Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Застаўшыся без дома, без страхі над галавой, Сімпліцы хаваецца ў лесе, дзе і сустракаецца з пустэльнікам — y мінулым афіцэрам-пратэстантам, які поўнасцю расчараваўся ў свеце. Той жа шлях наканавана прайсці галоўнаму герою, і толькі ў канцы ен даведаецца, кім даводзіўся яму чалавек, які навучыў яго азам хрысціянскай маралі, стварыў y ягонай душы тую неабходную апору, што дазволіла выстаяць, захаваць чысціню.
Пасля смерці любімага настаўніка Сімпліцы спрабуе адзін весці пустэльніцкае жыццё, але вайна няўмольна знаходзіць яго і ў лесе, прымушае ісці ў свет. У крэпасці Ханаў юнак назірае разгульнае жыцце пры двары губернатара — y той час, калі сотні людзей пухнуць з голаду. Гэта напаўняе яго сэрца болем і горыччу: «Там, дзе мела быць вялікая любоў, ласка і вернасць, я знаходзіў самую вялікую здрадлівасць, самую гвалтоўную нянавісць, зваду, шаленства, варожасць і зацятасць».
Гледзячы на такое маральнае спусташэнне, Сімпліцы шчыра імкнецца направіць людзей на шлях праўды, але сустракае толькі кпіны і насмешкі. Губернатар робіць яго блазнам: апрануўшы цялячую скуру з вялізнымі вушамі, герой прыслужвае за сталом. Сімпліцы паступова развітваецца са сва-
ёй наіўнасцю, але дэманструе неверагодную цвердасць, найвялікшую ўпартасць y імкненні захаваць свой розум тады, калі самая пара з’ехаць з глузду, захаваць свае чалавечае «я», сваю ўнутраную цэласнасць. Больш таго, карыстаючыся блазенскай маскай, ён пачынае «са смехам праўду гаварыць», вядзе дыскурсы, вартыя самых адукаваных людзей свайго часу.
Зменлівасць лйсу несупынна суправаджае героя, шлях якога з’яўляецца нагляднай метафарай пастаяннага непастаянства свету. Лес матляе яго, прымушае то ўзносіцца, то падаць, робіць то жабраком, то бравым райтарам, знакамітым «Егерам з Зеста». Сімпліцы становіцца героем галантных і пікантных прыгод, скарае сэрцы велікасвецкіх дам y Парыжы; ен трапляе ў Масковію, сутыкаецца з піратамі, апынаецца на пустынным востраве...
Навошта гэта неймаверная колькасць прыгод і падзей, якія немагчыма рэальна ўціснуць y адно канкрэтнае чалавечае жыцце? Не дзеля таго, каб толькі пацешыць публіку. Пісьменнік наўмысна праводзіць свайго героя праз пакуты і выпрабаванні, прымушае зведаць усе сферы чалавечага быцця. Такім чынам, шлях Сімпліцыя становіцца свайго роду парадыгмай чалавечага існавання і пошукаў ісціны, спасціжэння вечнай зменлівасці жыцця, непазбежнага падпарадкавання і ў той жа час супрацьстаяння ей. Пазней, y шостай кнізе рамана, Грымэльсгаўзэн створыць наглядную алегорыю непастаянства свету, выкарыстаўшы вобраз старажытнагерманскай міфалогіі. Сімпліцы сустракаецца з Бальдандэрсам (Baldanders — «хуткі на змены»), які бясконца змяняецца, бы той антычны Пратэй. Бальдандэрс кажа, што час яго надыходзіць y эпоху вялікіх бядот і няшчасцяў і што бачны ен робіцца толькі таму, хто сам многа пакутаваў і цярпеў, як Сімпліцы. A хто ж больш за ўсе пакутуе і трывае ў часіны смут і сацыяльных катаклізмаў? Прость; люд, народ — пра гэта недвухсэнсоўна сведчыць раман. Такім чынам, вобраз галоўнага героя, акрамя агульначалавечага, набывае яшчэ адзін немалаважны аспект: 6н становіцца ўвасабленнем народнага лесу, і перш за ўсе — нямецкага. Але вельмі важна, што геаграфія рамана не абмежавана Германіяй, яна пашырана да памераў усяго свету. На ўсім свеце тыя ж жахі, тая ж дурнота, тое ж нядбальства...
