Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
якраз разбіраў. Ён зусім не хацеў, каб яму паролі вочы за тое, што нехта адважыўся паставіць на стол аднавокую галаву. Гукнулі да стала кухара, паставілі і падносчыкаў і ўчынілі ўсім дапытку, і нарэшце сляды прывялі да небаракі Сімпліцы, бо менавіта яму даверылі несці галаву з вачамі, не з вокам, a менавіта з вачамі; a што было пазней, ніхто не ведаў. Мой пан спытаўся — на маю думку, са страшным тварам — куды гэта ў мяне падзелася цялячае вока? Я не даўся яго грознаму твару запалохаць мяне, a хуценька вышмаргнуў з кішэні лыжку, сунуў яе ў вачніцу і паказаў, чаго ад мяне хацелі, выкалупнуў другое вока і ўмомант яго праглынуў. «Par Dieu,— сказаў мой пан,— гэты акт смачнейшы за дзесяць цялят!» Прысутная разнапаншчына пахваліла гэта выказванне і назвала мой учынак, які быў ад прастаты душэўнай, надзіва дасціпным вынаходствам і азнакай будучай адвагі і непахіснай рэзалютнасці, аж урэшце паўторам толькі што ўчыненага я не толькі шчасліва пазбег заслужанай кары, але выбіўся на пахвалу ў радых на пацеху дасціпнікаў, падхалюзнікаў і падлыжных застольнікаў-радцаў,— і я вельмі правільна зрабіў, што зноў звёў вочы разам, каб яны, як на гэтым, так і на тым свеце, маглі вадзіць кампанію разам, як гэта ім і наканавана прыродай з самага пачатку. Мой пан, аднак, сказаў, каб я так больш не рабіў.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ
Сімпліцы ўбачыў, як людзі пілі і елі, і падумаў, што яны падурнелі
На гэтай гасціне (я так мяркую, што і на іншых) прыступаліся да стала па-хрысціянску: казалі застольную малітву вельмі ціха, нішкам і, па ўсім відаць было, вельмі пабожна. Спакойны роздум y сэрцы доўжыўся, пакуль не прынеслі — поліўку і першае, як бы ўсё роўна ў якім капуцынскім канвенце. Але ледзь толькі кожны тры-чатыры разы прамовіў: «Дабраславі, Божа, піціе і ясціе», як тут і пайшло і паехала. Не магу апісаць, як спакваля голас кожнага застольніка ўбіраўся ў сілу, лепш параўнаю ўсю кампанію з прамоўцам, які пачынае задуменна-ацішана, a тады раптам выбухае громам. Прынеслі нёшта, называнае — «разгоннае», моцна паперчанае, прадпісанае для разгону перад напоямі, каб гэта ўжо яны пайшлі добра, гладка і слізка, item, прыкорм, ужо каб сама-сама са сма-
кам елася і запівалася, не кажучы пра ўсялякія французскія potages і гішпанскія olla potriden, якія дзякуючы майстэрскаму прыгатаванню і тысячам розных прыправаў і таму што былі паперчаныя, пасоленыя, падпашаныя спецыямі, пасыпаныя, памяшаныя і пад пітво падведзеныя, аж усімі гэтымі дадаткамі цалкам мянялі сваю субстанцыю, якая ім была дадзена ад прыроды, і, бадай што, сам Кнэўс Манліюс, калі першага разу вярнуўся з Азіі і меў пры сабе найлепшых кухараў, не пазнаў бы, што тут з чаго зроблена і скялемзана. Я падумаў: «Няўжо не магла б такая ежа, a яшчэ калі яе так запіваць, дык вось ці не можа яна так і мазгі чалавеку перамяшаць, што ўжо і не пазнаць, дзе тут чалавек, a дзе жывёла? Хто яго там ведае, можа, Цырцэя якраз і заўжыла нечагась такога, каб ператварыць Адысеевых спадарожнікаў y свіней?»
