Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
2. Шчодра прамываюць праточнай вадой пашкоджаныя ўчасткі скуры.
3. Для зняцця болю ў вочы закапваюць 1 % раствор дыкаіну, за павекі закладваюць 1 % эрытраміцынавую мазь.
4. Пры атручванні, выкліканым прыняццем унутр нашатырнага спірту, тэрмінова прамываюць страўнік праз зонд. Перад гэтым зонд змазваюць маслам і асцярожна ўводзяць, каб не пашкодзіць слізістую абалонку. Прамыванне праводзяць халоднай вадой. Пасля прамывання ў страўнік уліваюць 1 % масляны раствор анестэзіну і абвалакальныя сродкі (малако, бялковую ваду).
5. На паражоныя ўчасткі скуры накладваюць прымочкі з 5 % раствору воцатнай або лімоннай кіслаты.
6. Пры паражэнні, выкліканым удыханнем высокіх канцэнтрацый аміяку, паражоных саграваюць, назначаюць ім строгі пасцельны рэжым, праводзяць інгаляцыі кіслароду, прымяняюць процікашлевыя сродкі (кадэін, дыянін па 0,01 г), вядуць прафілактыку ацёку гартані і механічнай асфіксіі.
7. Спазмы галасавой шчыліны здымаюць ін’екцыямі атрапіну (0,5— 1 мл 0,1 % раствору), прымяненнем мясцовага цяпла, пры неабходнасці робяць трахеатамію.
8. Пры спыненні дыхання праводзяць штучную вентыляцыю лёгкіх.
9. Сардэчныя сродкі назначаюць па паказаннях.
10. Прафілактыка і лячэнне ацёку лёгкіх такія ж, як і пры паражэнні ўдушлівымі атрутнымі рэчывамі.
Атручванне аксідам вугляроду. Аксід вугляроду (CO), ці ўгарны газ, не мае паху і колеру, крыху лягчэйшы за паветра (шчыльнасць 0,967). Утвараецца ў паветры пры няпоўным згаранні вугляродзмяшчальных рэчываў, якое адбываецца з-за недастатковага прытоку кіслароду, гарыць сінім полымем, ператвараючыся ў вуглякіслы газ. Змяшчаецца аксід вугляроду ва ўзрыўных газах, уваходзіць у састаў іншых прамысловых гаручых газаў. Крыніцай яго можа быць любое полымя або рухавік унутранага згарання, дзе адбываецца няпоўнае згаранне вугляроду. У выхлапных газах аўтамашын можа змяшчацца ад 3 да 7 % аксіду вугляроду. Вялікая колькасць газу
ўтвараецца пры масавых пажарах, аварыях на прамысловых прадпрыемствах, якія выкарыстоўваюць гаручыя газы.
Угарны газ слаба раствараецца ў вадзе, амаль не адсарбіруецца актываваным вугалем і ў сувязі з гэтым не затрымліваецца звычайным процівагазам. Ддя прафілактыкі атручвання ўгарным газам да процівагазавай фільтравальна-паглынальнай каробкі дадаюць гапкалітавы патрон, які ператварае CO ў вуглякіслы газ.
У арганізм чалавека аксід вугляроду пранікае разам з паветрам праз лёгкія. ГДК CO ў паветры рабочай зоны складае 20 мг/м3 , у паветры жылых памяшканняў — 2 мг/м3 . Пры рабоце на працягу не болей гадзіны дапускаецца перавышэнне ГДК да 50 мг/м3 , на працягу 30 хвілін — да 100 мг/м3 , не болей 15 хвілін — да 200 мг/ м3 .
Вострае атручванне аксідам вугляроду развіваецца звычайна ў выпадку перавышэння канцэнтрацый у паветры болей за 100—200 мг/м3 . Пры канцэнтрацыях 400—600 мг/м3 пры экспазіцыі 2—5 гадзін (у залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей) развіваецца калапс.
Аксід вугляроду, пранікаючы з паветрам у лёгкія, у 300 разоў больш актыўна, чым кісларод, злучаецца з гемаглабінам крыві. Пры гэтым ствараецца злучэнне — карбаксігемаглабін, не здольнае выконваць транспартную функцыю кіслароду ў арганізме. Парушэнне дастаўкі кіслароду вядзе да гіпаксіі — кіслароднага галадання арганізма. Акрамя таго, CO пры значнай канцэнтрацыі ў крыві аказвае прамое таксічнае дзеянне, прыгнятае тканкавае дыханне ў кары галаўнога мозга, затарможвае акісляльна-аднаўленчыя працэсы. Усё гэта выклікае моцны галаўны боль і развіццё іншых клінічных сімптомаў паражэння. Страта прытомнасці наступае тады, калі ўтрыманне карбаксігемаглабіну ў крыві дасягае 50 %.
