Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Уладзімір Някляеў
Выдавец: Выдавец A. А. Калоша
Памер: 314с.
Мінск 2012
— Прапаноўваю прысвоіць нашым румынскім і албанскім таварышам званне герояў Савецкага Саюза, — нацягваючы тапак і падскокваючы на адной назе доўжыў Хрушчоў, — і перайсці да пытання будаўніцтва лякарні. Без яе немагчымая пабудова камунізму. У камунізме неабходна: а) нешта есці; б) недзе жыць; в) неяк лекавацца. Усе гэтыя праблемы комплексна вырашае лякарня. Мы ў ёй: а) ямо; б) жывём; в) лекуемся. Але лякарня старая, зацесная. Нам трэба пастанавіць, на колькі месцаў будаваць новую? Інакш кажучы: колькі савецкіх людзей мы прапускаем у камунізм? Слова мае таварыш Крупскі.
— Грамадства ёсць адасобленая частка прыроды, — з кнігаю ў руках падышоў да тумбачкі сын Крупскай і Гітлера. — У гэтай адасобленай частцы ёсць яшчэ свае адасобленыя часткі. Таму таварыш Ленін убачыў магчымасць пабудовы сацыялізму ў адной асобна ўзятай краіне. А таварыш Хрушчоў — камунізму ў асобнай лякарні. Прыблізна на 250 мільёнаў чалавек. Я падлічыў... — ён дастаў з кнігі паперчыну. — Пры норме 6 квадратных метраў на чалавека плошча лякарні камунізму — 1 мільярд 500 мільёнаў квадратных метраў. Гэта 1% зямной сушы. Прыблізна.
— He так і многа, — сказаў вечна задыханы, бо ўсё некуды бегаў і нешта шукаў, чарнявы мужык. — Менск у колькі разоў большы?
— Менск значна меншы, — неяк вінавата сказаў сын Гітлера і Крупскай, — і чарнявы няўцямна паглядзеў на яго і павярнуўся да ўсіх:
— Як гэта?.. Як мы ў меншым збудуем большае?..
Усе, апроч Хрушчова, задумаліся.
— Ты служыў, Лёня, — спытаў ён чарнявага, — у дэсантных войсках?.. Нідзе ты не служыў, толькі ў камсамоле. Але парашут бачьгў? Ён жа большы за валізу, у якую яго запіхваюць! — Хрушчоў выйшаў з-за тумбачкі. — Мы выйдзем за Менск. За БССР! За Савецкі Саюз выйдзем! Да насужо практычна далучыліся Балгарыя і Манголія! Камунізм пераможа ўва ўсім свеце, таварыш Брэжнеў! Ці ты ў гэта не верыш?.. Хто яшчэ не верыць?
Чарнявы абмяк: «Веру, Мікіта Сяргеевіч...» — а Палкоўнік зноў падняў руку:
— Я не веру!
Хрушчова на плямы пабіла.
— Таварыш Рашыдаў выведзены са складу Прэзідыума ЦК КПСС! Вывесці яго!
Героі Савецкага Саюза Цмок і Цыклоп пацягнулі Палкоўніка да дзвярэй. Ён упіраўся, крычаў: «Хрушчоў стварае новы культ!..» — і азіраўся на Круглага, але той быў безуважны, і Цмок з Цыклопам выпіхнулі Палкоўніка з палаты.
Калі адчыняліся і зачыняліся дзверы, я паспеў заўважыць, як за імі мільгнуў маёр Гагарын. Што ён робіць тут? Чаму ён у вар’ятні? Стаў касманаўтам Гагарыным?..
Палкоўнік, ясная рэч, не зусім нармальны, гэта факт, калі ў спрэчкі з вар’ятамі ўлез. Але ж і Біг з Вілам таксама не зусім нармальныя, Біг нават больш ненармальны, чымся Палкоўнік, а яны вунь сядзяць, ні ў што не ўлазячы, толькі галасуюць за ўсё, што прапаноўвае Хрушчоў, які спытаў пераможна:
— Хто, апроч Рашыдава, лічыць, што я ствараю культ?..
Прэзідыум маўчаў. Падобна было, што ніхто, апроч Рашыдава, гэтак не лічыць, але раптам мучніста-белы, па-жаночаму на два бакі расчасаны псіх пераміргнуўся з Брэжневым і выскачыў на сярэдзіну палаты:
Я!
■ ' ч
— Слова таварышу Палянскаму! — тут жа абвесціў Круглы, пра якога я ўжо не думаў, як пра доктара. Гэткі ж хворы на галаву, як Куусінен-Мухітдзінаў ці сын Крупскай і Гітлера.