Я бачыў, што госці акладаліся гэтым «ясціем», як свінні, наброхваліся «піціем», як каровы, строілі з сябе аслоў, a потым рыгалі і блявалі, як гарбаровыя сабакі. Высакародныя букеты «Хохгеймерскага», «Бахарахскага», «Клінгенбергскага» яны хлябталі і залівалі ў тэльбухі цабровымі куфлямі, і ўсё гэта вельмі хутка страляла ў галаву. I тут я, на сваё вялікае здзіўленне, убачыў, як усё мянялася, як прыстойныя людзі, якія яшчэ нейкую хвіліну назад былі ў здаровым розуме і вялі дужа дасціпныя гавэнды, як яны раптам на вачах дурнелі, вычваралі неверагодна што і плявузгалі немаведама якія пошласці. Глупствы, якія яны ўчынялі, новыя куфлі, якія яны спаражнялі раз за разам, рабіліся чым далей, тым паўнейшыя, аж здавалася, быццам першае і другое пабіліся на заклад, каторае з іх адужае; напаследак іхняе перасільванне пераходзіла ў агідную оргію без дна і берагоў. Самае пекнае ў тым было, што я не ведаў, чаму іх ногі не трымаюць роўна, бо ўздзеянне віна і само ап’яненне мне тады яшчэ былі зусім невядомыя, ці не таму ў маёй галаве мяшаліся ўсякія смешныя выцінкі і фантастычныя подумкі; я добра бачыў іх рассалавелыя твары, але не разумеў прычыны гэтага. Дагэтуль усе дабрахоць спаражнялі свае міскі, усё ішло як след, жываты напаўняліся, і раптам іх прарывала, як рамізнікаў, калі каторы вядзе сваю падводу па роўным і пагіквае — «но-но, каб табе дабро было!», a на гару — «тпру-дзе, каб цябе воўк зарэзаў!» A як пашалеюць, тут ужо яны як сабакі кручаныя — адзін куражыцца, што, бач, топіцца ў віне, той шчыруе і пануквае суседа паддаць яшчэ, трэці выдурніваецца ў германскай пачцівасці на рыцарскіх адказах. A пасля, калі ўжо, здаецца, далей няма куды, пачынае заклінаць дру-
гога імем Госпада, ці прыяцельскай любоўю, ці здароўем каханкі, каб той, другі, ужо трымаўся прыстойнай меры, a ў таго, другога, ужо вочы на лоб лезлі, сам халодным потам мыецца, a піць далей ужо ў прыстойную меру мусіць-такі. Ба, зрэшты, і бубны, і пасвісцёлы, і струны рабілі свой гвалт і спрыялі гумору і як бы пад’юджвалі піць, неспыняцца, сіламоць напампоўваць вантробы віном. Мяне здзіўляла, як і куды яны маглі ўбухаць аж столькі віна, бо я яшчэ не ведаў таго, што не паспее яно ў іх як след адстояцца і нагрэцца, як яго з вялікімі рэзямі выпускалі адтуль, куды толькі што з вялікай небяспекай здароўю залівалі.
Мой святар таксама быў на гэтай гасціне; ён, як і ўсе іншыя, таксама ж чалавек, як і ўсе іншыя, мусіў рабіць супроць волі ўсё, як і ўсе іншыя, бегаў да малога ветру альбо падзівіцца, ці коням y яслі закладзена. Я пайшоў за ім і сказаў: «Пане мой святару, чаму людзі робяць так дзіўна? Адкуль яно тое, што яны хістаюцца, спатыкаюцца, не стаяць на нагах роўна, чаму? Мне здаецца, y іх рассохліся і рассыпаліся клёпкі. Яны ж усе дазяла наеліся і напіліся і божацца, і каб іх чорт забраў, што больш не могуць, a ўсё не перастаюць, a ўсё мурзаюцца, натоптваюцца! Альбо яны мусяць так рабіць, альбо насуперак Богу і па добрай волі спакушаюцца на благое?» — «Мілае дзіця,— адказаў святар,— віно ў рот, розум пад плот! Гэта нішто перад тым, што яшчэ будзе. Заўтра, як развіднее, y іх будзе цяжкі час пахмелу; пакуль жываты не параспірала, лічы, не елі і не пілі і не навесяліліся ўдосыць».— «А не палопаюцца,— сказаў я,— y іх жываты, гэта ж трэба столькі ўбухаць, a жывот жа не прорва? Як могуць іхнія душы, якія падабенства Божае есць, спадзявацца на ратунак, седзячы ў такіх свіных тушах, y якіх яны, нібы злодзеі ў цямніцах і акішэлых паразітамі норах, і няма ў іх ніякіх богаспадобных парыванняў? Іх высакародныя душы,— кажу я,— як яны могуць трываць такую псоту? Чаму яны замыкаюцца ў такіх смярдзючых клааках? Ці ж іхнія пачуцці і розум, якімі паслугуюцца душы, не пахаваныя ў вантробах неразумных жывёл?» — «Утні язык,— сказаў святар,— каб не дастаў па храпе; тут не час і не пара казані казаць, інакш я зрабіў бы гэта сам, лепей за цябе». Пачуўшы гэта, я ўжо далей глядзеў моўчкі, як тут пераводзілі і глумілі ежу і пітво, тым часам як убогі Лазар, які мог бы тут добра падсілкавацца, y вобразе сотняў выгнаных вэтэраўскіх бежанцаў, y якіх голад выглядваў з вачэй, таміўся перад нашымі дзвярыма, макавай расінкі ў роце не меўшы.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы першы досвед з навукі здымае і на конскім карыце вынікі мае
