Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Я здзівіўся, пагутарыў яшчэ крыху са святаром і пайшоў служыць губернатару, бо ў мяне быў пэўны дазволены час, каб выбрацца ў горад, схадзіць да святара; мой пан пацяшаўся з маёй прастадушнасці і лічыў, што я паразумнею, калі пахаджу па горадзе, падзіўлюся, паслухаю, павучуся ў людзей, ці, як той казаў, абатруся-абгаблююся.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Сімпліцы за адным свістам і махам увесь гандаль разам забабахаў
Панава ласка да мяне набірала пяшчоты штодня, і чым далей, тым яе большала, бо я не толькі быў падобны на яго сястру, пустэльнікаву жонку, але чым далей, тым больш і на яго самога, бо добрая ежа і гультайства неўзабаве агладзілі мяне і далі добры выгляд. Гэтай ласкай я цешыўся ў кожнага, хто меў хоць якія стасункі з губернатарам, кожны стараўся выказаць сваю прыхільнасць і мне; асабліва ж туліўся і цёпла гарнуўся сакратар, які вучыў мяне лічыць і часта міла пацяшаўся з маёй наіўнай прастадушнасці і неабазнанасці. Ён якраз закончыў школу і яшчэ не адвык ад
вучнёўскіх выбрыкаў і жартаў, таму часцей ягоныя пацехі выглядалі так, быццам яму не хапала клёпкі ў бочцы. Ён даказваў мне, што чорнае гэта белае, a белае — чорнае, a таму так яно выйшла, што я спачатку верыў яму, што б ён ні казаў, a ў канцы не верыў зусім. Аднаго разу я ўпікнуў яго за выпацканую чарніліцу, але ён спакойна адказаў, што яна ў яго самая лепшая рэч y канцылярыі, бо з яе ён дастае ўсё, чаго душа прагне: цудоўныя дукаты, вопратку, a ўвогуле ўсё, што мае на сабе і ў сабе і што хоча, вывуджвае з чарніліцы. Я вушам не верыў, што з такой нікчэмнай рэчы можна дастаць усё самае цудоўнае; наадварот, сказаў ён, такую сілу мае spiritus раругі (так ён называў атрамант — чарніла), таму чарніліцу — каламар — можна называць — горшчыкам, не, не горш-чыкам, a лепш-чыкам, бо лепяцца ў ёй лепшыя рэчы нязгорш чым дзе яшчэ. Я спытаўся, як жа іх дастаць адтуль, калі ў яе нават два пальцы не ўсунеш. A ён толькі рагоча і будзе казаць, што мае руку ў галаве, якой гэта — не задача; ён нават спадзяецца, што ў бліжэйшым часе вывудзіць прыгожую багатую дзеўку, a калі пашанцуе, дык, думае яшчэ, і зямліцы з людзьмі, што зусім не такое ўжо дзіва, бо раней колькі хоч такога дабра бывала. Я зноў дзіву даўся з такога ўмельства і спытаў, ці многа яшчэ людзей, здатных на такія штукі, ці хоць якія могуць зразумець яго. «Вядома,— кажа ён,— усе канцлеры, дактары, сакратары, пракуратары-адвакаты, камісарыі, натарыі, купцы і гандляры і яшчэ безліч усякага люду, якія звычайна, калі ўмеюць добра вудзіць і добра пільнуюцца свайго інтэрасу, дык і маюць гешэфт, з якога багацеюць». Я сказаў: «Значыцца, сяляне і іншыя працавітыя людзі не маюць клёку і таму ў поце здабываюць свой хлеб надзённы і не могуць спасцігнуць гэтай тонкай навукі». Ён адказаў: «Некаторыя не разумеюць выгодаў гэтага ўмення, a таму і не стараюцца навучыцца. Іншыя ж і хацелі б, але ім не хапае рукі ў галаве або іншых сродкаў. A тыя зноў жа і вучацца, і рукі доўгія маюць, але бракуе ім моцнай хваткі, патрэбнай y дадатак да гэтага ўмельства, калі ты хочаш разбагацець. A некаторыя і ведаюць, і ўмеюць, і маюць, што трэба ведаць, умець і мець, але сядзяць не на тым месцы, і таму ім проста не нагодзіцца, як мне, скарыстацца сваім умельствам».
