Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
хляўчук, які быў скалочаны з дошак, пачаў моцна і рытмічна патрэскваць, a тая баба пачала ўдаваць, нібыта ёй за гэтым заняткам няма ладу як баліць, я падумаў: «Гэтыя двое з тых вар’ятаў, што дапамагалі таўчы падлогу, і цяпер прыйшлі, каб і тут пашураваць, мабыць, хочуць забіць мяне». Як толькі мне стукнулі ў галаву гэтыя думкі, я адразу схапіўся за дзверы, каб хутчэй уцячы ад смерці, і выскачыў з дзікім крыкам, які гучаў вельмі натуральна, як і той, за які я трапіў сюды; але я быў настолькі здагадлівы, што адразу зачыніў за сабою дзверы на засаўку і кінуўся да адчыненых дзвярэй дома. Гэта было першае вяселле, y якім я за сваё жыццё ўдзельнічаў, хоць і не быў запрошаны; і хоць я не павінен быў нічога дарыць, a вось жа пасля малады выстраіў мне ладную гасціну, за якую я таксама ладна сплаціў. Ласкавы мой чытач, я расказваю гэтую гісторыю не дзеля таго, каб ты добра з яе пасмяяўся, a каб скончыць яе на добрую ўцеху чытачу, каб ты ведаў, якога плёну можна чакаць ад скокаў — як скачаш, так і вытрасеш. Лічу зусім пэўным, што ў скоках і даходзіць часам да многіх кепскіх і неразважных купляў, за якія пасля бывае сорамна ўсёй кампаніі.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Сімпліцы кажа, калі след мыцца, каб з іншых людзей не глуміцца
Хоць я і вельмі ўдала ўцёк з гусінага катуха, але якраз y тым і адчуў усю веліч свайго няшчасця, бо нагавачкі мае былі поўненькія і я не ведаў, як, чым і дзе даць рады гэтай калатушы. У доме ў майго пана было ціха, усё спала; таму мне нельга было назаляцца варце, якая стаяла каля дома; a галоўная варта, corps de garde, вядома, не прапусціць, бо надта ж ад мяне патыхала; заставацца на дварэ — дзе ж тут набудзешся за такой халадэчай, a куды падзецца? — хто яго ведае. Было далёка за поўнач, калі мне стрэліла ў галаву — пашукаю рады ў памянёнага добрага святара. Я рушыў за поклічам свайго сэрца і пастукаўся ў дзверы; і зрабіў гэта так настойліва, што служанка з вялікага нехаця нарэшце ўпусціла мяне. Калі ж яна ўнюхала, якога гасцінца я прывалок y хату (а яе доўгі нос адразу пацэліў y маю таямніцу), дык яшчэ больш знеахвоцілася. I пачала яна бурчаць і сварыцца; яе пан ад гэтага шуму прачнуўся, a такі нябось, можа, і выспаўся, і ўсё па-
чуў. Ён паклікаў нас абаіх да сябе да ложка, быццам яму самому закарцела прынюхацца. Але як толькі ен змікіціў, на чым тут гандаль трымаецца, ён, наморшчыўшы нос, сказаў, што што б там ні пісалі календары, a цяпер самасама добрая нагода памыцца, і лепш зрабіць гэта без адкладу, чым быць y тым стане, y якім я цяперака. Ён сказаў служанцы, не, бадай, папрасіў дзяўчыну, каб яна, пакуль зусім не развіднела, памыла мае нагавачкі і павесіла каля печы, a мяне самога паклала ў ложак, бо, мусіць, ён бачыў, што я зусім скалеў. Ледзьве паспеў я сагрэцца, як ужо й на свет занялося; святар ужо стаяў каля ложка, прыйшоў падзівіцца, як тут y мяне ўсё абышлося, a мае кашуля і штаны былі яшчэ мокрыя, дык я не мог устаць, каб падысці да яго.
Я расказаў яму ўсё і пачаў з «мастацтва», якога мяне навучыў прыяцель, і як я кепска той навукай скарыстаўся. Далей я паведаміў, што госці пасля таго, як ён, святар, пайшоў, зусім падурэлі і, як зноў жа сказаў мой прыяцель, хацелі прадлубаць y доме падлогу; item, які жахлівы страх на мяне напаў, праз што я і трапіў y гусіны катух, і што ў тым хлевушку ад тых дваіх, якія незнарок мяне вызвалілі, уведаў з іхніх слоў і дзеяў і якім чынам я іх там замкнуў замест сябе. «Сімпліцы,— сказаў святар,— блага табе прыпала, зусім блага. Пайшло ў цябе спярша вельмі гладка; але баюся, вельмі баюся, што ты перабаршчыў і ўсё сапсаваў. Выбірайся баржджэй з ложка ды ляці хутчэй з дому, каб і я разам з табою не асяніўся няласкаю пана, калі б цябе згледзелі ў маім доме». I я мусіў ісці ўвесь y мокрым і першы раз на сабе зведаць, як ліпнуць усе да Tara, хто ў шаноўлі; і як жа коса глядзяць на таго, хто пачаў накульгваць, a тая ласка тым часам уся злашчылася.