Развіццё клінічнай карціны атручвання залежыць ад канцэнтрацыі CO ў паветры, экспазіцыі ўздзеяння і інтэнсіўнасці фізічнай нагрузкі, ад якой залежыць аб’ём мінутнага дыхання. Адрозніваюць тры ступені цяжкасці атручвання: лёгкую, сярэдняй цяжкасці і цяжкую.
Пачатковым сімптомам лёгкага атручвання з’яўляецца моцны галаўны боль у лобнай і скроневых абласцях з заўважнай пульсацыяй скроневых артэрый. На гэтым развіццё атручвання можа спыніцца пры выхадзе з заражанай атмасферы. Аднак, калі яд працягвае паступаць у арганізм, паступова ўзнікаюць больш цяжкія сімптомы: пачашчаюцца пульс і дыханне, паяўляюцца арытмія, задышка, трывога, пачуццё страху, скура і слізістыя абалонкі афарбоўваюцца ў ярка-чырвоны колер, развіваецца мышачная слабасць, асабліва ў нагах, парушаецца каардынацыя рухаў, аслабляецца
слых, адчуваецца галавакружэнне, якое можа суправаджацца кароткачасовай стратай прытомнасці.
Калі дзеянне CO не спынілася, наступае атручванне сярэдняй цяжкасці, пры якім нарастае аглушанасць, даходзячы да поўнай страты прытомнасці, расшыраюцца зрэнкі, развіваюцца кланічныя сутаргі, якія пераходзяць у танічныя. Тэмпература цела пры гэтым павышаецца да 38—40 ° С, часам узнікае міжвольнае адыходжанне мачы і калу. Для атручванняў сярэдняй цяжкасці характэрная болып або менш працяглая страта прытомнасці. Калі пацярпелага выносяць з заражанай атмасферы, сутаргі паступова спыняюцца, нармалізуюцца дыханне і кровазварот. Прытомнасць вяртаецца некалькі пазней. Пасля гэтага могуць праяўляцца псіхічныя расстройствы.
Калі ж дапамога паражонаму не аказана і ён працягвае знаходзіцца ў заражанай атмасферы, развіваецца цяжкае атручванне. Яго характарызуе працяглая страта прытомнасці. Сутаргі паступова спыняюцца, мышцы расслабляюцца, дыханне становіцца слабае, a затым спыняецца. Больш чым у 50 % выпадкаў смерць надыходзіць ад параліча дыхальнага цэнтра.
Першая медыцынская дапамога пры атручванні аксідам вугляроду накіравана на тое, каб спыніць паступленне CO ў арганізм. Для гэтага пацярпелага выносяць з атручанай атмасферы на чысгае паветра. Далей яму падносяць да носа кавалачак ваты, змочаны нашатырным спіртам, расціраюць пярэднюю паверхню грудной клеткі, да ног прыкладваюць грэлкі, на грудзі і спіну ставяць гарчычнікі, даюць гарачы чай або каву.
У незаражанай атмасферы карбаксігемаглабін паступова ператвараецца ў аксігемаглабін і CO выдзяляецца з арганізма. Колькасць карбаксігемаглабіну ў крыві людзей, якія не кураць, зніжаецца ўдвая праз 4 гадзіны, а ў курцоў — толькі праз 8 гадзін. Поўнае вяртанне нармальных функцый арганізма пасля лёгкага атручвання надыходзіць праз 16—24 гадзіны.
Пры спыненні дыхання прымяняюць штучную вентыляцыю лёгкіх, інгаляцыі кіслароду, для стымуляцыі дыхання робяць ін’екцыю лабеліну або цыцітону. Для паляпшэння сардэчнай дзейнасці мэтазгодна ін’екцыя кардыяміну (1 мл) або кафеіну (1 мл 10 % раствору). Пры ўзнікненні сутаргаў уводзяць процісутаргавыя сродкі: хларалгідрат у выглядзе лекавай клізмы (100 мл 2 % раствору), фенабарбітал (0,1 г унутр) і інш. Карыснымі аказваюцца ін’екцыі цытахрому с (20—40 мл унутрывенна), феркавену (5 мл), натрыю аскарбінату (3 мл 5 % раствору).
