Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
142.72 МБ
3.	Межы каранціннай зоны абазначаюцца папераджальнымі знакамі, паміж імі выстаўляюцца пасты ўзброенай аховы з кругласутачным патруляваннем, на дарогах ствараюцца кантрольна-прапускныя пункты, якія забяспечваюць захоўванне рэжыму пры паступленні ў ачаг прадуктаў харчавання.
4.	Насельніцтва разбіваецца на дробныя групы, для якіх устанаўліваюцца месца і час атрымання прадуктаў харчавання.
5.	Выходзячы з памяшканняў, усе, хто знаходзіцца ў ачагу, павінны карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы органаў дыхання.
Забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання ажыццяўляецца праз спецыяльныя перадатачныя пункты, якія арганізуюцца на кантрольна-прапускных пунктах і абслугоўваюцца персаналам, не паражоным бактэрыяльнай зброяй.
Насельніцтва ў бактэрыялагічным ачагу павінна быць забяспечана індывідуальнымі сродкамі аховы. Да іх адносяцца рэспіратары, процівагазы, процічумныя касцюмы, ахоўнае фільтруючае адзенне і падручныя сродкі (ватна-марлевыя павязкі на рот і нос, камбінезоны, плашчы, накідкі і г. д.). Для абароны ад насякомых могуць прымяняцца накамарнікі і рэпеленты (рыс. 3.1).
На тэрыторыі, дзе ўстаноўлены каранцін, спыняецца работа ўсіх прадпрыемстваў і ўстаноў, акрамя тых, якія маюць важнае народнагаспадарчае і абароннае значэнне. На апошніх работа спыняецца часова для правядзення абеззаражвання тэрыторыі, памяшканняў, абсталявання, гатовай прадукцыі, сыравіны; персанал праходзіць санітарную апрацоўку і экстранную прафілактыку інфекцый, пасля чаго работа ўзнаўляецца. Увесь персанал такіх прадпрыемстваў пераводзіцца на казарменнае становішча.
Працягласць каранціну ўстанаўліваецца ў залежнасці ад інкубацыйнага перыяду захворвання і адлічваецца з моманту ізаляцыі апошняга хворага. Кантроль за выкананнем рэжымных мерапрыемстваў унутры ачага ўскладаецца на службу аховы грамадскага парадку з ліку персаналу, які знаходзіцца ў ачагу.
3.1.6.	Магчымыя санітарныя страты ў бактэрыялагічным ачагу
Асноўным спосабам прымянення бактэрыялагічнай зброі, на думку замежных спецыялістаў, можа быць заражэнне прыземнага паветра мікробнымі аэразолямі. Таму заражэнне людзей у ачагу будзе ўзнікаць спачатку з прычыны ўдыхання заражанага паветра, а ўжо затым — у выніку эпідэмічнага распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў. У адпаведнасці з гэтым магчымыя санітарныя страты сярод насельніцтва ў ачагу падзяляюць на першасныя і другасныя. Першасныя санітарныя страты ўзнікнуць пры заражэнні людзей бактэрыяльнымі аэразолямі, другасныя — пры распаўсюджванні інфекцыі сярод насельніцтва паветрана-капельным, водна-аліментарным, кантактным, або трансмісійным, шляхам.
Велічыня магчымых санітарных страт у ачагу будзе залежаць ад масы прымененай бактэрыяльнай аэразолі, ступені дысперснасці аэразольных часцінак (найбольш эфектыўнымі лічацца часцінкі дыяметрам 4—5 мкм, якія складаюць 10 % аэразольнага воблака), тэрмінаў выяўлення прымянення бактэрыяльнай зброі і апавяшчэння насельніцтва, наяўнасці індывідуальных і калектыўных сродкаў, своечасовасці экстраннай прафілактыкі, проціэпідэмічных і дэзінфекцыйных мерапрыемстваў.
У сувязі з нераўнамернасцю руху патокаў паветра і іншымі аэрадынамічнымі асаблівасцямі тэрыторыя ачага будзе таксама заражана нераўнамерна: з’явяцца зоны інтэнсіўнага заражэння, слабазаражаныя ці незаражаныя. Гэтаму будзе адпавядаць і велічыня першасных санітарных страт. У зоне інтэнсіўнага заражэння суадносіны заражаных і незаражаных людзей будуць 3:1, а ў зоне ўмоўнага заражэння — 1:10.
Велічыня другасных санітарных страт вызначаецца аб’ёмам першасных санітарных страт, вірулентнасцю і кантагіёзнасцю інфекцыі. Пры высокакантагіёзных інфекцыях яны могуць дасягаць 25 % ад першасна не паражонага насельніцтва.
