• Часопісы
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    Я адказаў, што мне ўсё адно; як пан губернатар абыдзецца са мною, так хай і будзе, мне ўсё прыемна, і ўсё буду любіць, і ўсё прыму з падзякай.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
    Сімпліцы робіцца пажам y пана, a ў пустэльніка жонка прапала
    Святар затрымаў мяне ў сябе да дзесятай гадзіны, перш чым пайшоў са мною да губернатара сказаць таму пра маё рашэнне і як што той заўсёды ставіў дадатковы прыбор, каб пабыць госцем за ягоным сталом. 3 прычыны таго, што Ханаў быў y аблозе, a ў ліхую часіну простаму чалавеку была чыстая бяда, дык ні тыя, што за нешта сядзелі ў крэпасці, ані тыя, асобныя людзі, якія не дай бог што пра сябе думалі, што-та яны, зусім не грэбавалі замерзлымі рэпавымі лупінамі, выкіданымі багатымі на вуліцу. Святару пашанцавала сесці побач з губернатарам за сталом, a я слугаваў яму з міскай y руцэ, як навучыў мяне рабіць гофмайстар; пасавала мне гэта, як аслу гульня ў варцабы альбо свінні баявая труба. Святар дапоўніў сваім языком усё, y чым хібіў я ад нязграбнасці. Ён сказаў, што я гадаваўся ў пустэльні, ніколі не жыў з людзьмі, a таму мне можна прабачыць, бо я ж і не мог ведаць, як мне след паводзіцца; мая вернасць пустэльніку і суровае жыццё, перанесенае з ім, вартыя подзіву, і ўжо аднаго гэтага даволі, каб сцярпець не толькі маю няўклюднасць, але і вылучыць мяне
    спасярод самых выхаваных шляхецкіх хлопчыкаў. Далей ён расказаў, што я быў адзінай радасцю і ўцехай пустэльніку, які адорваў мяне сваім найбольшым упадабаннем, бо я, як ён часта казаў, так падобны з твару на яго любасную жонку; аж сам пустэльнік часта дзіву даваўся з маёй вернасці і нязменнай волі заставацца з ім і яшчэ з многіх даброцяў, якія ён ува мне цаніў і хваліў. In summa, цяжка перадаць словамі, з якім сур’ёзным запалам ён незадоўга да сваёй смерці даручаў мяне яму, святару, і як прызнаўся, што любіць мяне, нібы роднае дзіця.
    Гэта так прыемна лесціла і казытала мне вушы, што я быў падумаў, быццам мне ўжо дастаткова выпала ўцехі за ўсё, што я перацерпеў y пустэльніка. Губернатар спытаўся, ці не ведаў яго памерлы швагер, што ён, губернатар, тады якраз камандаваў y Ханаў. «Вядома,— адказаў святар,— я сам яму пра гэта казаў. Але ён слухаў мяне з радасным прасветленым тварам і рахманай усмешкай досыць холадна, нібыта ніколі не чуў і не ведаў пра ніякага Рамсэя, аж я яшчэ быў сабе падумаў — дзіўная самастойнасць і цвёрдасць y гэтага чалавека, калі ён з такім лёгкім сэрцам не толькі адцураўся свету, але і свайго найлепшага сябра, які быў паблізу, ці не збіўся ён з тропу». Губернатару, y якога было зусім не мяккае жаночае сэрца, a які быў адважны гераічны жаўнер, слёзы набеглі на вочы. Ён сказаў: «Калі б я ведаў, што ён жывы і дзе яго можна знайсці, дык нават супроць яго волі я загадаў бы даставіць яго сюды, каб аддзячыць яму за ягоныя добрыя дзеі; але як жа адвярнулася ад мяне шчасце, калі я, замест каб яму: мушу дабразычыць ягонаму Сімпліцыю і адгаджаць пасля ягонай смерці такім вось чынам. Ах! — сказаў ён далей.— Наш добры кавалерыст меў усе падставы бедаваць па сваёй цяжарнай жонцы, бо няшчасная была пераследавана атрадам імператарскіх райтараў і ўзятая ў палон y Шпэсэрце. Калі я пра гэта даведаўся і яшчэ, што быццам мой швагер загінуў пад Хёхстам, я адразу выслаў да непрыяцеля выведніка распытацца пра маю сястру, каб выбавіць яе з палону, але нічога гэтым не патрафіў, апрача як толькі дазнаўся, што памянёны атрад райтараў быў y Шпэсэрце рассеяны і што якраз y тым баі мая сястра прапала, так што я дагэтуль не ведаю, куды яна падзелася».
