Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Нашу служанку ў канюшні патрактавалі такім чынам, што яна адтуль выйсці сама не магла, ганьба й казаць вам пра гэта! Слугу звязалі і паклалі на зямлю, усадзілі яму ў горла распорку і ўдулі ў каўдун цэлую дайніцу смярдзючай жыжы з хлява; гэта яны называлі «швэдскім напоем», але відно было, што пітво яму не ўсмакавала, а, наадварот, нават спрычыніла дужа дзіўныя грымасы на твары; гэтым самым яны яго падбадзёрылі, каб ён завёў іх на іншыя два-
ры, адкуль потым сагналі да нас людзей і быдла, сярод іх былі і мае — татусь, мамця і наша Урсула.
Пасля пачалі: паздымалі з пістоляў крэмені і замест іх давай накручваць мужыкам пальцы і тых гаротнікаў мучыць, нібыта збіраліся паліць ведзьмаў; аднаго прыгнанага мужыка засунулі галавою ў печ і запалілі пад ім, нягледзячы на тое, што ён так і не ведаў, пра што ў яго дапытваліся. A другому зашмаргнулі на шыі вяроўку і круцілі яе палкай, аж y таго кроў палілася з рота, носа і вушэй. Іп summa, y кожнага з іх была свая метода мучыць сялян, і, значыцца, кожны селянін меў свайго адмысловага ката. Толькі майму татусю, як на мой тадыташні розум, пашанцавала найбольш, бо ён, смеючыся, сказаў тое, што іншыя мусілі сказаць са слязьмі і жаласнымі стогнамі, і гэтакі гонар яму выпаў несумненна за тое, што ён быў гаспадар дома; яны пасадзілі яго да агню, звязалі так, што ён не мог варухнуць ні рукой, ні нагой, і нашмаравалі ступакі намочанай соллю і далі нашай старой казе, каб лізала, што, вядома ж, моцна казытала, і татусь ледзь бакі не парваў ад смеху. Гэта было так пацешна і весела, a я ніколі ў жыцці не чуў і не бачыў такога залівістага смеху, што я, ці тое за кампанію, ці тое з чаго яшчэ, ад усяго шчырага сэрца парагатаў таксама. У гэтым агульным рогаце ён прызнаўся ў сваёй віне і адкрыў схаваны скарб з золата, перлаў і кляйнодаў, куды багацейшы, чым можна было знайсці ў іншых сялян. Пра паланянак — жанчын, служанак і дачок — я мала чаго магу сказаць цікавага, бо ваякі не пусцілі мяне паглядзець, што там яны з імі вычваралі. Я толькі памятаю, што то стуль, то стуль з куткоў чуліся жаласныя крыкі і енкі; думаю, маёй мамці і нашай Урсуле дасталося не меней, чым астатнім. Якраз бо сярод гэтага вэрхалу я займаўся смажанінай і не дужы меў клопат, што там і як, бо, зрэшты, яшчэ і не разумеў нічога як след. Я дапамагаў паполудні паіць коней і праз гэта трапіў на канюшню да нашай служанкі,— выглядала яна як кара божая, уся такая растрапаная, неахайная. Я нават не пазнаў яе; але яна загаварыла да мяне балячым голасам: «Вой, дзіцятка, уцякай, бо забяруць райтары; глядзі ж, уцякай, ты ж бачыш, што тут робіцца». Болып нічога сказаць не магла.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Сімпліцы ў лес дае лататы, a ў лесе палохаецца цемнаты
I я пачаў глядзець і прыгладацца да таго няшчасця, якое звалілася проста на вачах, пачаў прымяркоўвацца, як бы гэта спрытней выкаўзнуцца і ўцячы. Але куды? Не на мой дзіцячы розум было прыдумаць нешта людскае; але ўсё-такі пад вечар удалося выхапіцца ў лес, я нават не забыўся ў гэтай дзікай калатэчы прыхапіць сваю дуду. Але куды цяпер, куды далей, калі ўлічыць, што лес і лясныя сцежкі я ведаў гэтак сама добра, як дарогу па Лядовым моры ад Новага Зэмбля да Кітая? Непраглядная цёмная ноч акрыла мяне, хаваючы ад небяспекі, але, як на мой цёмны розум, яна не была дастаткова цёмная, таму я зашыўся ў густы хмызняк, адкуль добра чуў крыкі і лямант сялян, але і песні салаўёў, якія зусім не лічылі сялян (а сяго-таго з іх называлі: «Гэта птах, скажу я вам!») вартымі спагады, каб, хоць бы з увагі на іх пакуты, спыніць свае мілыя спевы; я таксама без лішніх згрызотаў прыкархнуў на вуха і заснуў. Калі ж на ўсходзе зайграла ранішняя зорка Мілавіца, я ўбачыў татусеў двор — шугаў y чыстае неба, але ніхто не ляцеў тушыць яго. Я выправіўся туды, спадзеючыся сустрэць каго-небудзь ад татуся, але мяне змецілі адразу пяцёра райтараў і