Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
142.72 МБ
Клінічная карціна. інкубацыйны перыяд можа працягвацца ад 3 да 20, часцей 6—14 дзён. Пачатак і цячэнне хваробы могуць быць разнастайныя, аднак у большасці выпадкаў захворванне пачынаецца востра. Узнікае моцны азноб, які змяняецца гарачкай з павышэннем тэмпературы да 38—40 °C, паяўляюцца моцны галаўны боль, слабасць, бяссонніца. Характэрнымі для хваробы з’яўляюцца пастаянныя рэзкія болі ў мышцах, асабліва ў ікраножных. У разгар хваробы могуць паявіцца насавыя крывацёкі, крывавая рвота, кроў у мачы і выпаражненнях. Часта
змяншаецца выдзяленне мачы. Гарачка працягваецца 5—8 дзён, a затым тэмпература крытычна зніжаецца да нармальнай. Аднак праз 7—8 дзён пасля сканчэння гарачкі магчымы рэцыдыў — зноў павышаецца тэмпература і паўтараюцца сімптомы хваробы. Вядомыя выпадкі з двума і нават трыма рэцыдывамі. Агульная працягласць хваробы складаекаля 4 тыдняў. Рэцыдывы бываюць у 20—60 % хворых.
У часткі хворых (12—20 % 5 з 3—4-га дня хваробы паяўляецца жаўтуха, скура набывае інтэнсіўны шафранавы колер, павялічваецца печань: балючы край яе адзначаецца пры пальпацыі на 2—3 см ніжэй рэбернай дугі.
У 30 % хворых на 3—5-ы дзень хваробы на скуры тулава і канечнасцяў паяўляецца гемарагічная высыпка, якая носіць разеолапапулёзны або шкарлятыпагіадобны характар.
Характэрны агульны выгляд хворага: гіперэмія і адутлаватасць твару, пачырваненне склер, кровазліццё пад кан’юнктыву.
Пры лабараторным даследаванні крыві адзначаюцца лейкацытоз з нейтрафільным зрухам улева, эрытрапенія, павелічэнне ХАЭ.
Ускла,дненні. Даволі часта назіраюцца паражэнні сэрца ў выглядзе міякардытаў і эндакардытаў. У перыядзе рэканвалесцэнцыі магчымае развіццё полінеўрыту, які суправаджаецца зніжэннем адчувальнасці. Часам узнікаюць паражэнні вачэй, якія ў 4,5 % вядомых выпадкаў заканчваліся катарактай і ў 1,8 % — частковай атрафіяй зрокавага нерва. Радзей сустракаюцца пнеўманіі, атыт, гнойны паратыт.
Д ы я г н а з устанаўліваюць на падставе клінічнай карціны, эпідэміялагічнага анамнезу і вынікаў бактэрыялагічнага даследавання па выяўленні лептаспір. Лабараторным даследаванням падвяргаюць кроў, мачу і спіннамазгавую вадкасць хворага. Дадаткова выкарыстоўваецца біялагічная проба — заражэнне марской свінкі мачой або крывёй хвсфага. Пры наяўнасці лептаспір марская свінка гіне. На 5—7-ы дзень хваробы дыягназ можа быць пацверджаны рэакцыяй аглюцінацыі.
Л я ч э н н е. Этыятропная тэрапія прадугледжвае як мага болып ранняе ўвядзенне антыбіётыкаў і спецыфічнага процілептаспірознага гама-глабуліну. Гама-глабулін уводзяць на працягу 3—4 дзён, дарослым па 5—10 мл унутрымышачна, дзецям ва ўзросце 8—13 гадоў — па 3 мл; усяго на курс лячэння адпаведна 20—30 і 10 мл. 3 групы антыбіётыкаў паказаны пеніцылін (па 500000 АД 6 разоў у суткі) і тэтрацыклін (па 0,2 г 4 разы ў суткі).
3 мэтай дэзінтаксікацыі арганізма назначаюць унутрывенна ізатанічны раствор глюкозы і гемадэз.
Пры алігурыі назначаюць 20 % раствор маніту (1 г на 1 кг масы цела), фурасемід, лазікс або верашпірон.
П р а г н о з залежыць ад своечасовасці і энергічнасці лячэння. Аднак смяротнасць можа вагацца ад 3 да 48 %. Найболып частай прычынай смерці з’яўляецца развіццё вострай нырачнай недастатковасці.
Прафілактыка лептаспірозу прадугледжвае правядзенне меліярацыйных работ там, дзе сустракаюцца захворванні, знішчэнне грызуноў, прадухіленне забруджвання вадаёмаў сельскагаспадарчымі жывёламі і грызунамі, забарону купання ў забруджаных вадаёмах, абавязковае кіпячэнне вады, узятай з адкрытых вадаёмаў для піцця і бытавых патрэбаў, ахову харчовых прадуктаў ад грызуноў.
