Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Пакуль ён бедаваў з перажытай плягі, ішла тым часам лесам другая шобла пешых ваякаў; яны якраз і перанялі ўцекачоў-сялян, пяцёх схапілі, астатніх пастралялі. Сярод палонных чацвёра былі з тых, што нядаўна так нягожа абышліся з райтарам-рэквізітарам. Калі цяпер абедзве грамады апыталіся і пазналіся, што ўсе яны свае, яны сышліся разам і разам паслухалі ад самога райтара, што сталася з ім і яго таварышамі. Трэба было бачыць і чуць, як узяліся за тых сялян. Адны хацелі ў парыве першай лютасці прыстрэліць іх на месцы, другія сказалі: «Не, гэтых птахаў трэба спачатку як след абскубці і ўваліць ім таго, чаго яны запазычыліся на гэтым райтары». A тым часам ім ужо і без таго ўвалілі мушкетамі ў рэбры, тыя аж крывёю харкалі. Тут наперад выступіў адзін жаўнер і сказаў: «Панове, паколькі яно ёсць ганьбаю ўсяму нашаму ваяцтву, што гэтага прахвоста (і паказвае на бязносага) пяцёра халопаў так жудасна патралявалі, дык справядліва будзе сцерці пляму
S. v. (salva venia) — хай даруе чытач (лац.).
ганьбы, і хай гэтыя вышчаркі выліжуць райтару стакроць». A яшчэ адзін сказаў: «Гэты бузук не варты такога гонару; калі б ён не быў такі баўтрук і воўнянка, ён не даўся б на пацеху ўсім на такую ганебную справу, a лепей тысячу разоў памёр». Нарзшце ўсім гамузам пастанавілі, што кожны селянін мусіць справіць абрад ачышчэння ад ганьбы на дзесяці жаўнерах і пры кожным разе мае сказаць: «Гэтым самым я пагашаю і сціраю ганьбу, учыненую ўсяму жаўнерству праз тое, што адзін ваш прыдурак вылізаў нам сраку». A толькі ўжо потым яны вырашаць канчаткова, што ім рабіць з сялянамі, калі тыя выканаюць ачышчальны абрад. I з гэтым прыступілі; але сяляне былі такія цвердалобыя, рогам уперліся, што ані на просьбу, ані на грозьбу, ні на абяцанку, што іх паадпускаюць жывых, ні на сякіятакія прынукі не паддаліся. Адзін жаўнер адвёў пятага селяніна, які зацяўся і не хацеў лізаць, крыху ўбок і сказаў яму: «Калі ты зрачэшся Бога і ўсіх яго святых, я адпушчу цябе, куды схочаш». На гэта селянін адказаў, што колькі жыве, a не меў нічога супроць святых, што не меў нічога супроць Бога і не мецьме, бо, як урачыста (soleniter) бажыўся, ён не ведае Бога і не прагне ў ягонае царства. На гэтым жаўнер пусціў яму кулю ў лоб, але эфект быў такі, як бы яна пацэліла ў жалезную гару. Тады жаўнер высвіснуў з похваў шырокую шаблю і сказаў: «Хо-ля, дык ты з пякельнага роду? Я абяцаў адпусціць цябе, куды сабе хоч; глядзі, зараз я адпраўлю цябе ў пякельнае царства, калі ты не хочаш нябеснага»,— і разваліў яму чэрап аж да зубоў. Калі той упаў, жаўнер сказаў: «Так трэба помсціць, так трэба караць гэты зброд і ныне і прысна».