Калі мы вось так гутарылі пра чарніліцу, якая мне вельмі нагадвала торбу Фартуны, пад рукі трапілася тытулярная кніга; y ёй я, як на мой тагачасны розум, знайшоў столькі ўсякага глупства, як ніколі раней не чуў і не бачыў. Я сказаў сакратару: «Усё гэта — дзеці Адама, і ўсе
мы з аднае рошчыны, a менавіта з праху і попелу! Адкуль жа такая розніца паміж людзьмі? Найсвяцейшы, непераўзыдзены, найпачэснейшы, найпраасвяшчэннейшы? Хіба ж ад Бога гэтыя якасці? Вось глянь, адзін — «добрародны», a тут — «высакародны», a навошта тут гэтае «-родны»? Мы ж добра ведаем, што ніхто з неба не падае, ніхто не выходзіць з вады, ніхто, як качан капусты, не вырастае з зямлі, усе родзяцца аднолькава. Чаму ж тут гэтыя высока-, шмат-, вельмі-, найпаважанейшы, a не, скажам, -пав^жаны, -памераны, -палічаны? I што гэта за ідыецкае слова «прадбачлівы»? Чаму «прад-, перад-», a не «зад-», бо ні ў кога ззаду вачэй няма, a значыцца, ён толькі «перадам» і бачыць?» Сакратар пасмяяўся з мяне і ўзяў на сябе клопат патлумачыць мне гэтыя тытулы і словы, але я ўсё-такі рогам упёрся ў сваё, што тытулы падаюцца няправільна; было б куды лепей, каб чалавек тытулаваўся не «благародзіе», а, скажам, «кепскародзіе», калі ўжо гэта аж такі благі чалавек, аж такое выроддзе. Item, калі слова «шляхта» само па сабе азначае не што іншае, як толькі ўсімі шанаваную цноту, дык чаму ж тады, калі высокароднымі, як гэта тытулуюцца князі і графы, не ўставіць і такога слова, якое б звужала княскі тытул? — скажам,— сярэднеродны, нізкародны, пад-, над-, перадродны альбо не толькі першародны, але і друга-, трэце-, васьмі-, дзевяціродны? Слова «благародны» ўвогуле лухта пустая і няпраўда, бо напісана «блага», a трэба разумець, што гэта няма ладу як «добра», a вы папытайцеся хоць бы ў тае баронавае маці, як y яе прайшлі роды — блага ці добра, a тады й пішыце і тытулуйце.
Стаю гэта я сабе так і пакепваю ды як зарагачу — аж тут і выхапіся з мяне той жудасны бабах, мы абодва, я і сакратар, аж спалохаліся. I гэты бабах адразу адмеціўся ў нас y насах і ва ўсёй канцылярыі так прысутна, нібы да таго не быў дастаткова «блага-родна» засведчаны гукам. «Ану, вымятайся, свіння,— сказаў сакратар,— y хлеў ідзі да свіней, з імі ты, бздзелю, хутчэй сталкуешся пра «благародства», чым з людзьмі культурнымі». Але і ён, як і я, мусіў выйсці з пакоя, пакуль выветрыцца гнюсны смурод.
Вось так я, як той казаў, адным махам увесь гандаль забабахаў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Сімпліцы вучыцца прадказваць праўду і на гэты конт прымае параду
Прыйшоў я да гэтага няшчасця вельмі нявінна; незвычайныя стравы і лекі, якія мне давалі штодня, каб прывесці ў парадак стрыножаны страўнік і зажабраваныя кішкі, спрычынілі ў маім жываце шалёную непагадзь і штармавыя вятры, якія моцна даймалі мяне, калі як кручаныя рваліся вонкі; і ўсё-такі я не думаю, што гэта так ужо й кепска, калі чалавек y такім веку аддаецца волі прыроды, асабліва калі супрацьстаяць гэтаму ўнутранаму напору доўга немагчыма, прынамсі, ні мой пустэльнік (гасціны ў нас з ім увогуле былі сціплыя) нічога ніколі не казаў мне на гэты самы конт, ні татусь не забараняў пускаць вятры, калі і куды ім хацелася, і я не заступаў ім дарогі, a тут ураз страціў ласку сакратара. Без ягонай прыхілкі я абышоўся б неяк, калі б не ўбарохтаўся ў яшчэ горшае; нябось мне было несамавіта, як пачціваму чалавеку, які прыходзіць да двара, дзе адно падступства: змяя супроць Назіка, Галіяф супроць Давіда, Мінатаўр супроць Тэзея, Медуза супроць Менелая, Палюд супроць Карэба, Медэя супроць Пелія, Нэс супроць Геркулеса і, што яшчэ горш, Алтэя супроць свайго роднага сына Мелеагра.
