Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ Сімпліцы мае ад шчадротаў Бога ўсяго-ўсялякага ўдосыць і многа
Яму дазволілі пайсці да губернатара, a праз паўгадзіны паклікалі і мяне, пасадзілі ў чалядніцы, дзе ўжо было двох краўцоў, шавец з чаравікамі, купец з капелюшамі і панчохамі і яшчэ адзін нейкі з усялякай патрэбінай, каб я там хуценька пераапрануўся. 3 мяне сцягнулі злахманены, цыраваны-перацыраваны, латаны-пералатаны каптан разам з ланцугамі і заношанай кашуляй, каб краўцы знялі правільную мерку. Потым з’явіўся палявы цырульнік з нейкім едкім лугам і пахучым мылам, і як толькі гэты ўжо хацеў быў паказаць на мне свой спрыт, паступіў новы загад, які мяне страшэнна перапалохаў, бо сказана было, каб я зноў надзеў сваё рыззё. Нічога ў тым ліхога не было, як я баяўся, бо прыйшоў нейкі мастак са сваімі прычындаламі: з вохраю, цыноберам — на мае вейкі,— з індыгавым лакам і лазуркам — на мае каралава-чырвоныя губы, з аўрыпігментам і масікотам — на мае белыя зубы, якімі я ляскатаў з голаду, з сажаю, чорным вугалем і умбраю — на мае залацістыя валасы, з бяліламі — на мае агідныя вочы і яшчэ з рознымі фарбамі — на мой стракаты каптан; a яшчэ ў яго была поўная жменя пэндзлікаў. I пачаў ён мяне аглядаць, патузваць, абмацваць, падмалёўваць, нахіляць галаву то туды, то сюды, каб лепей ацаніць сваю працу над маёй паставай. То ён падправіць вочы, то валасы, то ноздры, a in summa ўсё, што напачатку зрабіў не так, як трэба, пакуль нарэшце не намаляваў прыродны ўзор таго, якім быў Сімпліцы, аж я сам жахнуўся сваёй страшэннай падобы. A тады яшчэ над мною пазавіхаўся палявы цырульнік, ён вымыў мне галаву і гадзіны паўтары ўпраўляўся з валасамі; пасля пастрыг па тагачаснай модзе, бо валасоў на мне было аж залішне. Потым пасадзіў мяне ў лазню і вымыў, адшараваў маё худое згаладалае цела ад трох-чатырохгадовага бруду. Як толькі ён скончыў, прынеслі белую кашулю, чаравікі і панчохі, верхняе, капялюш і пёры; штаны таксама былі шыкоўныя, абшытыя галунамі; не хапала толькі камізэлькі, над ёю якраз y вялікім спеху працавалі краўцы. Прыйшоў кухар з лацным кулешыкам і кельнерка з напоем. Так і сядзеў мой Сімпліцы, як маладое графянятка, прыбраны, як цадка. Адважна ўзяўся за ежу, я ж бо не ведаў, што там яшчэ будзе са мною далей, я ж тады нічога не чуў пра апошнюю гасціну асуджаных на кару горлам. Таму гэты цудоўны па-
чатак так улагодзіў і зрахманіў мяне, што і сказаць не магу, і нахваліцца слоў не стае. Думаю, не было ў маім жыцці дня, каб я адчуваў такую раскошу і асалоду, як тады. Калі ж была гатовая камізэлька, мяне ў яе апранулі, і ў гэтых новых строях я паўстаў перад вачыма пана губернатара, як які дарагі трафей ці як штыкеціна з плота, бо краўцы скроілі і пашылі ўсё крыху велікавата, маючы надзею, што я неўзабаве папраўлюся, і ў гэтай надзеі яны не падмануліся, бо пры добрай страўнасці і здаровым смаку я не забаўлюся дадаць y вазе. Мой лясны ўбор разам з ланцугамі і ўсімі акрасамі здалі ў куншткамеру да іншых рэдкіх рэчаў і ў антыкварыят, a мой партрэт на поўны рост выставілі побач.