3.8. ДЗІЦЯЧЫЯ ІНФЕКЦЫІ
3.8.1.	Адзёр
Адзёр — вострая інфекцыйная хвароба, якая характарызуецца павышэннем тэмпературы, катарам верхніх дыхальяых шляхоў, запаленнем слізістых абалонак вачэй, поласці рота і з’яўленнем на скуры пунсовага буйнаплямістага папулёзнага сыпу.
Этыялогія. Узбуджальнік адзёру — вірус.
Крыніца інфекцыі — хворы чалавек. Шлях перадачы віруса — паветрана-капельны. Пры размове, кашлі і чханні дробныя капелькі макроты, слізі і сліны хворага трапляюць у паветра і разносяцца па памяшканні, пападаючы ў дыхальныя шляхі здаровых дзяцей і інфіцыруючы іх. Больш паловы ўсіх захворванняў прыпадае на дзяцей да 5 гадоў. Пасля хваробы ствараецца стойкі пажыццёвы імунітэт. Дзеці да 3 месяцаў жыцця звычайна адзёрам не хварэюць, бо захоўваюць рэшткавы імунітэт ад маці, якая перанесла хваробу ў дзяцінстве. У выпадках, калі маці адзёрам не хварэла, яе дзеці могуць захварэць ім і ў першыя месяцы жыцця.
Клінічная карціна. У цячэнні хваробы адрозніваюць чатыры перыяды.
Першы — інкубацыйны (скрыты) перыяд — працягваецца ад 6—18 да 21 дня ў непрывітых і 28 дзён у прывітых асоб. У гэты час сімптомы хваробы не выяўляюцца.
Другі — прадрамальны перыяд — працягваецца 3—4 дні. У хворага павышаецца тэмпература, паяўляюцца насмарк, кашаль, ахрыпласць голасу, пачырваненне вачэй, слёзацячэнне. Паступова гэтыя сімптомы ўзмацняюцца, узнікаюць светлабоязь, адутлаватасць твару, гаўклівы кашаль, можа развіцца паражэнне гартані. Для гэтага перыяду характэрна паяўленне на слізістай абалонцы шчок насупраць ніжніх карэнных зубоў дробных белых плямак, акружаных чырвоным абадком. Гэта так званыя плямы Філатава—Бель-
Рыс 3.3. Адзёр, этапнасць высыпкі:
першы дзень — твар, другі дзень — тулава, трэці дзень—канечнасці
скага—Копліка. Яны паяўляюцца за 2—3 дні да ўзнікнення сыпу (высыпання) на скуры і знікаюць на 1—2-і дзень пасля яго. Другая характэрная прымета гэтага перыяду — паяўленне энантэм (дробных чырвоных плямак) на слізістай абалонцы паднябення. Апрача таго, у гэтым перыядзе пагаршаюцца апетыт і сон, парушаецца страваванне, пачашчаецца стул, дзеці становяцца раздражняльныя.
Трэці перыяд — перыяд высыпкі на скуры — пачынаецца з новага пад’ёму тэмпературы і пагаршэння стану хворага. На 4—6-ы дзень ад пачатку праяўлення хваробы на скуры паяўляецца характэрны буйнаплямісты папулёзны пунсовы сып. Высыпка ідзе этапамі па трохдзённым цыкле: першы дзень — твар, другі дзень — тулава і трэці дзень — канечнасці. Перыяд высыпкі працягваецца 3—4 дні (рыс. 3.3).
Чацвёрты перыяд — перыяд пігментацыі сыпу і папраўкі — працягваецца 7—10 дзён. Сып набывае светла-карычневы колер і паступова знікае, спачатку з твару, потым з тулава і затым з канечнасцяў. Знікненне сыпу суправаджаецца вотруб’епадобным лушчэннем скуры. Тэмпература паступова зніжаецца, паляпшаецца агульны стан хворага.
Цячэнне адзёру бывае лёгкае і цяжкае. Пры цяжкім цячэнні могуць быць насавыя крывацёкі, рвота, галаўны боль, часам трызненне і галюцынацыі.
Адзёр можа ўскладняцца пнеўманіяй, запаленнем сярэдняга вуха, расстройствам страўнікава-кішачнага тракту, энцэфалітам і інш. Ускладненні ў асноўным звязаны з далучэннем другаснай мікробнай флоры.
Л я ч э н н е хворых з лёгкімі формамі адзёру праводзяць у хатніх умовах. Шпіталізацыі падлягаюць дзеці з цяжкай формай хваробы. Пасцельны рэжым назначаюць на ўвесь перыяд гарачкі і ў першыя 2—3 дні пасля зніжэння тэмпературы да нармальнай.