закрычалі: «Гэй, малы, гайда сюды, a то, трасца табе ў бок, як бабахну, аж тэльбухі горлам палезуць». A я, наадварот, аслупянеў, раззявіў рот, не ведаючы, якое ж такое трасцы хацеў даць, на што замерваўся райтар, і пакуль я так глядзеў, як баран на пусты цэбар, a тыя не маглі далезці да мяне па гразкім балоце, іх бы яно засмактала, адзін з іх наставіў на мяне сваю стрэльбуручніцу, злажыўся — ад нечаканага агню і неспадзяванага бабаху, шматкроць жахліва паўторанага рэхам, я так спалохаўся, бо ж нічога такога я зроду не чуў і не бачыў, што тут жа і хляпнуўся вобзем, рукі і ногі выцягнуўшы на чатыры бакі, ад перапуду я не варухнуўся ані жылачкай, і як што райтары пашыбавалі сваёй дарогай, несумненна палічыўшы мяне за нежывога, я цалюткі той дзень не чуў сэрца ў сабе, ні каб падняцца, ні каб хоць трошкі разгледзецца па баках. Калі ж мяне зноў агарнула ноч, я ўстаў і павалокся далей y лес, аж пакуль не ўбачыў здалек нейкае гнілое дрэва, якога спалохаўся яшчэ болып, і вось такім чынам, гнаны ад адной старадрэвіны да другой, я прабавіў усю ноч. Мне памог, дзякаваць Богу, ясны дзень, які наказаў дрэвам даць мне святога спакою нарэшце; але і гэта
мне яшчэ не дапамагло, бо сэрца калацілася ад страху і жуды, сцёгны круціла ад зморы, пусты жывот падвяло ад голаду і смагі, y галаве круціліся ўсялякія дурныя відзежы і ўявы, a вочы зліпаліся — так хацелася спаць. Я пайшоў далей, сам не ведаючы куды. I чым глыбей заходзіў, тым далей адбіваўся ад людзей. Тады я першы раз адчуў, праўда, зусім непрыкметна, вынікі свайго невуцтва і неабазнанасці; на маім месцы любая неразумная жывёла лепш за мяне ўцяміла б, што ёй рабіць дзеля свайго ратунку. Але ўжо і тады я быў такі рызыкант, што калі ноч зноў застала мяне ў лесе, я залез y вялікае дупло, ясна, з маёй даражэнькай дудою, і цвёрда рашыў пераначаваць так.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Сімпліцы чуе пабожную казань, бачыць пустэльніка і млее адразу
Ледзь толькі я зладзіўся спаць, як чую голас: «0 вялікая любоў да нас, няўдзячных! Ах, мая адзіная ўцеха, маё спадзяванне, багацце маё, Божа мой!» і яшчэ шмат чаго такога, чаго ні запомніць, ні зразумець я не змог. Гэтыя словы павінны былі падбадзёрыць, суцешыць і ўзвесяліць хрысціянскую душу ў нягодзе, a такі быў якраз я са сваёю душою. Але, о душа мая простая, о цемра мая! тут вакол былі толькі непралазныя нетры і зусім незразумелая мова, з якое я не мог уцяміць нічога, яна была такая дзіўная, аж мяне жахнула. Але яшчэ раней я чуў, што таму, хто на ёй гаварыў, яна спатольвала і голад і смагу; a мой амаль зусім нясцерпны голад і ад доўгага няеддзя зусім сперазаны жывот падказвалі мне набіцца на госці; і вось я набраўся рызыкі, вылез з майго дупла і наблізіўся да пачутага голасу. I тады я ўгледзеў высокага чалавека ў доўгіх чорна-сівых валасах, якія досыць скаўтунена спадалі яму на плечы. На ім была дзікая барада, амаль як швейцарскі сыр; твар y чалавека хоць і быў бледна-жоўты і худы, але ж і даволі прыязны, a яго доўгі каптан залатаны, можа, ці не тысячай латак з самай рознай тканіны, адна па адной; на шыі і вакол цела вісеў цяжкі жалезны ланцуг, як y святога Вільгельма, і, як на мае вочы, глядзеўся так брыдка і страшна, што я задрыжаў, як мокры сабака. A што яшчэ больш нагнала страху, дык гэта крыж, прыкладна ў шэсць футаў удоўжкі, які вісеў на грудзях, і як што я чалавека не ведаў, дык і не мог падумаць нічога іншага, як што толькі гэты стары як
рыхтык і ёсць той самы воўк, пра якога мне нядаўна баяў татусь. Ад такога страхоцця я адразу схапіўся за дуду, з якою, маім адзіным, самым пэўным і каштоўным скарбам, я ўратаваўся ад райтараў; я надзьмуў мех, задудзеў, каб хутчэй прагнаць гэтага жудаснага воўка; з маёй незвычайнай музыкі ды ў такім незвычайным дзікім месцы пустэльнік спачатку не менш дзіву даўся, мусіць, лічачы, што тут выхапілася нячыстая сіла, каб, як і Вялікага Антонія, спакусіць, уціснуць і запамрочыць яму розум.
