• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

    Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 421с.
    Мінск 1996
    142.72 МБ
    Клінічная карціна. Пасля пранікнення ВІЧ у арганізм праз некалькі дзён узнікае кароткачасовае вострае захворванне. Пры гэтым з’яўляюцца гарачка, ангіна, павялічваюцца лімфатычныя вузлы ўсяго арганізма, адбываюцца адпаведныя змены ў карціне крыві.
    Першаснае вострае захворванне, як правіла, заканчваецца наступленнем латэнтнага перыяду, які характарызуецца бессімптомнай формай інфекцыі і можа працягвацца да таго часу, пакуль які-небудзь актывавальны фактар не парушыць раўнавагі, якая ўсталявалася паміж сістэмай антыген — антыцела. 3 гэтым і звязаны інкубацыйны перыяд пры СНІДзе, які можа вагацца ад 3—6 месяцаў да 4—6 гадоў, а па некаторых звестках — да 10—20 гадоў.
    Ролю актывавальнага фактару можа адыграць любая іншая інфекцыя, у тым ліку і паўторная інфекцыя ВІЧ, а таксама іншыя прычыны, якія могуць выклікаць аслабленне імуннай сістэмы арганізма.
    Аслабленне функцыі лімфацытаў праяўляецца стратай супраціўляльнасці арганізма, схільнасцю да развіцця пухлін і запаленчых працэсаў пад уздзеяннем умоўнапатагеннай мікрафлоры, якая ў звычайным стане хваробы не выклікае. Гэтыя інфекцыі называюць апартуністычнымі, таму што яны ўзнікаюць на фоне
    ВІЧ-інфекцыі. Да іх адносяцца хваробы, выкліканыя вірусам простага герпесу, гепатыту В, мікабактэрыямі, пнеўмацыстамі, дражджавымі і іншымі грыбкамі.
    Хваробы, выкліканыя герпетычнымі вірусамі (просты герпес, ветраная воспа, апярэзваючы лішай і інш.), называюць СНІДіндыкатарнымі захворваннямі. Пры СНІДзе яны прымаюць зацяжное хранічнае цячэнне, часга рэцыдывіруюць.
    Сімптомы СНІДу вельмі разнастайныя. Пэўныя пачатковыя сімптомы хваробы адсутнічаюць, часам яны носяць характар восграга рэспіраторнага захворвання. Таму так незвычайна і называецца хвароба — СНІД, вядучай прыметай якой з’яўляецца набыты імунадэфіцыт. Сімптомы, што ўзнікаюць пры СНІДзе, сустракаюцца і пры іншых вострых і хранічных захворваннях. Вось чаму яны могуць мець дачыненне да гэтай хваробы толькі тады, калі сам хворы звязвае іх з’яўленне з фактам выпадковага палавога кантакту, з карыстаннем шпрыцамі па-за медыцынскай установай або атрыманнем донарскай крыві.
    Умоўна можна вылучыць некаторыя прыметы СНІДу, папярэдне падкрэсліўшы іх адноснасць і зменлівасць.
    1.	Гарачка на ўзроўні 38—40 °C, якая можа чаргавацца з паніжэннем тэмпературы да нармальнай, працягваецца да 1,5—2 і болей месяцаў і не паддаецца лекавай тэрапіі. Рэнтгеналагічна ў гэты час у 50—60 % хворых можа дыягнаставацца пнеўманія.
    2.	Страта масы цела за 1,5—2 месяцы да 8—10 кг, або болей 10 %, пры адсутнасці іншых істотных прычын.
    3.	Павелічэнне шыйных, падпахавых і пахвінных лімфатычных вузлоў без сімптомаў выяўнага запаленчага працэсу ў арганізме.
    4.	Амаль у 30 % хворых на скуры галавы, шыі, тулава і ў іншых месцах, а таксама на слізістых абалонках паяўляюцца паражэнні ў выглядзе саркомы Капошы, якія зыходзяць з крывяносных сасудаў, маюць дыяметр ад 1 да 5 см і афарбаваны ў рудавата-сіняваты колер.
    5.	З’яўленне на слізістых абалонках поласці рота белых плямаў, якія называюцца лейкаплакіямі.
    6.	Працяглы панос, які не паддаецца медыкаментознаму лячэнню.
    7.	Амаль у кожнага трэцяга хворага ўзнікае паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы (ЦНС) у форме дэменцыі (прыдуркаватасці), якая хутка прагрэсіруе, падвострага энцэфаліту, вострага або хранічнага менінгіту. Дэменцыя можа развівацца ў раннім перыядзе захворвання, яшчэ да фарміравання імунадэфіцытнага стану.
