Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
4. Эвакуіраваць пацярпелага ў бальніцу.
Далейшая дапамога павінна быць накіравана на вывядзенне яду з арганізма, а затым на аднаўленне і нармалізацыю функцый цэнтральнай нервовай сістэмы, печані, нырак і сардэчнай дзейнасці. 3 гэтай мэтай прадугледжваецца наступнае.
1. Пры атручванні, выкліканым пападаннем яду ўнутр праз рот, неабходна прамыць страўнік праз зонд (10—15 л вады), а потым увесці ў яго 50—100 мл вазелінавага масла. Пасля гэтага ставяць сіфонную клізму.
2. У першыя 6 гадзін пасля атручвання робяць гемадыяліз з дапамогай апарата «штучная нырка», а потым перытанеяльны дыяліз.
3. 3 мэтай дэтаксікацыі арганізма могуць выкарыстоўвацца ўнутрывенныя ўліванні капельным спосабам гемадэзу, палідэзу ці жэлацінолю (500—1000 мл), увядзенне ізатанічных раствораў
глюкозы (5 %) ці натрыю хларыду (0,9 %), унутрывенныя ўліванні тэтацын-кальцыю (20 мл 10 % раствору з 300 мл 5 % раствору глюкозы), унутрымышачныя ін’екцыі унітыёлу (5 мл 5 % раствору).
4. Для ўзмацнення дыурэзу ўнутрымышачна ўводзяцца мачагонныя сродкі (фурасемід — 2 мл 1 % раствору).
5. Пры ўзнікненні глыбокай комы праводзіцца штучная вентыляцыя лёгкіх: інгаляцыі кіслароду з дапамогай дыхальнага апарата з аўтаматычным прывадам.
6. Каб стымуляваць сардэчна-сасудзістую сістэму, робяць ін’екцыі кардыяміну (1 мл), эфедрыну (1 мл 5 % раствору) падскурна, страфанціну (1 мл 0,05 % раствору ў 20 мл 20 % раствору глюкозы) унутрывенна ці карглікону (1 мл 0,06 % раствору ў 20 мл 20 % раствору глюкозы) унутрывенна.
7. Назначаюць ліпатропныя сродкі, якія прадухіляюць тлушчавую інфільтрацыю печані (халіну хларыд па 1 г 3—5 разоў на дзень), праводзяць гармонатэрапію (унутрывеннае ўвядзенне прэднізалону 120 мг), антыбактэрыяльную тэрапію (леваміцэцін, ампіокс ці іншыя сродкі).
8. Пры рэзкай узбуджанасці ўводзяць дыпразін (2 мл 2,5 % раствору ўнутрывенна), пры сутаргах — процісутаргавыя сродкі.
9. Вітамінатэрапія павінна ўключаць ін’екцыі вітамінаў В12 (да 150 мкг унутрымышачна), В[ (1 мл 5 % раствору ўнутрымышачна), В6 (1 мл 5 % раствору ўнутрымышачна), прыём унутр вітаміну В15 (да 300 мг на дзень).
10. Пры ўзнікненні неабходнасці праводзяцца і іншыя віды патагенетычнай і сімптаматычнай тэрапіі.
2.10.3. Атручванні грыбамі, ядавітымі раслінамі і ядам жывёл
Атручванні грыбамі адбываюцца пры пападанні ў ежу ядавітых (бледная і жоўтая паганкі, мухамора, апенька фалыпывая) і неядомых грыбоў (лісічка фальшывая, дажджавік фальшывы) або пры недастатковай кулінарнай апрацоўцы ўмоўна ядомых грыбоў (смаржкі, страчкі, свінушкі, ваўнянкі і інш.). Таксіны ядавітых грыбоў не разбураюцца пры варцы і не абясшкоджваюцца стрававальнымі сокамі ў страўніку і кішэчніку чалавека.
Сімптомы атручвання бледнай паганкай узнікаюць праз 8—24 гадзіны пасля прыёму ежы і праяўляюцца рэзкімі болямі ў жываце, рвотай і моцным паносам, падобным да рысавага адвару, з прымессю
крыві. Могуць наступаць паніжэнне тэмпературы, сутаргі, жаўтуха, павелічэнне печані, расстройствы сардэчнай дзейнасці з падзеннем крывянога ціску. Смерць наступае на другі-трэці дзень ад расстройства сардэчнай дзейнасці пры з’явах пячоначна-ныркавай недастатковасці.
Сімптомы атручвання страчкамі паяўляюцца праз 6—10 гадзін і выражаюцца болямі ў жываце, моташнасцю, рвогай з прымессю жоўці, падчас паносам. Пры цяжкім атручванні развіваецца жаўтуха, павялічваюцца печань і селязёнка, развіваюцца гемоліз і гемаглабінурыя (чырвоная мача), нарастае сардэчна-сасудзістая недастатковасць, узнікаюць сутаргі і страчваецца прытомнасць, што і прыводзіць да лятальнага зыходу.
