Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Ягоная казань была наўмысна застрашлівая; нябось я нават падумаў, што ён проста чытае з майго лба, як я ганаруся, што так спрытна і хітра ўсіх абышоў і вылузаўся з небяспекі. A я на ягоным твары бачыў, што ўжо яму мяне досыць, што я яму надакучыў; ды і тое праўда, што яму з мяне? Таму я перамяніў гаворку і шчыра падзякаваў яму за добрыя лекі, якія ён мне даў, каб з панталыку не збіцца; я рабіў проста немагчымае, усё, чаго вымагала мая запазычанасць яму, каб заўдзячыцца і надалей, каб аплаціцца загадзя. Гэта яму ўлесціла і вывела яго на іншы лад; ён пачаў хваліцца сваімі лекамі і расказаў мне, што Сіманід Мелікус вынайшаў сродак, удасканалены з вялікімі намогамі Метрадорам Сцэпсіем, з дапамогаю якога ён можа вучыць людзей, што ўсё, што яны хоць калі чулі альбо чыталі, можна ўпакаваць y словы і паўтарыць слова ў слова; і гэта, сказаў ён, без тых падмацавальных лекаў, якія ён мне даў, было б немагчыма. «Ого,— падумаў я,— даражэнькі мой пане святару, яшчэ жывучы ў пустэльніка, я чытаў y тваіх кнігах зусім іншае пра тое Сцэпсіевае «мастацтва вывастрэння памяці». Але я быў хітры і не сказаў нічога, што быў падумаў, бо з таго часу, як мяне прызначылі дурнем, ва ўсім, што датычыла праўды, я стаў хітрэйшы і выказваўся сціпла і асцярожна. Ён, святар, пайшоў далей і сказаў мне, як Кір ведаў кожнага са сваіх 30 000
жаўнераў па імені, a Люцый Сцыпіён ведаў пайменна ўсіх грамадзян Рыма, a Кіней, Піраў пасол, на другі дзень пасля свайго прыезду ў Рым ужо ведаў імёны ўсіх консулаў і арыстакратаў. «Мітрыдат, цар Понта,— сказаў ён,— валадарыў над дваццаццю двума народамі і ўмеў гаварыць з кожным з іх іхняю ж моваю і з кожным паасобку, як піша Sabell. lib. 107, cap. 9. Вучоны элін Хармід гаварыў па памяці кожнаму, хто што хацеў ведаць з любой кнігі ў бібліятэцы, калі толькі ён яе хоць раз прачытаў. Люцый Сэнэка мог назваць дзве тысячы імёнаў y тым парадку, як яму іх называлі, і, як сведчыць Равізій, прачытаць на памяць дзвесце вершаў двухсот вучняў па парадку і наадварот. Эздра, як піша Euseb. lib. temp. fulg. lib. 87, cap. 7, ведаў на памяць пяць кніг Майсея і мог слова ў слова падыктаваць іх пісцам. Фемістокл вывучыў персідскую мову за год. Крас мог y Азіі гаварыць на пяці розных дыялектах грэцкай мовы і судзіў на іх сваіх падданых. Юлій Цэзар чытаў, дыктаваў і слухаў адначасова. Ужо і не буду казаць пра рымлян Элія Адрыяна, Порцыя Лятронэ і іншых, скажу толькі пра святога Гераніма, што ён ведаў габрэйскую, халдэйскую, грэцкую, персідскую, мідыйскую, арабскую і лацінскую мовы. Пустэльнік Антоні навучыўся ўсёй Бібліі на памяць на слых, як яму чыталі. Як піша Colerus lib. 18, cap. 21 паводле Марка Антонія Мурэтуса пра аднаго карсіканца, той, выслухаўшы імёны шасці тысяч чалавек, мог хуценька паўтарыць іх усе ў правільным парадку.
Пра ўсё гэта я кажу,— сказаў ён далей,— каб ты не лічыў за немагчымае, што медыцына можа ўмацаваць чалавеку памяць і захаваць яе гэтак сама ж, як і рознымі спосабамі паслабіць яе альбо ж і зусім вытруціць, як піша Plinius lib. 7, cap. 24, самае дурное ў чалавеку — гэта ягоная памяць і што яна ад хвароб, пярэпалаху, парушэння, клопату і трывогі альбо зусім прападае, альбо ў значнай меры траціць сваю моц.
