Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
142.72 МБ
Пры даследаванні крыві выяўляецца лейкапенія з лімфапеніяй, а пры наяўнасці ўскладненняў — лейкацытоз з нейтрафілёзам.
Ускладненні. Найбольш частым ускладненнем грыпу з’яўляецца пнеўманія віруснага, бактэрыяльнага або вірусна-бактэрыяльнага паходжання. У трэці хворых узнікае востры сярэдні атыт, востры ларынгатрахеіт, паражаюцца прыдатачныя пазухі носа.
Пры цяжкім цячэнні хваробы ў чвэрці хворых адзначаюцца неўралагічныя ўскладненні ў выглядзе ацёку мозга і павышэння ўнутрычарапнога ціску. Радзей назіраюцца радыкуліты, плексіты, неўралгіі і іншыя сімптомы. У дзяцей і падлеткаў часам узнікаюць вострыя псіхічныя расстройствы.
Д ы я г н а з устанаўліваюць на падсгаве характэрнай клінічнай карціны з улікам эпідэмічных абставін і лабараторнага даследавання. Лабараторная дыягностыка прадугледжвае выкарыстанне вірусалагічных, сералагічных і цыталагічных метадаў, якія дазваляюць вызначыць наяўнасць віруса грыпу і яго сералагічны тып.
Л я ч э н н е. Пры любой цяжкасці хваробы ўсім хворым назначаюць абавязковы пасцельны рэжым з ізаляцыяй ад здаровых людзей. Пры сярэдняй цяжкасці хваробы лячэнне праводзяць у хатніх умовах, а пры цяжкіх формах і паяўленні ўскладненняў паказана шпіталізацыя ў інфекцыйную бальніцу.
Хворым рэкамендуюць малочна-раслінную дыету, узбагачаную вітамінамі, і шчодрае піццё (чай, цёплае малако, фруктовыя сокі і інш.).
Медыкаментознае лячэнне праводзяць у залежнасці ад цяжкасці хваробы. Хворым з лёгкімі і сярэдняй цяжкасці формамі ў першыя двое сутак хваробы назначаюць рэмантадын па 50 мг 3 разы на дзень, лячэнне якім у камбінацыі з аскарбінавай кіслатой працягваюць 3—5 дзён. МэтаЗгодна прымяняць інгаляцыі процігрыпознай сывараткі 2—3 разы на дзень па 0,5 мл у кожны насавы ход на
працягу 2—3 дзён. Апрача гэтых прэпаратаў, пры неабходнасці прымяняецца сімптаматычная тэрапія.
Для ўстаранення галаўнога болю, мышачных і сустаўных болей хворым назначаюць ненаркатычныя анальгетыкі (анальгін, амідапірын і інш.), для зняцця кашлю — процікашлевыя і адхарквальныя сродкі і г. д.
Пры цяжкай форме грыпу з выражаным сіндромам інтаксікацыі хворым унутрымышачна ўводзяць процігрыпозны гама-глабулін (дарослым 3—6 мл, дзецям 0,15—0,2 мл на кілаграм масы цела). Калі стан хворага не паляпшаецца, рэкамендуюцца паўторныя ін’екцыі прэпарата.
Пры паяўленні ўскладненняў прымяняюць антыбіётыкі (метацыклін, аксацылін, ампіокс, цэпарын, тэтрацыклін, алетэтрын, рандаміцын і інш.).
Пры цяжкай інтаксікацыі ўнутрывенна ўліваюць дэзінтаксікацыйныя растворы (гемадэз — 300—500 мл капельна; паўторныя ўліванні праз 12 гадзін) з абавязковым прымяненнем мачагонных сродкаў (дыхлатыязід, фурасемід і інш.) і стэроідных гармонаў (прэднізалон, гідракартызон).
Прафілактыка забяспечваецца санітарна-гігіенічнымі і проціэпідэмічнымі мерапрыемствамі, накіраванымі на ахову насельніцтва ад заражэння грыпам.
Спецыфічная прафілактыкд грыпу заснавана на актыўнай імунізацыі насельніцтва грыпознай вакцынай. Існуюць два віды грыпозных вакцын — жывая і інактываваная. Жывую вакцыну ўводзяць у верхнія дыхальныя шляхі праз нос, інактываваную — парэнтэральна з дапамогай безыгольнага ін’ектара.
У перыяд эпідэміі грыпу прафілактычныя мерапрыемствы прадугледжваюць ранняе выяўленне хворых і ізаляцыю іх ад здаровых, абмежаванне відовішчных і іншых масавых мерапрыемстваў, асабліва для дзяцей, абавязковае нашэнне марлевых масак работнікамі медыцынскіх, гандлёвых, транспартных і іншых устаноў і прадпрыемстваў.
