Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Тут гофмайстар абвясціў за сталом, што я, нядаўна вярнуўшыся з больверка, то-бок з крапаснога вала, сказаў, што я ведаю, як учыніць гром і маланку; што я бачыў на двух вазах два камлюкі, пустыя ўсярэдзіне, дуплястыя; y іх насыпалі насення цыбулі з белай морквінай, якой абцялі хвост, пасля гэтыя камлі паказыталі зубатым кіёчкам, ад чаго з тых камлёў спачатку паваліў дым, потым бабахнуў гром і шугануў пякельны агонь. Такіх жартаў нагаварылі за сталом шмат, нарагаталіся ўволю, так што пад закусь гаварылі, бадай, толькі пра мяне, з мяне і смяяліся. Усё гэта спрычыніла агульны вырак мне і прывяло да маёй пагібелі, што калі мне дазволяць гаварыць, што хачу, з мяне будзе выдатны застольны блазан, якім дабраволяць найвялікшыя ўладары свету і з якіх могуць парагатаць нават простыя смертныя.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы бачыць — без мілых падманаў не выстаіць нават фартэцыя ў Ханаў
I вось акурат калі гэта сама-сама ўсе сабраліся паброварыць і, як учора, дружна спаражніць посуд, варта абвясціла з уручэннем паслання пра прыбыццё камісарыя, які ўжо, сказалі, каля брамы, a пасланы ён мілітарнай радай шведскай кароны збадаць тутэйшы гарнізон і зрабіць візітацыю ў фартэцыю. Гэта адразу з’ёлчыла ўсе жарты, і вясёлы рогат аціх, як пішчалка дуды, калі выйшла паветра. Музыкі і госці рассеяліся, як тытунёвы дым, пакінуўшы пасля сябе толькі пах; мой пан сам памчаўся з ад’ютантам, які нёс ключы, і з атрадам галоўнай варты, з паходнямі, да брамы, каб асабіста ўпусціць таго візітанта-атраманта, чарнільную душу, як ён яго назваў. Зычыў, каб яму чорт карак скруціў, перш чым ён укруціцца і нагою паткнецца на парог крэпасці. Але як толькі ён яго ўпусціў і прывітаў на ўнутраным мастку, бракавала вельмі малога альбо зусім нічога, каб з ходу, з лёту, y доказ сваёй адданасці не паслацца гладкім лістам, узаемная пачцівасць y тыя хвіліны была такая вялікая, што камісарый спешыўся з каня і прайшоўся ножкамі з маім панам да ягонага лажаменту, і кожнаму тут зарупіла ісці, канечне, леваруч, etc. «Ах,— падумаў я,— які ж гэта шаленчы дух аж так людзей пантае, што кожны другога за дурня мае?» Мы, такім чынам, падышлі да галоўнай варты, і вартавы крыкнуў:
«Хто там?» — хоць выдатна бачыў, што гэта мой пан. A гэты заўпарціўся з адказам, саступаючы гонар высокаму госцю; вартавы зноў, як бы не бачачы, яшчэ мацней паўтарае сваё пытанне. Нарэшце, аж за трэцім разам, пан будзе адказваць на тое «Хто там?» — «Чалавек, які дае грошы!» Калі мы праходзілі міма варты, a я ішоў апошні, дык і дачуў, што вартавы, які толькі нядаўна завербаваўся ў жаўнеры, a да таго сядзеў на гаспадарцы, даволі заможны вясковец з Фогельсбэрга, буркнуў: «Каб ты так дыхаў, падла; чалавек, які дае грошы! Сабака, які іх выдзірае, вось хто ты! Столькі грашыскаў злупіў з мяне, што хай бы цябе так пярун улупіў раней, чым ты выпаўзеш з горада». 3 гэтай хвіліны я быў y поўнай пэўнасці, што чужы пан y аксамітах — святы чалавек, раз не толькі ніякая кляцьба не ўзяла яго, але і нбпраталі ягоныя чынілі яму учту, ласку і даброць усялякую; яшчэ тае ж ночы ён быў па-каралеўску патрактаваны ўсялякімі прысмакамі і лагодкамі ўганараваны і да таго ж раскошнай пасцеллю ўпачціўлены.
