Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
142.72 МБ
Э т ы я л о г і я. Узбуджальнікам хваробы з’яўляецца сібіраязвавая бацыла. Гэта адносна буйная палачка даўжынёй 6— 10 мкм і таўшчынёй 1—1,5 мкм. Адрозніваюць 2 формы існавання бацылы: вегетатыўную і споравую. Вегетатыўная форма развіваецца ў жывым арганізме. Па-за арганізмам пры доступе кіслароду яна ператвараецца ў спору. Споры вельмі ўстойлівыя ў знешнім асяроддзі: у вадзе і глебе яны могуць захоўвацца дзесяцігоддзямі, захоўваюць жыццяздольнасць пры кіпячэнні да 60 хвілін, пераносяць уздзеянне гарачага паветра пры тэмпературы 120—140 °C каля 2 гадзін. Вегетатыўныя формы бацылы гінуць пры тэмпературы 60 °C за 15 хвілін, пры тэмпературы 75 °C — за 1 хвіліну,
Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы (коні, буйная рагатая жывёла, аслы, авечкі, свінні, кошкі, сабакі, вярблюды). Сярод дзікіх жывёл могуць хварэць кабаны, лісы, шакалы і іншыя траваедныя і драпежныя прадстаўнікі лясной фауны.
Шляхі перадачы інфекцыі. Жывёлы захворваюць пры паяданні корму, забруджанага спорамі ўзбуджальніка. Хвароба ў іх працягваецца 2—3 дні, радзей некалькі
гадзін, і заканчваецца гібеллю. Кроў паўшай жывёлы не згусае і выцякае з трупа, забруджваючы глебу і ваду. Заражэнне можа адбывацца і трансмісійным шляхам — праз укусы сляпнёў і мухжыгалак.
Заражэнне чалавека сібірскай язвай можа адбывацца наступнымі шляхамі: 1) аэрагенным — пры ўдыханні інфіцыраванага пылу; 2) кантактным — пры датыканні да хворых жывёл, зняцці шкуры з забітай жывёлы, разбіранні тушы; 3) аліментарным — пры ўжыванні заражанага мяса і мясных прадуктаў; 4) трансмісійным — праз укусы мух-жыгалак і сляпнёў. Захворваюць сібірскай язвай звычайна жывёлаводы, пастухі, ветэрынары, а таксама людзі, якія займаюцца перапрацоўкай мяса жывёлы або звязаны з аўчыннашубнай і футравай вытворчасцю.
Небяспеку для людзей уяўляе не толькі мяса хворых жывёл, але і футравыя і аўчынна-шубныя вырабы з іх шкур.
Узбуджальнік сібірскай язвы з’яўляецца адным з найбольш імаверных агентаў бактэрыялагічнай вайны, які можа быць выкарыстаны аэрагенным метадам у любы час года. Заражэнне ў такім выпадку можа адбывацца праз дыхальныя шляхі, стрававальны тракт, кан’юнктыву вачэй і скуру. Скурная форма сібірскай язвы працякае лягчэй, а вось лёгачная і кішэчная формы кантагіёзныя і вельмі небяспечныя.
Клінічная карціна. Інкубацыйны перыяд можа працягвацца ад некалькіх гадзін да 12 дзён, у сярэднім 2—3 дні. Працягласць яго залежыць ад шляхоў пранікнення бацыл у арганізм.
У залежнасці ад шляхоў заражэння адрозніваюць скурную, лёгачную і кішэчную формы сібірскай язвы.
Скурная форма характарызуецца паслядоўным паяўленнем пасля інкубацыйнага перыяду на месцы ўкаранення мікроба (на скуры, слізістых абалонках) плямкі, папулы, везікулы, пустулы, язвы. Паражэнне скуры суправаджаецца свербам, праз 12—24 гадзіны паяўляецца везікула, а праз 2—3 дні ўтвараецца карбункул. Пры гэтым стан хворага пагаршаецца, тэмпература можа павышацца да 39—40 ° С, паяўляюцца галаўны боль, моташнасць, часам ірвота, страчваецца апетыт, парушаецца сардэчна-сасудзістая дзейнасць. Карбункул набывае цёмны, часам барвова-фіялетавы колер. Да канца 2-га тыдня ў цэнтры карбункула ўтвараецца чорна-карычневы струп да 5—6 см у дыяметры. Пад ім знаходзіцца барвовы запаленчы інфільтрат, які ўзвышае карбункул над узроўнем здаровай скуры. У далейшым пры спрыяльным зыходзе тэмпература зніжаецца, мясцовыя змены паступова знікаюць, струп адпадае, пакідаючы пад сабой рубец на скуры.
