• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

    Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 421с.
    Мінск 1996
    142.72 МБ
    Па ступені цяжкасці клінічнай карціны вострыя атручванні серавадародам падзяляюць на лёгкія, сярэдняй цяжкасці і цяжкія.
    Лёгкія атручванні характарызуюцца ўзнікненнем прымет раздражнення слізістых абалонак вачэй і верхніх дыхальных шляхоў. Паяўляюцца адчуванне рэзі ў вачах, светлабоязь, слёзацячэнне, блефараспазм, пачырваненне кан’юнктывы, насмарк, пяршэнне ў горле, кашаль. Магчымы рэфлекторны спазм гартані і бронхаў.
    Атручванні сярэдняй цяжкасці характарызуюцца далучэннем да сімптомаў мясцовага паражэння прымет рэзарбтыўнага дзеяння серавадароду. Дадаткова ўзнікаюць галаўны боль, галавакружэнне, моташнасць, ірвота, узбуджанасць або страта прытомнасці, парушэнне каардынацыі рухаў. Акрамя таго, могуць назірацца цыяноз, зніжэнне артэрыяльнага ціску, тахікардыя, панос, частае мочаспусканне, павышэнне тэмпературы цела. У некаторых выпадках развіваюцца бранхіт, пнеўманія.
    Цяжкія атручванні характарызуюцца выяўным цыянозам, ірвотай, сутаргамі, парушэннямі з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы, значным зніжэннем артэрыяльнага ціску, таксічным ацёкам лёгкіх, глыбокай стратай прытомнасці — комай. Часам кома змяняецца ўзбуджанасцю, зноў паяўляюцца сутаргі, узнікаюць галюцынацыі, пасля чаго развіваюцца млявасць, стан непрытомнасці, сон.
    Маланкавая форма атручвання характарызуецца імгненнай стратай прытомнасці, развіццём сутаргаў і наступленнем смерці ад параліча дыхальнага і сасударухальнага цэнтраў.
    Далейшым вынікам перанесенага цяжкага атручвання могуць быць зніжэнне памяці і інтэлекту, хранічны менінгіт, паралічы і інш.
    Першая медыцынская дапамога пры
    атручванні серавадародам прадугледжвае наступныя мерапрыемствы.
    1.	Неабходна неадкладна вывесці пацярпелага з атмасферы, якая змяшчае серавадарод, забяспечыць прыток свежага паветра, расшпіліць цесную вопратку, даць для інгаляцый ампулу амілнітрыту, забяспечыць спакой, сагрэць.
    2.	Пры аслабленні ці спыненні дыхання зрабіць штучную вентыляцыю лёгкіх з інгаляцыямі кіслароду.
    3.	Вочы прамыць цёплай вадой. Поласці носа, рота і насаглоткі прапаласкаць 2 % растворам натрыю гідракарбанату.
    4.	Эвакуіраваць пацярпелага ў бліжэйшы ўрачэбны пункт, бальніцу або АПМ.
    Характар далейшай медыцынскай дапамогі і догляду пацярпелага павінны адпавядаць цяжкасці паражэння.
    1.	Пры неабходнасці прамываюць вочы, прапалоскваюць нос, поласці рота і насаглоткі.
    2.	Прыступы кашлю здымаюць прыёмам унутр кадэіну па 0,01 г.
    3.	Назначаюць шчолачныя інгаляцыі і працяглыя інгаляцыі кіслароду.
    4.	Пры паяўленні сімптомаў рэзарбтыўнага дзеяння ўнутрывенна ўліваюць 20—30 мл 0,25—0,5 % раствору метыленавага сіняга Ў 40 % растворы глюкозы.
    5.	Лячэнне развітага таксічнага ацёку лёгкіх праводзяць у адпаведнасці з тымі ж прынцыпамі, што і пры паражэннях удушлівымі атрутнымі рэчывамі.
    Атручванне метанам. Метан (СН4) — найпрасцейшы гранічны вуглевадарод — бясколерны газ, які валодае спецыфічным пахам, крыху лягчэйшы за паветра, раствараецца ў вадзе (9 мл у 100 мл вады), з водных раствораў добра пранікае праз скуру чалавека. На паветры гарыць бясколерным полымем. У сумесі з паветрам пры канцэнтрацыі 5,1 —16 % узгараецца з выбухам.
    Метан з’яўляецца асноўным кампанентам прыродных (77— 99 %), спадарожных нафтавых (31—90 %), руднічнага і балотнага газаў. Выкарыстоўваецца як паліва, а таксама ў хімічнай прамысловасці як сыравіна для атрымання ацэтылену, фармальдэгіду, серавугляроду, хлараформу, сінільнай кіслаты, сажы і г. д.
