Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Усё гэта ўпадзвіжыла гэйтмана паслаць яго ў Парадыз — Рай, так называўся жаночы кляштар — на ахоўную службу, і не таму, што была ў тым нейкая пільная патрэба і ён найлепш на тое прыдаваўся, не, a каб крыху агладзіўся чалавек, падкарміўся, тым болей і асабліва таму, што законніцы-чарнарызніцы прасілі прыслаць ім прыстойнага, спаважнага, пабожнага і ціхмянага мужыка. Вось і паехаў ён туды, a я з ім пеша, бо ў яго быў, на жаль, толькі адзін конь. «Пашэнціла, Сімпрэхце (не мог запамятаць імя Сімпліцы),— сказаў ён па дарозе,— вось прыедзем y рай, вось ад’ямося!» Я адказаў: «Назва — выдатны намёк; Бог дасць, што і самое месца будзе такое!» — «Вядома,— сказаў ён (бо не разумеў мяне),— калі кожан дзень нам будзе праснак пад піва, дык няблага. Уяві сабе, я хачу справіць сабе новы плашч; тады табе дастанецца мой стары, a ён яшчэ вой які носкі, a калі яго абцяць — каптан выйдзе». Назваў яго «старым»; я думаю, што плашч той памятаў яшчэ бітву пад Павіяй, такі быў заношаны, патрапаны, выцвілы і зашмальцаваны, што радасці мне было не дужа каб.
Рай і праўда быў такі, якім мы яго хацелі бачыць, a звыш таго яшчэ вадзіліся там замест анёлаў файныя паненкі, якія так трактавалі нас добрай ежай і пітвом, што неўзабаве ў мяне ў пузе кругла стала, морда ад’елася, што і ў цэбар не лезла: падавалі там густое піва, выдатную вестфальскую шынку, тоўстыя і тонкія вэнджаныя каўбасы (аж вы зроду такое не елі), смакавітую і сакавітую далікатную ялавічыну, якую вымочваюць y салонай вадзе, гатуюць, a ядуць толькі халоднаю. Тут я ўпершыню паспытаў чорнага хлеба, які я намазваў пасоленым маслам таўшчынёю з палец, a наверх клаў сыр-гамолку, каб слізка спаўзала ў чэрава; a як даходзіў да барановага сцягняка, нашпігаванага часныком, ды пад ладную конаўку піва, дайце ж рады — даб-
роціў сабе душу і цела і забываўся на ўсе мінулыя цярпенні. Карацей, Парадыз спадабаўся мне, нібыта ён быў раем сапраўдным; адно толькі і зажальвала, што я ведаў — доўжыцьмецца гэта не вечна, што я мушу хадзіць абадраны, абшморганы, залюманы і... s. v., такім і пайду адсюль.
Але ж гэтак сама, як грудаю валіліся на мяне ўсякія няшчасці, пачало мне нешта й прабельвацца, аж падалося, быццам шчасце зноў пабілася ў заклад. Бо як паслаў мяне мой пан y Зёст, каб даставіць увесь ягоны пажытак, знайшоў я па дарозе торбу, a ў той торбе некалькі локцяў шарлаху на добры такі плашч разам з чырвоным нязгоршым аксамітам на падкладку. Я ўсё гэта ўзяў, a ў Зёсце памяняў y аднаго суконшчыка на звычайнае зялёнае сукно на адзенне з усім, што ідзе ў дадатак, і з умоваю, што ён мне ўсё пашые і дадасць да ўсяго шапку на галаву. Ну, пасля гэтага бракавала толькі пары людскіх чаравікаў і кашулі, дык я аддаў крамніку срэбныя гузікі і галуны да таго плашча, a ён мне за тое ўсё, што мне было яшчэ трэба, і выкукліў мяне ўсяго пад іголачку. I вось я зноў вярнуўся ў Рай да майго пана, які громам грымеў і раздзіраўся, што я не прывёз знаходку яму; вой, гразіўся і лупцоўкай, і пярцоўкай і ўжо быў амаль гатовы, калі б не пасаромеўся і калі б яму вопратка ўпасавала, вытрасці мяне з абновы і насіць самому, але я ўжо добра ведаў, што рацыю меў я.
Тым часам гэты скнара і жмінда ўсё-такі пасаромеўся, што ягоны слуга апранены лепш за самога, і з’ездзіў y Зёст, пазычыў y свайго гэйтмана грошай і выстраіўся на іх найлепшым чынам, паабяцаўшы сплаты са свайго золду, і рабіў гэта, што праўда, спраўна. Ён меў бы і сваім коштам зрабіць гэта, калі б не быў аж такі хітры, каб выдаць сябе, бо калі б ён так зрабіў, дык страціў бы сваё ўлежанае месца, на якім мог бы ўсю зіму пранудзіць і лайдачыцца ў Раі, a на яго месца прыслалі б якога-небудзь іншага задрыпанца. У кожным разе гэйтман мусіў яго пакінуць там, дзе той і быў, бо як інакш зыскаў бы з яго свае грошы. 3 гэтага часу лайдацкае жыццё пайшло ў нас як па шнурочку і самай цяжкай працай было качаць кеглі. Пачысціўшы, накарміўшы і напаіўшы пан-драгунавага рысака, я быў сам сабе панам, вырабляў што хацеў і хадзіў дзе хацеў.
