Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Найважнейшай заваёвай нямецкай культуры XVII стагоддзя стала стварэнне нацыянальнай раманнай формы, і гонар гэты выпаў на долю Ганса Якаба Крыстофа (Крыстофэля) фон Грымэльсгаўзэна (каля 1622—1676), творчасць якога стала вынікам горкага вопыту Трыццацігадовай вайны.
•
Паказальна, што раман з’явіўся толькі пасля завяршэння вайны, калі пэўная дыстанцыя ўжо дазваляла абагульняць, рабіць высновы, ствараць грандыёзнае эпічнае палатно эпохі. Як лірыка Грыфіуса назаўжды стала адной з вяршынь паэзіі барока, так раман Грымэльсгаўзэна — несумненная вяршыня прозы барока, яго найбольш яскравы ўзор. I, бадай што, ні адзін з твораў той эпохі не стаў такім бязлітасна праўдзівым дакументам свайго часу, як «Сімпліцысімус». Пра народнае гора і бядоту пісалі і Опіц, і Флемінг, і Логаў, і Грыфіус. Але ніхто з такой сілай не паказаў пакуты менавіта селяніна, ніхто не даў такога рэальнага вобраза чалавека з народа.
Да сярэдзіны XVII стагоддзя нямецкі чытач ведаў толькі раманы замежных аўтараў y арыгінале ці ў перакладах. Вельмі папулярнымі ў арыстакратычных колах былі французскія і англійскія прэцыезныя раманы — пастаральныя і галантна-гераічныя («Астрэя» А. д’Юрфэ, «Аргеніда» Д. Барклея). У другой палове XVII стагоддзя пад іх уплывам узнікае нямецкі прэцыезны раман: «Адрыятычная Розамунда» Ф. фон Цэзэна, «Азіяцкая Баніза» Г. Цыглера, «Арміні і Туснэльда» Д. К. фон Лоэнштэйна, «Найсвятлейшая сірыйская Арамэна» і «Рымская Актавія» герцага Браўншвейгскага. Топіка рамана высокага, арыстакратычнага барока, яго сюжэтныя схемы будуць выкарыстаны ў рамане Грымэльсгаўзэна, і не толькі ў сур’ёзным, але і ў іранічным, парадыйным планах.
Адначасова шырокую вядомасць y Германіі набываюць іспанскія пікарэскныя раманы (ад «пікара» — «прайдзісвет», «махляр», «шалапут»), Гэты тып рамана наогул быў самай першай формай еўрапейскага рамана. Ужо ў 1615—1617 гг. y Германіі з’явіліся пераклады славутых раманаў «Жыццё Ласарыльа з берагоў Тормэса» невядомага аўтара і «Апісанне жыцця Гусмана дэ Альфарачэ» Матэа Алемана. Вельмі папулярнымі былі «Сны-відзежы» Франсіска дэ Кеведа і яго ж «Гісторыя жыцця прайдзісвета па імені дон Паблас» — першы барочны пікарэскны раман. Жанр пікарэскі зрабіў моцны ўплыў на станаўленне нямецкага «нізавога» (дэмакратычнага) барока, ва ўлонні якога і ствараўся раман Грымэльсгаўзэна.
Папярэднікам Грымэльсгаўзэна быў нямецкі сатырык Ёган Міхаэль Мошэраш (1601 —1669), пяру якога належыць кніга «Дзіўныя і сапраўдныя відзежы Філандэра фон Зітэвальда» (1642). Яна ўяўляе сабой своеасаблівую маральна-дыдактычную энцыклапедыю, пра што сведчыць прыкладзены да яе прадметны ўказальнік розных грахоў і заганаў, a таксама разгорнуты загаловак, які паведамляе, што тут «сутнасць усяго свету і дзеянні ўсіх людзей, апранутыя ў натуральныя іх колеры, пыхлівасць, гвалт, крывадушнасць і бязглуздасць, выведзены напаказ усім і прадстаўлены, як y люстэрку, для многіх бачныя». Нягледзячы на вялікую ступень абагульненасці вобразаў, на іх y першую чаргу алегарычнасць, многія старонкі твора Мошэраша вылучаюцца асаблівай канкрэтнасцю, яскравай і жорсткай рэалістычнасцю. Такой, напрыклад, з’яўляецца навела «Салдацкае жыццё». Яна, без сумнення, паўплывала на раман Грымэльсгаўзэна (у ім адіукнуцца і фантастычныя відзежы Філандэра, якія, y сваю чаргу, узніклі не без прамога ўздзеяння «Сноў-відзежаў» Кеведа). Але па сваёй сутнасці твор Мошэраша застаецца зборнікам навел, якія знітоўвае фігура Філандэра. I толькі пяром Грымэльсгаўзэна будзе створаны сапраўдны раман — аповед пра лёс чалавека ў часіну жорсткіх выпрабаванняў, адлюстраванне яго дарогі праз свет, якая становіцца дарогай да самога сябе. Творчасць Грымэльсгаўзэна з’явілася найбольш поўным сінтэзам трагічнай эпохі Трыццацігадовай вайны і адначасова цэлай эпохі літаратурнага развіцця Германіі.
