Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Клапатлівы пабожны чалавек паведаў мне гэта нямногае не таму, канечне, што ведаў многа, a таму, што я, з прычыны майго малалецтва, здаваўся яму недастаткова здоль-
ным засвоіць y такім стане больш, a таму, што нямногія словы лепш трымаюцца ў памяці, чым доўгая балбатня, і навука з ашчадных слоў даходзіць да свядомасці, дае больш плёну, чым доўгая казань, якая не адкладваецца ў памяці і хутка забываецца.
Тры настаўленні: спазнаваць самога сябе, унікаць ліхіх кампаній і заставацца непахісным — несумненна гэты пабожны чалавек таму і лічыў добрымі і патрэбнымі, што сам жыў паводле іх і яму пры гэтым усё ўдавалася; бо пасля таго, як ён сябе спазнаў, ён не толькі цураўся благіх кампаній, a ўвогуле ўцёк ад свету і трымаўся адасоблена да канца, канца несумненна дабрашчаснага.
Сказаўшы мне ўсё гэта, ён пачаў матыкай капаць сабе магілу; я пасабляў як мог, як ён мне казаў, і не разумеў, навошта ўсё гэта трэба. A тым часам ён сказаў: «Мой дарагі і сапраўды адзіны сыне (бо апрача цябе нікога не спарадзіў я, каб славіў Госпада Творцу), калі душа мая адыдзе ў належнае ёй месца, учыні майму целу апошнюю пашану і зрабі апошнюю учту: засып мяне тут вось гэтай зямлёй, якую мы зараз капаем з гэтае ямы». Пасля ён падняў мяне на рукі, пацалаваў і моцна прытуліў да грудзей, як толькі было можна чакаць ад чалавека ў ягоным стане. «Мілае дзіця,— сказаў ён,— я перадаю цябе пад аслону Бога і паміраю з вялікай радасцю, бо я спадзяюся, ён прыме цябе там». A я, наадварот, я не мог гаварыць, я толькі жаліўся і енчыў, павіс на яго ланцугах, якія ён насіў на шыі, нават спрабаваў імі ўтрымаць яго, каб не адыходзіў. Але ён сказаў: «Сыне мой, пусці мяне, я памераю, ці дастатковая мне па даўжыні гэтая магіла»,— зняў ланцугі разам з каптаном і палез y яму і ўмасціўся ў ёй, як чалавек, хочучы легчы спаць, кажучы: «Ах, Божа вялікі, прымі цяпер душу, якую ты мне даў, Госпадзе, y рукі твае аддаю я свой дух» etc. I з гэтым пяшчотна самкнуў вусны і заплюшчыў вочы; a я стаяў як слуп і не верыў, што яго любасная душа пакінула цела, бо раней я часта бачыў яго ўзрушанага.
Я чакаў, як ужо сталася звычкай y падобных выпадках, некалькі гадзін каля ямы, y малітве. Калі ж мой дарагі пустэльнік не захацеў уставаць, я спусціўся да яго ў яму і пачаў трэсці, цалаваць і лашчыць; але ў ім ужо больш не было жыцця, ліхая і бязлітасная смерць забрала ў беднага Сімпліцы яго святога старца. Я акрапіў ці, лепей сказаць, забальзамаваў знежыццёвелае цела сваімі слязьмі. Рвучы на сабе валасы і пляскаючы рукамі, я яшчэ пабегаў вакол з жаласным енкам, a тады ўзяўся, уздыхаючы, за лапату і
пачаў засыпаць яго зямлёю; ледзь толькі прысыпаў яму твар, зноў спусціўся ў магілу, разгроб яго, каб яшчэ раз пабачыць і пацалаваць. I так было цэлы дзень, пакуль закончыў гэтыя funeralia, exequias і ludos gladiatorias, зрабіў усё сам, бо не было ні мараў, ні труны, ні века, ні паходняў, ні насільшчыкаў, ні працэсіі і ніякага кліру, каб як след адпець нябожчыка.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ Сімпліцы намысліў пабачыць свету, але адкідае подумку гэту
Праз некалькі дзён пасля расцялеснення майго дарагога і любаснага сэрцу пустэльніка я пабываў y памянёнага святара і расказаў яму пра смерць майго пана, папрасіў яго заадно параіць, як мне паводзіцца пры такіх вось акалічнасцях. Нягледзячы на тое, што ён моцна адгаворваў мяне далей заставацца ў лесе і маляўніча апісаў небяспекі, якія атачалі мяне, я цвёрда вырашыў ісці слядамі майго папярэдніка — усё лета рабіць тое, што павінен рабіць пабожны мнішак. Але як яно заўсёды з часам усё мяняецца, так спакваля суцішылася і мая журба па пустэльніку, якая тачыла мне сэрца, a даволі моцны зімовы холад астудзіў унутраны пал майго цвёрдага намеру. Чым болын я