Так пра аднаго вучонага з Афінаў чытаем, што ўсё, чаго ён навучыўся, нават альфабэт, ён ураз забыў, калі на яго згары зваліўся камень. Другі ўпаў з вежы і забыўся ўсё чыста, што ведаў, нават імёны сваіх сяброў і найбліжэйшых родзічаў. Яшчэ адзін праз хваробу забыў імя свайго слугі, a Месала Карвінус, які меў выдатную памяць, не мог успомніць свайго ўласнага імя. Шрамганс піша ў «Fasciculo historiarum» fol. 60 гэтак сама бахвальна, як калі б пісаў сам Пліній, што адзін князь напіўся крыві са сваёй жылы і забыўся чытаць і пісаць, ва ўсім астатнім памяць не парушылася; a калі ён праз год на тым самым месцы і ў
той самы час зноў напіўся сваёй крыві, дык, як і раней, пачаў і чытаць і пісаць. Сапраўды верагодна, як піша Ёган Вірус y de praestigiis daemon. lib. 3, cap. 18, што чалавек, з’еўшы мядзведжыя мазгі, упадае праз гэта ў такія фантазіі, такія імажынацыі, быццам ён сам зрабіўся мядзведзем, што і даказваецца прыкладам з адным гішпанскім гідальга, які зжэр мядзведжы мозак, бегаў па лесе і быў прызнаны за мядзведзя. Дарагі Сімпліцы, калі б твой пан ведаў гэтую штуку, ты мог бы абярнуцца ў мядзведзя, як Каліста, альбо ў быка, як Юпітэр».
Святар яшчэ шмат чаго панарасказваў мне, даў яшчэ нейкіх лекаў і парадаў што да далейшых паводзінаў. I я пайшоў назад, a за мною зноў больш сотні падшыванцаў, якія беглі і мэмэкалі, як цяляты; таму мой пан, які толькі што ўстаў, падбег да акна і, убачыўшы столькі блазнаў адразу разам, зрабіў сабе добрую ласку сардэчна парагатаць.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
Сімпліцы пекнасць дамы ўзвышае і ўсіх за сталом да слёз пацяйіае
Як толькі я вярнуўся дахаты, адразу мусіў ісці ў святліцу, бо ў майго пана якраз гасцявала нейкая шляхетная баба, якой закарцела паслухаць і пабачыць новага панавага дурня. Я ўвайшоў і застыў, як нямко, a таму той пані, якую напярэдадні я быў прыхапіў y танцы, даў добрую падставу сказаць, што вось жа, бачыце, a не казала я вам — гэтае цяля ўмее гаварыць, a цяпер бачу, што памылілася. Я адказаў: «А я дык вось чуў, што малпы не ўмеюць гаварыць, ды вось чую і бачу, што як рыхтык і я памыліўся».— «Што,— сказаў мой пан,— ты думаеш, гэтыя дамы — малпы?» Я адказаў: «Калі і не, дык неўзабаве будуць; хто ведае, як яно ўсё абернецца; я ж таксама ніколі не думаў, што стану цялём, a вось жа — наце!» Мой пан спытаўся, з чаго, на мой клёк, вынікае, што дамы будуць малпамі. Я адказаў: «У нашае малпы голая задніца, a ў гэтых паняў — ужо голыя грудзі; тым часам прыстойныя дзяўчаткі іх прыкрываюць».— «Дурное шалота-балота,— сказаў мой пан,— ты дурное цяля і па-цялячы дурное пляцеш. Гэтыя дамы паказваюць якраз тое, што варта падзівавання, a малпа з галотнасці сваёй галым-голая ходзіць. Пакуль не позна, адкупі свой грэх, інакш будзеш
біты і ў катуху зацкаваны сабакамі, як гэта бывае з наравістымі цялятамі. Паслухаем, a ці ўмееш ты пахваліць даму, апісаць яе прыгажосць, як належыцца?» На гэта я агледзеў даму з галавы да ног і зноў з ног да галавы, паглядзеў на яе так пільненька і любоўна, быццам хацеў ажаніцца з ёю і яшчэ раз абхапіцца, нарэшце сказаў: «Пане, ведаю, y чым пахіба; вінаваты ва ўсім злодзей-кравец; тую столку, якая павінна быць на шыі і закрываць грудзі, ён начапіў унізе да спаДніцы, таму яна так і валачэцца; рукі паабсякаць такому краўцу, калі не ўмее пашыць як след. Дзева,— сказаў я ўжо ёй самой,— скінь з сябе, каб людзей не палохаць, як страхалюдзіна якая, знайдзі краўца майго татуся, і хай ён табе скроіць як трэба, яго звалі майстар Паўлюк; ён выдатна шыў маёй мамці, Ганцы і нашай Урсульцы прыгожыя, з хвандамі спаднічкі, знізу ўсе такія роўненькія, не валачыліся, як y цябе, па зямлі, гаўна не замяталі, як y цябе. Ага ж, ты не ўяўляеш сабе, як хораша ён шыў нават апошнім шлюхам, a глядзеліся — як маляваныя паненкі». Мой пан спытаўся, можа, татусевыя Ганка і Урсулька былі прыгажэйшыя за нашу даму. «А не скажы, мой пане! — сказаў я.