• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    іх абавязку і службе выказаць маю куртуазнасць, я не ўпускаў выпадку.
    За такія мае паводзіны неўзабаве мяне назначылі б афіцэрам, каб не мая маладосць, бо калі хто ў такім, як мой, узросце хацеў займець свой штандар, ён павінен быў быць мусова са шляхты; a проста так назначыць мой гэйтман не мог, бо ў ягонай роце не было вакансій, a рэкамендаваць мяне каму-небудзь іншаму не хацеў, інакш ен страціў бы ў маёй асобе дойную карову; і таму я стаў толькі гэфрайтарам. Гонар, калі мяне так вылучылі перад старымі жаўнерамі, хай і не такі, каб канечне, каб аж занадта, і пахвалы, якія сыпаліся на мяне кожны дзень, толькі падшпорвалі да большых мэтаў. Я дзень і ноч абдумваў, што б гэта яшчэ ўчыніць, каб падняцца вышэй, каб больш праславіцца, каб больш дзіва, каб больш піва; ад такіх дурных думак часта заснуць не мог. I, бачачы, што мне проста не хапае зручнага выпадку паказаць сябе, які я адважнік, я дужа засмучаўся, што не маю нагоды кожны дзень памерацца зброяй з непрыяцелем. Часта я марыў пра Траянскую вайну або пра аблогу Остэндэ, дурны блазан, не даўмеўся, што да пары збанок па воду ходзіць. Але інакш таго і не бывае, калі малады неабструганы жаўнерык мае грошы, шчасце і здаровы кураж; бо з таго пасля выцякае пыха і пагарда, a з такое пыхі я ўжо замест аднаго пахолка трымаў двух, якіх як след астраяваў і пасадзіў на коні, чым і выклікаў зайздрасць y афіцэраў, якія, мае неабольнікі, зусім мне таго не зычылі, чаго самі не маглі здабыць праз сваю нягегласць.
    РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
    Сімпліцы нарэшце заводзіць танцы, дзе яму адкрываюцца шанцы
    Мушу расказаць што-колечы са сваіх прыгодаў, што сюд-туд выпадалі мне, перш чым я вярнуўся ад сваіх драгунаў, і хоць яны не збыт што такое якое, паслухаць іх даволі пацешна і весела; бо я ўсчынаў не тое каб дзеі вялікія, але ж не грэбаваў і малымі, калі толькі рахуба падказвала, што гэтым можна будзе паслужыцца ў людзей на добрую славу і подзіў.
    Мой гэйтман з пяццюдзесяццю з нечым людзьмі быў адкамандзіраваны пешкі ў крэпасць Рэклінхузэн з нейкай там акцыяй; a як што мы думалі, што, перш чым зможам
    гэтую заваруху закалаціці, дзень-другі потайкам адседзімся ў кустоўі, дык кожны ўзяў сабе страўнасці на восем дзён. Але як яно ўсё пайшло касабока і сочаны намі багаты караван не паявіўся ў меркаваны час, дык y нас выйшаў хлеб, a прыхапіць яго мы не маглі, не выдаўшы сябе і не абярнуўшы ў нівеч усіх нашых планаў,— так што голад прыпёр нас як мае быць. I ў гэтых мясцінах не было ў мяне сваіх людзей, як y іншых, каб што-небудзь потайкам паднеслі, і таму мы мусілі, здабываючы харч, разлічваць на іншыя сродкі, калі не хацелі вяртацца, белыя ручкі апрастаўшы. Мой камарад, лацінскі рамеснік, былы студыёзус, які выдрапаўся са школы і завербаваўся да нас, дарма ўздыхаў па панцачках і аўсянцы, якімі раней з бацькавай ласкі наядаўся пад загнетку, a тут: бач — не канечне кату яечня; і вось думаючы так пра колішнія раз’ядзенні, успомніў ён і пра школьныя хітрыкі, якімі часта ўрывалі гасцінца. «Ах, браце,— сказаў ён мне,— ці ж не ганьба, што не паспеў я спанатрыцца ў такіх штуках, з якімі сёння меў бы што есткі? Браце, але я ведаю re vera*, што калі б мне дазволілі адскочыць y сяльцо да пана тамтэйшага пробашча, я меў бы ў яго выдатны convivium**». Я крыху падумаў над ягонымі словамі, ацаніў наша становішча і зразумеў, што тых, якія тут ведалі ўсе хады і выхады, пускаць нельга, бо іх адразу пазнаюць, a незнаёмыя не ведалі, дзе, да чаго і як падступіцца, каб тайком украсці або купіць, засталося толькі пакінуць рызыку нашаму студэнту, і я адкрыў мой план гэйтману; усё гэта было небяспечна, але ён давяраў мне, a стан быў такі, што куды там далей, і, павагаўшыся, паторгаўшыся, даў нарэшце consens.