вагаўся, тым меней руплівіўся ў малітвах, і, замест таго каб сузіраць нябесны промысел Госпада Бога, я распаліў y сабе прагу паглядзець свету; і як што я такім чынам не бачыў разумнай карысці, як мне спасобіцца на добрае ў цёмным лесе, намысліў я зноў пайсці да святара, паслухаць, a ці не нараіць ён мне пакінуць лес. 3 гэтай подумкай я і рушыў да яго сяла; але як толькі выйшаў з лесу, бачу — гарыць яно, сяло, ясным гарам, полымем шугае, шуруе-буруе і ў трубу коціць — там толькі што разгавелася банда райтараў, усё зруйнавала, патаптала-здрасавала, адных сялян павыбівала, другіх паразганяла, a каторых пахапала ў палон, сярод іх і самога святара. Ах, божачкі, якое ж ты злашчаснае і ліхое, жыццё чалавечае! Толькі-толькі пазбыліся аднаго няшчасця, аж шусь! маеш другое. Не дзіва, што язычніцкі філосаф Цімон з Афінаў панаставіў шыбеніц, каб людзі зашморгваліся самі, каб маглі, так бы мовіць, танным коштам і нядоўгай мукай пакласці крэс свайму гаротнаму жыццю. Райтары былі ўжо на адыходзе і ўжо вялі святара, як беднага грэшніка, на
шворцы. Некаторыя крычалі: «Прыстрэліць гада!», a другія спадзяваліся ад яго выкупу. A той узводзіў рукі да сіняга неба і імем Страшнага Суда прасіў-благаў літасці і хрысціянскага мілажалю; які там вам жаль, што вы, мой пане! — адзін райтар збіў яго канём з ног, накінуў на шыю «параграф»*, y таго аж кроў дудкай, і, падаючы, ён выцягнуўся на ўсе чатыры і — ацалі Божа яго нявінную душу. Другім яшчэ пазасталым сялянам абышлося не лепей.
I вось бачачы, што гэтыя райтары ў сваёй тыранічнай жорсткасці зусім пашалелі, другая кодла ўзброеных сялян сыпанула з лесу,— от як бы хто разварушыў асінае гняздо. I як не закрычаць, як не заягляць, як не наробяць галасу, гвалту і страляніны — y мяне аж валасы дыбарам усталі, я зроду не бачыў такога фэсту, бо шпэсэрцкія і фогельсбэргскія халопы гэтак сама не дадуцца на дурніцу, як і смердзь гесэнская, заўэрландская і шварцвальдская. Тут райтары — лататы! кінуўшы не толькі захопленае быдла і свае манаткі падхапіць не паспеўшы, усе клункі-шмарункі і — дай бог ногі! — каб самім не дастацца трафеем y мужыцкія лапы; але ўсё-такі некаторыя дасталіся! — вой, не дай бог зведаць іх горкае долі!
Гэтая прыгода крыху падцяла маю ахвоту пакідаць пустэльню і выпраўляцца ў белы свет, бо я падумаў сабе, a што, калі і ў свеце ўсё так броіцца, дык лепей ужо мая нетра. Але ўсё ж хацелася пачуць, што скажа на тое святар. A той ад ран і пабояў ужо ледзьве клеваў, аслаб, зусім знясілеў, але ўсё-такі сказаў, што ні памагчы мне, ні параіць нічога людскага не можа, бо, вось бачыш, сам y такім стане, што ўжо хоць ты з кіем старцом ідзі, пры дарозе прасі кавалак хлеба надзённага, a калі я і далей заставацьмуся ў лесе, дык каб не спадзяваўся на ягоную, святаровую, дапамогу і суцяшэнне, бо, вось сам падзівіся на чыстыя вочы свае, усё дымам-попелам пайшло. I я зажураны пайшоў y лес дахаты, і як што з гэтай вылазкі ў людзі вярнуўся мала суцешаны, a больш сам y сабе намыслены, дык пастанавіў сабе ніколі не пакідаць нетру, a прысвяціць сваё жыццё, як і мой пустэльнік, сузіранню Божага промыслу; тым часам я не забыўся яшчэ падумаць, што як бы гэта абысціся без солі, якое мне раней фундаваў святар, як бы гэта жыць наадасобку ад усіх людзей і не патыкацца да іх.
Пятля, якая нагадвае знак «параграфа» (жарг.).
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае, якія кашмары ўчынілі сялянам ліхія райтары
Каб спраўдзіць гэтую маю пастанову і стацца сапраўдным лясным анахарэтам, я ўсцягнуў на сябе пакінутую пустэльнікам кашулю-вярэту і падперазаўся ягоным ланцугом, і не таму, што была патрэба ў знемажэнні маёй разбуялай плоці, a каб прыпадобніцца да папярэдніка як y жыцці, так і ў адзенні; a і не толькі, a каб неяк ахараніцца гэтымі святымі шатамі ад суровай зімовай сцюжы.