    У арганізме чалавека метан утвараецца ў кішэчніку ў выніку працэсаў браджэння, выдзяляецца з кішэчнымі газамі і пры дыханні.
    У вялікіх канцэнтрацыях метан ядавіты. Працяглае ўдыханне паветра з вялікім яго ўтрыманнем выклікае галаўныя болі, зніжэнне вастрыні зроку, парушэнне колераадчувальнасці, запавольванне дыхання, санлівасць. Удыханне метану ў газавай сумесі, якая не змяшчае кіслароду, прыводзіць да страты прытомнасці на 5—6-м
    удыху, прыпыненне дыхання і сардэчнай дзейнасці наступнае на 4—6-й хвіліне.
    Па ступені цяжкасці клінічнай карціны вострыя атручванні метанам падзяляюць на лёгкія, сярэдняй цяжкасці і цяжкія.
    Лёгкія атручванні характарызуюцца парушэннямі функцый цэнтральнай нервовай сістэмы і сардэчнай дзейнасці пры захаванні прытомнасці, якія хутка праходзяць. Пры гэтым поўная працаздольнасць пацярпеўшага ўзнаўляецца на 2—3-я суткі.
    Атручванні сярэдняй цяжкасці суправаджаюцца стратай прытомнасці да 2—3 гадзін і больш глыбокім парушэннем сардэчнай дзейнасці, а таксама парушэннямі функцый цэнтральнай нервовай сістэмы. У перыферычнай крыві адзначаецца павелічэнне колькасці лейкацытаў да 10-103-14-103 у 1 мкл. Пры аказанні медыцынскай дапамогі працаздольнасць пацярпелага ўзнаўляецца праз 8—15 дзён.
    Цяжкія атручванні характарызуюцца працяглай стратай прытомнасці, узнікненнем арганічных паражэнняў галаўнога мозга, сэрца, страўнікава-кішачнага тракту, развіццём таксічнага ацёку лёгкіх. У перыферычнай крыві лейкацытоз дасягае 16-103-20-103 клетак у 1 мкл. Пры спрыяльным зыходзе страта працаздольнасці дасягае 1,5—2 месяцаў.
    Першая медыцынская дапамога пры атручванні метанам прадугледжвае наступныя мерапрыемствы.
    1.	Неадкладна вынесці пацярпелага на свежае паветра, расшпіліць вопратку, якая перашкаджае дыханню, прыняць меры да сагравання пры дапамозе грэлак.
    2.	Правесці інгаляцыі кіслароду. Пры спыненні дыхання праводзіць штучную вентыляцыю лёгкіх з інгаляцыямі кіслароду.
    3.	Эвакуіраваць пацярпелага ў бальніцу.
    У бальніцы ўрачэбная дапамога праводзіцца ў адпаведнасці з цяжкасцю паражэння.
    1.	Працягваюць лячэнне кіслародам. У выпадках, калі лячэнне кіслародам пры нармальным атмасферным ціску не дае неабходнага лячэбнага эфекту, прымяняюць інгаляцыі кіслароду пад павышаным ціскам у спецыяльнай баракамеры.
    2.	Праводзіцца дэгідратацыйная тэрапія, накіраваная на памяншэнне колькасці вадкасці ў арганізме, а таксама з мэтай дэзінтаксікацыі, паляпшэння сардэчнай дзейнасці і прафілактыкі ацёку лёгкіх.
    3.	Лячэнне ацёку лёгкіх такое ж, як і пры паражэнні ўдушлівымі атрутнымі рэчывамі.
    4.	У залежнасці ад паказанняў сімптаматычная тэрапія можа прадугледжваць увядзенне сардэчна-сасудзістых сродкаў, гармонатэрапію, антыбактэрыяльную тэрапію, вітамінатэрапію і г. д.
    Атручванне дыхлорэтанам. Дыхлорэтан (С1СН2-СН2С1, этылендыхларыд) — бясколерная вадкасць з саладкаватым пахам. Тэмпература яго кіпення — 83,7 °C, пара ў 3 разы цяжэйшая за паветра. Добра раствараецца ў спірце, эфіры, тлушчах, мінеральных маслах; у вадзе пры тэмпературы 20 0 С растваральнасць складае 0,86%.
    Прымяняецца як растваральнік, фумігант, сыравіна ў вытворчасці пластмас, каўчука, у фармацэўтычнай прамысловасці як экстрагент для выцягвання тлушчаў і масел, у вытворчасці лакаў, клею для склейвання пластмасавых вырабаў і інш.