Наступнымі днямі пры інспекцыі было ўсяго-ўсялякага. Я, дурны несмысель, быў, аднак, досыць упарты і ўвішны, каб гэтага хітрага камісарыя, a ягоныя ж абавязкі не можа несці дзіця горкае, дурыць і вадзіць за нос, як малога; навучыўся я гэтаму меней чым за гадзіну; уся мудрасць была ў тым, каб лічыць ад пяці да дзевяці і біць y барабан, бо я яшчэ быў замалы, каб выцягнуць на цэлага мушкецёра. На гэты выпадак апранулі мяне — a мае падкасаныя пажовыя штонікі не пасавалі да падзеі — y адмысловыя пазычаныя строі і далі адмысловы, таксама пазычаны барабан несумненна з той прычыны, што і сам я быў пазычаны; і я выдатна прайшоў інспекцыю. A як што пры маёй блазноце не вельмі верылі, што я здолею ўтрымаць y памяці нязвыклае імя, на якое я павінен адгукнуцца і выступіць са строю наперад, дык я і застаўся Сімпліцы; прозвішча прыдумаў сам губернатар і загадаў запісаць мяне ў рэестр як Сімпліцы Сімпліцысімус, паставіўшы мяне, такім чынам, як скурвысына, байструка першым y родзе, бо, як ён сам разважыў, я быў вельмі падобны на ягоную родную сястру, якая прапала. Я і пазней захаваў за сабой гэтыя імя і прозвішча, пакуль не даведаўся сапраўднага, і граў з імі сваю ролю на немалую карысць губернатару і на невялікую шкоду шведскай кароне досыць паспяхова праз увесь час вайсковай службы, якою я паслужыўся шведам, a таму і іхнія ворагі не мелі ніякай падставы ненавідзець мяне за гэта.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Сімпліцы ў пекле, ледзь не да смерці лупцуюць яго рагатыя чэрці
Калі камісарый з’ехаў, памянёны святар тайна паклікаў мяне да сябе ў пакой і сказаў: «0 Сімпліцы, мне шкада тваёй маладосці, a твае будучыя нягоды клічуць мяне да спагады. Паслухай, дзіця маё, і ведай — гаспадар твой намерыўся зрабаваць твой розум і зрабіць з цябе дурня, нават загадаў ужо з гэтай прычыны пашыць табе блазенскі ўбор. Заўтра цябе пасадзяць y такую школу, дзе ты зусім пакінеш свой розум; не сумняваюся, y ёй з табою будуць абыходзіцца так жорстка і гнюсна, што ты, калі Гасподзь Бог ці іншае што не запабегнуць, сапраўды збаламуцішся. A як што гэта досыць сумніўнае і ненадзейнае рамяство, я ад шчырай павагі да пабожнасці пустэльніка і, ведаючы тваю нявіннасць, хачу з хрысціянскай любові ўзычыць табе добрай парадай і патрэбным настаўленнем і даць сапраўдныя лекі. Таму паслухай маёй навукі і прымі гэты вось парашочак, які ўмацуе твае мазгі і памяць y такой меры, што ты, не пашкодзіўшы свайму розуму, ператрываеш усё лёгка. I вось табе яшчэ бальзам; натры ім сабе скроні, цемя, патыліцу, таксама ноздры; абодва гэтыя лекі ўжыві ўвечары, калі будзеш класціся спаць, маючы на ўвазе, што кожнае хвіліны не будзеш пэўны, што цябе не звалакуць з ложка. Але глядзі і сачы пільна, каб ніхто не пранюхаў пра гэтыя лекі і каб не даведаўся пра маю засцярогу табе, інакш і табе і мне будзе крута. A калі цябе пачнуць цвічыць, дык глядзі і не вер, што б табе ні казалі, адно рабі выгляд, што паверыў. Гавары мала, каб твае настаўнікі не заўважылі па табе, што яны малоцяць пустую салому; інакш катаванні твае зацягнуцца, і тут ужо я сам не ведаю, што яны яшчэ прыдумаюць, што будуць з табой вырабляць. Але перш чым на цябе надзенуць блазенскія строі і каўпак, прыйдзі зноў да мяне, каб я табе параіў, што і як рабіць далей. A тым часам я буду маліць Бога за цябе, каб ён захаваў табе чысты розум і здароўе». I пасля гэтых слоў ён даў мне той парашок і масць, і я пайшоў дамоў.