Я пайшоў y харомы да майго пана, там усё яшчэ мёртва спала, апрача кухара і некалькіх ягоных дзяўчат. Дзяўчаты прыбіралі ў пакоі, дзе ўчора банкетавалі, a кухар з рэштак былога едзіва гатаваў сняданак ці, лепей сказаць, нейкую пярэкусь. Спярша я падышоў да дзяўчат; y іх там усё было дагары нагамі: бітыя куфлі, бітыя шыбы, y некаторых месцах было поўна таго, што выходзіла з гасцей зверху і спадыспаду, месцамі стаялі вялікія лужыны разлітага віна і піва, так што падлога нагадвала карту, на якой можна было разгледзець моры, астравы і сухія, цвёрдыя кантыненты. Ва ўсім пакоі стаяў смурод нязгорш таго майго, катушынага, таму я доўга і не забавіўся, a пайшоў на кухню, каб там каля агаю дасушыцца да канца на жывым целе, са страхам чакаючы, як абернецца да мяне Фартуна, калі мой
пан праспіцца і ўстане. I тым часам разважаў пра дурноту і марнасць свету, узгадваў, што мяне напаткала мінулага дня і асабліва ўначы і што яшчэ я пабачыў, пачуў і даведаўся. Такія думкі навялі мяне на рахубу, што жыццё маё ў пустэльніка, y нэндзы, галечы і ўбогасці, было куды дабрашчаснейшае, аж захацелася зноў вярнуцца ў былое.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Сімпліцы пажу адпёк пірагі, адкрыўшы сакрэты левай нагі
Калі пан мой устаў, ён паслаў свайго целаахоўніка па мяне ў гусіны катух; той прынёс вестку, што знайшоў дзверы адчыненыя і прарэзаную за засаўкай дзірку, дзякуючы якой, відаць, вязень і ўцёк. Але яшчэ да гэтага паведамлення мой пан даведаўся ад іншых, што я даўно на кухні. Тым часам слугі ўжо бегалі, збіраючы ўчарашніх гасцей на сняданак, разам з якімі клікнулі і святара, які павінен быў паявіцца раней за іншых, бо пан, перш чым сесці за стол, хацеў перагаварыць з ім з прычыны, так бы сказаць, мяне. Ён сур’ёзна спытаўся ў святара, за каго той мяне мае, за блазна і дурня ці за хітрага праныру і балвмута; які я — ці прастадушны рахманіна і цюхця, a ці, наадварот, падступны скалазуб і цмыгун, і пры гэтым расказаў яму ўсё-ўсенька, як непачціва я ўчарашняга дня і ўвечары паводзіўся пры каляцыі і ў танцах і што многія госці прынялі гэта і расцанілі, як ліхі намысел супроць іх, і быццам усё гэта загадзя прадумана дзеля афронту, каб дапячы ім; item, што ён загадаў замкнуць мяне ў гусіны катух, каб убяспечыцца ад падобных розбрыкаў і анцыбураў, якімі я яшчэ мог падседзець яго перад людзьмі, і з якога, катуха, я вылузаўся і цяпер брыняю ў цяпле і выгодзе на кухні, як нейкі шляхцючок, перад якім усе павінны прагінацца, a не ён служыць нам, і што колькі на свеце жыве, не памятае, каб нехта ўшыхаваў яму пры высакародным людстве столькі ўсякага дэспэкту і канфузіі, і што ён не бачыць ніякага іншага выйсця, як толькі загадаць, каб мяне патрактавалі як след пугамі і дубцамі, і што ўжо калі я аж такі невылечны ёлупень, дык паслаць мяне к чартаматары і не пускаць да стала.
Тым часам, пакуль мой пан так наракаў, пачалі вызбірвацца госці. Пан выгаварыўся, і святар адказаў яму,
што калі б ласкавы пан узычыў хоць прагалінку часу і цярпліва паслухаў, дык ён мог бы расказаць пра Сімпліцы пропадзь чаго такога пацешнага, чаго ні сумысля, ні спопрыску не прыдумаеш, але з чаго несумненна вынікне не толькі поўная невінаватасць дзіцяці, але і тое, што часцей за ўсё плятуць усялякую небывальшчыну пра яго паводзіны, і хай пан дасць веры, што ўсе, хто пачуў сябе зняважаным, адкінуць усе нядобрыя падазрэнні. Пан губернатар дазволіў, але хацеў, каб гэта было расказана за сталом, a то ж хай паслухае сабе на пацеху ўся кампанія.
Калі вось так y верхнім пакоі гаварылі пра мяне, унізе са мною акардаваў той кручаны фэндрык, якога я замест сябе замкнуў y хлеўчуку і які ўсякімі пагрозамі, лёстачкамі і, нарэшце, талерам, якога ён сунуў мне ў руку, дамогся, каб я паабяцаў ані шу-шу пра ягоныя амурныя ўходы, каб не вякнуў чаго не папала на памяло.