    Паражэнне ЦНС узнікае ў сувязі з развіццём лімфом — пухлін, якія паходзяць з лімфоіднай тканкі. Лімфомы пры СНІДзе харак-
    тарызуюцца злаякасным цячэннем, хутка ўцягваюць у працэс мазгавую тканку за межамі лімфатычных вузлоў.
    Клінічная карціна паражэння ЦНС выражаецца ў парушэнні інтэлектуальнай і рухальнай функцый арганізма. Раннія прыметы інтэлектуальнага расстройства праяўляюцца зніжэннем памяці на імёны, нумары тэлефонаў і адрасы, запавольваннем рухальных рэакцый. Рухальныя парушэнні праяўляюцца няўстойлівай паходкай, дрыжаннем, якія звычайна ўзнікаюць услед за інтэлектуальнымі расстройствамі, іншы раз і адначасова з імі.
    Дыягностыка. Важную ролю для ўсганаўлення дыягназу адыгрываюць клінічная карціна хваробы і анамнез жыцця хворага, але ў большасці выпадкаў без сералагічнага і вірусалагічнага пацвярджэння ўстанавіць дыягназ СНІДу немагчыма.
    Паражэнне імуннай сістэмы развіваецца не адразу пасля пранікнення ВІЧ-інфекцыі, а праз даволі доўгі час, на працягу якога вірус перыядычна з’яўляецца ў крыві і на яго выпрацоўваюцца спецыфічныя антыцелы. Час з моманту інфіцыравання да з’яўлення ў арганізме спецыфічных антыцел вагаецца ад 3—4 тыдняў да 4 месяцаў, але можа дасягаць аднаго года. Аднак у 80—90 % інфіцыраваных антыцелы выяўляюцца праз месяц пасля заражэння. У некаторых выпадках у раннім перыядзе хваробы сімптомы СНІДу развіваюцца пры поўнай адсутнасці ў сываратцы крыві антыцел да ВІЧ-інфекцыі.
    У хворых з выражанай клінічнай сімптаматыкай антыцелы выяўляюцца ў 90—95 % выпадкаў, а ў тэрмінальнай стадыі хваробы — толькі ў 50—60 %.
    Цяпер ужо вядома, што ВІЧ выдзяляецца з арганізма са сліной, потам, малаком маці і са спермай. Дыягназ СШДу павінны быць пацверджаны лабараторным даследаваннем і выяўленнем ВІЧ або антыцел супраць яго ў адной з біялагічных вадкасцей, якія ўтрымліваюць інфекцыю.
    Для дыягностыкі СНІДу прымяняюцца некалькі лабараторных метадаў, якія дазваляюць пацвердзіць дыягназ на працягу 2—6 гадзін. Найбольш шырока з гэтай мэтай выкарыстоўваецца імунаферментны аналіз (ІФА), які дае магчымасць выявіць у інфіцыраванага як сам вірус, так і антыцелы супраць яго. Аснову метада складае працэдура папярэдняга накаплення ВІЧ. Затым ставяць рэакцыю антыген — антыцела з даследуемай сывараткай крыві з выкарыстаннем фарбавальніка-індыкатара. Такія рэакцыі можна ставіць таксама са сліной і іншымі біялагічнымі вадкасцямі, якія змяшчаюць ВІЧ.
    Л я ч э н н е інфекцыйных хвароб прадугледжвае: 1) прымяненне лекавых сродкаў, якія выбарачна падаўляюць у арганізме чалавека развіццё і размнажэнне ўзбуджальнікаў хвароб; 2) ужыванне ле-
    кавых прэпаратаў, якія павышаюць агульную супраціўляльнасць арганізма, яго неспецыфічны імунітэт і садзейнічаюць выпрацоўцы спецыфічнага напружанага імунітэту супраць узбуджальніка хваробы.
    Аднак да гэтага часу эфектыўных лекавых сродкаў, якія былі б здольныя выбарачна падаўляць у арганізме ВІЧ, не знойдзсна. Навучыліся толькі лепш лячыць так званыя апартунісгычныя інфекцыі.
    Нявырашанай застаецца і галоўная ў лячэнні стратэгічная задача — аднаўленне страчанай арганізмам функцыі імуннай сістэмы.