Як папярэдзіў святар, так і было. Толькі я заснуў, як y пакой да майго ложка прыйшлі чатыры хлопцы, пераапранутыя ў страшных чартоў; яны скакалі вакол, як блазны ці запустоўскія казлы; y аднаго ў руцэ былі вогненныя вілы, a ў другога паходня; двое другіх падскочылі да мяне, вывалаклі з ложка, нейкі час скакалі са мною і гвалтам апра-
нулі мяне. A я зрабіў выгляд, што прыняў іх за сапраўдных чартоў, жаласна крычаў і енчыў, страшна адмахваўся і адбіваўся; a яны заявілі, што я пайду з імі. Пасля завязалі мне галаву хусткай, так што я не мог ні бачыць, ні чуць, ні нават крычаць. I павялі мяне, бедалагу-дурня, які дрыжаў і калаціўся, бы асінка, па розных праходах і сходах угору і ўніз і прывялі нарэшце ў нейкі склеп, y якім гарэў вялікі агонь, і калі яны мяне зноў развязалі, дык пачалі паіць гішпанскім віном і малмазеяй. I ўсяляк уталкоўвалі, што я памёр і цяпер y апраметнай, a я старанна ўдаваў, што паверыў ва ўсё, што яны хлусілі. «Пі смялей,— казалі яны,— бо ты будзеш з намі вечна. A калі не хочаш з намі прыяцеліцца і рабіць, як мы, дык укінем y гэты вось агонь». Небаракі-чарты стараліся змяніць галасы, яны ляпілі язык, каб я не пазнаў іх; але я адразу спетрыў, што гэта былі панавыя слугі, фуражыры; але я не паказаў гэтага па сабе, я пасмяяўся ў кулак, што хлопцы, якія збіраліся скроіць з мяне дурня, самі ў дурні і пашыліся. Я выпіў сваю долю гішпанскага віна; але яны выпілі больш за мяне, a як што такі нябесны нектар ім рэдка перападае, дык магу пабажыцца, што набраліся яны больш за мяне. Мне падалося, што ўжо настаў патрэбны час, і я пачаў хістацца, тыцкацца туды-сюды і торгацца, як гэта нядаўна, я бачыў, рабілі панавыя госці, і нарэшце зусім ужо не схацеў піць, a толькі спаць; але яны соўгалі мяне сваімі віламі, якія ўвесь час ляжалі на агні, ганялі з кута ў кут па ўсім склепе, быццам самыя падурэлі, загадвалі піць яшчэ і не спаць. I калі я ў гэтым гармідары нарэшце ўпаў, a гэта я часта рабіў сумысля, яны падхапілі мяне на ногі і зрабілі выгляд, што вось-вось укінуць y агонь. Такім чынам яны рабілі са мною, як з сокалам, не даючы заснуць, і гэта было самае цяжкае выпрабаванне. Мяркуючы па іх перапітасці і санлівасці, я вытрываў бы і даўжэй за іх; але яны не рабілі ўсё гэта разам, a мяняліся; таму ўрэшце я змогся. Два дні і дзве ночы правёў я ў гэтым закураным склепе, y якім не было ніякага іншага святла, апрача агменю; галава мая гула, зусім ашалела, быццам хацела разваліцца на кавалкі, але я нарэшце прыдумаў ратунак, як мне вызваліцца з катоўні і ад саміх катаў; я зрабіў, як хітры ліс, які пырскае сабакам на морду, калі ўжо не спасобіцца ад іх уцячы; і як што прырода мая якраз паднатурыла мяне (s. v.) да патрэбы: я засунуў сабе пальцы ў рот, каб званітаваць, такім чынам, што адначасова напусціў поўныя штонікі і забляваў сабе ўсю камізэлю, заплаціўшы за выпіўку такім невыносным смуродам, што мае бедныя
чарты самі не маглі вытрываць. Яны паклалі мяне на нейкую радзюгу і аддубасілі так неміласэрна, што здавалася, усе мае вантробы разам з душою маглі выскачыць з цела. Я сам быў так перастрашаны і аслабеў, што самлеў і ляжаў як нежывы; не ведаю, што яны там далей рабілі са мною, аж так быў без памяці.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Сімпліцы з пекла ў рай трапляе, але і там рызыкі не губляе
Апрытомнеўшы, я ўжо быў не ў пустым склепе сярод чарцей, a ў прыгожай зале пад апекаю трох найгнюсотнейшых старых баб, якіх толькі зямля спарадзіла. Я нават падумаў быў спачатку, калі крыху расплюшчыў вочы, што гэта сапраўдныя выпладні пекла; але як што на той час я ўжо пачытваў старых антычных паэтаў, дык палічыў іх за эўменід ці, прынамсі, за адну з іх, за Тысіфону, якая прыйшла з геены забраць y мяне мой розум, як y таго Атаманта, але ж я загадзя і наперад ведаў, што я таму тут, што з мяне хочуць зрабіць дурня. У гэтай была пара вачэй, як два сподкі, a паміж імі тырчаў даўжэзны худы шулячы нос, канец якога амаль даставаў да ніжняй губы. Толькі два зубы ўбачыў я ў яе пашчы; але яны былі такія вялізныя, круглыя і тоўстыя, што кожны з іх кшталтам можна было параўнаць з залатым напарсткам, a колерам — з самым золатам. In summa, кусання ў іх было як на поўную храпу зубоў, але былі вельмі брыдка адстаўленыя адзін ад аднаго. Твар y яе выглядаў, як гішпанская скура, a сівыя валасы звісалі дзіўнымі патламі, быццам яе толькі што вывалаклі з ложка. Доўгія грудзі сам не ведаю з чым параўнаць, хіба што з абвіслымі бычынымі пузырамі, з якіх дзве траціны змесціва выцекла; і на кожнай знізу вісеў чорна-буры, велічынёю з паўпальца, смок. Відовішча проста жудаснае, якое магло паслужыцца бадай што толькі на астуду пажадліваму казлу, апантанаму пахацінствам. Дзве другія былі нічым не лепшыя і не прыгажэйшыя, хіба што толькі малпаўскія кірпы ды вопратка былі, бадай, лепшыя. Крышку адышоўшы, я пазнаў, што адна з іх была наша кухарка, a дзве другія — жонкі фуражыраў. Я прыкінуўся, што мне ўсё ўва мне адбілі, што я не магу паварухнуцца, хоць і дапраўды мне было не да скокаў. Гэтыя шаноўныя кабеткі распранулі і раздзелі мяне да голай ску-