    Пра гэта ўсё такое і гутарылі за сталом губернатар са святаром, пра майго пустэльніка і ягоную каханую, якіх, мілае сямейнае пары, было так шчыра шкада, бо пажылі яны разам усяго, можа, з год. Я стаў губернатаравым пажам, такім хлопчыкам, якога людзі, асабліва сяляне, калі я
    пра іх дакладваў майму пану, ужо называлі панічом, пане хлопча! казалі — бо ж яно рэдка калі можна ўбачыць хлопчыка, які ўжо быў бы панам, затое колькі хоч паноў, якія колісь былі хлопчыкамі.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
    Сімпліцы за няверства людзей дакарае і за балвахвалства з іх спаганяе
    На той час y мяне не было нічога каштоўнейшага за чыстае сумленне і шчырую пабожнасць, авінутую ў высакародную нявіннасць і прастату. Пра грэх я ведаў толькі тое, што чуў і чытаў пра яго, і калі я бачыў, як хто сапраўды грашыў, было гэта мне страшэнным і неверагодным злачынствам, бо я быў выхаваны і прывучаны заўсёды і ва ўсім бачыць прысутнасць Бога і жыць сур’ёзна, выконваючы яго святую волю; і таму што я гэта ведаў, дык і стараўся асланіць людзей ад грэшных учынкаў. I мне здавалася, што навокал я бачу толькі адну ліхату, жорсткасць і страх. Госпадзе Божа, як здзівіўся я, калі першы раз пабачыў Закон і Евангелле з усімі шчырымі засцярогамі Хрыстовымі, і раптам — бачу творы людзей, якія выдавалі сябе за Хрыстовых вучняў і паслядоўнікаў! Які жаль! Замест чыстых помыслаў, якія павінны пеставаць шчырыя хрысціяне, бачу марную, агудную, асудную прорву ўсялякага іншага глупства ва ўсіх па-плоцку намысленых свецкіх людзей, я аж сам засумняваўся — a ці хрысціяне перада мною, ці не. Бо добра бачыў і разумеў, што многія ведалі волю Божую, але на самым поўным сур’ёзе сур’ёзна яе не выконвалі — і я гэта бачыў на свае вочы.
    I ў галаве маёй закруціліся тысячы розных пахібаў і дзіўных супярэчлівых думак, я нават пачаў упадаць y заганную нязгоду з наказам Хрыста, які кажа: «Не судзеце, каб і вас не судзілі». Затое да сэрца прыпалі Паўлавы словы, напісаныя галатам y пятым раздзеле: «Дзеці плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, свары, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры, змусты, ерасі, нянавісць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць». I я думаў: «Але ж гэта робяць усе адкрыта; чаму ж тады я таксама не магу з адкрытым сэрцам заключыць, са слоў апостала, што не кожны будзе ўратаваны».
    Побач з пыхай і прагнасцю, разам з іх нязбытнымі вынікамі ў заможных штодзённай управай былі абжорства, п’янства, прастытуцыя і дзяўчурства; мне здавалася, аднак, найжахлівейшым, што многія, асабліва хлопцы-жаўнеры, сярод якіх грэх караецца не вельмі сурова, толькі кпілі са сваёй бязбожнасці і святой Божай волі — і нішто ім, хадзілі ў героях. Напрыклад, аднаго разу я чуў пералюбніка, які яшчэ і хваліўся, яшчэ і задаваўся, яшчэ і сказаў такія словы: «Цярпліваму раганосцу дастаткова, што з мае ласкі мае пару рагоў, і калі сказаць па праўдзе, дык наставіў я іх больш таму мужу на злосць, чым з ласкі да ягонай жонкі, так, каб насаліць яму».— «0, якая ўбогая помста! — адказаў яму нейкі пачцівец, які стаяў побач.— Гэтым самым чалавек пэцкае сваё сумленне і здабывае ганебнае імя чужаложніка!» — «Чужаложніка? — адказаў той, здзекліва зарагатаўшы.— Не такі ўжо я і чужаложнік, калі крыху чужога ўзяў сабе. Чужаложнікі тыя, пра каго кажа шостая запаведзь, што ніхто не павінен уваходзіць y чужы сад і рваць вішні, a толькі сам гаспадар саду». I каб гэта было зразумела, тут жа працытаваў са свайго сатанінскага тастаманта сёмую запаведзь, якая падмацоўвае першую думку, абвяшчаючы: «Не крадзь etc.». Такіх слоў нагаварыў ён шмат, аж я ўздыхнуў і падумаў сабе: «0, боганенавісны грэшнік, ты сам сябе называеш чужаложнікам, a добрага Бога спакушальнікам шлюбу, бо муж і жонка сваёй смерцю ўсё ж разлучаюцца».— «Табе не здаецца,— сказаў я ад лішняй жарсці і прыкрасці, a ён быў афіцэр,— што гэтымі бязбожнымі словамі грэшыш больш, чым самым чужаложствам?» A ён адказаў: «Заткніся, гаўнюк, калі не хочаш па мордзе!» Думаю, што «хачу — не хачу», a надаваў бы, калі б не баяўся майго пана. Я замоўк, але потым колькі разоў бачыў, што зусім не так рэдка бывала, як нежанатыя ляпіліся вачыма да замужніх, a замужнія да нежанатых і ахвотна папускалі лейцы сваім пажадам.