У майго пана быў яшчэ адзін паж — такі пытляваны баглай і прасяваны, акышканы курдупель, які праслужыўся ўжо некалькі гадоў; я падарыў яму сваё сэрца, бо ён быў мне равеснік. Я думаў: «Ён Ёнатан, a ты Давід». Але ён увесь час зацінаўся са мною за тую вялікую ласку, якою дарыў мяне мой пан, дзень y дзень шчадрэй і шчадрэй,— відаць, баяўся, што я сапхну яго з каляіны, таму і глядзеў на мяне спадціха незычлівым, зайздрослівым вокам і засядаў мне дарогу, каб гэта тычку ўткнуць і абярнуць мае нягоды сабе на выгоду. A ў мяне на ўсё былі галубіныя вочы, і галава жыла іншаю мысленкай, ніж y яго, я, як той дзядзечка шчыранькі, давяраў яму ў зусім яшчэ дзіцячай прастаце і богабаязнасці ўсе мае тайноты, і ён ніяк і нічым не мог дастаць мяне. Аднаго разу, ужо лежачы ў ложках, мы доўга балабонілі абы пра што, a калі загаварылі пра звеставанне праўды, ён паабяцаўся навучыць мяне гэтаму. Ён сказаў мне накрыцца з галавою, і такім манерам, сказаў, ён далучыць мяне да высокага ўмельства. Я зрабіў, як ён сказаў, і падрыхтаваўся да прыходу духа вешчавання. A матачкі! як бабахне мне ў нос, ды так моцна, што я не мог трываць пад коўдрай нясцерпнага смуроду і высунуў галаву. «Што гэта?» — сказаў мой настаўнік. Я адказаў: «Ты
перднуў».— «A ты,— сказаў ён,— сказаў праўду, значыцца, спасціг мастацтва звеставаць праўду». Я не бачыў y гэтым нічога брыдкага, бо тады яшчэ не ўмеў гневацца, але вельмі хацеў даведацца ў яго, як можна выпускаць пшыкі, каб як мага цішэй. Мой сябар адказаў: «Гэта мастацтва адмысловае, трэба толькі падняць левую нагу, як гэта робіць сабака, калі цыркае на сцяну, і пры гэтым нішкам сказаць сабе: шыкі-пшыкі, шыкі-пшыкі, шыкі-пшыкі,— ды ўнатужыцца штосілы, як толькі зможаш,— тут яны і пойдуць ціхенька і спраўненька, як злодзеі з хаты».— «Гэта добра,— сказаў я,— a калі пасля смярдзецьме, можна зваліць на сабак, што гэта яны сапсавалі паветра, асабліва калі левую нагу падняць файненька і высока». Ах, падумаў я, каб жа я ўсё гэта ведаў сёння ў канцылярыі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
Сімпліцы згамтаў цялячае вока, і хоць бы што, не вылезла бокам
На другі дзень мой пан даваў вялікую каралеўскую гасціну афіцэрам і іншым паважаным сябрам, бо ён атрымаў радасную вестку, што ягоныя войскі ўзялі моцную крэпасць Браўнсфэльд, не страціўшы ніводнага чалавека; і вось я мусіў, a такая ў мяне была пасада, як і ўсе іншыя стольнікі, выносіць і падаваць стравы, наліваць і чакаць з місай y руках. Першага ж дня мне ўручылі, каб я занёс на стол, вялікую тлустую цялячую галаву, пра якую звычайна кажуць, што такое ніякі жабрак есці не будзе; галава была добра і мякка ўпечана, і адно вока з усёй яго субстанцыяй свабодна звісала з вачніцы, і выглядала гэта даволі спакусліва-апетытна. I як што моцна казытаў нос свежы пах запечанага сала, пасыпанага імберцам, дык хацімую душу маю так разабрала, што аж сліна пабегла ў рот. Карацей, вока смяялася з маіх вачэй, з носа, з майго рота і разам з тым само прасілася, каб мае галодныя шлункі прыўлашчылі яго. Я не даў сябе доўга ўмаўляць, a паслухаўся поклічу маёй хоці; на хаду я спрытна выкалупнуў гэтае вока сваёй лыжкай, якую мне якраз таго самага дня выдалі, і адправіў яго хуценька, куды яму след было, так што аж ніводзін чалавек не змеціў, пакуль спахібленая галава не прыехала на стол і не выдала сябе і мяне. I калі яе пачалі разбіраць і не хапіла ў ёй аднаго з самых важных органаў, мой пан адразу заўважыў здзіўленне на твары ў таго, хто тую галаву