Кляштар быў таксама аблюбаваны адным гесэнскім мушкецёрам, нашым праціўнікам, з Ліпштата; быў ён сваім фахам кушнер, a таму не толькі майстар на ўсе рукі, і да танца, і да ружанца, але мог і вілы ў бокі — умеў на шпазе; каб не змаліцца ў майстэрстве, ён кожны дзень практыкаваўся са мною ў вольны час на ўсялякай зброі, і
сам я так усяго гэтага панабраўся, што ўжо не баяўся даць яму сатысфакцыі, калі ён таго хацеў. A мой драгун, замест каб пафехтавацца, толькі качаў з ім шары ў кеглі, і каб жа на што, a то ж толькі хто вып’е піва за сталом — і кожны пройгрыш клаўся на кляштар.
У кляштара быў свой паляўнічы абшар, a таму і свой егер; a як што я сам быў апрануты ў зяленае, дык далучыўся да яго і ўсю восень і зіму вучыўся ягонаму ўмельству і хітрасцям, асабліва што тычылася ловаў дробнага звера. 3 гэтых прычын, a таксама таму, што імя Сімпліцы было крыху нязвыклае, a простым людам лёгка забывалася або цяжка вымаўлялася, усе называлі мяне «егерам», «лоўчыкам», «лавайчыкам». Я ўведаў усе дарогі і сцежкі, што пасля абярнулася мне на вялікую выгоду. A калі за благім надвор’ем не мог хадзіць па лясах, па палях, я чытаў усялякія кнігі, якія мне выдаваў кляштарны аконам. A як толькі пекныя кляштаранкі змецілі, што я, маючы неблагі голас, яшчэ і на лютні граю, a і крыху на клавікордах (instrumentum pinnatum, clavicymbalum), яны яшчэ пільней прыгледзеліся да маіх астатніх здольнасцяў, і, калі пры гэтым выявіліся даволі ладныя прапорцыі кахання і прыгожы тварык, яны прызналі ўсе мае звычкі, сутнасць, учынкі і паводзіны вельмі высакароднымі, міла-шляхетнымі і як яно і мела быць y прыстойнага хлопца. Так неўзабаве неспадзявана я стаў вельмі любасным маладзічком, аж усе дзіву даваліся, чаму я жыву ў такога зануды-драгуна.
Калі ж восв y такой раскошы марнатравіў я ўсю зіму, майму пану далі адлуп, гэта так яго даняло, што ён аж захварэў, a як што падхапілася яшчэ і моцная гарачка і адкрыліся старыя балячкі, якіх ён нахапаў за ўсё сваё паходнае жыццё, дык ён не доўга ўпіраўся, управіўся хутка, і ўжо праз тры тыдні я меў што хаваць. Зрабіў я яму на магілу такую эпітафію:
Ляжыць тут удалы ваяка; здаецца, жыві й жыві, бо за доўгі свой век не праліў ні кроплі крыві.
Паводле права і звычаяў гэйтман мог здзедзічыць каня, вінтоўку, a ўсё астатняе — фэндрык; a як я тады быў свежы, падрослы маладзік і была надзея, што з часам выганю ў бясстрашнага мужчыну, дык мне, калі я запісаўся ў войска, паабяцалі ўсю панавую пазасталасць разам з ягоным месцам. Я ўсё гэта прыняў ахвотна, бо ведаў, што мой пан пазашываў y штаны шмат дукатаў, якія ён збіраў адзін да аднаго ўсё сваё жыццё; і калі я дзеля такога завяршэння справы падаў сваё імя як Сімпліцы Сімпліцысімус, пісаркаліграфіст Кірыяк ніяк не мог напісаць яго арфаграфічна
правільна, ён сказаў: «Адзін чорт y пекле так завецца». I калі я ў яго пасля гэтага спытаўся, ці ёсць там y пекле каторы, каб зваўся Кірыяк, ён не ведаў. што адказаць, хоць, здавалася б на блізір, быў такі ж бо разумны; гэта так спадабалася майму гэйтману, што ён з самага пачатку паклаў на мяне спрыяльнае вока з добрай надзеяй на мае будучыя баявыя подзвігі.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ
Сімпліцы — Лавайчык, Сімпліцы — жаўнер, сам сабе пан і кавалер
Як што каменданту Зёста якраз быў патрэбен хлопец на канюшню, a я гэтакім здольнікам якраз і здаўся, дык яму не вельмі дагаджала, што я стаў жаўнерам, бо ён разлічваў узяць мяне; прыкінуў, што я яшчэ малады — і які там з мяне адважнік. Прапанаваўшы гэта майму гаспадару, ён паслаў па мяне і сказаў: «Слухай, Лавайчык, будзеш y мяне за слугу». Я спытаўся, якія ў такім разе будуць мае мусовасці. Ён адказаў: «Даглядацьмеш мае коні».— «Пане,— сказаў я,— мы не пасуем адзін аднаму; я лепей паслужыўся б таму пану, чые коні служылі б мне, і калі такога пана я не маю, дык лепей застануся ў жаўнерстве». Ён сказаў: «У цябе яшчэ той не аброс».— «0 не,— сказаў я,— адважуся параўнаць сябе з васьмідзесяцігадовым мужчынам,— яно ж бо не барада робіць мужчыну, інакш y героях хадзілі б адны казлы». Ен сказаў: «Калі ў цябе адвага такая языкастая, дык хай будзе па-твойму». Я адказаў: «Гэта праверыцца ў першай аказіі»,— і тым самым намякнуў, што не дамся зрабіць з мяне канюшніка. I ён пакінуў мяне тым, кім я і быў, і сказаў, што майстар справай аказваецца, a таксама коратка зазначыў, што зычыць, каб я стаў тым, кім сябе бачу.