Для індывідуальнай экстраннай прафілактыкі выкарыстоўваюць лейкацытарны інтэрферон, які валодае шырокім спектрам процівіруснага дзеяння супраць грыпозных і іншых рэспіраторных вірусаў. Яго ўводзяць закапваннем у нос па 5 капель штодзённа 1—3 разы ў суткі на працягу ўсёй эпідэміі.
3.5.3.	Ангіна
Ангіна — вострае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца запаленнем галоўным чынам паднябенных міндалін.
Этыялогія. Узбуджальнікамі ангіны могуць быць кокі,
палачкі, спірахеты, грыбкі, вірусы і іншыя мікробы. Аднак асноўнымі ўзбуджальнікамі гэтага захворвання лічаць бэта-гемалітычны стрэптакок і стафілакок.
Крыніца інфекцыі — хворыя ангінай і іншымі вострымі рэспіраторнымі захворваннямі верхніх дыхальных шляхоў, шкарлятынай, а таксама рэканвалесцэнты пасля гэтых захворванняў. Адрозніваюць эндагенны і экзагенны фактары інфіцыравання міндалін.
Шляхі перадачы інфекцыі. Экзагеннае іяфіцыраванне міндалін магчымае двума шляхамі: паветрана-капельным і аліментарным. Паветрана-капельнае інфіцыраванне адбываецца пры кантакце з хворым, аліментарнае — пры ўжыванні сырсга малака і іншых прадуктаў, забруджаных мікробамі. Эндагеннае інфіцыраванне адбываецца пры наяўнасці ў арганізме ачагоў хранічнай інфекцыі (аўтаінфекцыі). Эндагеннае інфіцыраванне спрычыняе развіццё рэцыдыўнай ангіны, якую нярэдка разглядаюць як абвастрэнне хранічнага танзіліту.
Устаноўлена прамая сувязь паміж ростам захворванняў ангінай у дарослых і шкарлятынай у дзяцей. Адзначаны рост гэтых захворванняў у асенне-зімні перыяд.
Клінічная карціна. Інкубацыйны перыяд можа складаць 1—2 сутак. Хвароба пачынаецца раптоўна. Хворы адчувае агульнае недамаганне, азноб, боль пры глытанні, сухасць і шчымленне ў горле, галаўны боль, ламоту ў суставах і паясніцы. Тэмпература цела падымаецца да 38—40 0 С, гарачка працягваецца да 3—5 дзён. Адзначаецца павелічэнне і пачырваненне паднябенных міндалін з узнікненнем на іх паверхні кропкавага гнойнага налёту (катаральная і фалікулярная ангіны) або гнойных налётаў у лакунах (паглыбленнях) міндалін (лакунарная ангіна). Магчымыя павелічэнне і балючасць іншых рэгіянарных лімфатычных вузлоў.
Пры даследаванні крыві назіраецца лейкацытоз да 20 тыс. у 1 мм3 крыві са зрухам лейкацытаркай формулы ўлева; ХАЭ на 2—3-і дзень хваробы дасягае 50 мм у гадзіну.
Звычайна захворванне працягваецца 7—8 дзён і заканчваецца выздараўленнем.
Ускладненні. Найбольш частым і цяжкім ускладненнем ангіны з’яўляецца паратанзілярны абсцэс. Ён узнікае звычайна праз 2—3 дні пасля знікнення знешніх прымет ангіны. Раптоўна павышаецца тэмпература да 39—40 °C, паяўляюцца моцныя болі ў горле, не звязаныя з глытаннем, прыпухласць шыі, абцяжарваецца глытанне і нават дыханне. Такому хвораму неабходна неадкладнае хірургічнае ўмяшанне і выдаленне гною.
Да менш часгых ускладненняў можна аднесці атыт, запаленне
прыдатачных пазух носа, паяўленне міякардыту, рэўматызму, нефрыту.
Д ы я г н а з устанаўліваюць на падставе характэрнай клінічнай карціны і лабараторнага даследавання, пры якім вызначаюць узбуджальніка хваробы і яго адчувальнасць да лекавых прэпаратаў.
Л я ч э н н е. Хворым назначаюць строгі пасцельны рэжым і ізалююць ад кантакту са здаровымі. Неабходна выдзеліць хвораму асобны посуд, ручнік і іншыя прадметы догляду. Рэкамендуюць шчодрае піццё (чай з лімонам, фруктовыя сокі, баржом і інш.), ашчаджальную малочна-раслінную вітамінізаваную дыету.
Пасля вызначэння ўзбуджальніка хваробы назначаюць спецыфічнае этыятропнае лячэнне антыбіётыкамі (бензілпеніцылін, аксацылін, ампіцылін, ампіокс, эрытраміцын, цэпарын і інш.) на працягу хваробы.