Пры неспрыяльным развіцці хваробы бацылы прарываюцца праз бар’ер лімфатычных вузлоў у кроў і развіваецца сепсіс. Карбункул
хутка павялічваецца, стан хворага пагаршаецца, развіваецца калапс і наступае смерць. Смяротнасць пры скурнай форме сібірскай язвы дасягае 1—2 %.
Характэрнымі асаблівасцямі сібіраязвавага карбункула з’яўляюцца бязбольнасць, павольнае зваротнае развіццё, адсутнасць схільнасці да нагнаення.
Пры даследаванні крыві адзначаецца лейкацытоз з нейтрафілёзам.
Лёгачная форма ўзнікае галоўным чынам пры аэрагенным заражэнні. Пачынаецца з моцнага азнобу, насмарку, кашлю, слёзацячэння, тэмпература хутка павышаецца да 39—40 ° С. Пры кашлі выдзяляецца вадкая пеністая макрота з прымессю крыві. Развіваецца пнеўманія, паяўляецца зздышка, парушаецца сардэчна-сасудзістая дзейнасць. Пры з’явах моцнай інтаксікацыі і сардэчнай слабасці на 2—3-я суткі хваробы наступае смерць.
Кішэчная форма развіваецца пры аліментарным заражэнні. Пачатак хваробы бурны, як і пры аэрагенным заражэнні, аднак пераважаюць сімптомы паражэння стрававальнага тракту: млоснасць, ваніты і панос з прымессю крыві, парэз кішэчніка. Павялічваюцца печань і селязёнка, можа быць трызненне, часам эйфарыя. У тэрмінальнай стадыі паяўляюцца сутаргі, страчваецца прытомнасць, праз 1—6 сутак наступае смерць. Радзей хвароба набывае зацяжное цячэнне і хворы ачуньвае.
Д ы я г н а з сібірскай язвы ўстанаўліваюць на падставе клінічнай карціны з улікам эпідэміялагічнага анамнезу, прафесіі хворага і даных лабараторных даследаванняў.
Пры дыферэнцыяльнай дыягностыцы ў першую чаргу трэба выключыць бубонную чуму і тулярэмію, банальныя фурункулы і карбункулы. Сібіраязвавы карбункул адрозніваецца бязбольнасцю, наяўнасцю чорнага струпа, ацёчнасцю тканак, адсутнасцю гарачкі ў першыя суткі.
Важнае месца ў дыягностыцы займае бактэрыялагічнае даследаванне макроты, мачы, кала, змесціва язвы, крыві і вылучэнне сібіраязвавых бацыл.
Западозраны на заражанасць матэрыял (скура, шэрсць, футра) даследуецца пры дапамозе рэакцыі прэцыпітацыі Асколі.
Л я ч э н н е пры скурнай форме сібірскай язвы без з’явы таксікаінфекцыйнага шоку зводзіцца да прымянення антыбіётыкаў. Пры гэтым аднаразова ўнутрымытачна ўводзяць па метадзе Бязрэдкі 30—75 мл процісібіраязвавага глабуліну. Паражоныя ўчасткі скуры не нагнойваюцца, павязкі на іх не накладваюцца і мясцовае лячэнне не праводзіцца. Найбольш часта для лячэння прымяняюць пеніцылін (300000—500000 АД 6 разоў у суткі), стрэптаміцын, леваміцэцін, тэтрацыкліны.
Пры іншых формах сібірскай язвы з наяўнасцю таксікаінфек-
цыйнага шоку праводзіцца інтэнсіўная тэрапія па вывадзенні хворага з гэтага стану. Пры гэтым прымяняюцца антыбіётыкі ў высокіх дозах, прэднізалон па 200—800 мг і болей у суткі, процісібіраязвавы глабулін (75—100 мл) пасля ўнутрывеннага ўвядзення 90—120 мг прэднізалону, дэзінтаксікацыйныя кровазамяняльнікі (гемадэз, «трысоль», «квартасоль» і інш.).
Хворыя сібірскай язвай належаць шпіталізацыі ў спецыялізаваную лячэбную ўстанову і размяшчэнню ў асобных боксах. Ім назначаецца строгі пасцельны рэжым, выдзяляюцца індывідуальныя прадметы догляду.