Атручванні мухаморай праяўляюцца праз 30 хвілін ці пазней (да 6 гадзін) у выглядзе млоснасці, рвоты, вадзяністага стулу, моцнай патлівасці, слінаі слёзацячэння, рэзка ўзмоцненай перыстальтыкі кішэчніка, галавакружэння, галюцынацый, трызнення, рэзка звужаных зрэнкаў. Затым страчваецца прытомнасць і надыходзіць смерць ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці.
Медыцынская дапамога пры атручванні грыбамі пачынаецца з прамывання страўніка. Пасля гэтага пацярпелым даюць суспензію актываванага вугалю для звязвання ядаў і салявое слабіцельнае, каб ачысціць кішэчнік. Для правядзення антыдотнай і сімптаматычнай тэрапіі хворых шпіталізуюць. 3 мэтай дэтаксікацыі арганізма ўводзяць ліпоевую кіслату — па 20—30 мг у суткі ўнутрывенна і атрапін — 1 мл 0,1 % раствору падскурна. Для паскарэння вывядзення яду з арганізма ўнутрывенна ўліваюць 0,9 % раствор натрыю хларыду — да 1000—1500 мл у суткі. Назначаюць таксама пеніцылін — да 10 млн АД у суткі.
Пры атручванні чырвонай мухаморай атрапін (1—2 мл 0,1 % раствору) уводзяць унутрывенна.
Сімптаматычная тэрапія прадугледжвае ўвядзенне норадрэналіну або мезатону, сардэчных гліказідаў для падтрымання лртэрыяльнага ціску, гідракартызону або прэднізалону для прадухілення пячоначна-ныркавай недастатковасці.
Атручванні ядавітымі раслінамі. Адбываюцца ад ужывання пладоў, лісця або карэння, якія ўтрымліваюць раслінныя яды. Пры гэтым часцей пакутуюць дзеці, таму што не ўсведамляюць небяспекі. Яды, якія ўтрымліваюцца ў раслінах, могуць належаць да алкалоідаў, гліказідаў, сапанінаў, эфірных алеяў і іншых хімічных злучэнняў.
Прыём унутр ягад або іншых частак ядавітых раслін (бузіна смярдзючая, воўчае лыка, вароніна вока, геліятроп, жасцёр, беладонна, люцік блакітны, паслён салодка-горкі, паслён чорны, плюшч
звычайны, ракітнік бабоўнікавы, спарыння, падтыннік і г. д.) прыводзіць да ўзнікнення вострага гастраэнтэрыту (моташнасць, ірвота, боль у жываце, панос). Пры цяжкіх атручваннях развіваюцца млявасць, расстройствы сардэчна-сасудзістай дзейнасці і дыхання, сутаргі, страчваецца прытомнасць і надыходзіць смерць.
Медыцынская дапамога пры атручванні ядавітымі раслінамі пачынаецца з прамывання страўніка. Пасля гэтага ўнутр даюць актываваны вугаль, танін і салявое слабіцельнае.
Далейшая антыдотная і сімптаматычная тэрапія праводзіцца пасля шпіталізацыі хворага і ўстанаўлення хімічнай прыроды яду.
Атручванні ядамі жывёльнага паходжання. У наш час вядома каля 5000 відаў ядавітых жывёл. Да іх адносяцца жыхары мора (дынафлагеляты, медузы, рыбы) і насельнікі сушы (земнаводныя, змеі, насякомыя, павукападобныя).
На Беларусі распаўсюджаны адзіны від ядавітых змей — гадзюка звычайная. Пасля ўкусу гадзюкі на целе застаюцца дзве колатыя ранкі, узнікаюць боль, ацёчнасць, хутка развіваюцца сімптомы рэзарбтыўнага дзеяння яду: галавакружэнне, слабасць, моташнасць, патлівасць, задышка, расстройства сардэчна-сасудзістай дзейнасці.
Медыцынская дапамога пры ўкусе гадзюкі заключаецца ў хуткім інтэнсіўным адсмоктванні яду з ранак. Працэдура адсмоктвання яду бяспечная, таму што змяіны яд, трапіўшы ў рот і страўнік, атручвання не выклікае. Адсмоктванне неабходна працягваць 10—15 хвілін, сістэматычна сплёўваючы. Гэта дазваляе вывесці 30—50 % уведзенага гадзюкай яду і аслабіць інтаксікацыю арганізма. Гэтую працэдуру можа правесці як сам пацярпелы, так і іншыя асобы. Пры гэтым пашкоджанай частцы цела трэба забяспечыць поўны спакой, каб зменшыць лімфаадток і запаволіць разыходжанне яду. Пры першай магчымасці месца ўкусу трэба прамыць 1 % растворам калію перманганату і ўвесці ў яго 0,3 мл 0,1 % раствору адрэналіну. У далейшым хворага шпіталізуюць і ў залежнасці ад яго стану праводзяць спецыфічную проціатрутную і сімптаматычную тэрапію.