Як ні дзіўна, але доўгі час нават імя аўтара «Сімпліцысімуса» не было дакладна вядома даследчыкам літаратуры. Наконт гэтага было шмат версій
і загадак, якія часткова ўзнікалі з-за таго, што, адпаведна модзе таго часу, пісьменнік часта хаваў свае імя за мудрагелістымі псеўданімамі, створанымі на аснове анаграмнага метаду — шляхам перастаноўкі літараў яго доўгага імя. Праблемы і пытанні ўзнікалі яшчэ і таму, што раман адлюстроўваў палярныя бакі свядомасці і рэчаіснасці: вяршыні кніжнай мудрасці і «нізіны» жыцця, добрае веданне старажытнай гісторыі, культуры, філасофіі і побыту сялянства, гарадскіх нізоў. Кім жа мог быць пісьменнік, які так глыбока і поўна зразумеў свой час, даў праўдзівае люстра сваей эпохі? Інтэлектуалам, які прачытаў безліч кніг? Альбо простым чалавекам, які трапіў y жудаснае жарало вайны? Ландскнэхтам і шалапутам, які распавеў сваю няхітрую і адначасова неверагодна заблытаную гісторыю? Нездарма ж доўгі час пісьменніка атаясамлівалі з яго героем.
У біяграфіі Грымэльсгаўзэна есць яшчэ шмат таямніц і «белых плям». Але даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў* дазволілі дакладна вызначыць, што гэты чалавек аб’ядноўваў y сваей асобе і філосафа-кніжніка, і непасрэднага ўдзельніка падзей, лёс якога «пераехала» цяжкае кола вайны.
Грымэльсгаўзэн нарадзіўся ў небагатай бюргерскай сям’і ў невялічкім гарадку Гельнгаўзэн, што ў зямлі Гесэн. Трынаццацігадовым хлопчыкам ен стаў сведкам разбурэння роднага горада імперскімі войскамі. Як і яго герой, ен вымушаны быў ратавацца ў крэпасці Ганаў, занятай шведамі (у рамане шмат дакладна аўтабіяграфічных, жорсткіх y сваім дакументалізме эпізодаў). Як і Сімпліцы, Грымэльсгаўзэн прыбіваўся то да пратэстанцкіх, то да імперскіх войскаў, служыў пісарчуком y каменданта крэпасці Офэнбург і палкавым пісарам y Васэрбурзе. Пасля заключэння міру ён займаў пасаду дробнага судзейскага чыноўніка ў маленькім гарадку Рэнхен. Тут ен і памёр, тут пахаваны. Тут прыйшла да яго вялікая слава, бо менавіта ў Рэнхене былі створаны яго галоўныя творы, y тым ліку і «Сімпліцысімус».
Раман упершыню выйшаў y свет y 1668 годзе без прозвішча аўтара. Тытульны ліст паведамляў, што гэта: «Апісанне жыцця аднаго дзіўнага шалапута на імя Мэльхіёр Штэрнфэльз фон Фуксгайм», a выдадзена гэтае сачыненне Германам Шлефгаймам фон Зульфсфортам. У 1669 годзе з’явіўся «Continuatio», або «Працяг» «Сімпліцысімуса», аўтарам быў названы Самуэль Грэйфензон фон Хіршфзльд, a ў 1671 годзе было надрукавана самае поўнае выданне рамана — з трыма «Continuationes», прадмовай і гравюрамі, якія спецыяльна заказаў сам пісьменнік (у якасці выдаўца зноў выступаў Герман Шлефгайм фон Зульфсфорт).
