• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    Засвітала майму шмуйлу ўжо апоўначы, бо ён прыбег па згоду і ўжо пачаў шныпарыць каля воза, калі я сама-сама толькі ўсыпацца як след пачаў, бо ўвесь час папярэдне думаў пра свой грэшны гандаль. A той падае свае позвы, бадай, нават даволі гучна: «Сабіна, га Сабінка, золатка маё, уставай, ясачка, падымайся, красачка, памятаеш, што ты абяцалася!» — аж збудзіў гэтым ротмайстра першага, бо ягоны намёт стаяў каля воза. У яго, вядома ж, пазелянела ўваччу, пажаўцела ў бельмах, бо і без таго ротмайстра яшчэ раней верад разабраў; але ён не выйшаў парушаць нашую згоду, a толькі ўстаў падзівіцца, чым той гешэфт абернецца. Нарэшце слуга разбудзіў і мяне сваімі намаганнямі і нудзіў, нудзіў сваё — то каб гэта я да яго з воза злез, то каб яго на воз пусціў; я адразу яго астудзіў, папытаўшыся, ці не мае ён мяне за якую-небудзь такую. Мая ўчарашняя прыпавесць тычылася шлюбу, без якога ён ува мне ніякага ўдзелу не возьмець! Ён адказаў, што каб я ўставаў усё роўна, бо ўжо на раніцу бярэцца і трэба людзям гатаваць сняданак; ён наносіць мне дроў і вады і запаліць агонь. Я адказаў: «Калі ты хочаш зрабіць гэта, калі ласка, a я яшчэ крыху пасплю; ідзі ўжо, ідзі сабе, я скора буду, я не забаўлюся». Але боўдзіла не адступаўся ад свайго, і я ўстаў рабіць сваю працу, a не каб лабунькацца з ім, тым болей што, як мне падалося, учарашняя гарачка яго ўжо адпусціла. Увогуле я добра надаваўся на палявую служанку, бо гатаваць, пячы і мыць бялізну я навучыўся ў краатаў; a каб прасці, дык салдацкія бабы і без таго гэтым y полі не займаліся. Чаго я яшчэ не ўмеў з жаночае працы, дык гэта як часаць (шчоткаю) і ўкладваць косы, пані ротмайстрыха лёгка прапускала гэта мне, бо ведала, што гэтаму я не вучаны.
    Калі я з закасанымі рукавамі злазіў з воза, мой заамураны і падстрэлены любоўным шротам смелячок так разагрэўся ад маіх беленькіх ручак, што не мог утрымацца, каб не пацалаваць мяне; a як што я не тое каб дужа бараніўся, дык ротмайстар, y якога ўсё гэта рабілася на вачах, не мог стрываць, a выхапіўся з намёта, як дурань з каноплі, з голай шпагай y руцэ, каб тут і прыхапіць на месцы майго беднага залётнічка; але той уцёк і забыў вярнуцца. Ротмайстар — да мяне: «Ах ты, сука, ах ты, шлюндра мочаная, я ж табе пакажу...» Больш ад гневу нічога не мог сказаць, a толькі кінуўся на мяне, быццам зусім ашалеў. Я закрычаў, каб ён перастаў, каб не рабіў алярму, бо абедзве арміі, саксонская і імператарская, стаялі тады якраз насупраць адна аднае, a шведскае войска пад камандаваннем Бэнэра якраз набліжалася.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ Сімпліцы дастаўся ў рукі райтарам, і як яно выйшла ўсім дарам
    Калі развіднела, выдаў мяне мой пан на пацеху райтарскім пахолкам, якраз калі падняліся абодва войскі; гэта быў гамуз усялякага зброду і таму, можна сказаць, банда, хай бог крые, якая страшная. Яны паперлі са мною да хмызоў, каб насыціць там сваю жывёльную патрэбу, як гэта робяць скурвысыны, калі ім даюць на папас што-небудзь жаночае. За ім рушыла шмат яшчэ якіх хлопцаў, падзівіцца на ганебную пацеху, сярод іх і мой закаханы пустамалот. Ён не спускаў з мяне вачэй, і калі ўбачыў, якая патупа мяне чакае, хацеў адратаваць сілай, нават калі пойдзе на скрут галавы. Знайшліся і заступнікі, бо ён сказаў, што я яго нарачоная. Яны спачувалі яму і мне і парываліся дапамагчы. Гэта якраз і не было ў лад райтарам, якія лічылі, што маюць на мяне большае права і зусім не хацелі выпускаць з рук сваёй карысці, a таму рашылі ісці сілай на сілу. Завялася калатня з абодвух бакоў; чым далей, тым больш тлуму і гвалту, так што ўжо ўсё баёвішча пачало нагадваць турнір, y якім кожны жывот кладзе за прыгожую даму. Іх дзікі лямант прыцягнуў увагу прафуза, які падышоў, калі ўжо мяне рвалі і тузалі з усіх бакоў, падралі на мне ўсю вопратку і разгледзелі, што я зусім не тое. 3 яго прыходам усё імгненна аціхла, бо яго ўсе баяліся больш, чым самога чорта; a тыя, што рвалі мяне, рассыпаліся; ён коратка распытаўся, за што тут такі гандаль зайшоў, і тым часам, як я спадзяваўся, што ён выбавіць мяне з гэтай нягоды, ён сам узяў ды арыштаваў мяне, палічыўшы справу вельмі нязвыклай і, бадай, ліхамыснай, калі ў войску злавілі мужчыну ў бабскім адзенні. Таму ён і яго слуга разам з атрадам, які стаяў тут жа ў полі, узялі мяне і сабраліся вырушыць з намерам перадаць мяне генерал-аўдытару альбо галоўнаму прафузу. A як што нам дарога ляжала міма палка майго палкоўніка, дык мяне пазналі, распыталі, адзелі і перадалі як палоннага нашаму старому пану прафузу, які закаваў мяне па руках і нагах y жалеза.