Калі я так стаяў і чакаў з місаю ў руцэ перад сталом з цяжкімі думкамі ў галаве, жывот мой узяўся за мяне і не даваў мне спакою; ен бурчаў, ён вурчаў бесперастанку, напамінаючы мне, што сабраліся ў ім духі і просяцца на свежае паветра; я падумаў, што пасоблю сабе ад гэтых пакутлівых курчаў і рэзяў, калі, скарыстаўшыся навукай майго прыяцеля, якую ён даў мне мінулае ночы, адчыню засланку. Па ўсіх правілах я падняў левую нагу на поўнае сцягно, як мага вышэй, напнуўся, націснуў на клямку і ўжо хацеў быў тройчы паўтарыць чароўны заклён «шыкіпшыкі», як уся тая кампанія вясёлых духаў, што шмарганула з маёй (s. v.) задніцы, насуперак майму спадзяванню нарабіла такога грому, бабахнула з такой сілай гідотным грукатам, што ад страху я аж забыўся, што раблю; я так перапалохаўся, як шыбенік на драбінцы, калі кат ужо накладае на шыю шворку; ад страху я ўвесь здранцвеў і ўжо не мог далей кіраваць сваім целам, a тым часам і мой рот y гэтым раптоўным гвалце таксама ўзбунтаваўся і ніяк не хацеў ні забараніць, ні дазволіць задніцы, каб тая сама закончыла казань, і гэта рот, які дадзены на тое, каб ім гаварыць і крычаць, каб той рот ціха прамовіў усе патрэбныя заклёны. A таму праз гэты бунт словы, якія я меў сказаць нішчачкам, каб чула адна толькі задніца, словы прагучалі страшна, як калі б мне хацеў хто здушыць горла. Чым жахлівей страляў ніжні вецер, тым жудасней зверху гучалі заклёны «шыкі-пшыкі», нібыта верхні і ніжні выхады са страўніка пабіліся ў заклад, каторы з іх здатнейшы грымнуць мацнейшым зыкам. Усё гэта разам дало палёгку маім гізунталам, але ж і ўвяло мяне ў няласку майго пана губернатара. Ягоныя госці ад гэтых нечаканых «шыкаў-пшыкаў», барабаннага перабору і ніжняй карцечы аж есці перасталі, аж працверазелі; a я, як ні намагаўся, як ні стараўся, .ужо не мог прыпыніцца, бо ж такі прарвала. Я быў пакладзены на конскае карыта, і высцебаны, і патрактаваны пугамі, што па край жыцця свайго не забудуся.
Такая была мая першая лупцоўка, такая жыццёвая дойма, такое, браточкі, аблашчанне музы — (s. v.) лупу-цупу, лупу-цупу, то ў сраку, то ў дупу, раз, два, тры, больш не сяры! — якую я дастаў з часу, калі першы раз удыхнуў паветра, якое цяпер так ганебна сапсаваў, хоць, як вядома, y ім мы павінны жыць супольна, згодна і дыхаць на поўныя
грудзі. Прынеслі ўсякія выкурвальні і свечкі, госці падаставалі нюхальныя пушачкі, розныя флакончыкі і пуздэрачкі з бальзамамі, нават нюхальны тытунь; але ўсе гэтыя пахошчы не маглі перабароць майго мацнейшага. A я як узнагароду пасля гэтага акта, адыгранага мною лепш за найлепшага камедыянта ў свеце, атрымаў нарэшце спакой y жываце, сінякі на спіне і задніцы, госці — поўныя насы смуроду, a чэлядзь загад напоўніць памяшканне здаровым пахам.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы бачыць, шгпо адбыць гасціну гэта — перагпварыцца ў скаціну
Пасля ўсяго, што адбылося, я прыслужваў, як і раней. Мой святар быў яшчэ там, і, як і іншых, яго змушалі піць; ён вельмі не хацеў і бараніўся, кажучы, што не хоча жлукціць, як жывёла. Адзін добры выпівоха даказваў, што якраз ён, святар, п’е, як жывёла, a астатнія прысутныя п’юць, як людзі: «Бо,— сказаў ён,— жывёла п’е роўна столькі, колькі ёй усмак і колькі трэба ад смагі, бо яна не ведае, што добра, што не, і не ўмее піць віна; a нам, людзям, падабаецца, каб пітво ішло на карысць, і ўліваем y сябе высакародны сок, як гэта рабілі і нашыя продкі».— «Так,— адказаў святар,— але ж мне след трымацца пэўнай меры».— «Слушна,— адказаў той,— сумленны чалавек трымае слова»,— і даў наліць вялікі келіх і падаў святару; але той прапусціў гэта міма і пакінуў выпівоху стаяць з налітым.