Пасля вячэры мой пан — a ім быў я сам — быў пакладзены ў ложак, якога такога другога не было ў мяне ні ў татуся, ні ў пустэльніка; але жывот мой бурчаў і вурчаў цэлую ноч, аж я заснуць не мог, відаць, не з якой там іншай прычыны, як толькі таму, што яшчэ не ведаў, якое яно ёсць дабро, альбо ад подзіву з таго прыемнага і смачнага ежыва, якое яму перапала. Але я не дбаў пра тое, я вылежваўся сабе, аж пакуль сонца не засвяціла, бо было холадна, і я перабіраў y памяці ўсе тыя дзіўныя прыгоды і здарэнні, што даліся мне апошнімі днямі на долю, я думаў, як гэта дарагі мой Бог уладзіў усё так хораша і добра, што прывёў мяне ў такое выгоднае месца.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы ўведаў, хто той пустэльнік быў, што яго чытаць і пісаць навучыў
Тае ж раніцы губернатараў гофмайстар загадаў мне, каб я пайшоў да памяненага святара і даведаўся, пра што гаварыў з ім мой пан. Ён даў мне целаахоўцу, які і правеў мяне, a святар кліча мяне ў свой вучэбны кабінет, садзіць, сядае сам і будзе казаць: «Дарагі Сімпліцы, пустэльнік, y якога ты жыў y лесе, не толькі швагер тутэйшага губернатара, але і быў ягоным памочнікам і найлепшым сябрам на вайне. Як мне ласкава расказаў губернатар, не бракавала яму ў маладосці ні гераічнай салдацкай адвагі, ні пабожнасці, ні Божае чты, як гэта звычайна бывае ў мніхаў, хоць абедзве гэтыя цноты рэдка страчаюцца разам. Яго духоўны змысел і сумніўныя спатканні стрымалі ўрэшце поступ яго свецкай дабрашчаснасці, аж ён зрокся свайго шляхецтва і пагардзіў значнымі маёнткамі ў Шатландыі, дзе
нарадзіўся, бо свецкае жыццё яму збрыдзела, падалося нясмачным, марным і абрыды вартым. Ён спадзяваўся, адным словам, сваю свецкую высокасць замяніць будучай яшчэ лепшай славай, бо яго высокі дух гідзіўся ўсякай часавай пышнасці і ўсе яго фантазіі і высілкі былі скіраваныя толькі на такое нікчэмнае і гаротнае жыццё, y якім ты і застаў яго ў лесе і нішчымніўся з ім да самай яго смерці. На маю думку, Сн начытаўся папісцкіх кніг пра жыццё старых эрэмітаў альбо збегам розных неспрыяльных акалічнасцяў быў даведзены да гаротнага стану.
Не хачу ўтоіць ад цябе і таго, як ён y Шпэсэрце па сваёй волі прыйшоў да такога бядотнага пустэльніцкага жыцця, каб y будучым ты мог расказаць пра гэта іншым людзям. Другое ночы пасля таго, як была прайграна крывавая бітва пад Хёхстам, ён адзін прыйшоў y маю плябанію, калі я з жонкаю і дзецьмі толькі што ўсталі, ужо пад раніцу, бо ад шуму і гвалту ва ўсім наваколлі, які звычайна ў такім выпадку падымаюць і ўцекачы і пераследчыкі, мы не спалі цэлую ўчарашнюю ноч і палавіну мінулай. Спярша ён пастукаўся ціха і прыстойна, потым даволі моцна, аж ускалаціў мяне і ўсю заспаную чэлядзь; і калі я на яго наляганні і пасля кароткага апытання, даволі сціплага з абодвух бакоў, адчыніў яму, убачыў кавалерыста, які злазіў з каня. Яго дарагая вопратка была гэтак жа запырскана варожай крывёю, як і аздоблена золатам і срэбрам; і як што ён трымаў y руцэ аголеную шаблю, на мяне напалі страх і жудасць. Калі ён уклаў яе ў похвы і стаўся вельмі ветлівы, я ўжо меў прычыну здзівіцца, што такі станісты пан просіць схову ў простага вясковага святара. Я, з увагі на яго здатную пярсону і багаты выгляд, загаварыў з ім як з самім Мансфэльдам. Але ён сказаў, што зраўняць яго з Мансфэльдам можна сёння не толькі ў іхнім няшчасці, але можна нават даць яму перавагу. За тры рэчы шкадаваў ён: першае, што згубіў сваю цяжарную жонку, другое — прайграная бітва, і трэцяе, што ён, падобна іншым добрым жаўнерам, не меў шчасця аддаць сваё жыццё за Евангелле. Я хацеў яго суцешыць, але хутка ўбачыў, што ягоная шчырадушнасць не вымагае ніякага суцяшэння; пасля я прапанаваў яму ўсё, чым хата багата, сказаў паслаць яму свежай саломы на жаўнерскі ложак, бо ён упёрся і не хацеў легчы ні на які іншы, хоць я ж бачыў, як яму быў патрэбен добры адпачынак. Першае, што ён зрабіў на раніцу, гэта падарыў мне свайго каня, грошы і, як што меў пры сабе нямала чаго ў золаце, раздаў некалькі каштоўных пярсцёнкаў маёй жонцы і чэлядзі. Я не ведаў, што і паду-
