганізм кіслароду: у першыя 2—3 дні пасля атручвання, пачынаючы з перыяду скрытага дзеяння АР, праводзіцца працяглая аксігенатэрапія.
Увядзенне ў арганізм кіслароду можа ажыццяўляцца інгаляцыйным і неінгаляцыйным спосабамі. Больш распаўсюджаны інгаляцыйны метад аксігенатэрапіі. Найболып эфектыўнай з’яўляецца гіпербарычная аксігенацыя — інгаляцыя кіслароду пад павышаным ціскам.
У канцы скрытага перыяду інгаляцыі кіслароду мэтазгодна праводзіць перыядычна па 20 хвілін з інтэрваламі паміж інгаляцыямі ў 10—15 хвілін.
У перыяд развіцця. ацёку лёгкіх паказаны бесперапынныя інгаляцыі кіслароду або кіслародна-паветранай сумесі з 50—60 % кіслароду, якія праводзяцца шмат гадзін запар на працягу 2 дзён.
Пры сярэдняй цяжкасці паражэння аксігенатэрапію можна праводзіць сеансамі працягласцю па 6—8 гадзін. Пры ўстойлівай форме сіняй гіпаксіі працягласць сеансаў можна скараціць да 50 хвілін.
Пры правядзенні аксігенатэрапіі трэба мець на ўвазе мзтазгоднасць увільгатнення чыстага кіслароду, таму што ў сухім стане ён раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў. Увільгатняюць кісларод прапусканнем праз ваду.
Неінгаляцыйныя метады аксігенатэрапіі адрозніваюцца большай складанасцю, патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі персаналу і таму маюць дапаможнае значэнне. Да неінгаляцыйнай аксігенатэрапіі адносяцца энтэральная, унутрыполасцевая, падскурная і ўнутрысасудзістая аксігенацыя, а таксама аксігенацыя крыві пры дапамозе мембраннага аксігенатара.
Для прафілактыкі пенаўтварэння ў дыхальных шляхах праводзіцца проціўспеньваючая т э р а п і я. У якасці пенагасіцеля прымяняюць інгаляцыі пары этылавага спірту. Для гэтага 30—40 % раствор спірту заліваюць у слоік Баброва, праз які прапускаюць удыхаемы кісларод. Сеансы інгаляцыі кіслароду з пенагасіцелямі праводзяць па 30—40 хвілін, чаргуючы іх з прапусканнем кіслароду праз ваду. Залішняе ўвядзенне спірту можа зрабіць стан паражонага больш цяжкім.
Пры шэрай форме гіпаксіі ў сувязі з падзеннем узроўню ў крыві вуглекіслаты і зніжэннем узбуджальнасці дыхальнага цэнтра прымяняюць карбагенатэрапію — інгаляцыі карбагену, які ўяўляе сабой сумесь кіслароду (93—95 %) і вуглекіслаты (7— 5%). Інгаляцыі карбагену праводзяць сеансамі па 5—10 хвілін, чаргуючы іх з інгаляцыямі кіслародна-паветранай сумесі. Яны павышаюць узбуджальнасць дыхальнага цэнтра, пачашчаюць і паглыбляюць дыханне, павышаюць эфектыўнасць аксігенатэрапіі і садзейнічаюць пераводу шэрай гіпаксіі ў сінюю. Пры адсутнасці карбагену дыханне стымулююць унутрымышачнымі ін’екцыямі этымізолу па 2 мл 1,5 % раствору.
Па меры паляпшэння стану паражонага працягласць сеансаў
аксігенатэрапіі паступова змяншаюць. Спыняюць аксігенацыю толькі пасля знікнення задышкі і сінюшнасці скурных покрываў і слізістых абалонак.
Аксігенатэрапія ў значнай ступені прадвызначае зыход таксічнага ацёку лёгкіх і далейшы стан паражонага. У сярэднім на лячэнне аднаго паражонага патрабуецца каля 3500 л кіслароду. Такую колькасць кіслароду могуць забяспечыць кіслародныя інгалятарныя станцыі, якія маюць вялікі яго запас (КІС-7, КІС2 0,2 і інш.).
Лячэнне кіслародам павінна спалучацца з вітамінатэрапіяй. Абавязковым лічыцца назначэнне вітаміну С і вітамінаў групы В, якія паляпшаюць акісляльна-аднаўленчыя працэсы ў арганізме.
Прафілактыка с а р д э ч н а-с асудзістай недастатковасці дасягаецца назначэннем танізуючых сардэчна-сасудзістых сродкаў. Іх пачынаюць уводзіць пры пагаршэнні стану пацярпелага пасля перыяду скрытага дзеяння АР. Спачатку падскурна робяць ін’екцыю камфарнага масла (2—3 мл 20 % раствору), кафеіну (1 мл 20 % раствору) або кардыяміну (1 мл). Пры з’яўленні сімптомаў ацёку лёгкіх унутрывенна ўводзяць кардыямін (1 мл), карглігон (1 мл 0,06 % раствору ў 20 мл 40 % раствору глюкозы) або дыгаксін ( 1 мл 0,025 % раствору ў 20 мл 20 % раствору глюкозы). Для павышэння тонусу сасудаў дадаткова прыбягаюць да падскурных ін’екцый эфедрыну (1 мл 5 % раствору) або мезатону (1 мл 1 % раствору).
Прадухіленне ўскладненняў дасягаецца аказаннем медыцынскай дапамогі ў АПМ, назначэннем антыбіётыкаў з шырокім спектрам процімікробнага дзеяння (леваміцэцін, тэтрацыклін, стрэптаміцын і інш.) і сульфаніламідных прэпаратаў пралангаванага дзеяння (сульфален — 2 г 1 раз у 7 дзён, сульфадыметаксін або сульфапірыдазін — па 1 г 1 раз на дзень).
У прафіляваных бальніцах загараднай зоны з гэтай мэтай паказана прымяненне антыкаагулянтаў (гепарын — унутрывенна або ўнутрымышачна 20 000 АД у суткі), антыгістамінных прэпаратаў (дыпразін — 2 мл 2,5 % раствору ўнутрымышачна або фенкарол — 0,025 г 3 разы на дзень унутр пасля яды) і гарманальных прэпаратаў (гідракартызону гемісукцынат, разведзены ў 5—10 мл вады для ін’екцый, — 0,025—0,05 г). Для дэгідратацыі паказана ўнутрывеннае ўвядзенне мачагонных сродкаў (фурасемід — 0,02—0,06 г з 10 мл ізатанічнага раствору натрыю хларыду або інш.).
Асаблівасці догляду паражоных. Важнае значэнне для папраўкі паражоных удушлівымі АР мае добра адладжаны догляд. Паражоным назначаюць строгі пасцельны рэжым, паколькі фізічнае напружанне і хваляванне могуць узмацніць сімптомы паражэння. Вялікая ўвага
надаецца ашчаджальнаму рэжыму. Устараняюцца знешнія раздражняльнікі, якія могуць выклікаць у пацярпелага трывогу, узбуджэнне або хваляванне. Важнае значэнне мае саграванне цела ў сувязі з недахопам у арганізме кіслароду, неабходнага для стварэння цяпла. Паражоных належыць саграваць грэлкамі, гарачым піццём, ухутваннем коўдрай і падтрыманнем пастаяннай тэмпературы паветра ў палатах на ўзроўні +24...+25 °C.