Сталы былі накрытыя і, як і ўчарашняга дня, застаўлены ежаю і абсаджаны людзьмі. Вермут, шаблі, алант, цытрыноўка, іншыя віны разам з «гіпакратам» мелі давесці да ладу галовы і жываты гасцей, бо ўсе ж былі як y чорта на тартурах. Іх першая гутарка была пра іх самых, пра тое, як яны ўчора так ладна панабіраліся і як не было сярод іх нікога, хто прызнаўся б, што пераквасіўся з лішкам, хоць яшчэ ўчора чортам кляліся, што ўжо ані-ні больш. Некаторыя прызнавалі, што захмялелі так сабе збольшага, a іншыя даказвалі, што яны ніколі не ўпіваюцца да нясхочу, a так толькі, дзеля настрою, кампаніі і хэнці. Калі ўжо стаміліся гаварыць і слухаць пра свае дзівацтвы і вычуды, прыйшла чарга да небаракі Сімпліцы; губернатар сам нагадаў святару, каб той адкрыў публіцы абяцаныя вясёлыя пікантнасці і нягегласці.
Гэты найперш папрасіў не залічваць яму ў грэх, калі ён змушаны будзе ўжыць некалькі слоў, якія, магчыма, і не дужа стасуюцца з яго духоўным санам, але што тут паробіш — праўда ёсць праўда; і пачаў распавядаць, спачатку пра тое, з якіх такіх чыста прыродных прычын мяне даймала цялесная пляга ў кішках, пра тое, як я шчыра ўсё выклаў сакратару ў канцылярыі, як я быў навучаны разам з варажбою пэўнаму мастацтву і як блага ўчыніў першае выпрабаванне, item, якімі дзіўнымі здаліся мне танцы, якіх я зроду ні разу на вочы не бачыў, як мне ўсё растлумачыў прыяцель і з якое прычыны я ўчапіўся ў знакамітую даму і як трапіў y катушок. Усё гэта святар падаваў y вельмі прыстойнай манеры, але ўсе сінелі і бакі рвалі ад смеху, папрасіў ласкава выбачыць мне маю прастадушнасць і неабаз-
нанаець, і каб не астыла да мяне панава прыхільнасць, і каб не адстаўлены я быў ад службы каля стала; a пра тое, што спрыгодзілася ў мяне ў катушку, як я выбавіўся адтуль, ён не схацеў сказаць, баючыся, каб на яго не ўгневаліся некаторыя сатурналісты і перапітыя казлы, якія лічаць, што асобы духоўныя ўсё і заўсёды бачаць толькі ў благім святле. A мой пан, дык той акурат і спытаўся ў мяне, каб пацешыць гасцей, чым жа я сплаціў свайму прыяцелю за навуку, за досвед, і калі я адказаў: «Нічым!» — ён сказаў: «Ну дык я заплачу яму поўны ганарар за тваю вывучку»,— і таго паклалі на карыта і высвісталі так, як і мяне ўчора, калі я выпрабоўваў мастацтва і схібіў.
Мой пан дастаткова добра ўведаў пра маю прастадушнасць, але хацеў падахвоціць мяне, каб я пацешыў яго і гасцей яшчэ больш; ён быў упэўнены, што сваімі дурнотамі я пераплюну ўвесь іх аркестр. Ён спытаўся, навошта я парэзаў дзверы ў катуху і даў лататы. Я адказаў: «Гэта, можа, хто іншы зрабіў». Ён спытаўся: «Хто ж тады?» Я сказаў: «Можа, той, хто прыйшоў да мяне».— «А хто ж да цябе прыходзіў?» Я адказаў: «Я не павінен гэтага нікому казаць». Пан мой быў спрытнюга ў клёку, ведаў, як да мяне пад’ехаць і падступіцца; таму ён апярэдзіў мяне пытаннем: «Хто ж гэта табе забараніў?» Я адразу адказаў: «Кручаны фэндрык». Аднак па вялікім рогаце гасцей я скеміў, што зноў даў пудлу — a кручаны фэндрык, які таксама сядзеў за сталом, пачырванеў, як печаны рак, і калі б я не хацеў больш нічога расказваць, ён не запярэчыў бы. Але мой пан толькі кіўнуў раз кручанаму фэндрыку, і таму як зацяло, a я ўжо мог гаварыць усё, што ведаў. Пасля мой пан спытаўся, што ж там той кручаны фэндрык такога нафэндрыў пасля мяне ў катуху. Я адказаў: «Ён прывёў туды адну паненку».— «I што ж ён рабіў далей?» — спытаў мой пан, a я адказаў: «Мне здалося, што яму прыспічыла пацурболіць». Мой пан спытаўся: «А што ж пры гэтым рабіла паненка, нябось засаромелася, га?» — «Ды не, мой пане,— сказаў я,— яна задрала спадніцу і хацела (s. v., мой высокашаноўны, цуда-, шанаі цноталюбны чытач, даруй майму непачціваму пяру, што піша яно так груба, як я тады сказаў, але зноў жа, праўда ёсць праўда) падставіцца». Тут сярод прысутных падзеяўся такі рогат, што мой панок не толькі слухаць, але і пытацца далей не мог; ды яно і патрэбы не было, бо інакш можна было б ужо наразіць на кепікі і смех саму пачцівую паненку (scil.— зразумела!).