— У гэтай дзевы валасы такія жоўтыя, як калі б малое дзіцятка захляпалася, a на галоўцы прадзела, каб іпілі вошы на дзела — такое беленькае і роўненькае, нібы яго са свіное шчэці наклалі, y яе валасы так прыгожа закачаныя, што як усё роўна цурочкі дыму з люлькі альбо як бы калі б пані падвесіла з кожнага боку па пары фунтаў свечак альбо па тузіне сырое каўбасы. Ах, падзівіцеся толькі, які ў яе прыгожы і гладзенькі лоб; a выпуклены ж, a файненькі, як той чэрап, што шмат гадоў правісеў на дажджы і ветры! Вось толькі шкада, што далікатная скура ў пані так запэцкана пудрай, бо калі людзі пабачаць, якія ў гэтым не разбіраюцца, дык яны ж могуць падумаць, што паню паршыўка абсела і сыплюцца пархі; гэта тым болей шкада, што ў пані такія бліскучыя вочы, якія чарнатою больш іскрацца, чым сажа ў майго татуся ў адчыненай печы, якая так страшэнна блішчала, калі Ганка стаяла перад ёю са жмутам саломы і распальвала, і свяцілася так, быццам гэта быў агонь на распал свету. Яе шчочкі такія пекна ружовыя, але не так вогненна-чырвоныя, як тыя новыя стужкі, якімі швабскія фурманы з Ульма абшылі нядаўна штаны і кішэні. A чырвань высокая, я б сказаў нават — пурпура, якая ў яе на вуснах, далёка пераўзыходзіць такую фарбу, і калі яна выскаляецца альбо гаворыць (прашу, хай пан толькі вокам кіне!), вы бачыце ў яе вуснах два радочкі зубоў, такіх прыгожых белых шну-
рочкаў, падобных на цукар, быццам яны выразаныя з кавалка белай рэпы. 0 дзівоснае дзіця, не думаю, што камусьці забаліць, калі ты імі ўкусіш! I шыя ў яе такая бялюткая, як добра выстаялае кіслае малако, a яе грудкі, што ўклаліся ніжэй, такія самыя беленькія і, далібог жа, такія пругкія і тугенькія, як казінае вымя, што пухне ад малака. Яны, канечне ж, не такія абвіслыя, як y тых старэч, што надоечы апратвалі мне маю паню Фэ, калі я быў на небе. Ах, пане, падзівіцеся на яе ручкі і пальчыкі, яны такія тоненькія і доўгія, такія далікатныя, такія зграбныя і такія спрытна-ўвішныя, як y цыганкі, калі тая шнарыць па кішэнях, каб што-небудзь сцібрыць. Але што гэта ў параўнанні з усім яе целам, якога, на жаль, я не бачу! Ці ж яно не такое далікатнае, тоненькае, шчупленькае і шчыгульненькае, як калі б яна цэлых восем тыдняў запар, не прасыхаючы, дрыстачкаю бегала». Тут грымнуў такі рогат, што больш ужо ніхто мяне не слухаў, a я гаварыць не мог, і з гэтым я даў лататы, як галандзец з поля бою,— задаволены сабою,— і хай сабе мяне лічаць дурнем, колькі ім улезе.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Сімпліцы пра тое, чаму такі падкі плюгавы нашчадак на тытулы й спадкі
Пасля абедалі, і я зноў адважна выступіў, бо я пастанавіў сабе выстаўляць усе глупствы і караць усякую марнасць, пахібнасць і пыху, на што вельмі прыдаваўся мой тагачасны стан; не было нікога за сталом, каго я не мог бы ўпікнуць і ўшчыкнуць за ягоную загану і патузаць, і калі катораму гэта было не даспадобы, дык y дадатак яго альбо яшчэ і высмейвалі іншыя, альбо мой пан заяўляў, што мудры чалавек не павінен гневацца на блазна. Кручанага фэндрыка, майго заклятага ворага, я хуценька вывалак на святло і пасадзіў-такі на асла. A першы, хто па знаку майго пана паспрабаваў запярэчыць і выставіцца з розумам, быў сакратар, бо калі я назваў яго кавалём тытулаў і, высмейваючы марнасць тытулаў, спытаўся, як бы ён патытулаваў прабацьку людзей, ён адказаў: «Ты гаворыш як неразумнае цяля, бо не ведаеш, што пасля нашых прабацькоў жылі розныя людзі, якія за свае рэдкія цноты, такія як мудрасць, мужчынская адвага і вынаходства прыгожых мастацтваў, увысакароднілі сябе і свой род аж так, што ўзвысіліся з усіх людзей над зямнымі рэчамі, нават над