    Дыхлорэтан можа пранікаць у арганізм чалавека праз слізістыя абалонкі пры прыёме ўнутр, удыханні пары разам з паветрам і праз непашкоджаныя скурныя покрывы. Пры пранікненні ў арганізм праз скуру пакідае мясцовыя паражэнні ў выглядзе ацёку і пачырванення скуры, пузыроў і некратычных дэрматытаў. На чалавека аказвае наркатычнае і агульнатаксічнае ўздзеянне, асабліва моцна паражае цэнтральную нервовую сістэму, печань, ныркі і сэрца.
    3 прычыны знешняга падабенства з этылавым спіртам бываюць выпадкі прыёму дыхлорэтану ўнутр з мэтай ап’янення. Смяротная доза пры прыёме ўнутр для дарослага чалавека ў залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей складае ад 10 да 50 мл. ГДК у паветры — 10 мг/м3. Канцэнтрацыя пары дыхлорэтану ў паветры, экспазіцыя ўздзеяння, шляхі пранікнення ў арганізм абумоўліваюць узнікненне вострых і хранічных атручванняў.
    Пры ўдыханні паветра з канцэнтрацыяй пары дыхлорэтану 300— 600 мг/м3 сімптомы вострага атручвання ўзнікаюць праз 2—3 гадзіны.
    Па ступені цяжкасці інтаксікацыі арганізма і выражанасці клінічнай карціны адрозніваюць лёгкія атручванні, сярэдняй цяжкасці і цяжкія.
    Лёгкія атручванні характарызуюцца наступнымі сімптомамі: галавакружэннем, саладкаватым прысмакам у роце, моташнасцю, рвотай, раздражненнем слізістых абалонак, пачырваненнем скуры, балючасцю і невялікім павелічэннем печані, эйфарыяй, атаксіяй (парушэнне каардынацыі рухаў), санлівасцю. Пры спыненні ўздзеяння яду лёгкія атручванні вылечваюцца за адзін—два дні.
    Атручванні сярэдняй цяжкасці характарызуюцца больш глыбокім праяўленнем клінічных сімптомаў, якія ўзнікаюць у выніку павышэння інтаксікацыі арганізма. У пацярпелага могуць узнікаць таксічны гастрыт і гастраэнтэрыт (моташнасць, ірвота, панос), парушэнне дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы (атаксія, затарможанасць ці ўзбуджанасць), расстройствы функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы (тахікардыя, гіпертанія ці гіпатанія), сімптомы таксічнага гепатыту і нефрыту.
    Цяжкія атручванні вызначаюцца паяўленнем цыянозу твару і канечнасцяў, псіхаматорнай узбуджанасці, клоніка-танічных сутаргаў, вострага гастраэнтэрыту, таксічнага гепатыту і нефрыту з прыметамі пячоначна-ныркавай недастатковасці (урэмія, жаўтуха, парушэнне згусання крыві са схільнасцю да крывацёку), павышэннем тэмпературы цела і развіццём комы.
    Пры атручванні, выкліканым інгаляцыямі дыхлорэтану, спачатку развіваюцца сімптомы паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы (галавакружэнне, атаксія, затарможанасць, псіхаматорная ўзбуджанасць, кома), а затым да іх далучаюцца прыметы парушэння функцыі страўнікава-кішачнага тракту, печані, нырак і сардэчнасасудзістай дзейнасці.
    Лятальнасць пры атручваннях сярэдняй цяжкасці можа дасягаць 55 %, а пры цяжкіх атручваннях — да 96 %. Пры пераважным паражэнні цэнтральнай нервовай сістэмы смяротныя зыходы часцей назіраюцца ў першыя суткі пасля атручвання, а пры пераважным паражэнні печані і нырак — пад канец першага — трэцяга тыдня пасля атручвання.
    Першая медыцынская дапамога пры атручваннях дыхлорэтанам уключае наступнае.
    1.	Пры вострым атручванні парай дыхлорэтану неабходна вынесці пацярпелага на свежае паветра, вызваліць ад адзення, якое перашкаджае дыханню, забяспечыць спакой, сагрэць.
    2.	Пры парушэнні сардэчнай дзейнасці, аслабленні ці спыненні дыхання зрабіць ін’екцыі камфары, кафеіну, кардыяміну, штучную вентыляцыю лёгкіх, інгаляцыі кіслароду.
    3.	Пры пападанні дыхлорэтану ўнутр добра прамыць страўнік 2 % растворам натрыю гідракарбанату.