Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Я адказаў: «Дарагі пане, калі гульня ёсць такі жахлівы і небяспечны чын, чаму начальства яе дазваляе?» Мой гофмайстар адказаў мне: «Я не хачу сказаць, быццам таму, што некаторыя афіцэры самі гуляюць, a адбываецца гэта таму, што жаўнеры не хочуць кідаць яе, ды і не могуць; бо хто ўжо адзін раз паспрабаваў альбо калі ўцягнуўся ці каго ўцягнуў д’ябал, той будзе і далей, незалежна ад выйгрышу ці пройгрышу, так захоплены ёю, што лепш адмовіцца ад здаровага сну, чым ад яе; мы ж бачым, як некаторыя гуляюць дзень і ноч запар, не ядуць, не п’юць і ідуць дадому без кашулі. Ужо колькі разоў пад страхам кары і смерці гульню забаранялі загадам генералітэту і афіцыйна пераследавалі яе строгім наглядам, і зброяй, і катамі, і ўсялякім насіллем, Але ўсё гэта марна, бо ўсё адно прасаджвалі грошы, сварыліся і круцілі адзін аднаму каркі. I таму што былі забойствы, a і таму што, здаралася, прайгравалі сваю зброю і каня, ды што там — нават свой салдацкі кавалак хлеба, дык гульню не толькі зноў афіцыйна дазволілі, a нават сям-там і адвялі спецыяльныя месцы, каб галоўная варта заўсёды мела на воку, дзе што робіцца, дзе што можа здарыцца нядобрага, што не заўсёды можна прадухіліць загадзя і наперад, і каб варта магла заскочыць непарадак, праз які той ці іншы гулец можа і не вярнуцца жывы і зда-
ровы. I паколькі гульня ёсць асабістая інвенцыя праклятага д’ябла і нямала яму абыходзіць, ён сфармаваў цэлы атрад адмысловых гульнёвых чартоў і запусціў іх y свет, і яны нічым іншым не займаюцца, як толькі пад’юджваюць людзей да гульні. Яны ўшываюцца ў розныя легкадумныя кампаніі праз розныя пакты і хаўрусы, падгаворваючы, што памогуць выйграць; і наўрад ці сярод дзесяці тысяч гульцоў знойдзецца адзін багаты, a то ж спрэс — наадварот — бедныя, гарапашныя і знэнджаныя, бо выйгрыш ім лёгка даецца і тым лягчэй забіраецца і прасаджваецца надарма. 3 гэтага і ўзнікла вельмі правільная, але і пуставатая памоўка, што чорт не пакідае гульца, a даводзіць яго да канца, бо ён адбірае ў чалавека дабро, рабро і гонар, але і тады не пакідае, аж пакуль, хай бог крые яго сваім мілажалем, не затнецца ў цяжбіне за самую ягоную душу. Калі ж гулец акажацца натурай з вясёлым гумарам, велікадушным, што ніякая нягода ці страта не можа ўсадзіць яго ў меланхолію, хімернасць, роспач, тугу, маладушнасць і іншыя цяжкія і ліхія грахі, тады хітры, падступны супастат ловіць яго на тым, што дае яму лёгкі выйгрыш і брытае яго нарэшце ў свой нерат на марнатраўстве, гардунстве, сваволі, ненаедстве, п’янстве, чужаі мужаложстве».