— Хто ў нас таварыш Хрушчоў? — нечакана цвёрда спытаў мучністы Палянскі. — Ён і Першы сакратар ЦК партыі, і Старшыня Савета Міністраў СССР, і Старшыня Бюро ЦК КПСС па РСФСР, і Вярхоўны галоўнакамандуючы — чым не Сталін? У ягоных руках уся ўлада! І як ён карыстаецца ёю? Узнагароджвае не толькі румынскіх і албанскіх таварышаў — Насэра ўзнагародзіў! Нацыяналіста! Прысвоіў яму званне Героя Савецкага Саюза ды яшчэ даў 300 мільёнаў залатыхрублёў —і цяпернам не хапае сродкаў на лякарню!
Хрушчоў падскочыў:
— Таварыш Насэр будуе ў Егіпце сацыялізм!
— Які сацыялізм?.. Сацыялізм у імя Алаха, воляю якога Насэр знішчае камуністаў! Што гэта за сацыялізм без камуністаў? Можа, вы і камунізмтакі, без камуністаў, збіраецеся будаваць, Мікіта Сяргеевіч? — і Палянскі ўзмахнуў рухамі, як бы абдымаючы ўвесь Прэзідыум ЦК і кандыдатаў у яго чальцы. — Без нас?
— Ды я цябе... ды я вас... — абапіраючыся на тумбачку, пачаў налівацца крывёю Хрушчоў... — ды кім вы былі, пакуль я вас не падняў, не выцягнуў... вось ты кім быў, Палянскі-Падлянскі?! Арэнбургскім валёнкам! Ая цябе са стэпу ў Крэмль! Ці ты, Ста-а-ршыня Прэ-эзідыума Вярхоўнага Савета таварыш Па-а-дгорны, кім быў? Нікім! Ды ты нікім і не стаў! Як быў цукровым інжынерам, так ім і застаўся. Ты цукру ў гарбату больш за іншых насыпаеш, я колькі разоў заўважаў!.. — раптам з кулакамі накінуўся Хрушчоў чамусьці менавіта на Падгорнага, лысага псіха, які сядзеў на ложку, слова не прамовіўшы, а Хрушчоўтак заехаўяму, што кроў пайшла... Палянскі з Брэжневым заступіліся за Падгорнага, Куусінен-Мухітдзінаў, які аказаўся дзядком на дзіва спрытным, — за Хрушчова, паўскоквалі астатнія
псіхі, і пачалася штурханіна, якая перарасла ў такую бойку, што героі Савецкага Саюза Цмок з Цыклопам ледзь спраўляліся расцягваць і вязаць да ложкаў сяброў і кандыдатаўу чальцы Прэзідыума ЦК КПСС...
— Што гэта было? — спытаў Віл Круглага, які прывёў нас з палаты ў свой, каля адной сцяны завалены матрацамі, кабінет, і Круглы пачаў тлумачыць распрацаваную ім новую методыку лекавання, паводле якое для псіхаў ствараюцца рэальныя ўмовы, што адпавядаюць іх хворым уяўленням, даюць магчымасць «Хрушчову» выявіць сябе Хрушчовым, «Палянскаму» — Палянскім, і ў такіх умовах пры адпаведнай схеме медыкаментознага ўздзеяння гэтыя леніны з гітлерамі і хрушчовы з палянскімі пачынаюцьуспрымаць і асэнсоўваць свае хворыя ўяўленні менавіта як хваробу, што і ёсць першы крок да нармалізацыі іх псіхічнага стану. Далей ужо лекаваць прасцей, бо да лекавання падключаецца свядомасць хворага, але для таго, каб увесь гэты працэс пачаўся, неабходная моцная псіхалагічная правакацыя. Вось яна сёння і ўдалася, за што дзякуй нам усім і найперш Палкоўніку,—толькі не трэба было правакаваць антысаветчынай, хоць, з іншага боку, чым яшчэ?..
Я не надта разумеў тое, што тлумачыў Круглы, і не надта ў тое верыў. Віл з Бігам, якім я паспеў сказаць, што ў вар’ятні не толькі мы, але і маёр Гагарын, таксама, як я бачыў, не надта Кругламу паверылі, і ён паклікаў, чаго не было раней, Цмока, каб той адвёў нас у палату, у якой на ложку псіха, які называў сябе сакратаром ЦК Суславым, мы ўбачылі Палкоўніка. Ён сядзеў, паклаўшы на галаву падушку і ўчапіўшыся рукамі ў навалку.
— А Суслаў дзе? — спытаў Віл Хрушчова, і той сказаў, што не ведае, бо Суслаў ніякі не Суслаў, яго ў Прэзідыум ЦК КПСС падсунулі.
Біг спытаў: «Хто падсунуў?» Хрушчоў адказаў: «Амерыканцы».
— Значыць, стукач, — з боку ў бок закалыхаўся Палкоўнік. — Мяне не выпусцілі. Ворана з Асяй выпусцілі, а мяне — не. І да Круглага мяне не пускаюць. Вось пабачыце: нас тут прызнаюць хворымі — і будзем сядзець. Без суда. Гэты гэбэшнік нас надурыў.