    Было мне вельмі ліха ісці вось так y ланцугах; a збыткавала б з мяне ўсякая ворвань, калі б не раскашэліўся сакратар Олівер, бо я не мог выставіць на святло божае мае дукаты, якія ўсё яшчэ былі пры мне, іх усё адно адабралі б, і гэта паставіла б мяне ў яшчэ большую небяспеку. Згаданы Олівер таго ж вечара сказаў мне, чаму мяне так строга ахоўваюць, a наш палкавы солтыс атрымаў загад правесці шкрутыніум і да-
    пытаць мяне, каб паказанні мае як мага хутчэй перадаць генерал-аўдытару; мяне трымалі не проста як віжа і выведніка, a яшчэ і як за таго, хто ўмее вядзьмарыць, бо яшчэ зусім нядаўна, пасля таго ўжо, як я ўцёк ад майго палкоўніка, было спалена некалькі ведзьмаў, якія перад смерцю прызналіся і на тым стаялі да канца, што бачылі мяне на іхнім генеральным шабасе, на які яны ўсе сышліся, калі былі намыслілі высушыць Эльбу, каб вораг лягчэй захапіў Магдэбург. Пункты, на якія я павінен быў даць адказ, наступныя:
    Першае: ці вучыўся я ў школе, ці проста так сам навучыўся пісаць і чытаць?
    Другое: чаму я ў вопратцы блазна прыйшоў y лагер пад Магдэбургам, тым часам як на службе ў ротмайстра, як і цяпер, я ў дастатковым розуме?
    Трэцяе: з якіх прычын я пераўвабраўся ў жаночую вопратку?
    Чацвёртае: ці не быў я разам з іншай нечысцю на вядзьмарскім шабасе?
    Пятае: дзе мая радзіма і хто мае бацькі?
    Шостае: дзе я быў, перш чым дастаўся ў лагер пад Магдэбургам?
    Сёмае: дзе і навошта я навучыўся бабскаму рамяству, такому як: праць, пячы, гатаваць etc? item граць на лютні?
    Я хацеў ужо быў расказаць усё маё жыццё, каб асвятліць усе акалічнасці маіх дзіўных прыгодаў, ды зразумела і даходліва давесці ўсю праўду па гэтых пытаннях. Але палкавы солтыс не быў такі цікаўны да ўсяго, ён стаміўся ў паходзе, і яму было прыкра, таму ён загадаў коратка і ясна адказаць на тое, пра што пыталіся. Адпаведна з гэтым я і адказаў наступнае, з чаго нельга выявіць нічога такога асаблівага і грунтоўнага, a менавіта:
    На першае пытанне: я хоць і нідзе не вучыўся, але навучыўся чытаць і пісаць па-нямецку.
    На другое: бо не было іншае вопраткі, дык і надзеў, што было, блазенскае.
    На трэцяе: бо абрыдла блазенская, a мужчынскай не дастаў.
    На чацвёртае: так, быў, але супроць маёй волі і чараваць не ўмею.
    На пятае: мая радзіма Шпэсэрт, a мае бацькі сяляне.
    На шостае: y Ханаў y губернатара і ў краацкага палкоўніка, званага Корпес.
    На сёмае: y краатаў супроць маёй волі мусіў навучыцца праць, пячы і гатаваць, a ў Ханаў іграць на лютні, бо вельмі падабалася і хацелася.
