Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Розум есць сіла (лац.). itt У дзеянне (лац.).
Навука (лац.).
У яго я навучыўся і маліцца. a як што маё ўпартае наляганне — застацца пры ім ён прыняў за дастатковы аргумент, дык мы паставілі яшчэ адзін буданчык, такі, як y яго, з дрэва, голля і дзярна, і ўсё гэта зладзілі, як мушкецёры ў полі свае палаткі або, лепей сказаць, як сяляне ў некаторых мясцінах робяць сабе разбойніцкія лёхі, такі нізкі, што я ледзьве мог y ім умясціцца седзячы. Мая пасцель была з сухое лістоты і травы на ўсю даўжыню будана, так што я не ведаю, ці мне называць гэта хатай ці пячорай, лежаком пад павеццю ці буданом.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Сімпліцы знаёміцца з Кнігай Ёва і вучыцца чытальна-пісальным асновам
Калі я першы раз убачыў, як пустэльнік чытае Біблію, я і ўявіць сабе не мог, з кім гэта ён так таямніча і, на маю думку, вельмі сур’ёзна гутарыць. Я добра бачыў, як варушыліся ў яго губы, чуў, як ён нешта мармыча, але апрача яго самога не бачыў і не чуў нікога, хто б гэта адказваў яму, і хоць я нічога яшчэ не ведаў ні пра чытанне, ні пра пісанне, я ўсё ж заўважыў па ягоных вачах, што ўсё гэта ён робіць з некім y кнізе. Я прыгледзеўся да яе, a калі ён адклаў яе, я разгарнуў, і з першага ж разу мне трапілі на вочы першы раздзел Кнігі Ёва і абразок наперадзе, выдатны дрэварыт і хораша расфарбаваны. Я па сваёй прастадушнасці спытаўся ў таго абразка пра самыя розныя рэчы. Але ніякага адказу не было. Я знецярйлівіўся, раззлаваўся і якраз, калі пустэльнік паявіўся за мною, сказаў: «Эй вы, агуднікі, чаго гэта вам раптам пазарывала? Вы ж толькі што балабонілі з маім айцом (так я мусіў называць пустэльніка!). Вось бачу, як вы свайму беднаму татусю гоніце дахаты авечкі, a там ужо запалілі хату. Чакайце, чакайце, я зараз патушу гэты агонь і запыню вас, каб не лезлі ў шкоду». I я ўстаў, каб прынесці вады, бо патрэба яўна вымагала гэтага. «Куды ты, Сімпліцы?» — сказаў пустэльнік, якога я не заўважыў за сабою. «Ай, войча,— сказаў я,— тут таксама салдаты, яны хочуць пабраць авечкі; вось, глядзі, занялі ў беднага чалавека, з якім ты нядаўна гутарыў. Во тут ужо і хата ягоная гарыць, як радуецца, і калі я зараз не патушу, усю выкаціць дашчэнту». I я тыцнуў пальцам y абразок. «Пастой,— сказаў пустэльнік,— гэта
яшчэ не бяда». Я адказаў як мог ветліва: «Ты што, аслеп? Пасачы лепей, каб не сагналі авечкі, a я збегаю вады». — «Ай,— сказаў пустэльнік,— гэтыя карцінкі нежывыя; яны толькі так зроблены, каб паказаць нам на вочы даўно мінулыя падзеі». Я адказаў: «Ты ж толькі што гаварыў з імі; як жа яны нежывыя?»
Хоць і насуперак волі і звычкам сваім, але пустэльнік пасмяяўся з маёй дзіцячай прастадушнасці і малечай блазноты і сказаў: «Мілае дзіця, гэтыя абразкі не ўмеюць гаварыць, a іх учынкі і сутнасць я магу ўведаць з гэтых чорных рысачак, гэта называецца — чытаць; і калі я так чытаю, дык табе здаецца, што я гавару з абразкамі, але гэта зусім не так». Я адказаў: «Калі я чалавек, як і ты, дык я таксама павінен умець бачыць y гэтых чорных радочках, што і ты бачыш. Як мне ўвайсці ў вашу гутарку? Мілы войча, скажы мне нарэшце, як мне зразумець гэтыя штукі?» На гэта ён сказаў: «Ну, добра, сынку, я навучу цябе, што і ты зможаш гутарыць з абразкамі і зможаш разумець, што яны азначаюць; толькі на тое патрэбен час, мая цярплівасць і твая руплівасць». Пасля гэтага ён напісаў мне альфабэт на берасціне па-друкаванаму, і ўжо калі я ўведаў усе літары, я навучыўся складваць іх, далей — чытаць і нарэшце — пісаць нават лепш за самога пустэльніка, бо я ўсё выпісваў па-друкаванаму.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае, што пілі і елі і што ў гаспадарцы рабіць умелі
Каля двух гадоў, аж пакуль пустэльнік не памёр, і яшчэ з паўгода пасля яго смерці, я жыў y гэтым лесе; таму, мне здаецца, будзе няблага, калі я раскажу дапытліваму чытачу, якому часта карціць уведаць аж да самай драбніцы, што мы рабілі, што чынілі, чым прабаўляліся і, увогуле, як мы жылі.
