Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Этыялогія. Узбуджальнік натуральнай воспы — вірус, які ўсгойлівы ў навакольным асяроддзі, працягла захоўваецца пры высушванні і нізкіх тэмпературах, а пры пакаёвай тэмпературы жыццяздольны да 17 месяцаў. Вірус страчвае свае хваробатворныя ўласцівасці пры тэмпературы 100 °C праз 10 хвілін, пры 60 °C — праз 1 гадзіну.
Крыніца інфекцыі — хворы чалавек ад пачатку інкубацыйнага перыяду да поўнай папраўкі. Выдзяленне віруса адбываецца са сліззю з органаў дыхання, а пазней — з элементаў скурнага сыпу.
Шляхі перадачы інфекцыі. Вірус распаўсюджваецца хворым з капелькамі слізі і сліны пры гаворцы, кашлі, чханні, a таксама з макротай, мачой і лушчынкамі са скуры. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні заражанага паветра і пры карыстанні
посудам, бялізнай, адзеннем, прадметамі дамашняга ўжытку, якія забруджаны выдзяленнямі хворага.
Клінічная карціна. Інкубацыйны перыяд — 10—14 дзён, можа быць карацейшы — да 7—5 дзён і больш працяглы — да 15—17 дзён.
Адрозніваюць 6 клінічных формаў натуральнай воспы, якія па цяжкасці цячэння аб’ядноўваюць у 3 групы: 1) воспа звычайнага цячэння і зліўная воспа; 2) варыялоід і воспа без сыпу; 3) гемарагічная пусгулёзная воспа і воспавая пурпура, якія вядуць да лятальнага зыходу.
Воспа звычайнага цячэння мае 7 клінічных перыядаў: інкубацыйны, пачатковы, перыяды высыпання, расцвітання, нагнаення, падсыхання і адпадання корак.
Пачатковы перыяд наступае пасля інкубацыйнага. Сярод поўнага здароўя ўзнікае азноб, тэмпература павышаецца да 39—40 0 С і трымаецца на гэтым узроўні тры дні. Гарачка суправаджаецца моцным галаўным болем і болем у крыжы. На друн, а часам і на першы дзень хваробы паяўляецца эфемерная гемарагічная высыпка на скуры ў вобласці плечавога трохвугольніка (вобласць грудных мышц і ўнутранай паверхні плеч) і сцегнавога трохвугольніка (ніз жывата і ўнутраныя паверхні клубоў) (рыс. 3.2).
Перыяд высыпання наступае на чацвёрты дзень хваробы. Тэмпература падае, высыпка пачатковага перыяду знікае, паляпшаецца самаадчуванне. На твары высыпаюць дробныя бледна-ружовыя плямкі, якія ўзвышаюцца над скурай. На працягу 3 дзён яны пакрываюць усё цела за выключэннем скуры жывата. Высыпанне
суправаджаецца адчуваннем гарачыні і лёгкага свербу. Элементы сыпу становяцца плотныя, велічынёй з гарошыну і асабліва моцна пакрываюць твар і рукі. Паяўляецца сып таксама на слізістых абалонках і кан’юнктывах вачэй. Гэта воспавы папулёзны сып.
ГІерыяд расцвітання прыпадае на сёмы і восьмы дні хваробы. За гэты час папулы ператвараюцца ў везікулы (пузыркі) шэрага колеру з цэнтральным угінаннем (воспавы пупок), якія сядзяць на цвёрдай аснове.
Перыяд нагнаення пачынаецца з 9—10-га дня хваробы. Тэмпература зноў павышаецца да 39—40 ° С, свядомасць зацямняецца, пульс становіцца часты і арытмічны. Везікулы нагнойваюцца і ператвараюцца ў пустулы жоўтага колеру. 3 пустул выцякае гной, узнікае балючасць пры дыханні і глытанні,
Перыяд падсыхання наступае з 11—12-га (або з 15—17-га) дня хваробы. Пустулы падсыхаюць, пакрываюцца бурымі коркамі, болі змяншаюцца, паяўляецца нясцерпны сверб. Агульны стан хворых паляпшаецца.
Перыяд адпадання корак наступае на 18—20-ы дзень хваробы і працягваецца па 40-ы дзень і болей. Коркі паступова адпадаюць, а на іх месцы засгаюцца на ўсё жыццё рабіны.
Зліўная воспа — больш інтэнсіўная форма воспы звычайнага цячэння. Сып, асабліва на твары і руках, стварае масіўныя гнойныя пузыры.