    Калі гэтае маё прызнанне было запісана, ён сказаў: «Як ты можаш хлусіць і казаць, што не вучыўся, калі ты, яшчэ хадзіўшы ў блазнах, аднаму святару пад час імшы на словы «Domine, non sum lignus!»* адказаў таксама на лаціне, каб ён такога не гаварыў, бо яно і так усім вядома?» — «Пане! — адказаў я.— Гэтаму мяне навучылі іншыя людзі і сказалі, што гэта словы з малітвы, якую трэба гаварыць на імшы, калі наш каплан спраўляе набажэнства».— «Так, так,— сказаў палкавы солтыс,— я бачу, што ты з тых невінаваценькіх, якім трэба развязваць язык абцугамі». Я падумаў: «Памажы, Госпадзе, бо на коне мая дурная галава». На раніцу прыйшоў ад генерал-аўдытара загад нашаму прафузу, каб ён прыглядваў за мною; бо ён так мяркуе, што пакуль y войсках зацішак, ён сам дапытае мяне, і ў такім разе я не пазбегну тартураў, калі толькі інакш не судзіцьме Бог. У гэтай турме я ўвесь час думаў пра майго святара з Ханаў і пра памерлага старога Хэрцбрудэра, бо яны праўду такі сказалі, што са мною будзе далей, калі я скіну з сябе блазенскі ўбор. Я думаў таксама, як гэта цяжка і немагчыма на вайне беднаму дзеўчаняці захаваць сваё дзявоцтва і пранесці яго ў беспахібнасці.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
    Сімпліцы бачыць, якую канфузу Хэрцбрудэр y бітве спраўляе прафузу
    Таго ж вечара, як толькі мы атабарыліся, мяне завялі да генерал-аўдытара, перад якім ужо ляжалі мае паказанні і ўсе пісьмовыя прылады, і ён пачаў сваю дапытку; я расказаў яму ўсё, як было. Але мне не паверылі, і генерал-аўдытар знаць нічога не хацеў, каго ён перад сабою мае — дурнога блазна ці зацятага прахвоста, бо пытанні і адказы прайшлі вельмі гладка, a ў чым тут той гандаль і гешэфт, так і няясна, але дзіўна. Ён сказаў мне ўзяць пяро і напісаць, каб пабачыць, што ж я ўмею і ці знаёмы яму мой почырк альбо, можа, з яго ўдасца выдабыць нешта такое яшчэ. Я ўзяў пяро і паперу так спрытна, як той, хто кожны дзень толькі тым і займаецца, што піша, і спытаўся, што напісаць. Генерал-аўдытар ужо, відаць, незадаволены, што мой экзамен заехаў глыбока ў ноч, сказаў: «Э-э, пішы: твая маці — курва!» Я напісаў яму гэтыя словы, і калі
    *
    Госпадзе, я не варты! (лац.)
    яны былі прачытаны, гандаль мой зусім заняпаў, бо генерал-аўдытар сказаў, што вось цяпер якраз ён ужо сам бачыць, што я за птах такі. Ён спытаўся ў прафуза, ці быў я абшуканы і ці не знойдзена пры мне якіх крамольных пісанняў. Прафуз адказаў: «Не! што там можна было аглядаць, калі нам яго прывезлі амаль голага?» Але ах, і гэта не дапамагло; прафуз мусіў пры ўсіх абшукаць мяне, і вось, шчыруючы над загадам, ён знаходзіць, о няшчасце, асліныя вушы з дукатамі на маіх руках. Злоўлены з ліцом. I сказалі: «Навошта нам болыпыя доказы? Гэты здраднік несумненна падрадзіўся на нейкае вялікае паскудства, бо інакш навошта яму, разумнаму праныру, лезці ў блазенскую апратку і выдаваць сябе за бабу? I зноў жа, як думаеце, з якое такое рацыі ў яго столькі грошай? Мусіць, на нешта важнае? Ці ж не сказаў ён сам, што навучыўся іграць на лютні ў губернатара Ханаў, які есць самы абстраляны жаўнер на вайне? Што думае панства, якія яшчэ хітрыя практыкі плёў перад тымі дасціпнымі галовамі гэты спанатраны ў розных вычудах шпіцаль? Самае лепшае цяпер — заўтранька зранку яго ў катоўню, і хай скажа ўсё чыста, a калі не, дык і ў агонь яго, бо і без таго ён ужо знюхаўся з чарадзеямі і ведзьмамі і лепшага не варты». Што ў мяне тады было на душы, кожны няхай уявіць; я ведаў, што я не вінаваты, і адзіная была надзея — на Бога; але разам з тым я бачыў небяспеку і аплакваў страту маіх прыгожых дукатаў, якія генерал-аўдытар згроб сабе.