3.2.	АСНОВЫ ЭПІДЭМІЯЛОГП. ДЭЗІНФЕКЦЫЯ, ДЭЗІНСЕКЦЫЯ, ДЭРАТЫЗАЦЫЯ
3.2.1.	Паняцце аб інфекцыйных і эпідэмічных
працэсах
Эпідэміялогія — медыцынская навука, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення, распаўсюджвання, спынення і прафілактыкі інфекцыйных захворванняў.
Яшчэ ў глыбокай старажытнасці людзі ведалі такія метады барацьбы з эпідэміямі, як выдаленне хворых з населеных пунктаў, спальванне рэчаў, якія належалі хворым і памерлым, прыцягванне тых, хто перахварэў, да догляду хворых, з’абарона наведвання хворымі царквы, карыстання калодзежамі. У Еўропе для барацьбы з эпідэміямі пачалі прымяняць каранцін у XIV ст., у Расіі ізалявалі хворых ад здаровых у XVI ст. У час эпідэміі забаранялі наведваць хворых, ажыццяўляць абрады пры пахаванні памерлых, яхіх хавалі на асобных могільніках.
Заснавальнікамі эпідэміялогіі як навукі лічаць італьянскага ўрача Д. Фракастора (XVI ст.), які стварыў вучэнне аб кантагіёзных (заразных) хваробах, у Расіі — Д. С. Самайловіча (XVIII ст.), Д. К. Забалотнага (XX ст.) і яго вучня Л. В. Грамышэўскага, які распрацаваў вучэнне аб механізме перадачы інфекцыі. У XX ст. эпідэміялогія дасягнула шырокага развіцця, былі ліквідаваны шмат якія інфекцыйныя захворванні (натуральная воспа, чума, халера і інш.), якія кожны год адбіралі дзесяткі тысяч, a то і мільёны чалавечых жыццяў. На бліжэйшы перыяд перад эпідэміялогіяй пастаўлена задача ліквідацыі іншых інфекцыйных захворванняў (дыфтэрыя, поліяміэліт, туберкулёз і інш.). Шляхі вырашэння гэтай задачы вызначае эпідэміялогія.
Інфекцыя (ад лац. infectio — заражэнне) — гэта ўкараненне і размнажэнне ў арганізме чалавека і жывёл хваробатворных мікраарганізмаў, якія суправаджаюцца комплексам рэактыўных працэсаў.
Інфекцыйны працэс — гэта ўзаемадзеянне або барацьба паміж макраарганізмам (чалавек, жывёла) і мікраарганізмам (хваробатворны мікроб).
Эпідэмічны працэс — гэта распаўсюджванне інфекцыйных хвароб
у чалавечым калектыве. Гэты працэс састаўляюць тры ўзаемадзейныя звёны: 1) крыніца інфекцыі, якая выдзяляе мікроб — узбуджальнік хваробы; 2) механізм перадачы ўзбуджальніка інфекцыйнай хваробы; 3) успрыімлівае насельніцтва. Пры выпаданні аднаго з гэтых звёнаў, ці фактараў, не могуць узнікаць новыя выпадкі інфекцыйных захворванняў.
Крыніцай інфекцыі пры большасці захворванняў з’яўляецца хворы чалавек ці хворая жывёла, з арганізма якіх узбуджальнік хваробы выдзяляецца пры выдыху, кашлі, рвоце, мочаспусканні, дэфекацыі, чханні. Асабліва інтэнсіўна выдзяляецца ўзбуджальнік у перыяд разгару хваробы. Пры некаторых інфекцыйных хваробах інтэнсіўнае выдзяленне мікроба — узбуджальніка інфекцыі — працягваецца і ў перыяд выздараўлення (брушны тыф, паратыфы, дызентэрыя, дыфтэрыя і інш.).
Часам і пасля выздараўлення чалавек можа працягла заставацца крыніцай інфекцыі. Такіх людзей называюць бактэрыяносьбітамі. Акрамя таго, могуць быць так званыя здаровыя бактэрыяносьбіты — асобы, якія заразіліся, але самі не хварэлі ці перанеслі хваробу ў вельмі лёгкай, нераспазнавальнай форме, пасля чаго сталі бактэрыяносьбітамі.
Адрозніваюць вострае бактэрыяносьбіцтва, калі практычна здаровы чалавек на працягу 2—3 месяцаў пасля хваробы працягвае выдзяляць узбуджальніка інфекцыі, і хранічнае бактэрыяносьбіцтва, калі пасля хваробы чалавек перыядычна выдзяляе мікробы на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў, заражаючы навакольнае асяроддзе.