Адзінкавыя ўджаленні пчалой, асой або чмялём вызываюць абмежаваны мясцовы боль і запаленчую рэакцыю ў выглядзе пякоты, пачырванення і ацёчнасці. Агульнатаксічныя сімптомы (галавакружэнне, млоснасць, азноб) праяўляюцца слаба або адсутнічаюць.
Медыцынская дапамога пры ўджаленні пчалой заключаецца ў выдаленні з ранкі джала. Гэта можна зрабіць пінцэтам або пальцамі. Месца ўджалення трэба змачыць спіртам, эфірам або адэкалонам і прыкласці да яго холад. Пры шматлікіх уджаленнях неабходна зрабіць ін’екцыю 1 мл 5 % раствору эфедрыну або 0,5 мл 0,1 % раствору адрэналіну, унутр даць ан-
тыгістамінныя прэпараты (фенкарол — 0,05 г, дымедрол — 0,03 г або дыпразін — 0,025 г 2—3 разы на дзень), гарачае піццё. У выпадках узнікнення алергічных рэакцый на ўджаленне пацярпелага трэба хутка шпіталізаваць і правесці спецыфічную інтэнсіўную тэрапію.
3
ІНФЕКЦЫЙНЫЯ ХВАРОБЫ
3.1. ХАРАКТАРЫСТЫКА БАКТЭРЫЯЛАГІЧНАГА АЧАГА ПАРАЖЭННЯ
3.1.1. Паняцце аб мікробах
Мікробы, або мікраарганізмы, — гэта найдрабнейшыя жывыя істоты рознай формы і памераў, якія нельга ўбачыць простым вокам. Памеры іх вызначаюцца мікраметрамі або нанаметрамі. Болыпасць мікробаў — аднаклетачныя .арганізмы. Свет мікробаў надзвычай вялікі і разнастайны. Яны ў вялікай колькасці засяляюць глебу, ваду і паветра, знаходзяцца ў кішэчніку чалавека і жывёл, жывуць на скуры і ў поласці рота. Мікробы ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе.
Мікробная клетка складаецца з ядзернага рэчыва, абалонкі і напаўвадкай празрыстай цытаплазмы. Ядзернае рэчыва часцей рассеяна па ўсёй цытаплазме, і толькі ў некаторых мікробаў ядро адмежаванае. Ядро ўтрымлівае дэзаксірыбануклеінавую і рыбануклеінавую кіслоты і адказвае за перадачу спадчынных прымет. Многія мікробы валодаюць органамі руху — жгуцікамі або ілжэножкамі, некаторыя рухаюцца штопарападобна (спірахеты).
Размнажаюцца мікробы простым дзяленнем папалам праз кожныя 20—30 хвілін. Хваробатворныя мікробы выдзяляюць ядавітыя рэчывы — таксіны, якія бываюць двух відаў: 1) экзатаксіны — яды, якія шэраг мікробаў выдзяляюць вонкі ў працэсе свайго жыцця (стрэптакокі, стафілакокі, палачкі батулізму, слупняку, дыфтэрыі, газавай гангрэны і інш.); 2) эндатаксіны — яды, якія ўтвараюцца ўнутры ўсіх мікробаў і вызваляюцца толькі пасля іх гібелі. Колькасць таксінаў, што выдзяляюць мікробы, вызначае іх вірулентнасць (ядавітасць) і здольнасць выклікаць захворванні. Змяняючы ўмовы жыцця мікробаў, можна ўзмацніць або паслабіць іх вірулентнасць. Гэтая акалічнасць бярэцца пад увагу пры вытворчасці бактэрыялагічнай зброі для ўзмацнення яе паражальнага дзеяння і вырабе вакцын — вырошчванні такіх штамаў мікробаў, якія згубілі сваю патагеннасць.
Некаторыя хваробатворныя мікробы пад уздзеяннем ахоўных сіл
арганізма і лекаў могуць змяняцца з утварэннем Л-формаў і мікаплазмаў. Л-форма — гэта мікробная клетка, якая згубіла сваю абалонку. Звычайна лекі і антыцелы аргаяізма дзейнічаюць на абалонку мікроба, а калі яе няма, то знікае і мішэнь, на якую яны накіраваны. Л-формы знойдзены пры туберкулёзе, бруцэлёзе і г. д. Мікаплазмы — гэта асобыя найдрабнейшыя формы мікробаў, якія фільтруюцца праз бактэрыяльныя фільтры. Вядомая іх роля ў развіцці хранічных пнеўманій, паражэнняў суставаў і іншых захворванняў са сцёртымі формамі, якія цяжка паддаюцца лячэнню.