Варыялоід — лёгкая форма натуральнай воспы. Толькі інкубацыйны і пачатковы перыяды супадаюць па прыметах з воспай звычайнага цячэння. Скарачаецца ў два разы працягласць захворвання. Сып праходзіць бясследна, рабіны не застаюцца.
Воспа без сыпу — найбольш лёгкая форма натуральнай воспы, працякае без ярка выяўнай агульнай рэакцыі.
Гемарагічная пустулёзная воспа адрозніваецца ад воспы звычайнага цячэння сіне-барвовым або чорна-сінім колерам сыпу з-за прасочвання крыві. Кроў паяўляецца таксама ў макроце, мачы, рвотных масах, выпаражненнях. У народзе была празвана ч о рнай воспай. Характарызуецца вельмі высокім смяротным зыходам на 8—10-ы дзень хваробы.
Воспавая пурпура адрозніваецца вельмі інтэнсіўным сыпам, які носіць характар эрытэмы з мноствам кровазліццяў. Працякае вельмі цяжка, на 3—4-ы дзень наступае смерць.
Пры даследаванні крыві хворых выяўляецца ўмераны лейкацытоз з нейтрафілёзам са зрухам лейкацытарнай формулы ўлева.
Д ы я г н а з натуральнай воспы ўстанаўліваецца на падставе клінічных сімптомаў і лабараторна пацвярджаецца бактэрыялагічным даследаваннем па выяўленні цельцаў Пашэна ў вадкасці, атрыманай з элемента сыпу.
Ускладненнямі пры натуральнай воспе могуць быць слепата, глухата, сепсіс, пнеўманіі і інш.
Л я ч э н н е хворых праводзіцца ў інфекцыйным шпігалі для асабліва небяспечных інфекцый. Для лячэння прымяняюць процівоспавы гама-глабулін, які ўводзяць унутрамышачна з самага пачатку хваробы па 10—15 мл 1—3 разы.
3 мэтай прафілактыкі гнойных ускладненняў прымяняюць антыбіётыкі (пеніцылін, ампіцылін, ампіокс і інш.).
Хворыя натуральнай воспай маюць патрэбу ў старанным доглядзе, частай змене нацельнай і пасцельнай бялізны, добрым праветрыванні палаты, паўцацэнным харчаванні. Ежа павінна быць вадкая або напаўвадкая, каб не траўміраваць элементы сыпу на слізістых абалонках. Поласць рота прапалоскваць 0,25—0,5 % растворам пераксіду вадароду або натрыю гідракарбанату. Вочы і павекі апрацоўваюць 1 % растворам борнай кіслаты. Гігіена поласці рота і скуры надзвычай важная для прафілактыкі другаснай інфекцыі. Везікулы і пустулы змазваюць 5 % растворам калію перманганату, пры скурным свербе элементы сыпу змазваюць ментолавай маззю. Для памяншэння болю ў крыжы ўнутр назначаюць ненаркатычныя анальгетыкі (анальгін, напраксен, артафен і інш.). Пры неабходнасці прымяняюць сардэчна-сасудзістыя сродкі (кардыямін, кафеін і інш.).
Медыцынскі персанал у шпіталі для асабліва небяспечных інфекцый павінны працаваць у спецыяльным ахоўным адзенні (процічумны касцюм, рэспіратар, ахоўныя акуляры, гумавыя пальчаткі, спецыйльны халат і інш.), а пасля работы праходзіць поўную санітарную апрацоўку са зменай адзення.
Прафілактыка. Натуральная воспа як хвароба знішчана. Пры магчымым паяўленні бактэрыялагічнага ачага натуральнай воспы на тэрыторыі ачага неабходна ўстанавіць каранцін на 14 сутак і правесці проціэпідэмічныя і рэжымныя мерапрыемствы, накіраваныя на ізаляцыю ачага і ліквідацыю захворвання (гл. Характарыстыка бактэрыялагічнага ачага).
3.5.2. Грып
Грып — вострае рэспіраторнае захворванне, якое характарызуецца выяўнай інтаксікацыяй арганізма і паражэннем слізістай абалонкі дыхальных шляхоў.
Эпідэміі грыпу рознай інтэнсіўнасці і цяжкасці паўтараюцца кожныя 1—3 гады. Пандэміі грыпу, якія распаўсюджваюцца па ўсім свеце, паўтараюцца з інтэрвалам у 30—40 гадоў (1889, 1918, 1957). У час пандэміі ў 1918 г. на працягу 3 месяцаў грыпам захварэлі 500 млн чалавек, з якіх 20 млн памёрлі.