    Яшчэ калі я ў свайго пустэльніка вучыўся шукаць дарогі да жыцця вечнага, здзіўляўся, чаму Бог забараніў свайму народу пад пагрозай страшных караў усялякае балвахвалства; бо я думаў, што калі хто хоць адзін раз спазнаў ісцінага вечнага Бога, той ужо ніколі не павернецца да іншага і не будзе яму маліцца, і забраў сабе ў дурную галаву, што гэтая запаведзь непатрэбная, лішняя. Але, на жаль, я быў дурны і не верыў, што думаў; бо як толькі выправіўся ў свет, адразу заўважыў, што, нягледзячы на гэтую запаведзь, амаль кожны свецкі чалавек меў свайго ад-
    мысловага пабочнага бога, некаторыя нават больш чым y старых і новых язычнікаў і паганаў. У некаторых былі свае багі ў скрынках, на якія яны пакладалі ўсю сваю ўцеху і надзею; другі каторы меў яго пры двары, дзе ён агінаўся і ашываўся, a сам быў, зрэшты, толькі фаварытам, a часта проста распусным гультаём і трутнем, болыпым за свайго мольбіта, бо ўсё яго эфірнае божышча абапіралася на пераменлівую красавіцкую ласку прынца. Зноў жа іншыя мелі свайго бога ў рэпутацыі і свецкім бляску і ўяўлялі сабе, што варта ім толькі падтрымаць такіх самых, як і яны стануць паўбагамі. Яшчэ іншыя насілі сваіх багоў y галаве, a менавіта тыя, якім сапраўдны Бог даў здаровы розум і кемнасць, і яны мелі задаткі адзіна да мастацтваў і навук. Гэтыя адсоўвалі ўбок добрага даўцу і больш налягалі на дары ў надзеі, што ён абдорыць іх мілатою сваёю. Былі яшчэ многія, y якіх за бога быў іхні жывот, якому яны штодня прыносілі ахвяры, як калісьці ў дачассі язычнікі ахвяравалі Бахусу і Цэрэры; і калі такі бог не вельмі спрыяў або ўшчамлялася яшчэ якая чалавечая ліхата, дык бедныя людзі рабілі сабе бога з доктара і шукалі жыцця вечнага ў аптэках, адкуль яны, праўда, на самай справе часта з крайнім нецярпеннем і зухваласцю выпраўляліся ў жыццё тамтэйшае. Многія дурні рабілі сабе багіняў з вулічных шлюх; іх яны называлі іншымі імёнамі, маліліся ім дзень і ноч, уздыхалі, спявалі ім песні, y якіх была толькі пахвала ім разам з крыўднай прыніжальнай просьбай, каб гэтыя багіні мелі разам з дурасцю яшчэ і спагаду ў сэрцы і таксама захацелі стаць дурніцамі, як і яны самыя былі дурні.
    I, наадварот, былі такія бабы, якія сваю ж прыгажосць ахвяравалі свайму богу. Прыгажосць, лічылі яны, яна мяне ўмацуе. Гэты вось ідал таксама прымаў ахвяры, ко?кны дзень яго ўслаўлялі і падмазвалі шмінкай, мазямі, парфумамі, парашкамі ды іншымі шмараваннямі. Я бачыў людзей, якія трымалі спецыяльныя дамы ў выгодных месцах гэтым сваім багам, бо яны казалі, што, пакуль жывуць y іх, з імі шчасце і здароўе, a грошы самі сыпаліся ў вокны,— і з гэтага глупства я дзіву даваўся, бо бачыў прычыну, чаму ўладальнікі гэтых дамоў мелі такі добры прыбытак. Я ведаў аднаго хлопца, які некалькі гадоў не мог спаць ад захаплення тытунёвым гандлем; замест каб Богу ён аддаў сваё сэрца, розум і думкі тытуню; дні і ночы ён маліўся толькі яму, бо толькі з яго ён і багацеў. A што сталася? Гэты прыдурак памёр і сам растаў, як тытунёвы дым. Я тады падумаў сабе: «0 ты, гаротнік чалавек, чалавек, што растаў, як нікчэмны дым! Калі б y тваім сэрцы свя-