Елі мы ўсякую гародніну, рэпу, зеляніну, боб, гарох, сачыўку, проса, ну, і ўсякае такое, не грэбавалі і букавіцамі — букавымі арэшкамі, дзікімі яблыкамі, дзічкамі, вішнямі, нават часта елі за прысмакі жалуды, калі голад падпіраў. Хлеб, ці, лепей сказаць — пляцкі, мы пяклі ў гарачым прыску з перацёртага італьянскага зерня, па-нашаму — з кукурузы. Узімку лавілі сілкамі і сеткамі птушак. Увесну і летам Гасподзь пасылаў нам птушанят y
гнёздах. Часта мы давалі сабе рады слімакамі і люгашкамі, не цураліся лавіць вяршамі і вудамі рыбу, балазе непадалёк ад нашых харомаў цёк багаты на рыбу і ракаў ручай — усё гэта дапамагала сплаўляць грубую ежу ў нашыя каўдуны. A то яшчэ аднаго разу спаймалі дзікага падсвінка, яго мы зачынілі ў загародцы, сілкавалі жалудамі і букавымі арэшкамі, укармілі, утлусцілі дый спажылі нарэшце, бо мой пустэльнік ведаў, што гэта аніякі не грэх, калі спажываеш тое, што Гасподзь Бог стварыў чалавечаму роду на такі выпадак і наканаваў яму такі канец. За соллю не дужа ўпадалі, a розныя там перныя прытравы ўвогуле былі непатрэбныя; гэта каб не спаганяць ахвоту да пітва, бо ў нас не было віннага склепа. Усю патрэбу ў солі нам гасіў адзін добрай душы святар, які жыў мілі за тры ад нас,— але пра яго ўсё наперадзе, крыху пазней я яшчэ шмат чаго раскажу.
Што да хатняга чарэп’я, дык y нас усенька было: мы мелі рыдлёўку, матыку, калун, сякеру і чыгун, каб гатаваць; зрэшты, усё гэта было не нашае, a пазычанае ў памянёнага святара. У кожнага быў тупы сточаны нож; вось гэта якраз была наша маёмасць, і больш нічога. Таму мо нам і не патрэбныя былі ні місы, ні талеркі, ні лыжкі, ні відэльцы, ні рондлі, ні патэльні, ні ростары, ні шампуры, ні салонкі, ні іншае сталовае і кухоннае начынне, бо наш чыгун быў нам і за чыгуна і за міску, нашы рукі былі за відэльцы і за лыжкі. A калі смага брала, мы пілі трысцінкай з крынічкі або проста совалі туды мызу, як воіны Гедэона. 3 рознай там апраткі, воўны, шоўку, бавоўны і лёну, каб на стол, на ложак ці каб ушпалерыць сцены, дык не мелі нічога, толькі таго, што на сабе, a яго нам хапала з лішкам, бо ад дажджу і марозу мы проста хаваліся. У астатнім y гаспадарцы не былі патрэбныя ніякія правілы і парадкі, хіба што толькі ў нядзелю ці на свята, калі мы яшчэ ўпоцем-поначы пачыналі збірацца, каб ужо раненька без лішняга спеху паспець да памянёнага святара ў кірху, якая стаяла наводшыбе вёскі, і ўжо ў самой кірсе дачакацца набажэнства. A там мы хаваліся за паламаны арган, з-за якога ўжо маглі дзівіцца і на алтар, і на катэдру. Калі я першы раз пабачыў, як святар падымаецца на катэдру, я спытаўся ў пустэльніка, што гэты святар збіраецца рабіць y тым вялізным цэбры. Пасля адбытага набажэнства мы гэтак сама потайкам вярталіся да сябе, як і прыходзілі сюды, і, ужо добра натаміўшы цела і ногі, вярталіся, дык ужо палуднавалі на поўную губу; увесь астатні час y пустэльніка ішоў на малітву і на маё вучэнне ўсялякім багалюбнасцям.