Тым часам жаўнеры ўзяліся і за астатніх чатырох, якія павінны былі лізаць, яны прывязалі іх да паваленага дрэва за рукі і за ногі так пекна, што (s. v.) іхнія задніцы пазіралі ўгору, сцягнулі з іх нагавіцы, узялі некалькі сажняў кнота, завязалі на іх вузлы і прасмычылі тымі мазалястымі кнатамі задніцы так спраўненька — аж кроў пасвіствала. «Вось так,— сказалі яны,— хай падсохнуць ачышчаныя сярыльніцы». Сяляне хоць і крычалі жаласна, але спагады ім не было, жаўнеру хай хвілінная, але ўсётакі пацеха, яны не пераставалі пілаваць, пакуль не выдралі скуру і мяса да касцей. A мяне зноў адпусцілі дахаты, бо прыбылая група жаўнераў сама ўжо ведала дарогу далей. Дык я ўжо і не далажу вам, чым там яно ўрэшце ўсё скончылася з тымі сялянамі.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ Сімпліцы заспгаецца без свайго майна, яму сніцца сапраўдная вайна
Калі я вярнуўся да сябе, аказалася, што мой агмень і ўвесь хатні набытак разам з запасамі сякога-такога майна і ежыва, якое я цэлае лета даглядаў y сваім агародзе і цяпер бярог, каб было што ўкусіць зімой,— усё чыста прапала, як y торбу ўпала. «Што зараз?» — падумаў я. Вось калі ўпершыню бяда навучыла мяне маліцца. Я сабраў усю сваю рызыку і жывы розум, каб даць сабе рады — што мне рабіць, што мне чыніць, ці пакінуць усё, як было. Але як што дасведчанасці мне не ставала, дык я і не мог прыдумаць нічога разумнага; самае лепшае аддаць сябе ў рукі Госпаду Богу і ўсе мае надзеі пакласці толькі на яго аднаго; інакш, несумненна, я дамся ў роспач і загіну. Да таго ж з памяці ніяк не выходзілі ўсе акалічнасці з пакалечаным святаром і тымі пяццю сялянамі, з усім, што я тагодня пачуў і пабачыў; я не так думаў пра які там наедак ці як ацалець самому, як пра тую антыпатыю, што паўстала і пануе цяпер паміж жаўнерамі і сялянамі; але з дурасці сваёй не мог нічога выдумаць, як толькі заключыць,— і ў гэта я верыў,— што мусова павінны быць на свеце людзі дваякага кораня, не аднаго толькі Адамавага, але яшчэ й іншага, дзікага і рахманага, як сярод неразумных жывёл,— нездарма ж людзі так люта ўзаемна грызуцца.
У такім роздуме я і заснуў ад маркоты і холаду і з пустым чэравам. I мне прыснілася, быццам усе дрэвы вакол майго будана раптам неяк перамяніліся і вось ужо яны нейкія зусім іншыя. На кожнай вяршаліне сядзела па кавалеры, a ўсё голле было ўвешана не лісцем, a рознымі дзецюкамі-маладзікамі; y каторага з іх была ў руцэ доўгая дзіда, y каторага мушкет, кароткая стрэльба, алебарда-пратазанка, сцяжок, ці там барабан які, ці жалейка. Смех было глядзець, бо ўсё так спраўна і строга паступова, па сгупенях, падзялялася. A карэнне было з люду чорнага, непатрэбнага — такія там рамеснікі, падзёншчыкі, a найбольш халопаў і ім падобных, але тым не меней якраз яны і давалі дрэву сваю сілу і потым зноў аддавалі, калі дрэва з часам сілу траціла; так, яны кампенсавалі недахоп апалага лісця сваім усё большым і большым знемажэннем і высільваннем. Пры гэтым яны ўздыхалі і шкадавалі тых, якія сядзелі на дрэве, і, трэба сказаць, незаслужана; увесь цяжар дрэва прыпадаў на іх і ціснуў так, што ў тых з торбаў, з-пад сямі замкоў, сыпаліся грошы. Калі ж грошам ду-
жа не хацелася, іх проста выграбалі паны-камісарыі венікамі, гэта называлася вайсковай рэквізіцыяй, і тады з сэрца — стогны, з вачэй — слёзы, з пазногцяў — кроў, з ног — мозак-мархель. Але і пасля гэтага заставаліся іншыя людзі, ні з тых, ні з іншых, іх называлі блазнотай; гэтым ужо клопат малы: усё і ўсіх бралі на пагоршкі і на плечы і, несучы крыж свой, замест уцехі трывалі ўсялякія здзекі і гвалт.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Сімпліцы сніць пра вайну і паходы, з якіх жаўнеру ніякай выгоды
I вось усе карані гэтых дрэў жылі ў вечным енку і цярпелі гароты, пляготы, але і тыя, што на ніжэйшых галінах, прабіваліся ўгору праз цяжкую працу і ўсялякія нягоды; аднак ім хоць часам было крыху весялей на душы, чым тым, на карэнні, яны ж, праўда, былі і больш учэпістыя, жорсткія, часцей за ўбё бязбожнікі, і перападала ад іх караням ліха не менш, чым ад верхніх. Сярод іх хадзіла модная песенька:
Голад, холад, дождж і снег
Пераносіць звык ландскнэхт; Гвалт, бяспраўе, мардабой Дзелім мы паміж сабой.