маць, і не мог высветліць сабе ягоных намераў, бо ж жаўнеры — яны наровяць больш прыхапіць, аніж даць, таму я моцна задумаўся, не адважваючыся прыняць такіх дарункаў, якіх я ў яго аніяк і нічым не заслужыў і не ведаю, як мог бы іх заслужыць; да гэтага дадаў, што, крый бог, убачыць хто ў мяне ці ў маіх такія багацці, асабліва дарагога каня, якога нідзе не схаваеш, як тут жа падумае, што я ўкраў яго або адабраў разбоем. Але ён сказаў, каб гэтым разам я не турбаваўся і жыў сабе спакойна, ён сваёю рукою засцеражэ і аслоніць мяне ад небяспекі сваім пісьмом на гэты конт; больш таго, яму, як сказаў, няма патрэбы насіць y маёй плябаніі нават кашулі, не кажучы пра дарагое ўбранне. I з гэтымі словамі ён адкрыў мне сваё рашэнне стаць пустэльнікам. Я бараніў яго рукамі і нагамі, як толькі мог, бо мне здавалася, што такі намер ідзе ад папства, нагадаў яму, што ён бы лепей паслужыўся Евангеллю сваёй шпагай. Але дарма; ён так доўга і настойліва гаварыў са мною, пакуль я не згадзіўся з ім, нават даў яму тыя кнігі, абразы і сёе-тое з хатніх рэчаў, якія ты бачыў y яго, a ён за ўсё, што мне падараваў, захацеў узяць толькі ваўняную посцілку, на якой тае ночы спаў на саломе; з яе ён дазволіў толькі пашыць яму каптан. Я мусіў таксама аддаць яму ланцуг з воза, які ён увесь час потым насіў на сабе, за залаты ланцуг, на якім ён насіў свой наймілейшы conterfait, і ў яго не засталося ні грошай, ні каштоўнасцяў. Мой пахолак завёў яго ў самае пустэльнае месца ў лесе і дапамог яму там паставіць будан. Як уладзіў ён там сваё жыццё і чым я яму часам памагаў, добра ведаеш сам, бадай, лепей за мяне.
Пасля нядаўняй прайгранай бітвы пад Нёрдлінгенам, калі, як ты памятаеш, мяне зрабавалі, сплюндрылі і моцна пакалечылі, я ўцёк сюды ў бяспеку, бо і без таго тут хаваў сваё што лепшае. I вось калі ў мяне выйшлі ўсе грошы, я ўзяў тры пярсцёнкі і памянёны залаты ланцуг з падвескам (conterfait), якія я атрымаў ад твайго пустэльніка, сярод якіх быў і гербавы пярсцёнак-пячатка, і занёс усё гэта да жыда памяняць на срэбра; a той з увагі на каштоўнасць і дарагі выраб занёс купіць гэта губернатару, які адразу пазнаў герб і conterfait, паслаў па мяне і спытаўся, дзе я ўзяў гэтыя кляйноды. Я расказаў яму чыстую праўду, паказаў пустэльнікаў ліст і расказаў, як усё там было, як ён жыў y лесе, як памёр. Але губернатар не хацеў верыць, a ўзяў мяне пад арышт, пакуль не ўведае ўсёй праўды, і вось калі ён сабраўся паслаць гуф* узяць сведку з жытла пустэльніка і
Конны атрад (сгпар. бел.).
прывесці сюды, я бачу раптам, як цябе вядуць y турму. Як што цяпер y губернатара няма ніякіх прычын сумнявацца ў тым, што я расказаў, што я правільна паказаў на месца, дзе жыў пустэльнік, item на цябе і іншых жывых сведкаў, асабліва на майго пахолка, які часта ўпускаў цябе і яго на досвітку ў кірху, a таксама цыдулка, знойдзеная ў тваім малітоўніку, пацвярджае не толькі праўду, але і ёсць выдатным сведчаннем за святасць памерлага пустэльніка, губернатар хоча табе і мне ў памяць пра свайго нябожчыка швагра дапамагчы, як зможа, усім добрым. Ты павінен цяпер толькі вырашыць, чаго ты хочаш, і ен табе зробіць. Хочаш вучыцца, дасць на гэта сродкі; заахвоцішся да рамяства, дапаможа навучыцца, захочаш застацца пры ім, будзе глядзець цябе, як роднае дзіця, бо сказаў, што калі б нават да яго прыцёгся сабака памерлага швагра, і таго прыняў бы».