Пасля гэтага я дастаў старыя драгуновыя штаны і, анатаміраваўшы іх, з іхняга змесціва справіў сабе яшчэ добрага страявога каня і самую лепшую стрэльбу, якую толькі мог знайсці; усё гэта павінна было ў мяне блішчаць, як люстэрка. Я зноў насіў усё зялёнае, і мне ўпадабалася імя егер Лавайчык; старое сваё адзенне я аддаў пахолку, бо было мне ўжо замалое. I паязджаў сабе, як малады шляхетны паніч, і сапраўды не лічыў сябе пазаддзем. Я нават адважыўся па-афіцэрску аздобіць свой капялюш плюмажам; гэта дало мне неўзабаве завіднікаў і агуднікаў, між
імі і мною ўзніклі даволі вострыя перапалкі на словах, дайшло і да зубатычын нарэшце. I заледзьве збольшага паказаў двум-тром, чаго я ў Раі навучыўся ў кушнера і што раздаваць поўхі направа-налева мне як раз-два-тры, як усё гэта мне залічылася, і, як бач, ужо многія добра ладзілі са мною, a некаторыя нават набіваліся на дружбу. Я ахвотна згаджаўся на вылазкі і конна і пеша, от жа і коней меў, і на ногі быў баржджэйшы за любога з маіх таварышаў, a калі даводзілася сцінацца з непрыяцелем, я ляцеў, як бура, і кожнага разу хацеў быць першым. Праз гэта неўзабаве я праславіўся сярод сваіх і чужых, і абодва бакі лічылі мяне не абы-кім, таму мне і давяралі самыя небяспечныя акцыі і камандаваць цэлымі атрадамі. Тут ужо я браў за шчэлепы ці краў, як багемец, a калі ў рукі даставалася што лепшае, дык выдзяляў з лупу ладную долю маім афіцэрам — ці не таму якраз мне давяралі шураваць і ў забароненых мясцінах, бо ўсюды мне спрыяла прыяцелька-ўдача.
Генерал граф фон Гёц не чапаў y Вестфаліі тры непрыяцельскія гарнізоны, a менавіта ў Дорстэне, Ліпштаце і ў Кёсфэльдзе; a на іх якраз y мяне быў самы вялікі зуб, і яны былі мне бяльмом на воку; амаль кожны дзень я з невялікім гуфам — атрадам, казытаў і мацаў іх то тут, то там перад брамамі і пераймаў неблагі трафей; a як што ўсюды мне няблага шыхавала, дык людзі лічылі, што я Mary рабіцца нябачным, што я цвёрды, як жалеза і сталь. Баяліся мяне, як пошасці. і трыццаць чалавек непрыяцеля не саромеліся ўцякаць, нават добра ведаючы, што пры мне напалавіну менш. Нарэшце зайшло, што мяне пасылалі ўсюды, дзе мелася быць зыскана кантрыбуцыя,— дзе найбольшая небяспека. I торба мая паўнела, імя грымела, афіцэры і жаўнеры любілі свайго Лавайчыка, самыя знакамітыя з лагера праціўніка баяліся, a ўсіх пасялян я трымаў на сваім баку каго грозьбай, каго просьбай; я ўмеў караць упартых і непаслухмяных, умеў шчодра адорваць тых, якія заслужваліся хоць на малую дробязь, і ў цэлым я на іх прасаджваў добрую палавіну свайго лупу. Так выходзіла, што ніводная вылазка, ніводзін канвой з непрыяцельскага боку не ўнікаў маёй увагі, кожны раз я выведваў іх намеры і біў нечакана, і як што кожнага разу мне дужа шанцавала, дык усе вельмі здзіўляліся з маёй маладосці, аж нават многія непрыяцельскія афіцэры і жаўнеры прападалі, каб вокам кінуць на мяне. Пры гэтым да палонных адносіны мае былі дыскрэтныя, так што яны мне часам абыходзіліся даражэй, чым каштавала здабыча, і калі выпадала нагода каму-небудзь з непрыяцеля, асабліва афіцэрам, без абразы