• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    У гэтым чужапанцы ўсё мяне гідзіла, усё нейкае было
    гішпанскае; тут табе не Ханаў, дзе было і цёпла і пагодна, тут ханаўскія марцыпаны змяніліся на грубы чорны хлеб і худую маслакаватую ялавічыну, здаралася, праўда, часам украсці і склыгаць кавалак саланіны, але гэта часам; з віна і піва я перайшоў на ваду, a замест ложка спаў на конскай гуньцы ў стойле; замест каб іграць на лютні, якая так хораша ўсіх звесяляла, я поўзаў пад сталамі з другімі хлапчукамі, брахаў па-сабачы ды прымаў выспяткі астрогамі, a гэта мне ні быту, ні бадзёру не давала. Замест ханаўскіх шпацыраў я мусіў разам з усімі выязджаць на фуражоўкі, чысціць коні і стойлы. Фуражоўка гэта не што іншае, як — загрозлівыя для жыцця наезды ў вёскі па фураж, a там ужо малаці, мялі, пячы, крадзь і бяры, што зарвеш, лупцуй і катуй халоп’е, ганьбі дзяўчат, мацярок і дачок — праўда, да гэтай працы я быў яшчэ няздатны, бо замалы. I калі сялянам фуражоўка не дужа падабалася альбо калі яны заціналіся і давалі якому фуражыру па пыску, як гэта тады нярэдка здаралася ў Гесэне, іх на месцы канчалі, калі ўдавалася злавіць, альбо сама мала пускалі дымам іхнія сядзібы. У майго пана не было жонкі, каб гэта вазіць яе з сабою ў паходах, бо і патрэбы такое не было, калі за жонку бяры першую лепшую, не было сваіх пахолкаў, каморніка, не было кухара, затое гібель было райтараў і падлеткаў, якія слугавалі і яму і коням, a то і сам, бывала, за ганьбу не меў і каня засядлаць, і корму ўкінуць, і торбу зааброчыць. Спаў ён заўсёды на саломе альбо на голай зямлі, a накрываўся сваім футраным каптаном-пэльцрокам; таму я часта бачыў, як па яго вопратцы поўзалі вошы, і іх ён зусім не саромеўся, a яшчэ нават і смяяўся, калі хто здымаў каторую. Насіў ён кароткія валасы і шырэкія швейцарскія вусы, якія яму былі вельмі дарэчы, бо ён часта апранаўся за селяніна і сам хадзіў на выведку. Як я ўжо сказаў, не раз’ядаўся ён рознымі там марцыпанамі, усе ягоныя і хто ведаў яго шанавалі яго, любілі і пабойваліся. Спакою нам нідзе не было — то мы тут, то мы там; то мы нападалі, то нападалі на нас; так што не было нам і ўгамону, пакуль можна было ўшчыкнуць гесэнцаў; затое ж і Меландэр не шыкаваў нам святаў, бо адбіваў y нас райтараў і адсылаў y Касэль.
    Такая вось неспакойная жытка не была мне да смаку; таму часта марыў вярнуцца ў Ханаў. Самым цяжкім маім крыжам было тое, што я не ўмеў дагаварыцца з гэтымі хлопцамі і мусіў цярпець ад іх усё — хто штурхне, хто таўхане, хто вытне, a хто і добра ўваліць і прагоніць. Найбольшай забавай палкоўніку было, калі я спяваў яму па-
    нямецку і граў разам з астатнімі слугамі ў трубу, але такое здаралася нячаста. Затое не-не ды даставаў такіх тлустых аплявух і засвістак, што кроў дудкай біла, і ўжо гэтага мне ставала надоўга.
    Нарэшце я пачаў рупіцца за панаву кухню і яго стрэльбу, якою ён вельмі даражыў і якую я яму чысціў, бо ясна стала, што мне яшчэ рана ездзіць на фуражоўкі. I пайшло ў мяне так добра, што неўзабаве я ўжо зыскаў панавую ласку; ён загадаў пашыць мне з цялячых скур новае блазенскае адзенне з яшчэ большымі аслінымі вушамі, чым я насіў раней; a як што рот y майго пана не быў здалікачаны, дык y мой кухарскі спрыт не трэба было дужа дакладацца ўмельствам. Але ж мне часта не хапала то солі, то шмальцу, то прыправы, дык я стаміўся і ад свайго рамяства, затое дзень і ноч сачыў і прыглядаўся, як бы спраўней адсюль цекача даць, тым болей што ўжо і вясною запахла. A калі ўжо добра падрыхтаваўся, я напрасіўся вынесці далей авечыя і каровіныя каўдуны і кішкі, якіх шмат валялася вакол нашых кватэр, патыхаючы гнюсотным смуродам; гэта спадабалася палкоўніку. A я, управіўшыся з гэтым, калі сцямнела, адлучыўся і сігануў y бліжэйшы лес.
    РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы, дасціпна дастаўшы трафея, і ў цёмным лесе пражыць умее
    Доля мая, як пра тое ўсё сведчыла, была такая ёлкая, што чым далей, тым горш, і ўрэшце зусім душу вымуціла; я нават быў падумаў, што нарадзіўся на няшчасце, бо вось жа колькі тых гадзінак прайшло, як вымкнуўся я ад краатаў, a ўжо прыхапілі мяне іншыя лотры. Гэтыя ж, вядома, думалі, што злавілі нешта няма ладу якое каштоўнае, бо ўпоцемках не разгледзелі майго блазенскага ўбрання, і сказалі двум сваім весці мяне далей y нейкае назначанае месца. Завёўшы, a было там яшчэ цямней, адзін з іх давай спаганяць з мяне грошы: ён адклаў убок рукавіцы і стрэльбу і пачаў мяне абмацваць, пытаючы: «Хто такі будзеш? Грошы ё?» Але як толькі намацаў маю валасатую вопратку і доўгія асліныя вушы на галаве, якія ён прыняў за рогі, і ўбачыў y цемры іскаркі, як гэта звычайна яны праскокваюць па поўсці, калі яе гладзіш, ён так перапалохаўся, што, здаецца, ледзь не самлеў. Я адразу змеціў гэта; таму, перш чым ён дойдзе да памяці, я пачаў аберуч церціся, і шэрсць
    на мне заіскрылася, быццам я ўвесь усярэдзіне быў напханы гаручай серкай, і адказаў яму тоўстым голасам: «Я чорт і зараз скручу табе і твайму прыяцелю карак!», і гэта так перапудзіла абодвух абэлтусаў, што яны, не разбіраючы карчоў і хмызу, лупанулі наўскапыта прэч, быццам агнём пякельным гнаныя. Цёмная ноч не змагла стрымаць іхняга ўлёту, і хоць яны штомігу напорваліся на сукі, карані, галіны, камяні, камлі і дрэвы, a яшчэ часцей спатыкаліся і ляцелі потырч носам, падхопліваліся і перлі далей, нібы з іх дух выперла. I нарэшце я ўжо іх болей не чуў; я тым часам так рагатаў, што здаецца, аж лес стагнаў, і, мусіць, чуць гэта ў такой цямрэчы — вусцішная жудасць.
    Калі ўжо я павярнуўся ісці, тут і напароўся на кінутую стрэльбу; адно скула на (s. v.) срацы лішняя, дай, думаю, вазьму, бо ў краатаў я навучыўся, як з ёю абыходзіцца. Рушыўшы далей, наступіў на ранец-заплечнік, зроблены, як і маё адзенне, з цялячай скуры; я падняў і яго — патранташ быў з порахам, свінцом і ўсім, што трэба, астатнім, вісеў на ранцы, я ўсё навесіў на сябе, узяў на плячо, як жаўнер, і схаваўся непадалёк y густым карчэўі крыху паспаць. Але як толькі занялося на дзень, уся тая хэўра вярнулася шукаць згубленую стрэльбу і ранец; я натапырыў вушы, як ліс, і затаіўся, як мыш. Не знайшоўшы нічога, яны пасмяяліся з тых двух, што ўцяклі ад мяне. «Цьху на вас, боўдзілы,— сказалі яны,— пабойцеся Бога, спалохаліся нейкага заморка, паўцякалі, яшчэ і стрэльбу кінулі, нааралі дарог!» Але адзін душою закладаўся, што хай яго чорт забярэ, калі гэта быў не чорт, ён, бач, нават абмацаў яго калючую шэрсць і рогі. Другі чуўся не лепш і сказаў: «Чорт, a ці маці ягоная — мне адзін чорт, знайсці б толькі заплечнік». Адзін з іх, якога я лічыў ці не начальнікам, адказаў яму: «А на чорта яму, таму чорту, твая стрэльба і заплечнік? Даю галаву на адрэз, калі гэта не той хлопец ганьбы вам даў і спрытна ўцёк, прыхапіўшы тое і другое, a вы мне тут балбатні панаразмазвалі». Гэтаму запярэчыў яшчэ адзін і сказаў — магло, бач, стацца, што тут ужо пабывалі сяляне, знайшлі пакінутае і пабралі. Нарэшце ўсе пагадзіліся, што мелі-такі чорта за хвост, a не ўтрымалі, упусцілі, тым болей што і тыя, якія мацалі мяне ў цемры, не толькі з праклёнамі пацвердзілі гэта, але яшчэ і апісалі грубую іскрыстую шэрсць і рогі, як самы пэўны знак д’ябальскай істасці. Я нават быў падумаў, што калі б яны раптам зноў убачылі мяне, ляцелі б усе чортведама як і куды.