Я перахрысціўся і жахнуўся ад такой папусткі, што такія рэчы, якія несумненна прыдумаў д’ябал, дапускаюцца ў хрысціянскім войску, асабліва калі цяпер яўна вынікае так многа часовай і вечнай шкоды і яе вынікаў. Але мой гофмайстар сказаў, што гэта яшчэ нічога, што ён мне расказаў; хто хоча апісаць усё ліха, якое ідзе ад касцярства, той бярэцца за немагчымае; бо кажуць, што косць, кінутая рукою, яна чортава, і я не магу сабе гэтага ўявіць інакш, як, што з кожнай косцю, кінутай рукою гульца на стол, выкочваецца маленькае чарцяня, якое ім кіруе і цікуе, каб было так, як яно заўгодна ягонаму прынцыпалу. Пры гэтым я мусіў падумаць, што д’ябал не проста так горача і палка прымае гульню, a несумненна мае з таго свае зыскі і выгоды. Пры гэтым заўважыў пазней, што каля гульбовіска ўвесь час таўкуцца і аціраюцца шахер-махеры, крамнікі і жыды, якія ахвотна купляюць y гульцоў усё, што тыя выйграюць: пярсцёнкі, вопратку, каштоўнасці, каб, прадаўшы, зноў гуляць; дык вось і тут віжаваў д’ябал, каб закончаным гульцам — выйгралі яны ці прайгралі — навеяць душапагібельныя думкі. Тым, хто выйграе, ён будуе страшныя палацы ў паветры; a ў тых, хто прайграе і чыя душа вельмі замарочана і таму больш даступная і зручная для прыёму яго шкодных нашэптаў, ён несумненна ўводзіць такія
думкі, якія ўцэлены канчаткова на поўную сказу і паглум чалавека. «Я запэўніваю цябе, Сімпліцы, што маю намер напісаць пра ўсе гэтыя матэрыі кнігу, як толькі вярнуся ў свой родны дом; там я напішу пра страты дарагога часу, які марнуецца на бескарысныя гульні, пра тыя страшныя кленічы, якімі ў гульні зневажаюць Бога. Разгледжу ў ёй многія брыдкія словы, якімі людзі мажуць адзін аднаго, і прывяду яшчэ больпі страшныя прыклады і гісторыі, якія здараюцца ў, каля, і па-за гульнёй, пры гэтым не забудуся згадаць пра дуэлі і забойствы, спрычыненыя гульнёю; так, я абмалюю жывымі фарбамі скнарнасць, гнеў, зайздрасць, запал, фалыпывасць, падман, махлярства, крадзяжы, адным словам, усе шалёныя глупствы і касцернікаў, і карцёжнікаў, і ўсё гэта падман людзям на вочы, каб кожны, хто хоць раз прачытае маю кнігу, прасякнуўся такой агідай да гульні, каб так згнюсілася яму, быццам выпіў свінога малака, якое даюць апантаным гульнёю без іх ведама, ад гэтай іхняй хваробы. Хачу гэтым самым паказаць усяму хрысціянству, што адна невялікая кампанія гульцоў ганьбіць Бога не менш, чым цэлая грамада».
Я ўхваліў ягоны намер і пажадаў, каб яму пашанцавала давесці сваю працу да задуманага выніку.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы з маладым Хэрцбрудэрам дружыць, a той яму добрую службу служыць
Мой гофмайстар чым далей, тым шчырэй гарнуўся да мяне, a я да яго; але мы трымалі ў тайне нашую даверлівасць. Я хоць усё яшчэ строіў з сябе дурня, але не дазваляў сабе ніякіх грубых блазнотаў і нехлямяжых жартаў, так што мае выступы і досціпы хай і былі даволі прастадушныя, але хутчэй разумовыя, чым блазенскія. Мой палкоўнік, які меў дужа вялікую прыахвотку да ловаў, узяў мяне аднаго разу з сабою, калі выправіўся з сеткамі папаляваць на курапатак, што мне вельмі спадабалася. Але сабака быў залішне гарачы, увесь час зрываўся на бег раней, чым птушка трапляла ў сетку, таму мы таго разу налавілі мала. Тады я параіў палкоўніку, каб ён злучыў сучку з сокалам ці са скальным арлом, як гэта робяць з конямі і асламі, каб атрымаць мулаў, тады ў сабачак вырастуць крылы; з такімі лавецкімі сабакамі, сокаламі-воюшамі,
можна будзе лавіць курапатак проста ў паветры. A яшчэ я параіў, што вось каб узяць горад Магдэбург, які мы трымалі ў аблозе, і аблога такая вялая і так зацягнулася, дык трэба звіць вялікую і моцную вяроўку, тоўстую, як паўгекталітровая бочка, абцягнуць ею ўвесь горад, упрэгчы ўсіх мужчын і жывёлу з абодвух лагераў і, выбраўшы пагодны дзень, звалачы горад к чартаматары. Такіх блазнотаў я выдумляў кожны дзень процьму, бо гэта было маё рамяство, і мой варштат не паражнякаваўся. Так пісар майго пана, скупы і хітры прайдоха, даваў y рукі багаты матэрыял, якім я і перабіваўся на шляху, па якім звычайна ідуць блазны, бо ўсё, што мне нагаворваў гэты шэльма, я не толькі браў на веру, a перадаваў другім, калі дыскутаваў, a гэтая рэч на тое якраз і прыдавалася.