    Я памяняўся вопраткай з адным нашым; зрабіўшы вялікую пятлю, абыходамі, закрутамі і назіркам пайшоў з маім студэнтам да памянёнай вёскі, хоць і была яна ўсяго за паўгадзіны хады ад нас. У вёсцы мы адразу змецілі другі дом за кірхай, дзе жыў святар, дом, пабудаваны па-гарадску, абнесены мурам, які абымаў сабою яшчэ і ўвесь двор. Я ўжо паінструктаваў свайго таварыша, што яму трэба казаць; на ім яшчэ было яго паношанае студэнцкае, a я сябе буду выдаваць за вучня мастака, я ж думаў, мне не спатрэбіцца ў гэтым сяле штукавацца ў гэтым умельстве, бо сяляне тут хат не фарбавалі і не бялілі. Духоўны айцец быў ветлівы; калі мой студэнт склаў яму глыбокую лацінскую рэверэнцыю і нахлусіў кучу-малакучу ўсяго-ўсякага пра
    Сапраўды (лац.).
    Тут: y значэнні «банкет» (лац.).
    тое, як яго ў дарозе абабралі жаўнеры, пакінуўшы без кавалка хлеба, без макавай расінкі, святар прапанаваў яму лусту з маслам і кубак піва; я ж удаваў, што таго ведаць не ведаю, і сказаў, што хацеў бы перакусіць y тракціры, a тады клікну яго, і мы яшчэ сёння паспеем адолець добры кавалак дарогі разам. I я пайшоў y тракцір, больш каб лепей высачыць, чым гэтай ночы пажывіцца, ніж суняць голад, мне яшчэ пашанцавала ўбачыць селяніна, які якраз замазваў печ, куды ён толькі што пасадзіў вялікія боханы — пумпернікелі, якія павінны былі сядзець y печы дваццаць чатыры гадзіны і пячыся. Я падумаў: «Маж, маж! Так a ці так, мы знойдзем спосаб выняць яго, каштоўны правіянт». Каля селяніна я не затрымаўся, бо ўжо ведаў, дзе здабыць хлеб, купіў некалькі штутаў (гэта такі белы хлеб, як бы булачкі) майму гэйтману, і як што я прыйшоў на двор да пана пробашча папярэдзіць таварыша, што нам пара, ён ужо таксама даў сабе рады і сказаў святару, што я мастак і маю намер перабрацца ў Галандыю, каб там ужо да канца выштукавацца ў сваім мастацтве. Святар гасцінна запрасіў мяне ў дом і папрасіў прайсці з ім y кірху, дзе ён мне пакажа некалькі карцін, якія няблага было б падмазаць. Каб не сапсаваць гешэфту, я мусіў пайсці. Ён павёў нас праз кухню і калі адчыніў вялікія дубовыя дзверы,— о mirum! — я ўбачыў, што кроквы чарным-чорныя ад лютняў, жалеек, скрыпак, гудочкаў, вой колькі іх панавешана! a я думаў толькі пра шынкі, каўбасы, кумпякі ў коміне. На іх я паглядзеў усцешаным вокам, бо мне здалося, што яны пакепваюць з мяне, мне хацелася, каб яны выправіліся да маіх сяброў y лес; a яны назло мне і насупор упарта сабе віселі. Тады я падумаў пра спосаб, як іх прысуседзіць да таго хлеба ў дасочанай печы, але не змог нічога прыдумаць, бо, як ужо было сказана, святароў двор быў абнесены мурам, a вокны надзейна ўбяспечаны жалезнымі кратамі; a яшчэ на двары вылежваліся два велізарныя ваўкарэзы, якія, як я баяўся, уначы, вядома ж, не будуць табе спаць, калі тут хто намерыцца ўкрасці тое, з чаго ім якраз і прыпадае частка за спраўнае вартаванне.