Мясцовае лячэнне прадугледжвае паласканне зева растворамі пераксіду вадароду (0,5 %), калію перманганату (0,1 %), фурацыліну (0,02 %), настоямі рамонку, шалфею, апрацоўку міндалін аэразолямі «Лнвнан», «Окснкорт», «Окснцнклозоль».
Прафілактыка ангіны прадугледжвае тыя ж захады, што і прафілактыка іншых паветрана-капельных інфекцый. Вялікая ўвага надаецца аздараўленню навакольнага асяроддзя — устараненню запыленасці і задымленасці паветра. У індывідуальнай прафілактыцы маюць значэнне своечасовае лячэнне хранічных танзілітаў, загартоўванне арганізма.
3.6.	Крывяныя інфекцыі. Сыпны тыф
Сыпны тыф — эпідэмічная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца гарачкай, паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы, крывяносных сасудаў і разеола-петэхіяльнай высыпкай на скуры.
Этыялогія. Узбуджальнікам сыпнога тыфу з’яўляюцца рыкетсіі Правацака. Рыкетсіі займаюць прамежкавае становішча паміж бактэрыямі і вірусамі. Як і вірусы, яны з’яўляюцца ўнутрыклетачнымі паразітамі, а па памеры і марфалогіі набліжаюцца да бактэрый.
Узбуджальнік сыпнога тыфу быў адкрыты ў 1910—1913 гг. Рыкетсам і Правацакам, якія і загінулі ад гэтай хваробы. Ад іх прозвішчаў узбуджальнік хваробы і быў названы «рыкетсіяй Правацака». У цяперашні час вядома 12 формаў рыкетсіёзаў чалавека.
Рыкетсіі Правацака ўстойлівыя да высушвання і замарожвання. Аднак яны хутка гінуць пры награванні вышэй 50 °C і пад уздзеяннем дэзінфекцыйных сродкаў.
Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы сыпным
тыфам чалавек. Аднак рыкетсій у знешняе асяроддзе ён не выдзяляе, таму не ўяўляе небяспекі для людзей пры адсутнасці пераносчыкаў рыкетсій.
Шляхі перадачы інфекцыі. Заражэнне адбываецца пры пасрэдніцтве пераносчыкаў рыкетсій, якімі з’яўляюцца вошы. Пры смактанні крыві хворага рыкетсіі пранікаюць у кішэчнік вошы, дзе хутка размнажаюцца. Калі заражаная вош смокча кроў у здаровага чалавека, у яе адначасова адбываецца дэфекацыя і разам з фекаліямі выдзяляецца вялікая колькасць рыкетсій. На месцы ўкусу вошы ўзнікае сверб, чалавек пачынае чухацца і ўцірае пры гэтым у скуру фекаліі вошы з рыкетсіямі. Пасля пранікнення ў кроў рыкетсіі распаўсюджваюцца па ўсім арганізме, размнажаюцца, а затым гінуць з выдзяленнем эндатаксіну, які выклікае паражэнне сасудаў і цэнтральнай нервовай сістэмы. Заражаная вош выдзяляе рыкетсіі з фекаліямі на працягу свайго жыцця (у сярэднім 18 сутак).
Лічацца магчымымі і іншыя шляхі заражэння — аэрагенны, аліментарны, пападанне рыкетсій на кан’юнктыву вачэй.
Сыпны тыф нязменна спадарожнічаў войнам, голаду і іншым сацыяльным узрушэнням, якія суправаджаліся рэзкім пагаршэннем умоў жыцця насельніцтва і перамяшчэннем вялікіх груп людзей.
Клінічная карціна. Інкубацыйны перыяд можа вагацца ў дыяпазоне ад 5 да 25 дзён, аднак часцей бывае 10—12 дзён. Захворванне звычайна пачынаецца востра: паяўляюцца моцныя галаўныя болі, страчваецца апетыт, узнікае лёгкі азноб, які змяняецца адчуваннем гарачыні, павольна нарастае гарачка і к 4—5-му дню хваробы дасягае 39—40 0 С. Паводзіны хворага не адпавядаюць цяжкасці стану. Ён узбуджаны, гаварлівы, вочы блішчаць, твар злёгку ацёчны, расчырванелы, губы чырвоныя. На 4—5-ы дзень хваробы на скуры жывата і прылеглых участках грудной клеткі паяўляюцца бледна-ружовыя разеолы, якія знікаюць пры націсканні, і ярка-чырвоныя петэхіі (пры націсканні не знікаюць). У наступныя 2—3 дні сып распаўсюджваецца па ўсім тулаве і канечнасцях. Апрача таго, хворы скардзіцца на моцны галаўны боль, сэрцабіцце, задышку, бяссонніцу. 3 12—14-га дня хваробы на працягу 3—4 дзён тэмпература спадае, стан хворага паляпшаецца.