Але як толькі ён крыху ачуняў ад здзіўлення, тут і пачаў пакепваць з мяне, спакусніка з дупла, куды я зноў рэціраваўся, убачыўшы, што ён ужо суцешыўся і рушыў да мяне, каб пасароміць як супастата роду чалавечага. «Эй ты,— сказаў ён,— ты, хлопча, слабенькі, як... святы без Божага дабраславення», etc. Больш я нічога не разабраў, бо як толькі ён пайшоў да мяне, тут такая жудасць мяне апантала, такі страх забраў, што ў галаве ўсё закруцілася, замітусілася, і я самлеў.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Сімпліцы дасыта наеўся і напіўся, дзіўна, што пустэльнік сам запусціўся
Якім чынам я зноў ачуўся і прыйшоў да памяці, забіце, a не памятаю, адно скажу, што стары выкалупаў мяне з дупла, узяў на калені і расшпіліў мне курту. Як толькі я ачуняў як след і ўбачыў пустэльніка, я закрычаў так страшна, быццам ён вось-вось возьме і выме мне сэрца з грудзей. Але ён сказаў: «Сыне мой, суйміся, я не зраблю табе нічога благога, супакойся», etc. Але чым больш ён мяне суцяшаў і лагодзіў, тым мацней я раздзіраўся: «Вой, ты з’ясі мяне! Вой, ты з’ясі мяне! Ты воўк, ты хочаш мяне з’есці!» — «Ай, ды не ж, сыне,— сказаў той,— супакойся, я цябе не з’ем». Гэтая калатня і лямант цягнуліся доўга, пакуль я не даўся ўгаварыць сябе пайсці ў ягоны буданчык; там за гаспадыню была — галеча, за кухара — голад, за кухмайстра — нястача. Там жывот мой быў улагоджаны гароднінай і вадою, a сумбурныя думкі і настрой зноў даведзены да ладу суцяшальнай прыязнасцю старога. Я крыху схітраваў, даўшыся ашукаць сябе спакусаю салодкага сну, пераклаўшы сваю віну на прыроду. Пустэльнік заўважыў маю заклапочанасць і дазволіў мне за-
стацца аднаму ў будане, a там адзін толькі я і мог змясціцца. Недзе пад поўнач я прачнуўся і пачуў, як ён спявае песню, якую пазней ахвотна запомніў і я сам.
Уцеха ночы салавей.
Зайграй песеньку, запей, Твая нас лашчыць погудзь;,; Хвалі Тварца, ўначы хвалі ж, Бо птушкі спяць, a Ты не спіш, Яны пець больш не могуць.
Галасок твой
Хай ліецца, грэе сэрца; Толькі ты ж ім
Можаш славіць Бога ў вышніх.
Апошні промнік дня пагас, I цемра ахінула нас, Але спяваць усе ж мы можам;,; Пра веліч Бога й мілату I за святло праз цемнату Хвалу Яму памножым.
Галасок твой
Хай ліецца, грэе сэрца; Толькі ты ж ім
Можаш славіць Бога ў вышніх.
I нават рэха з лесу, з гор, Улітае ў дзівосны хор, Пачуцца захацела;,;
Здымае чары стомы з нас, 3 якою носімся ўвесь час, I гоніць сон ад цела.