Гэтыя вершыкі былі не проста пустая выдумка, яны добра клаліся на іхняе жыццё і промыслы, бо жэрці і жлукціць, галадаць і смягнуць, блудзіць і юрыць, бразгаць і граць, напівацца і пахмяляцца, забіваць і быць забітым, мардаваць і мардавацца, мучыць і быць мучаным, гнаць і быць гнаным, палохаць і баяцца, рабаваць і быць абрабаваным, плюндрыць і быць сплюндраным, нішчыць і быць знішчаным, несці пакуту і прымаць пакуту, біць і быць бітым, a ўвогуле толькі псаваць, знішчаць, шкодзіць і быць знішчаным — якраз y гэтым і быў іхні адзіны сэнс, мэта і сутнасць, і нішто іх не спыняла — ні зіма, ні лета, ні снег, ні лёд, ні гарач, ні холад, ні дождж, ні вецер, ні горы, ні долы, ні лясы, ні балоты, ні ямы, ні цясніны, муры, вада, агонь, ні завалы, ні бацька, ні маці, ні браты і сёстры, ні нават загроза жыццю, душы і сумленню, ні сама страта жыцця, ні страта неба ці чаго яшчэ іншага, што мае назву. A яны віравалі ў сваім упраўстве з неаціхальным запалам, пакуль адзін за адным y бясконцых сутычках, бойках, аб-
логах, штурмах, паходах і нават на кватэрах, дзе толькі і ёсць жаўнеру сапраўдны рай на зямлі, асабліва калі ўдавалася забрытаць сытых сялян, не гінулі, не паміралі, не калечыліся і не здыхалі, як сабакі, усе да аднаго, да тых нямногіх, якія за маладым векам не бралі, не кралі і на сабе не аралі і якім наканавана стаць жабракамі, тулягамі і валацугамі. Найбліжэй да гэтых убогіх рупліўцаў y вечнай пагрозе свайму хісткаму стану сядзелі старыя курашчупы, якія на ніжнім вецці доўгія гады прабіваліся, прагрызаліся ў людзі і якім пашыхавала-такі ўмыкнуцца ад смерці. Гэтыя ўжо выглядалі спаважней і сумленней, чым ніжэйшыя, бо вось, бач, яны ўжо ўсцерабіліся на сук вышэй. Але над імі гнездаваліся яшчэ вышэйшыя, якія больш успрытніліся, бо камандавалі ніжнімі, і называліся малацьбітамі, бо яны сваімі доўбнямі і алепердамі (s. v.— алебардамі) вымалочвалі спіны і галовы простым ландскнэхтам і мазалі задніцы мушкецёрам, каб тыя не забываліся мазаць стрэльбы.
Над гэтымі ўсімі тырчаў сук без вецця, нацёрты рознымі дзіўнымі рэчывамі, a найперш мылам непрыязні, таму ніводзін просты чалавек, будзь ён хоць са шляхты, ані мужнасцю, ані спрытам, ані ведамі не мог працерабіцца туды і вышэй, памажы яму Божа, як бы ён ні пяўся, бо сук той быў адпаліраваны гладчэй, чым мармуровы слуп або сталёвае люстэрка. A па-над — сядзелі тыя са сцяжкамі; былі яны каторае маладзейшае, каторае ў веку; маладзейшыя пападсаджвалі сваіх лабузнікаў-братоў-сватоў, старыя ж часткова самі ўспяліся альбо падняліся па срэбраных лесвіцах, называных подмазкамі, або з якім іншым прынагоджаным падсобкам за недахопам шчасця ці іншага спосабу. Яшчэ лепш умасціліся зверху тыя, якім таксама хапіла свайго клопату, каб прагрэбціся моцнымі локцямі; яны мелі тую перавагу, што маглі пакаваць y свае торбы тое сала, якога яны наўкройвалі нажамі з карэння,— гэта ў іх называлася кантрыбуцыяй; найдзельней і найспрытней уганяліся яны тады, калі падыходзіў які камісарый з тазікам і вытрасаў пад дрэва грошы,— тут ужо не зявай! роўні ў спрыце ім не было, яны паспявалі ўварваць самыя смачныя кавалкі, a хвіга з макам — ніжнім.
Гэтыя ніжнікі болып каналі з голаду, чым ад рукі ворага, тым часам як верхнія такой долі не падупадалі. Ці не таму менавіта адсюль увесь час караскаліся, батаваліся, успіналіся на гэтае дрэва, колькі ў каго моцы і спрыту, і ўсім хацелася дастацца наверх, на шчаслівае месца, але пракідалася сярод іх і такое ахвосце і пазаддзе, якое і не заслугоўвала жаўнерскага харчу, яно мала дбала пра вы-