    Некаторы станоўчы эфект пры лячэнні хворых атрыманы ад прымянення імунастымулятараў — тымаліну, прадыгіязану, пірагеналу. Дае пэўны эфект ужыванне лейкацытаркага інтэрферону. Аднак дзеянне гэтых сродкаў, як правіла, абмяжоўваецца невялікім тэрмінам — тыднямі, радзей месяцамі; калі ж развіваецца клінічны сіндром хваробы, яны аказваюцца неэфектыўныя. Hi адзін з гэтых прэпаратаў не паўплываў на зыход хваробы і істотна не змяніў яе працягласць. Хворыя з развітай клінічнай карцінай хваробы рэдка жывуць больш 2 гадоў. На працягу першага года пасля ўстанаўлення дыягназу СНІДу смяротнасць складае 50 %, у наступныя 2 гады паміраюць яшчэ 30—40 % хворых.
    Лечаць хворых СНІДам у інфекцыйных бальніцах. Іх змяшчаюць у агульныя палаты; медыцынскі персанал працуе ў звычайным адзенні з выкананнем устаноўленых мер перасцярогі.
    Тэарэтычна дапускаецца магчымасць інфіцыравання медыцынскага персаналу ад хворых СНІДам пры выкананні лячэбных працэдур, якая не перавышае 1 % рызыкі. Таму ўсе медыцынскія мерапрыемствы і лабараторныя работы павінны праводзіцца з пэўнай перасцярогай — выкарыстаннем пальчатак, масак, ахоўных акуляраў. Інфіцыраваныя ўчасткі скуры неабходна добра памыць цёплай вадой з мылам, пасля чаго апрацаваць 3 % растворам пераксіду вадароду ці 70° этылавым спіртам. У выпадку пападання інфіцыраванага матэрыялу на слізістую абалонку вачэй іх добра прамываюць вадой і 2 % растворам борнай кіслаты.
    Прафілактыка. Для папярэджвання інфекцыйных хвароб з вялікім эфектам прымяняюцца прафілактычныя вакцыны супраць натуральнай воспы, дыфтэрыі, адзёру, паратыту і інш. Гэта схіляла вучоных да меркавання аб магчымасці стварэння вакцыны і супраць СНІДу. Механізм ахоўнага дзеяння вакцыны створаны самой прыродай: неўспрымальнасць да захворвання ўзнікае пасля перанесенай хваробы.
    Аднак імавернасць стварэння вакцыны супраць ВІЧ выклікае шмат сумненняў.
    Галоўная цяжкасць заключаецца ў тым, што ВІЧ непасрэдна
    паражае клеткі імуннай сістэмы, якія створаны прыродай для фарміравання антыцел супраць антыгенаў. Гэтым самым ВІЧ амаль поўнасцю нейтралізуе процівірусную барацьбу арганізма.
    Другая цяжкасць стварэння высокаэфектыўнай вакцыны супраць СНІДу абумоўлена высокай варыябельнасцю антыгеннага саставу ВІЧ, які да таго ж валодае высокай здольнасцю да мутацый. Антыгенны састаў ВІЧ можа істотна адрознівацца не толькі ў розных вірусаносьбітаў і хворых, але і ў аднаго і таго ж хворага ў розныя перыяды хваробы, а тдксама ў залежнасці ад таго, з якога органа або тканкі ён выдзелены. Таму вакцына супраць СНІДу павінна быць мультывалентная — уключаць бялкі розных штамаў ВІЧ.
    Трэцяй цяжкасцю стварэння вакцыны з’яўляецца неабходнасць фарміравання антыцел не толькі супраць свабодных ВІЧ у току крыві, лімфы або ў тканкавай вадкасці, але таксама і супраць інфіцыраваных клетак, паколькі ВІЧ можа перадавацца ад клеткі да клеткі ў імуннай сістэме або ў ЦНС.
    Чацвёртая цяжкасць тлумачыцца здольнасцю ВІЧ пранікаць праз ахоўны гематаэнцэфалічны бар’ер у ЦНС, праз які не пранікаюць спецыфічныя антыцелы.
    Усё гэта сведчыць пра тое, што прагнозы па стварэнні вакцыны супраць СНІДу маласуцяшальныя. Аднак работы ў гэтым напрамку актыўна вядуцца.
    Апошнім часам галоўныя намаганні ў справе прафілактыкі СНІДу перанесены на вобласць сацыяльна-маральных і прававых адносін у грамадстве. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе накіраваць прафілактыку захворвання па лініі шырокай інфармацыі і выхаваўчай работы ў сексуальнай сферы. Прымусовае выяўленне інфіцыраваных не рэкамендуецца. Згодна з гэтай рэкамендацыяй прафілактыка СНІДу павінна быць накіравана: 1) на павышэнне сексуальнай культуры насельніцтва; 2) на строгае выкананне прынцыпу добраахвотнасці і ананімнасці пры абследаванні.