    Нарэшце, колькі ні шукаўшы і нічога не знайшоўшы,
    яны пайшлі сваёй дарогай, a я адшпіліў заплечнік, каб паснедаць, і з першага хапу выцягнуў мяшэчак, y якім было трыста і шэсцьдзесят дукатаў. Як я ўзрадаваўся, і пытацца няма чаго; але чытач хай будзе пэўны, што я быў бы яшчэ больш рады, калі б там была ежа, як я лічыў, a не гэтая кругленькая сума ў шчырым золаце. A як што сярод простых жаўнераў рэдка бывае такое, каб нехта насіў золата пры сабе, я падумаў, што халоп дзесь толькі нядаўна ўсё гэта прыдбаў, забраў і потайкам прыткнуў y ранец, каб не дзяліцца з іншымі.
    Пасля я весела паснедаў, знайшоў яшчэ чыстую крынічку, асвяжыўся з яе і палічыў свае дукаты. Нават калі б мне гэта каштавала жыцця, я не сказаў бы, y якой краіне ці мясцовасці я тады быў. Спачатку я доўга шыўся ў лесе, наколькі мне дазваляў правіянт, які я спажываў вельмі ашчадна. Калі ж ранец спаражнеў, голад пагнаў мяне да сялянскіх хат; я залазіў ноччу ў скляпы і кухні, браў ежу, што знаходзіў і колькі мог панесці; усё гэта валок да сябе ў лес, туды, дзе ён быў самы дзікі і густы. Там я зноў павёў пустэльніцкае жыццё, як і раней, з тою, аднак, розніцай, што цяпер я многа краў і меней рупіўся ў малітвах, не меў сталага жытла, a бадзяўся то тут, то там. Яшчэ добра абышлося мне, што быў пачатак лета; a калі мне быў патрэбен агонь ці калі я хацеў, разводзіў сваёй стрэльбай.
    РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы на шабасе; чортава кола ледзь і яму не закручвае голаў
    Пад час маіх тулянняў y лесе мяне сюд-туд напатыкалі самыя розныя сяляне, але кожнага разу яны ўцякалі; ужо й сам не ведаю, ці тое з тае прычыны, што ўсіх запалохала вайна і ні ў кога нідзе не было сталага дома і надзейнага прыпірышча, a ці таму, што марадзёры развялі па ўсім краі авантуры, a таму ўсе, хто сустракаў мяне, шчыра верылі, што ў іх краі завёўся, туляецца і валэндаецца нячысты дух. Аднаго разу я сам крыху прызаблудзіўся ў лесе, нышкарыў некалькі дзён і занепакоіўся, што выйдуць запасы страўнасці, a гэта ўжо мецьме згубныя скуткі, бо прыйдзецца зноў, каб не выпруціць ногі, есці карэнне і зеляніну, a я, бедны і страдны, ад такое гасціны даўно ўжо адвык. У такім вось роздуме я і надыбаў на двух дрывасекаў; пачуўшы іх стук, я ўзрадаваўся. Я пайшоў на стук ся-
    кер і, убачыўшы іх, узяў з мяшэчка цэлую жменю дукатаў, падкраўся да іх, паказаў прывабнае золата і выткнуўся з языком: «Панове, калі вы чакалі мяне, дык вось ён — я, наце вам жменю золата». A тыя як убачаць мяне з маім золатам, як не возьмуць ногі пад пахі, як не дадуць лататы, калуны пазабываўшы і сякеры, і сыр, і торбу з хлебам. Я пераклаў усё гэта дабро ў заплечнік, падаўся далей y лес і зарокся, колькі жыцьму,— не выходзіць да людзей.
    Па доўгім намысле я падумаў: «Хто ведае, што з табою можа спрыгодзіцца, але ж y цябе ёсць грошы, і калі ты іх прыстроіш y добрых людзей, дык на іх яшчэ доўга жыцьмеш». I вось надумаўся я іх зашыць; з асліных вушэй, якія так палохалі людзей, я зрабіў сабе нарукаўнікі, далучыў да маіх ханаўскіх дукатаў яшчэ і гэтыя, грабежніцкія, паклаў іх усе ў нарукаўнікі і ўвязаў на руках вышэй локцяў. Прыладзіўшы скарбы, я зноў пайшоў да сялян, дастаў y іх ежы, усё, што мне трэба было і што я мог панесці, і як што я ўсё яшчэ быў нядэшлы і прастадушны, дык і быў разумна хітры, каб ніколі другі раз не вяртацца на тое месца, дзе пажывіўся, таму мне і шыхавала ў крадзяжах і мяне ні разу не прыхапілі.