Я падумаў, ён пра маёра Гагарына, а ён, аказалася, пра Круглага, які яшчэ тады, калі Палкоўніка пасадзілі ў вар’ятню за Сталіна, даў заключэнне, што Палкоўнік нармальны і можа несці адказнасць за свае дзеянні. А Гарык Клябанаў казаў, што Палкоўніка якраз Круглы зратаваў.
Палкоўнік сцягнуў з галавы падушку — скура каля правай скроні была здзёртая, на падушцы засталася кроў.
— Гэта сам Круглы і прыдумаў, і ўсім распавядаў, нібы мяне ўратаваў, калі ў КДБ вырашылі, што лепш усё ж мець ненармальнага студэнта, які Сталіна людажэрам назваў, чым нармальнага. Тое самае, відаць, яны й цяпер пастанавілі. Хто рыхтаваў замах на Хрушчова ў Менску? Вар’яты! І дзе яны? У турме? А што з імі ў турме рабіць? Яны ў вар’ятні, дзе іх лечаць! Яны там яшчэ й вар’яцкае паседжанне Прэзідыума ЦК КПСС правялі, Хрушчова хацелі скінуць...
Палкоўнік прамаўляў гэта, раз-пораз кранаючы рану каля скроні, кранаў пальцам і палец аблізваў, кранаў і аблізваў — і раптам я зразумеў тое, чаго не хацеў разумець: мне адсюль не выйсці! Невядома на колькі, калі не на ўсё жыццё, я застануся тут — і мой сусед злева будзе чакаць і чакаць таракана, а сусед справа чытаць і чытаць Леніна!
Я звар’яцею!
— Пусціце! — кінуўся я да дзвярэй, зачапіўся за тумбачку, упаў, Цмок з Цыклопам схапілі мяне, пацягнулі на ложак, прывязалі, я біўся ў канвульсіях: «Не хачу!.. Пусціце!.. Гады! Гады! Гады!..» — і Цыклоп сеў на мяне, прыдушыў, прыціснуў да матраца руку, а Цмок нешта ўкалоў — і перш, чым мяне не стала, я ўбачыў сон, які сніўся Вілу,толькі даўжэйшы і з іншым канцом:
...нібыта ў нейкім горадзе, дзе я невядома як апынуўся і не ведаю, што гэта за горад, атамны выбух. І ўздымаецца, вырастае над горадам ядзерны грыб. Я разумею, што зараз павінен палыхнуць агонь і ўдарыць выбуховая хваля, — і далёка, на небасхіле, нешта бліскае, як маланка, бляск шырыцца, запаўняе нябёсы, становіцца нясцерпным, але ўсё ж большая за нясцерпнасць святла нясцерпнасць глухаты і нематы, адсутнасць хоць якога-небудзь гуку: я крычу, крычу, крычу, не чуючы свайго голасу, і ад гэтага яшчэ страшней. Выбуховая хваля змятае горад у поўнай цішыні: вунь звон сарвала з царкоўнай званіцы, і ён, нема матляючы языком, ляціць разам з дрэвамі, бёрнамі, камянямі, жалеззем, і ўсё гэта сыплецца, падае, абрынаецца на людзей, што выбягаюць з разбураных дамоў і крычаць, крычаць, крычаць, а іх не чуваць, яны не чуюць самі сябе, і ніхто іх не чуе. На імгненне я азіраюся: ззаду сіняя рака, за ёй, на тым беразе, зялёная лугавіна, над якой блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, і трэба бегчы ў той бок, а ўсе бягуць у бок зваротны, туды, дзе бляск, дзе ўсе запальваюцца адзін ад аднаго, нібы паходня ад паходні. Я ўспыхваю, агорнуты, як чырвонаю прасцінаю, агнём, які зусім не пячэ, у якім можна купацца, як у сіняй рацэ, за якой зялёная лугавіна і блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, у якім я чую нарэшце гук: лёгкі-лёгкі пошум полымя, — і мяне пакідае страх.
> > UI.
Vv ASA
Новы свет, былы рай
Палкоўніка зноў забралі, калі мы яшчэ ў вар’ятні былі, і Гурык сказаў, што ўжо не выпусцяць, а яго чамусьці выпусцілі. Мы сабраліся ў Крым, каб прагуляць ганарар, які Біг атрымаў за кнігу пра слесара, і не думалі, што Палкоўнік з намі паедзе, таму й прапанавалі яму паехаць, а ён згадзіўся: «Збягу. Няхай ловяць». У яго таксама было не пуста ў кішэнях, з ім разлічыліся за дысертацыю, напісаную для нейкага новага доктара навук па этнаграфіі, і Палкоўнік даклаў заробак у агульную касу — да ганарара Біга за кнігу.