Калі я аднойчы спытаўся ў пісара, што за адзін гэты наш палкавы каплан і чаму ён апранаецца не так, як усе людзі, ён сказаў: «Ён ёсць пан Dicis et non facis*, па-нямецку гэта такі хлопец, які пастаўляе людзям баб, a сам не мае ніводнай, адным словам — чорт. Ён закляты вораг усіх злодзеяў, бо яны ніколі не кажуць, што робяць, a ён, наадварот, кажа, чаго не робіць. Але і злодзеі не дужа любяць яго, бо звычайна яны знаёмяцца з ім, калі іх вядуць на страту». Калі я так пазней назваў добрага і пачцівага патэра, з яго смяяліся, a мяне палічылі за ліхога і хітрага шэльму і памазалі за гэта дубцамі. Потым пісар сказаў мне, што ў Празе ўсе грамадскія дамы за сцяною разбурылі і спалілі, a іскры і пыл ад іх, як насенне пустазелля, рассеяліся па ўсёй зямлі; item ніхто з гераічных жаўнераў і шчырадушных хлопцаў не ідзе ў царства нябеснае, a адны толькі прыдуркі, баязліўцы, бабнікі, гультаі ды ім падобныя, якім даволі іхняга золду — платы; гэтак сама не палітычныя â la mode-кавалеры і галантныя дамы, a адны толькі цярплівыя Ёвы, падпантофленыя мужы, занудлівыя манахі, меланхалічныя святошы, багамоліцы, пасцельныя курвы, убогія проські-шлюхі, усялякія пацяробкі, якімі ўжо і не падатрэшся, не вартыя ні на што людскае, ды малыя несмыслі-дзеткі, якія сюсяюць і вернуць y штонікі. Яшчэ ён мне малоў, што гаспадары пастойных двароў-заездаў таму называюцца тракціршчыкамі, што яны ў сваіх хатніх клопатах не толькі трактуюць ежай, але ж яшчэ і трактуюць-далдоняць пра тое, хто з пастойнікаў дастанецца Богу, a хто д’яблу. Пра справы мілітарныя ён гаварыў мне, што часам страляюць залатымі кулямі, і чым яны залацейшыя,
Ты гаворыш і не робіш (лац.).
тыя кулі, тым большая ад іх шкода. «Ай, ды што там кулі,— сказаў ен,— бывае, цэлыя войскі з артылерыяй, амуніцыяй і багажом бяруць y залатыя ланцугі». A яшчэ нагаварыў мне пра кабет, што больш палавіны іх ходзяць y штанах, але такіх кароценькіх, што з-пад спадніцы не відаць, майткамі называюцца, і што многія з іх, кабет, не ўмеючы чараваць і не будучы багінямі, як Дыяна, тым не меней умеюць настаўляць сваім мужам рогі, і тыя носяць іх, як Актэон; item, што многія, не выходзячы замуж, падкладаюцца пазашлюбна, жывуць уподблядкі, таму іх завуць шлюхамі і блядзямі, a я, дурны, слухаў, растапырыўшы вушы, і ўсяму верыў.
A вось мой гофмайстар, настаўнік, калі быў са мною адзін на адзін, казаў мне зусім іншае. Ён нават пазнаёміў мяне са сваім сынам, які, як я ўжо раней пісаў, служыў пісарам y саксонскім войску і меў зусім іншыя вартасці, чым пісар майго палкоўніка, таму палкоўнік быў за яго такі рады, a нават мерыўся перацягнуць яго ад саксонцаў і зрабіць палкавым сакратаром, на якое месца паклаў вока таксама і памянёны наш-палкоўнікаў пісар.
3 гэтым пісарам, які зваўся, як і ягоны бацька, Ульрых Хэрцбрудэр (сардэчны брат!), я там моцна ссябраваўся, што мы прысягнулі на вечнае братэрства, згодна з якім мы і ў шчасці і ў няшчасці, y любові і ў пакутах не пакінем адзін аднаго ніколі. A як што гэта адбылося з ведама ягонага бацькі, дык хаўрусу нашага мы трымаліся моцна і цвёрда. Нічога нас так не зблізіла, як жаданне з гонарам пазбыцца майго блазенскага ўбрання, каб абодвум служыць прыстойна; але стары Хэрцбрудэр, якога я шанаваў, як роднага бацьку, не ўхваляў гэтага намеру, a ясна сказаў, што калі бліжэйшым часам я змяню свой стан, дык траплю ў вязніцу і пастаўлю пад вялікую пагрозу сваё жыццё і здароўе. I таму, што ён прадбачыў сабе і свайму сыну такую вялікую небяспеку і меў на тое прычыны, дык хацеў жыць абачліва і асцярожна і не хацеў прыплятаць да рэчы чалавека старонняга, мяне, якому таксама бачыў небяспеку; апасаўся, што бяда можа спасцігнуць і яго і мяне, калі выкажа сваю справядлівую павагу, бо ўжо даўно ведаў пра нашую таямніцу, добра вывучыў мяне і добра ведаў, але нічога не казаў палкоўніку пра мае здатнасці.