Малюючы карціну такога свету, y якім няма чым дыхнуць чалавеку, які хонь y нейкай ступені захаваў сумленне, Грымэльсгаўзэн не мог не разважань пра тое, які ж стан свету варты сапраўднага чалавека, не мог не думаць пра тое, чым узнагароджаны будуць народныя пакуты. Так узнікаюць на старонках рамана, нібыта на выбар, розныя варыянты утопіі: утопія перахрышчэнцаў, казачная утопія возера Мумельзэе, утопія ІОпітэра, які выкладае перад Сімпліцыем даволі зладжаную канцэпцыю будучыні. Пры гэтым апранута яна таксама ў казачную вопратку: нейкі магутны германскі Герой адным толькі чарадзейным мячом усталюе на зямлі мір і справядлівасць. Не будзе войн, не будзе рэлігійных спрэчак, увесь хрысціянскі свет зліецца ў адзінае цэлае. Не будзе прыгонніцтва, не будзе аброку, ад якога стогнуць сяляне. Адзіная Германія будзе несці суседнім народам закон і парадак. Здавалася б, тут гаворыць сама векавая народная мара. Але чаму ўкладзена яна ў вусны вар’ята? Ён уявіў сябе Юпітэрам, што сышоў з Алімпа, каб абвясціць сваю волю, a на самай справе гэта — жабрак, убогі і смешны валацуга. Таму ўвесь сур’езны, пазітыўны змест утопіі ставіцца пад сумненне, набывае здзеклівы, іранічны падтэкст. Можа, пісьменнік хацеў сказаць, што ва ўмовах тагачаснай рэчаіснасці толькі вар’яты маглі разважаць пра рай на зямлі? Можа, тут гучыць здзек з самой мары, прызнанне яе няздзейснасці? A можа, любая мара, што здзяйсняецца сілай (хоць і чароўнай), становіцца небяспечнай і пераходзіць y вар’яцтва? Нездарма ж М. Бярдзяеў пісаў: «Утопіі страшныя тым, што яны збываюцца».
У тым i веліч сапраўднага мастацкага тэксту: ен трывожыць нас і ўзнімае пытанні, a не дае гатовых адказаў. Толькі адзін адказ да болю ясны, просты, зразумелы: гэта цвердае «не», якое вымаўляюць аўтар і яго герой гэтаму агіднаму свету, што існуе не па Божых і чалавечых, a па воўчых законах. У самым канцы рамана Сімпліцы добраахвотна становіцца пустэльнікам. За паўстагоддзя да «Рабінзона Круза» Д. Дэфо Грымэльсгаўзэн стварае першую ў еўрапейскай літаратуры рабінзанаду: Сімпліцы апрацоўвае бязлюдны востраў і піша на пальмавых лісцях мемуары і афарызмы для павучання чалавецтва: «Чалавек павінен працаваць, як птушка — лятаць». Пра гэта і апавядае шостая кніга, якую склалі «Continuationes», што напісаны былі ў значнай ступені пад націскам велізарнай папулярнасці рамана і запатрабаванняў кнігавыдаўцоў. Шостая кніга не прадстаўлена ў беларускім перакладзе, і гэта мае сваю рацыю: першапачатковы тэкст завяршаўся пятай кнігай, менавіта першыя пяць кніг уяўляюць сабой адзінае цэлае, ды ўжо ў канцы пятай кнігі герой прымае рашэнне жыць пустэльнікам (вось толькі свет, відавочна, не вельмі гэта дазваляе).
Як глыбока прадуманая выснова, як горкі прысуд свету гучыць фінал пятай кнігі рамана: «Бывай, свеце! бо ніхто ў табе не завецца сапраўдным імем сваім; нахабніка называюць адважным, баязліўца асцярожлівым, настырнага рупліўцам, a маладушніка міралюбным. Марнатраўцу называюць шчодрым, a скупога ашчадлівым, хітрага балбатуна і пустамалота красамоўным, a маўклівага дурнем або летуценцам... Бывай, свеце! бо ў палацы тваім не здабудуць сабе прыстанку ні праўда, ні вернасць!» Гэта не адмаўленне ад жыцця — гэта адмаўленне ад таго стану свету, да якога не можа прыстасавацца нармальны чалавек. Свет, пабудаваны неразумна, не створаны для дзівакоў сімпліцысімусаў, для тых, хто захаваў хоць кропельку сумлення.