    Калі мы прыйшлі ў кірху, крыху падыспутавалі пра карціны і дамаўляліся ўжо некалькі з іх падрэстаўраваць і палепшыць, я ўсё шукаў розных зачэпак, каб ухіліцца, спасылаючыся на сваю вандроўку, сказаў ці то рызнік, ці то званар: «Слухай, няхлюй, ты мне больш удаеш на беглага жаўнерскага пахолка, чым на мастаковага вучня». Я не прывык да такіх гаворак і хацеў быў паставіць яго на месца, але замест гэтага толькі хітнуў галавою і адказаў
    яму: «Ты, хлопча, дай мне сюды пэндзаль і фарбы, я табе мігам намалюю дурня, будзе як дзве кроплі вады — ты». Святар перавёў усё на жарт і сказаў нам абодвум, што не да твару нам y святым месцы гаварыць адзін аднаму на крыўду, даўшы гэтым зразумець, што паверыў абодвум, прапанаваў выпіць і ісці сваёй дарогай. Але сэрца маё заставалася пры каўбасах.
    Яшчэ да ночы мы вярнуліся да гуфа, я забраў сваю вопратку і ручніцу, расказаў гэйтману план, выбраў шэсць хлопцаў, якія памогуць несці хлеб. Апоўначы мы ўвайшлі ў вёску, y поўнай цішы выграблі хлеб з печы: a як што з намі быў адзін, які ўмеў сунімаць сабак, і таму што нам трэба было ісці міма святаровага двара, я не мог устояць супроць спакусы, каб не вярнуцца ў лес без сала. Я пастаяў y цішыні, пільна прыглядваючыся, ці нельга будзе прайсці ў святарову кухню, але не ўбачыў іншай магчымасці як толькі праз комін, які гэтым разам будзе мне замест дзвярэй. Хлеб і зброю мы перанеслі на могілкі ў каплічку, узялі па дарозе драбіну і вяроўку з нейкага свірна, і я, умеючы ўпраўляцца з усім гэтым прыладдзем не горш за камінара і лазіць y коміне ўніз і ўгору, чаго я навучыўся яшчэ малым, калі лазіў y дуплы, залез на дах, выкладзены полаю чарапіцаю ў два пласты, што вельмі ўзручняла мае намеры. Доўгія валасы я сцягнуў y куклу на цемені, апусціўся на адным канцы вяроўкі ўніз да майго мілага сала і, доўга не разглядваючыся, прывязаў усе аполкі сала, шынкі і кумпякі да вяроўкі, і ўсё гэта на дах вельмі файненька вывалаклі і адправілі далей y каплічку. Але раптам, о халера! калі ўжо, здавалася, пачыналіся святыя ўгодкі, кроквіна пада мною вазьмі ды хрусні, і бедны Сімпліцы паляцеў уніз, і няшчасны Лавайчык сам ускочыў y пастку. Сябры мае на даху спусцілі вяроўку, каб выцягнуць мяне, але яна абарвалася, ледзь толькі паднялі мяне з падлогі. Я падумаў: «Ну, Лавайчык, цяпер будзе табе цкоўля, пашкамутаюць табе поўсць, як таму Актэону». Бо святар ужо прачнуўся ад грукату і сказаў кухарцы запаліць святло. Яна ў адной кашулі ўвайшла да мяне на кухню, накінуўшы на плечы спадніцу, і спынілася так блізка каля мяне, што нават зачапіла; яна ўзяла крэсіва, выкрасала агню, пачала паддзьмухваць яго; я ж дзьмухнуў мацней за яе, і бедная так спалохалася, што ад страху задрыжала і закалацілася, упусціла і агонь і свяцільню і рэціравалася да гаспадара. Я атрымаў глыток паветра на пярэдых, каб падумаць, як усё ж выскачыць адгэтуль; але нічога ў галаву не прыходзіла. Mae хлопцы праз комін павсдамілі, што яны