Інфекцыйныя хваробы, пры якіх крыніцай інфекцыі з’яўляецца чалавек, называюцца антрапанозамі. Інфекцыйныя хваробы, пры якіх крыніцай інфекцыі з’яўляюцца жывёлы, называюцца заанозамі. Аднак ёсць і такія хваробы, пры якіх крыніцай інфекцыі можа быць і чалавек, і жывёла (чума). Іх называюць антрапазаанозамі.
Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы пры прамым кантакце (укус шалёнай жывёлай, разбіранне тушы і інш.), а таксама пры ўжыванні малака і мяса, атрыманых ад хворай жывёлы.
Механізм перадачы ўзбуджальніка і н ф е к ц ы і. Пасля выдзялення з крыніцы інфекцыі ў знешняе асяроддзе ўзбуджальнік хваробы можа загінуць або працягла захоўвацца да пападання ў іншы арганізм, Працягласць выжывання ўзбуджальніка інфекцыі ў знешнім асяроддзі залежыць ад уласцівасцяў апошняга і ад устойлівасці мікроба. У мяса-малочных прадуктах узбуджальнікі многіх інфекцыйных захворванняў могуць працягла захоўвацца і нават размнажацца. Узбуджальнікі сібірскай язвы, слупняку і батулізму дзесяцігоддзямі
могуць захоўвацца ў глебе ў выглядзе спор. Высахлыя ўзбуджальнікі туберкулёзу ў выглядзе пылу могуць захоўвацца ў паветры закрытых памяшканняў некалькі тыдняў.
У перадачы ўзбуджальнікаў захворванняў удзельнічаюць фактары навакольнага асяроддзя — паветра, вада, глеба, харчовыя прадукты і інш., якія называюцца фактарамі перадачы інфекцыі.
Шляхі перадачы інфекцыі вельмі разнастайныя. Па механізме дзеяння іх аб’ядноўваюць у чатыры групы.
1.	Кантактны шлях перадачы — праз вонкавае покрыва. Пры гэтым адрозніваюць прамы кантакт, калі ўзбуджальнік перадаецца пры непасрэдным сутыкненні носьбіта інфекцыі са здаровым арганізмам (палавы шлях перадачы венерычных хвароб, укус або асліненне чалавека шалёнай жывёлай і г. д.), і непрамы кантакт, пры якім інфекцыя перадаецца праз прадметы ўжытку (дзіцячыя цацкі, гарбарна-футравыя вырабы і інш.).
2.	Фекальна-аральны шлях перадачы — узбуджальнік хваробы выдзяляецца з арганізма хворых з фекаліямі, а заражэнне адбываецца праз рот разам з ежай і вадой, забруджанымі фекаліямі. Пры гэтым адрозніваюць харчовы шлях перадачы інфекцыйных хвароб (брушны тыф, паратыфы, халера, дызентэрыя, бруцэлёз, поліяміэліт, хвароба Боткіна і інш.) і водны шлях, пры якім інфіцыраванне здараецца пры ўжыванні заражанай фекаліямі вады, мыцці прадуктаў і купанні ў ёй (брушны тыф, дызентэрыя, халера, тулярэмія, бруцэлёз і інш.). Інфіцыраванне можа адбывацца бруднымі рукамі, калі не захоўваюцца правілы асабістай гігіены. Таму кішэчныя інфекцыйныя хваробы нездарма называюць хваробамі брудных рук.
3.	Перадача праз паветра — адбываецца пры дыханні, гаворцы, кашлі, чханні пры інфекцыйных хваробах, якія паражаюць слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў (лёгачная форма чумы, дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр, ветраная воспа, натуральная воспа і г. д.). Большасць з іх перадаецца з капелькамі слізі — капельная інфекцыя, а некаторыя таксама і з часцінкамі пылу — пылавая інфекцыя (натуральная воспа, сібірская язва, туберкулёз, тулярэмія і г. д.).
4.	Трансмісійны шлях — перадача ўзбуджальнікаў хвароб членістаногімі: мухамі, вошамі, блохамі, кляшчамі, камарамі і інш. Пры гэтым насякомыя могуць быць механічнымі пераносчыкамі мікробаў, напрыклад мухі, якія пераносяць на харчовыя прадуктк ўзбуджальнікаў кішэчных інфекцый. Аднак членістаногія, якія насмакталіся крыві хворай жывёлы,