Этыялогія. Узбуджальнік грыпу — вірус трох сералагічных
тыпаў — A, В, С. У сваю чаргу вірус А мае чатыры сералагічныя падтыпы — Ao ,Aj ,А2 ,А3 . Вірусы розных тыпаў і падтыпаў блізкія па біялагічных уласцівасцях, таму клінічныя праявы хваробы вельмі падобныя. Між тым яны розныя па антыгеннай структуры, г. зн. захворванне грыпам аднаго тыпу не сгварае імунітэту супраць іншых.
Узбуджальнікамі буйных эпідэмій і пандэмій з’яўляюцца антыгенныя варыянты віруса тыпу А.
Вірусы грыпу малаўстойлівыя да ўздзеяння знешніх фактараў. Яны хутка гінуць пры кіпячэнні, высушванні, уздзеянні ультрафіялетавых прамянёў. Пры тэмпературы 0—4 ° С і ў замарожаным выглядзе (ад -20 да -70 °C) яны захоўваюць сваю актыўнасць на працягу некалькіх месяцаў.
Крыніца інфекцыі — хворы чалавек або вірусаносьбіт, які асабліва заразны ў гарачкавы перыяд хваробы.
Шляхі перадачы інфекцыі. Вірус грыпу з’яўляецца ўнутрыклетачным паразітам. Пасля пападання ў верхнія дыхальныя шляхі ён пранікае ў клеткі эпітэлію слізістай абалонкі і выклікае іх разбурэнне. Пры гэтым парушаецца бар’ерная функцыя слізістай абалонкі і адчыняюцца вароты для пранікнення ў арганізм бактэрыяльнай інфекцыі. Заражэнне здаровых людзей адбываецца паветрана-капельным шляхам. Пры гаворцы, кашлі і чханні хворага дробныя капелькі сліны, слізі з разбураным эпітэліем і вірусамі трапляюць у паветра, а затым у дыхальныя шляхі здаровых людзей. Магчымая перадача інфекцыі і кантактным шляхам. Асаблівую небяспеку для распаўсюджвання грыпу ўяўляюць хворыя з лёгкімі і сцёртымі формамі, якія ў такім стане з’яўляюцца вірусаносьбітамі.
Клінічная карціна. Інкубацыйны перыяд цягнецца ад некалькіх гадзін да 2—3 сутак. За гэты перыяд у арганізме накопліваецца эндатаксін віруса, узнікае інтаксікацыя і развіваецца клінічная карціна паражэння.
У часткі хворых узнікаюць лёгкі азноб і недамаганне, ламота ў суставах і мышцах, кароткачасовае павышэнне тэмпературы цела да 37,1—37,5 °C. Аднак часцей хвароба пачынаецца востра — здаровы чалавек на працягу некалькіх гадзін ператвараецца ў цяжкахворага. У клінічнай карціне выдзяляюцца два асноўныя сіндромы: інтаксікацыйны і катаральны.
Інтаксікацыйны сіндром праяўляецца павышэннем тэмпературы цела, азнобам, галаўным болем, галавакружэннем, мышачнымі і сустаўнымі болямі. Галаўны боль мае характэрную лакалізацыю ў вобласці лба, віскоў, надброўных дуг і вачэй. Гарачка ў большасці выпадкаў пачынаецца ў першы, радзей на другі дзень хваробы, можа дасягаць 38,5—40 ° С і працягвацца 2—5 дзён. Безгарачкавыя
формы грыпу сустракаюцца вельмі рэдка. Услед за раннімі сімптомамі з’яўляюцца і іншыя прыметы інтаксікацыі: агульная слабасць, адынамія, гіперэмія твару, бяссонніца, трызненне, млоснасць, ваніты, сутаргі. Нярэдка бываюць насавыя крывацёкі, кроў у макроце, кроватачывасць дзяснаў.
Катаральны сіндром праяўляецца да канца 1—2-х сутак у выглядзе рыніту, фарынгіту, трахеіту, радзей ларынгіту і бранхіту, суправаджаецца кашлем, выдзяленнямі з носа, пяршэннем у горле, болем пры глытанні. Адносна рэдка ўзнікаюць кан’юнктывіт, светлабоязь, слёзацячэнне. Герпетычныя высыпанні паяўляюцца звычайна не раней 3—4-га дня хваробы.
Цяжкасць цячэння грыпу вызначаецца сіндромам інтаксікацыі: узроўнем гарачкі, парушэннем сардэчна-сасудзістай дзейнасці, галаўным болем, гемарагіямі.