Асаблівая ўвага ў гэты час надаецца догляду вачэй, носа, ротавай поласці. Дыета хворых павінна быць паўнацэнная, вадкая або напаўвадкая. Дадаткова назначаюць вітаміны A і С.
Дзецям да 2 гадоў пры цяжкай форме адзёру назначаюць антыбіётыкі і антыгістамінныя сродкі (фенкарол, дымедрол, дыпразін і інш.).
Лячэнне ўскладненняў праводзіцца ў адпаведнасці з іх цяжкасцю.
Пры няўскладненых лёгкіх формах адзёру праводзіцца сімптаматычнае лячэнне.
Прафілактыка. Пры выяўленні сімптомаў адзёру дзяцей ізалююць ад дзіцячага калектыву на тэрмін не меней як 5 дзён ад пачатку высыпання, а пры паяўленні ўскладненняў (пнеўманія) ізаляцыя працягваецца да 10 дзён. Дзеці, якія былі ў кантакце з хворым, не дапускаюцца ў дзіцячыя ўстановы (дзіцячыя сады і 1—2-і класы школы) на працягу 17 дзён.
Прышчэпкі супраць адзёру праводзяць ва ўзросце ад 10 месяцаў да 8 гадоў жыцця.
Непрышчэпленым дзецям, якія былі ў кантакце з хворым, з мэтай прафілактыкі ўводзяць гама-глабулін, які прадухіляе хваробу 3—4 тыдні.
3.8.2.	Ветраная воспа
Ветраная воспа — вострая інфекцыйная хвароба, якая працякае з павышэннем тэмпературы цела, паяўленнем на скуры і слізістых абалонках характэрнага сыпу. Часцей хварэюць дзеці ва ўзросце да 10 гадоў.
Этыялогія. Узбуджальнік ветраной воспы — малаўстойлівы ў знешнім асяроддзі вірус, які па-за арганізмам гіне праз некалькі гадзін.
Крыніца інфекцыі — хворы чалавек. Заражэнне адбываецца паветрана-капельным шляхам. Пры размове, кашлі і чханні дробныя капелькі сліны, слізі і макроты пападаюць у паветра, а затым у дыхальныя шляхі здаровых дзяцей. Заражэнне ад хворага дзіцяці імавернае за 1—2 дні да выяўных праяўленняў хваробы і да 5-га дня з моманту ўзнікнення апошніх элементаў сыпу. Найболып заразныя хворыя ў першыя 5 дзён. Успрымальнасць дзяцей да ветраной воспы вельмі высокая; паўторнае захворванне здараецца рэдка.
Клінічная карціна. Інкубацыйны перыяд цягнецца ад 10 да 21, часцей 14 дзён. Захворванне пачынаецца з недамагання і павышэння гэмпературы да 38—39 °C. У першы дзень хваробы яшчэ да павышэння тэмпературы на скуры паяўляецца сып у выглядзе ружаватых вузельчыкаў, якія хутка ператвараюцца ў
пузыркі, а праз 1—2 дні падсыхаюць у лупінкі. Сып лакалізуецца пераважна на валасістай частцы галавы, грудзях і спіне. Звычайна на целе хворага адначасова бываюць усе стадыі развіцця сыпу (вузельчыкі, пузыркі і лупінкі). Такі сып называюць паліморфным. Гэта звязана з тым, што высыпка ідзе не адначасова, а з прамежкамі ў 1—2 дні. Кожнае новае высыпанне суправаджаецца павышэннем тэмпературы, пад канец якога яна зніжаецца да нормы. У многіх хворых высыпка паяўляецца і на слізістых абалонках (ротавая полаць, рагавіцы вачэй). Сып суправаджаецца адчуваннем свербу, пякоты і балючасці на месцах высыпання.
Агульны стан хворых здавальняючы. Працягваецца хвароба ад 2 да 4 тыдняў. Ускладненні бываюць рэдка (ларынгіт, кератыт). У аслабленых дзяцей магчымае далучэнне другаснай мікробнай інфекцыі з развіццём пнеўманіі, абсцэсу, флегмоны, стаматыту, атыту, рожы.
Пры даследаванні крыві выяўляюцца лейкапенія, нейтрапенія, лімфацытоз.
Д ы я г н а з устанаўліваюць на аснове клінічных сімптомаў і характэрнай паліморфнасці высыпкі. Пры гэтым трэба выключыць натуральную воспу, ад якой ветраная воспа адрозніваецца тэрмінам высыпкі (на першы дзень хваробы), яе паліморфнасцю і адсутнасцю рубцоў пасля адпадзення лупінак, а таксама адноснай дабраякаснасцю працякання.