    зараз прыступам возьмуць дом і вызваляць мяне сілай; але я не згадзіўся, a загадаў ім, каб схадзілі па зброю, a каля коміна пакінулі аднаго Гізуйчмута і чакалі, калі я без шуму і гвалту вылезу да іх, каб наш план не праваліўся; a ўжо калі гэта не ўдасца, тады хай робяць, што ім там узручніцца. A тым часам духоўнік сам учыніў святло, кухарка расказала яму, што на кухні страшэнная здань, двухгаловая, бо, мусіць, яна ўбачыла ў мяне на галаве куклу і прыняла яе за яшчэ адну галаву. Усё гэта я чуў, a таму хуценька бруднымі рукамі намазаўся попелам, сажай і вугалем і ператварыўся ў такое страхоцце, што ўжо аніяк не быў падобны на анёла, як нядаўна казалі сёстры-паслушніцы ў кляштары ў Раі, думаю, і рызнік, убач ён мяне зараз, можа, хутчэй паверыў бы ў версію пра вандроўнага мардамаза. Я пачаў штосілы грукатаць на кухні, кідацьраскідаць рэчы, біць і шпурляць, ляскатаць кухонным чарэп’ем, схапіў века з катла, пачапіў яго сабе на грудзі, трымаючы ў руках кацубу, каб y выпадку патрэбы бараніцца ёю. Але гэта не збянтэжыла пабожнага святара; ён увайшоў як на працэсіі са сваёй кухаркай, якая несла ў руках дзве васковыя свечкі, a на руцэ падвешаную крапільніцу са свянцонай вадой; сам святар быў y расе са стулаю, y адной руцэ трымаў крапач, a ў другой кнігу; з яе ён пачаў экзэрцызаваць мяне, пытаючыся, хто я такі буду і што я тут маю рабіць. Як што ён мяне і сам трымаў за д’ябла, дык я падумаў, a ці не будзе яно дзешавей коштам, калі і я пачну ўдаваць з сябе чорта і пасоблю сабе ілжою, таму я адказаў: «Я — чорт і хачу табе і тваёй кухарцы скруціць вязы!» Але святар пайшоў далей y сваёй экзэрцыі і сказаў мне, што ні яму, ні ягонай кухарцы я нічога не зраблю і што ён гоніць мяне самым высокім і святым заклёнам — ізыдзі туды, адкуль выйшаў. A я адказваў крыху дрыготкім голасам, што гэта немагчыма, калі б я нават вельмі хацеў. Тым часам Гізуйчмут, які сам быў смалены кнот і не разумеў ягонай латыні, рабіў spectaculum сваім спосабам на даху, бо, чуючы галас на кухні і што я сам удаю з сябе чорта, але мяне трымае духоўнік, закрычаў пасавінаму, забрахаў па-сабачы, заржаў па-конску, забляяў па-казлінаму, закрычаў па-аслінаму, пасля аказаў сябе праз комін цэлай шворай марцовых катоў y разгар іх вяселля, засакарыў курыцай, якая шукае месца знесціся; гэты хлопец умеў па-ўсялякаму, пад любую жывёлу, і калі хацеў, умеў выць так натуральна, быццам побач з ім была гайня жывых ваўкоў. Гэта ўжо напалохала святара і яго кухарку не на смех; a мяне ўзяў сорам, што я дапусціў,