Медыцынскі персанал у такіх установах павінны мець спецыяльныя касцюмы, карыстацца гумавымі пальчаткамі, насіць марлевыя маскі і ахоўныя акуляры, а таксама захоўваць іншыя меры засцярогі. Выкарыстаны перавязачны матэрыял спальваецца. Цякучая і заключная дэзінфекцыя праводзіцца 10 % растворам хлорнай вапны або 5 % растворам лізолу. Посуд абясшкоджваецца кіпячэннем у 2 % растворы натрыю гідракарбанату. Макрота і выпаражненні хворага дэзінфіцыруюцца шляхам засыпання сухой хлорнай вапнай з разліку 100 г на 1 л выпаражненняў пры экспазіцыі 60 хвілін. Адзенне і іншыя асабістыя прадметы хворага абясшкоджваюцца ў парафармалінавай камеры.
Прафілактыка захворванняў жывёлы забяспечваецца вакцынацыяй. Пры выяўленні захворванняў устанаўліваюць ветэрынарны каранцін. Хворых жывёл ізалююць і лечаць. Трупы паўшых жывёл, подсціл, гной і рэшткі корму спальваюць (закопванне забаронена). У хлявах праводзіцца дэзінфекцыя.
Пасля шпіталізацыі хворага і заключнай дэзінфекцыі ў ачагу ўстанаўліваюць нагляд за асобамі, якія былі ў кантакце з хворым, на працягу 8 сутак.
Галоўная роля ў сістэме прафілактыкі сібірскай язвы надаецца прафілактычным прышчэпкам, якія выконваюць жывёлаводам, асобам, якія маюць жывёлу ў прыватным карыстанні, а таксама занятым у сферы збору, захоўвання і перапрацоўкі сыравіны жывёльнага паходжання.
Важнае значэнне маюць меры, накіраваныя на прадухіленне магчымасці заражэння людзей, выкананне правіл асабістай гігіены, санітарны кантроль сыравіны жывёльнага паходжання, ветэрынарна-санітарная экспертыза мяса і мясных вырабаў, выкананне санітарнага рэжыму на мясакамбінатах.
Пры ўзнікненні бактэрыялагічнага ачага сібірскай язвы і паяўленні выпадкаў захворвання сярод людзей устанаўліваюць абсервацыю на 8 сутак і праводзяць неабходныя проціэпідэмічныя мерапрыемствы. Пры паяўленні масавых захворванняў устанаўліваюць каранцін на такі ж тэрмін, праводзяць экстранную
прафілактыку, імунізацыю насельніцтва вакцынай, а таксама ўсе іншыя рэжымныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы, накіраваныя на ліквідацыю ачага.
3.7.4.	Лептаспіроз
Лептаспіроз — вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёлы з пераважным паражэннем нырак і печані, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмы. Упершыню хвароба была апісана А. Вейлем (1886 г.) і Н. Васільевым (1888 г.) і атрымала назву хваробы Вейля—Васільева.
Этыялогія. Узбуджальнікам хваробы з’яўляецца лептаспіра, якая адносіцца да сямейства спірахет. Лептаспіра — гэта штопарападобная рухомая клетка даўжынёй 10—15 мкм і дыяметрам 0,2—0,25 мкм. Працягла захоўвае жыццяздольнасць у вадзе і асабліва ў вільготнай глебе (да 270 дзён), хутка гіне пры высушванні, кіпячэнні і ад уздзеяння дэзінфекцыйных сродкаў.
Крыніца інфекцыі для чалавека — разнастайныя грызуны (мышы, палёўкі, пацукі і інш.), свойская жывёла (свінні, сабакі, буйная рагатая жывёла і інш.), прамысловыя жывёлы (лісы, пясцы і інш.). Лептаспіроз у грызуноў працякае ў хранічнай форме; пасля хваробы яны выдзяляюць лептаспір з мачой яшчэ 188 дзён. Працягла выдзяляюць з мачой лептаспір і іншыя жывёлы, якія перанеслі лептаспіроз.
Шляхі перадачы інфекцыі. Людзі заражаюцца часцей за ўсё праз ваду адкрытых вадаёмаў, забруджаную мачой хворых жывёл (купанне, мыццё бялізны, піццё сырой вады, работа ў забруджанай вадзе без спецыяльнага адзення і абутку), а таксама пры ўжыванні прадуктаў, забруджаных грызунамі або мытых недабраякаснай вадой. Хвароба часцей сустракаецца летам і восенню.
У арганізм чалавека лептаспіра пранікае праз слізістыя абалонкі рота, носа, вачэй і пашкоджаную скуру, затым размнажаецца і выклікае паражэнне крывяносных капіляраў. Гэта прыводзіць да кровазліцця ў розныя органы, крывацёкаў і запалеіічых працэсаў.