Другога дня пасля таго, як была сплюндрана і спалена святаровая вёска, акурат я сядзеў y сваёй халабудзіне і пад малітву пёк сабе на пасілак жоўтую рэпу, абчапілі мяне нешта з сорак—пяцьдзесят мушкецёраў; яны, хоць і дужа здзівіліся з нязвыкласці маёй асобы, усё-такі прашуравалі ўвесь мой будан, прамацалі ўсё чыста-начыста, чаго толькі шукаючы; a як што апрача кніг нічога не было, дык і іх параскідалі, бо навошта ім тыя кнігі. Нарэшце, разгледзеўшы мяне як след і зразумеўшы па маім пер’і, якога палёту птаха яны ўпалявалі, мушкецёры лёгка прыйшлі да высновы, што спадзявацца на добры луп тут не выпадае аніяк. Яны падзівавалі з майго суровага пустэльніцтва і ўмілажаліліся з маёй пяшчотнай маладосці, асабліва афіцэр, які імі камандаваў; ён абышоўся са мною дужа пачціва і ласкава і папрасіў мяне паказаць яму і ягоным людзям дарогу з лесу, y якім яны заблудзіліся і ўжо доўга швэндаліся як упоцемках. Я зусім не ўпіраўся, а, каб хутчэй пазбыцца непрыязных гасцей, павёў бліжэйшай дарогай да вёскі, y якой мой дарагі святар быў так блага патрактаваны, тым болей што ніякай іншай дарогі я і не ведаў. Але як толькі мы выйшлі з лесу, тут і нахапіліся на сялян, нешта чалавек з дзесяць, частка якіх была азброена стрэльбаміручніцамі, a астатнія, бяззбройныя, корпаліся ў зямлі, нешта заграбаючы. Мушкецёры з ходу шухнулі на іх, закрычалі: «Стой! Стой!» — але тыя не стаялі, a адказалі стрэламі. Убачыўшы, што жаўнераў куды болып, чым іх, яны сыпанулі хто куды, так што стомленыя мушкецёры не ўгналіся за імі і не злавілі ніводнага. Затое ім закарцела даведацца, што гэта там тое халоп’е закапала. Гэта далося спарней, чым пагоня, бо сяляне пакідалі матыкі і рыдлёўкі, якімі працавалі. Але толькі капнулі раз, другі, як пачулі голас з-пад зямлі: «0 сабакі! 0 пацяробкі! 0 праклятыя здзіры! Думаеце, неба пакіне без адплаты вашу нехрысціянскую ссучанасць і гнюсоту? Аж не, ёсць яшчэ
спраўныя хлопцы на зямлі, яны пакараюць вас за нялюдскасць вашу, і зышчацца вам, і спагоніцца з вас, і заісціцца праўда мая, і ніхто з вашых памагатых не падліжа вам сракі». Жаўнеры пераглянуліся, не ведаючы, што тут рабіць. Адны падумалі — здань, a я падумаў, што мне прыснілася. A афіцэр загадаў адважна капаць далей. Дакапаліся да бочкі, прабілі века, a там хлопец, без носа, без вушэй, але ўсё яшчэ жывы. Як толькі ён крыху ачуняў і пазнаў некаторых сваіх, ён расказаў, што зрабілі сяляне ўчора,— калі некаторыя з яго атрада былі на рэквізіцыі, шасцёра з іх дасталіся ў палон, пяцёх з іх, паставіўшы ў рад, праз гадзіну застрэлілі, a шостага апошняга, яго, куля не дастала, бо папярэдне прашыла пяць галоў і патыліц, a на ім страціла сілу, дык яму проста абцялі нос і вушы, але перад тым яшчэ прымусілі, каб ён тым, пяцём (s. v.*), вылізаў сракі. Пасля таго як гэтыя без Бога і сумлення ў сэрцы прахвосты так ганебна яго спагардзілі і збэсцілі, ён, як што яны хацелі пасля лізання адпусціць яго жывога, пачаў гаварыць на іх розныя непатрэбныя брыдкія словы, якія толькі мог выдумаць і згадаць, называў іх самымі паскуднымі мянушкамі, спадзеючыся, што каторы з іх y гневе не пашкадуе яму кулі ў лоб. Але марна, як толькі давёў іх да шалу, тыя запакавалі яго ў гэтую вось бочку і закапалі жыўцом, кажучы: калі ўжо так палка прагнеш смерці, дык не ж, з усёй нашай ласкай не можам y тым дагадзіць, жыві і гадуйся сабе на здароўе!