Франтыспіс першага поўнага выдання рамана ўпрыгожваў таямнічы малюнак: дзіўная істота з чалавечымі тулавам, рукамі і галавой, на якой красуюцца казліныя рожкі і вялізныя асліныя вушы; абапал тоўстага жывата — птушыныя крылы, з-пад іх бачны нага з раздвоеным капытом і качыная перапонка; ззаду — лускаваты рыбін хвост, як y русалкі; на голым целе вісіць шпага; y руках — адкрытая кніга з алегарычнымі выявамі, каля яе ног раскіданыя тэатральныя маскі. Істота чымсьці нагадвае фантасмагорыі Іеранімуса Босха. Чаму ж гэтая гравюра змешчана перад тэкстам
Гл.: Морозов A. А. Ганс Якоб Крнстоф фон Грнммельсгаузен н его роман «Сммплнцнссммус»//Грнммельсгаузен Г. Я. К. Сммплнцмсснмус. Л., 1967; Морозов A. А. «Сммплмцнссммус» м его автор. Л., 1984; Herbst G. Die Entwicklung des Grimmelshausenbildes in der wissenschaftlichen Literatur. Bonn, 1957; Stoll C. Hans Jacob Christoffel von Grimmelshausen. 1676—1976. München, 1976; Triefenbach P. Der Lebenslauf des Simplicius Simplicissimus. Stuttgart, 1979.
рамана? Магчыма, для пісьменніка яна выступала як алегорыя яго твора, y якім дзіўным чынам зліваюцца фантастычнае і рэальнае, і як алегорыя самога жыцця, не менш фантасмагарычнага, чым самая неўтаймаваная барочная фантазія,— жыцця, y якім безнадзейна пераблытана чалавечае і жывельнае, духоўнае і плоцкае, жудаснае і дзівоснае. Надпіс на тытульным лісце гаварыў ад імя незвычайнай істоты: «Мне па душы дабро рабіць,//Са смехам праўду гаварыць» (пераклад мой.— Г. С.). A зачын перад тэкстам рамана дадаваў:
3 агню, быццам фенікс, я нарадзіўся;
Ляцеў y паветры, але не згубіўся; Блукаў па вадзе і на сушы блукаў I ў гэтых блуканнях вядомы ўсім стаў.
3 самага пачатку выяўляецца адна з мэт рамана — павучалыза-выкрывальная. Але не толькі яна галоўная ў кнізе. Гэта па-сапраўднаму філасофскі твор пра пошукі ісціны, пра пазнанне свету і самапазнанне, пра неверагодна цяжкую працу душы, якая намагаецца спасцігнуць непадлеглую асэнсаванню рэчаіснасць. Сам герой скажа пра сябе: «Я быў толькі кшталтам чалавек і толькі імем дзіця Хрыстовае, a ва ўсім астатнім чыстая жывеліна! Але Навышні глядзеў на маю нявіннасць мілажальнымі вачыма і хацеў прывесці мяне да пазнання і Яго і сябе самога».
Гэта раман пра лес народны і лес чалавечы ў смутны, страшны, хаатычны час, раман пра блуканні і пакуты чыстай душы, якая не можа не запляміць сябе брудам і брыдотай гэтага свету, але не можа і не змагацца за сваю цнатлівасць і праведнасць. Гэта трагічны твор, насычаны нястрымнай весялосцю, якая яшчэ больш падкрэслівае трагічнасць часу. У ім гучыць гамерычны смех, бо народ і ў самыя цяжкія часіны не страчвае гумару, здольнасці смяяцца са свету і з сябе, і гэта сапраўды выратавальны смех.
Раман злучыў y адзінае цэлае элементы народна-смехавай культуры і высокую кніжную традыцыю, топіку пікарэскі і галантна-гераічнага рамана, рысы «нізавога» барока і іранічна пераасэнсаваныя штампы высокага барока. Адсюль — вельмі спецыфічная мова рамана: з аднаго боку, яна вельмі складаная, мудрагелістая, насычаная шматлікімі біблеізмамі, лацінізмамі, галіцызмамі, філасофскімі і літаратурнымі рэмінісцэнцыямі, алюзіямі, цытатамі; з другога боку, яна вельмі простая, месцамі наўмысна вульгарная, сакавітая народная мова, перасыпаная мноствам прыказак, прымавак, вострых і нават непрыстойных слоўцаў, каламбураў і г. д. Грымэльсгаўзэн ахвотна ўжывае дыялектызмы: напрыклад, не літаратурнае «Vater» — «бацька», a дыялектнае «Кпап», для якога перакладчык знайшоў адпаведнае «татусь»; не «маці» — «мамця». Патрэбна адзначыць, што «Сімпліцысімус» — адзін з самых складаных для перакладчыцкай працы тэкстаў, ен патрабуе філіграннага майстэрства, і гета вельмі выразна дэманструе беларускі пераклад.