«Сімпліцысімус» назаўсёды стаў выдатным узорам прозы барока, рамана ў стылі «нізавога» барока. У ім аб’яднаны ўмоўна-метафарычнае бачанне свету і спецыфічна барочная рэзкая рэалістычнасць, якая вельмі легка пераходзіць y натуралістычнасць; y ім арганічна злучаны манументальнасць і грувасткасць з імклівасцю і дынамізмам. Пры ўсёй .мізэрнасці асобных эпізодаў, пры ўсёй, на першы погляд, хаатычнасці раман пабудаваны з выдатным пачуццём меры і прапорцыі. Адзінства, унутраную цэласнасць твору надае перш за ўсе галоўны герой, які праходзіць складаны і павучальны шлях развіцця. Упершыню раман стаў цэнтраімклівым: усе сюжэтныя лініі, усе ніці апавядання, усе аўтарскія думкі сыходзяцца на Сімпліцыі. Многае ў рамане знешне нагадвае пікарэску. Але ў пікарэсцы герой быў нязменны — прайдзісвет па азначэнні, закончаныя і замкнёныя эпізоды маглі бясконца нанізвацца адзін на адзін, кампазіцыя заставалася лінейна незамкнёнай. У рамане Грымэльсгаўзэна прыгоды заўсёды ўзбагачаюць вопыт героя, пашыраюць яго бачанне свету, штораз адкрываюць яму новыя аспекты быцця. Гэта рух не па прамой і нават не па сінусоідзе з яе ўзлётамі і падзеннямі — гэта сапраўды дыялектычны рух па спіралі: Сімпліцы, аналізуючы сваё жыццё, ніколі не вяртаецца да сябе ранейшага (гэтаксама будзе рухацца і Фаўст y прасторы гётэўскага космасу). Такая пабудова рэзка адрозніваецца ад фабулы пікарэскнага рамана. Да таго ж Сімпліцы не проста праходзіць па шляхах свету, як пікара, a імкнецца асэнсаваць жыццё, перабудаваць яго ці, y рэшце рэшт, знайсці сваю пазіцыю адносна свету.
«Сімпліцысімус» — першы раман y нямецкай і еўрапейскай традыцыі, y якім паказана развіццё чалавека ад маленства да духоўнай сталасці, станаўленне асобы на фоне бурнай, дынамічнай эпохі. Усё гэта дазваляе ўбачыць y творы Грымзльсгаўзэна зародак знакамітага нямецкага жанру — «Bildungsroman», «Erziehungsrotnan» («раман выхавання», «раман
станаўлення»), які так істотна паўплываў на сусветную літаратуру (бліскучымі ўзорамі гэтага жанру ў нямецкай літаратуры сталі «Гісторыя Агатона» Віланда і дылогія Гете пра Вільгельма Майстэра).
Пасля «Сімпліцысімуса» Грымэльсгаўзэнам былі створаны раманы так званага «сімпліцыянскага цыкла», выдадзеныя ў 1670 годзе. Гэта «Дзівоснае апісанне жыцця несусветнай марнатраўкі і валацужкі Кураж» і «Шпрынгінсфэльд». У першым з іх апавядаецца гісторыя бессаромнай сяброўкі Сімпліцыя, маркітанкі і авантурысткі Кураж (менавіта ў Грымэльсгаўзэна знойдзе гераіню сваёй п’есы «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхт), другі ж прысвечаны прыгодам паплечніка Сімпліцыя, бравага салдата Шпрынгінсфэльда (само імя героя — «Скачы ў поле» — адзначае яго шалапутны характар, для якога перакладчык знайшоў трапны эквівалент — «Гізуйчмут»).
Але справядліва галоўным запаветам пісьменніка нашчадкам стаў «Сімпліцысімус». У XX стагоддзі ён аказаўся актуальным як ніколі, бо толькі чалавецтва, што прайшло праз пекла дзвюх сусветных войнаў, змагло па-сапраўднаму ацаніць антываенны пафас рамана, так моцна выяўленую ў ім прагу міру, гармоніі, розуму, чалавечай дасканаласці. 1 ёсць нейкая адзнака самога лёсу ў тым, што пераклаў гэты раман «спадар Васіль Сёмуха з хутара Ясенца, што каля Пружаное». Ясенец — такі ж згублены ў беларускіх лясах на Пружаншчыне хутар, як вёсачка Сімпліцыя ў дрымучым Шпэсэрце. I не проста згублены — загублены, закатаваны, спалены фашыстамі — можа, нашчадкамі тых самых райтараў і ландскнэхтаў з рамана Грымэльсгаўзэна (ва ўсякім выпадку «духоўнымі» нашчадкамі).