Асноўным лячэбным мерапрыемствам пры аказанні медыцынскай дапамогі пацярпелым лічыцца аксігенатэрапія. Інгаляцыі чыстага кіслароду паскараюць выслабаненне гемаглабіну ў 1,5 раза, a
ўдыханне карбагену (сумесь кіслароду — 95 % і вуглякіслага газу — 5 %) паскарае дысацыяцыю карбаксігемаглабіну ў 4 разы. Таму аксігенатэрапію праводзяць шляхам чаргавання інгаляцый карбагену (10—20 хвілін) з інгаляцыямі чыстага кіслароду (30—40 хвілін). Пры лёгкім атручванні аксігенатэрапію працягваюць 2 гадзіны, пры атручванні сярэдняй цяжкасці — не менш як 4 гадзіны.
Яшчэ болып эфектыўным спосабам лячэння з’яўляецца аксібаратэрапія — інгаляцыі кіслароду пад ціскам. Гэта паскарае вылучэнне CO з крыві, садзейнічае больш хуткаму знікненню сімптомаў атручвання.
Прагноз атручванняў угарным газам залежыць ад цяжкасці паражэння. Пры ўзнікненні псіхічных расстройстваў поўнае выздараўленне наступае толькі ў 50 % пацярпелых.
Атручванне серавадародам. Серавадарод (сярністы вадарод — H2S ) — бясколерны газ з характэрным пахам тухлых яек, цяжэйшы за паветра. У атмасферы з высокімі канцэнтрацыямі серавадароду пах не адчуваецца.
Серавадарод знаходзіцца ў прыродным газе, мінеральных і геатэрмальных водах, лячэбных гразях, нафце, вулканічных газах, выдзяляецца з розных прыродных крыніц, утвараецца пры гніенні бялковых рэчываў і іншых арганічных прадуктаў, якія змяшчаюць серу. Вада Чорнага мора на глыбіні 150 м насычана серавадародам. Серавадарод таксама знаходзіцца ў дымах прамысловых прадпрыемстваў, тытунёвым дыме, у сцёкавых водах і каналізацыйнай сістэме.
Пры тэмпературы 20 ° С у адным аб’ёме вады раствараецца каля трох аб’ёмаў серавадароду. Крыху лепш ён раствараецца ў спірце. У прысутнасці кіслароду паветра серавадарод акісляецца з утварэннем дыяксіду серы і элементарнай серы. У сумесі з паветрам пры канцэнтрацыях 4,3—46,0 аб’ёмных працэнтаў серавадарод выбухованебяспечны. У хімічных рэакцыях ён з’яўляецца моцным аднаўляльнікам.
Выкарыстоўваюць серавадарод пры вырабе серы, сернай кіслаты, сульфідаў, у арганічным сінтэзе і г. д. Слабы пах серавадароду адчуваецца пры канцэнтрацыі 0,012—0,003 мг/м3 , добра адчувальны — пры канцэнтрацыі 1,4—2,3 мг/м3 , моцны — пры канцэнтрацыі 3 мг/м3, амаль нясцерпны — пры канцэнтрацыі 7—11 мг/м3. Пры далейшым павелічэнні канцэнтрацыі (да 200 мг/м3 і вышэй) пах слабее і паступова знікае. Пры высокіх канцэнтрацыях, калі чалавек не адчувае паху серавадароду, небяспека атручвання павялічваецца.
Серавадарод валодае як мясцовым, так і рэзарбтыўным паражальным дзеяннем. У высокіх канцэнтрацыях ён злучаецца з жа-
лезам акісляльна-аднаўленчых ферментаў — цытахромаў а, Ь, с і цытахромаксідазы, паралізуючы тканкавае дыханне. Пры гэтым развіваецца кіслароднае галаданне арганізма, узнікае параліч дыхальнага цэнтра і наступае смерць. Удыханне серавадароду ў канцэнтрацыі вышэй як 700 мг/м3 прыводзіць да хуткай страты прытомнасці, прыгнечання дыхання і смерці, пры канцэнтрацыі 1000 мг/м3 і болей адбываецца імгненнае атручванне (маланкавая форма). Асноўны шлях пападання серавадароду ў арганізм — разам з паветрам пры дыханні, а таксама праз скуру.
Атручванні серавадародам развіваюцца пры парушэнні правілаў бяспекі і вытворчай санітарыі, недасканаласці тэхналагічных працэсаў, парушэнні герметычнасці газаправоду, недастатковасці або няспраўнасці вентыляцыі, Цяжкасць атручвання залежыць ад канцэнтрацыі серавадароду ў паветры і экспазіцыі ўздзеяння на арганізм.