Па буднях мы рабілі, што рабіць было найбольш мусова, хто на што больш уздатніцца, і што было патрэбна ў залежнасці ад пары года і нашых акалічнасцяў. То працавалі ў садзе, то іншым разам кампаставалі чарназем, накапаны ў цяністых мясцінах, мяшаючы яго з драўлянай пацярухай і парахном, набранымі ў дуплах, каб палепшыць, укультурыць глебу ў нашым садзе, бо дзе ж таго нам гною. A то плялі кашы або рыбацкія сеткі, або запасаліся дровамі, рыбачылі, або што яшчэ рабілі з пустое ляноты. I за гэтымі ўсімі заняткамі пустэльнік не забываўся настаўляць мяне на мудрасць і ўсялякую разумную даброць. У такім суровым жыцці я навучыўся пераносіць голад, смагу, гарач і холад, і цяжкую працу, і самыя розныя нястачы і ліхоты, але найперш спадзявацца на Бога і яму верна і спраўна служыць, што было самае важнае. A каб што звыш таго, не дапускаў мой дбайны пустэльнік, бо ён лічыў, што хрысціяніну, каб дастацца да свайго кону, да мэты, дастаткова, калі ен рупліва моліцца і працуе; так і сталася, што хоць y духоўных справах я быў даволі ўдасведчаны, няблага разбіраўся ў хрысціянстве, a па-нямецку гаварыў аж так добра, нібы гаварыў не я, a сама Арфаграфія, але я ўсё ж застаўся прастадушны, як дрозд; нават ужо пакінуўшы лес, я быў такі бедны дурыла, што не здолеў бы абдурыць нават неразумнага шчаняці.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Сімпліцы бачыць, як святы памірае, і сам пахавальны абрад учыняе
Прабыў я ў лесе каля двух гадоў і ледзь толькі пачаў прывыкаць да суровага эрэміцкага жыцця, як мой самы лепшы на зямлі сябар-пустэльнік узяў сваю матыку, даў мне лапату і, як было ў яго заведзена, павёў мяне за руку ў гарод, дзе мы звычайна маліліся. «Вось што, Сімпліцы, дзіця маё мілае,— сказаў ён,— пакуль, дзякуй Богу, яшчэ не настала мне пара развітацца з гэтым светам, заплаціць прыродзе і пакінуць цябе замест сябе на гэтай зямлі, пакуль я збольшага бачу, што табе спрыгодзіцца ў жыцці, і добра ведаю, што ты не заседзішся ў гэтай пустэльні, дык хачу я ўмацаваць цябе на шляху праведнасці, на які ты ступіў, і даць некалькі настаўленняў і парадаў, з якімі ты, як па пуцяводнай ніці, пойдзеш да вечнай мілажальнасці, якія
дапамогуць табе ўнікнуць памылак і ўладзіць сваё жыццё так, каб потым разам з праведнымі выбранцамі даступіцца да гонару глядзець y аблічча Богу ў тым вечным жыцці».
Гэтыя словы залілі мне вочы слязьмі, як незадоўга перад тым варожы напад заліў вадой горад Філінген, і так мяне разабрала, што я не стрымаўся і сказаў: «Сэрца маё, войча, няўжо ты пакінеш мяне аднаго ў гэтай глухой нетры? Няўжо тады...» — і больш я не мог вымавіць ні слова, бо пакута майго сэрца ад збытку любові да вернага бацюшкі майго, якую насіў я ў сабе, так моцна рванулася вонкі, што я, як мёртвы, бухнуўся яму ў ногі. A ён падняў мяне, суцешыў, як толькі дазвалялі час і ўмовы, тут жа выгаварыў мне за грэх, што я нібыта хацеў усупрацівіцца завядзенкам Усявышняга. «Ці ж ты не ведаеш,— сказаў ён далей,— што гэтага нельга рабіць ні небу, ні пеклу? Нельга, сыне мой! Чым жа ты хочаш абцяжыць мае слабыя плечы, якія самі прагнуць спакою? Думаеш змусіць мяне жыць далей y гэтай юдолі? Ах не, сыне мой, адпусці мяне і ўваж, бо ані плачам, ані жальбай не ўспасобіш мяне застацца ў галечы, не няволі маёй волі, бо пакліканы я воляй Божай і за Божым загадам руплюся з усім маім упадабаннем. Парупіся ж і ты; чым без толку енчыць, лепш паслухай маіх апошніх слоў, якімі я наказваю табе, каб ты чым далей, тым руплівей спазнаваў самога сябе; і калі ты дажывеш да Мафусаілавага веку, дык і тады не выкідай з сэрца гэтага майго наказу; бо таму, што большасць людзей праклятыя, дык гэта і ёсць прычына, чаму ты не ведаў, кім яны былі раней, кім зрабіцца маглі б альбо зрабіцца яшчэ павінны». Далей ён шчыра параіў мне, каб я заўсёды бараніўся ад ліхіх кампаній, бо шкоднасць ад іх невымерная. Ён прывёў мне і адпаведны прыклад і сказаў: «Калі толькі адну кропельку мальвазіі капнеш y пасудзіну з воцатам, яна таксама ператворыцца ў воцат; калі ж такую самую кроплю воцату капнеш y мальвазію, яна распусціцца ў мальвазіі. Любасны сыне,— сказаў ён,— перш за ўсё і найперш заставайся стойкі; не дазволь пякельнаму агню адхіснуць цябе ад пачатай пахвальнай дзеі; бо хто выцерпвае да канца, той — шчасны. Калі ж насуперак маім спадзяванням ты па чалавечай слабіне падупадзеш грэху, дык не ўпарціся ліхамысна ў сваім грэху, a ў шчырым пакаянні паўстань зноў на ногі».