• Часопісы
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ Сімпліцы ізноў, другім разам, як. і раней, здаецца ўсім блазнам
    Развіднела; я падсілкаваўся пшаніцай і рушыў да Гэльнхаўзэна; гарадскія брамы, некаторыя абгарэлыя, некаторыя ўмацаваныя, былі адчынены. Я ўвайшоў, але не ўбачыў ні душы; больш таго, на вуліцах сюд-туд ляжалі трупы, многія раздзетыя да бялізны. Страшнае відовішча — гэтая карціна, кожны можа ўявіць сабе; мая прастадушнасць не магла падказаць мне, якое такое няшчасце магло прывесці горад да такога стану. Але неўзабаве я даведаўся, што імперцы зня-
    Быван (лац.).
    План горада Ханаў.
    Ананімны меднарыт з «Relationis Historiae Continuatio», 1637
    нацку напалі тут на веймарцаў і вось так крута з імі абышліся. Я зайшоў y горад, як два разы шпурнуць каменем, a ўжо нагледзеўся ўсяго па горла; тады я зноў вярнуўся назад, прайшоў нейкую лугавіну і выйшаў на дарогу, якая вывела мяне да цудоўнай крэпасці Ханаў. Убачыўшы яе першую варту, я хацеў тут жа павярнуць назад; але згледзелі і мяне, два мушкецёры дагналі, схапілі і завялі ў свой corps de garde.
    Тут я мушу збольшага расказаць чытачу пра свой тагачасны вонкавы выгляд, перш чым пачынацца пра тое, што і як было ў мяне далей. Вопратка на мне і ўсе рухі былі вельмі нязвыклыя і дзіўныя, губернатар нават загадаў намаляваць з мяне партрэт. Найперш: валасы за тры з паловай гады не стрыгліся ні па-грэцку, ні па-нямецку, ні па-французску, не часаліся, не завіваліся, a тырчалі космамі ва ўсе бакі; запарушаныя шматгадовым пылам замест пудры ці валасянога парашку, як гэта бывае ў блазнаў, яны так
    маляўніча ўклаліся на галаве, што мой бледна-жоўты тварык выглядваў з-пад іх, як растапыраная сава, калі мерыцца дзяўбці мыш або калі высочвае яе. A як што я хадзіў з голай галавой, a валасы былі ад прыроды кучаравыя, ну, дык жывы турка ў турбане. Астатняя вопратка выдатна пасавала да галоўнай акрасы; на мне быў пустэльнікаў каптан, калі б нехта рызыкнуў назваць яго каптаном, бо зыходны матэрыял, з якога ён быў пашыты, цалкам вычарпаў сябе і ад яго не засталося нічога, апроч, бадай што, формы, якая, залатаная тысячай латак усякага колеру і фарбы, падшываная, цыраваная-перацыраваная, усё яшчэ заставалася формай і прэтэндавала на нейкі фасон каптана. На гэтым заношаным і шматкроць рэстаўраваным каптане я яшчэ насіў безрукавую кашулю-лёлю, замест пальта ці плашча, бо рукавы мне якраз надаліся на неблагія панчохі, і таму я іх абцяў; a само цела было ззаду і спераду аперазана жалезнымі ланцугамі, крыж-накрыж, як гэта ў намаляванага св. Вільгельма альбо як усё роўна ў тых, каго захапілі ў палон басурманы, і тыя пасля жабравалі па краіне. Чаравікі мае былі выразаны з дрэва, валокі-подвязкі — з ліпавага лыка, a самыя ногі былі чырвоныя, як печаны рак, нібы на іх былі панчохі гішпанскага цялеснага колеру, альбо калі б я нашмараваў іх фарнамбукам. Мне здавалася, што калі б мяне тады падабраў які-небудзь прахадзімец, рыначны шарлатан ці валацуга і выдаваў за самаеда або за грэнландца, думаю, вялікія грошы меў бы — не адзін дурань прасадзіў бы свае крэйцэры, каб пабачыць такое дзіва. I хоць любы разумны чалавек па адным змардаваным і згаладалым выглядзе і заношаных трантах мог бы лёгка здагадацца, што ні ад якога гаспадара я не ўцякаў, ні ад якой гаспадыні, ні з двара вяльможнага пана, тым не менш мяне ўзялі пад варту. Жаўнеры лупілі на мяне вочы, a я з такім самым подзівам разглядваў блазенскі ўбор іхняга афіцэра, якому я адказваў на яго пытанні. Я не ведаў, хто гэта быў — ён ці яна, бо афіцэр насіў валасы і вусы пафранцузску, абапал галавы спадалі дзве доўгія касы, як конскія хвасты, a вус быў так падстрыжаны і закручаны, што паміж ротам і носам засталіся лічаныя кароткія валаскі, вялікія вочы трэба мець, каб разгледзець, не тое што палічыць. У не меншы сумнеў наконт яго полу прыводзілі яго шырозныя штаны, больш падобныя на спадніцу, чым на пару мужчынскіх калашын. Я нават быў падумаў сабе: «Калі гэта мужчына, дык y яго павінны быць барада як барада, вусы як вусы, a гэты індык не такі малады, як з сябе строіць. Калі ж ён баба, дык чаму ў старое шлюхі столькі шчэцця на мордзе? Пэўна, усё-такі баба, бо ў прыстойнага
    мужчыны барада ніколі не будзе, як здрасаваная пожня, нават казлы і тыя ад сораму не ступілі б y чужое стада, калі б ім так уцялі бароды». Я ўсё стаяў y паняверцы і не ведаў, якая цяпер мода, і нарэшце рашыў лічыць яго разам і за мужыка і за бабу.
    Гэтая мужыкаватая баба ці бабісты мужык загадаў абшукаць мяне, але пры мне нічога не знайшлі, апрача кніжкі з бяросты, y якую я запісаў свае дзённыя малітвы і куды паклаў тую цыдулку, якую, як пра тое расказана ў папярэднім раздзеле, пакінуў мне на развітанне мой пабожны пустэльнік. Кніжку афіцэр адабраў; мце не хацелася страціць яе, і я ўкленчыў перад ім, абхапіў яго за калені і сказаў: «Ах, мой мілы гермафрадыт, пакінь мне мой малітоўнічак!» — «Ашавурак дурны,— адказаў ён,— які чорт сказаў табе, што мяне завуць Герман?» — і загадаў двум жаўнерам звесці мяне да губернатара, даў ім з сабою і памянёную кніжку, бо то ж сам гэты задавасты кавалер, як я заўважыў, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць.
    I мяне павялі ў горад, і ўсе збягаліся падзівіцца, быццам сюды прывялі напаказ марское страшыдла; і кожны пнуўся лепш разгледзець дзівосіну, і кожны бачыў ува мне тое, што хацеў бачыць. Адны прымалі мяне за шпіёна, другія за вар’ята, шаленца, a тыя зноў жа за дзікага чалавека, a ўжо аж тыя за духа, за здань ці яшчэ за якое дзіва, якое павінна стацца нейкай таямнічай азнакай ці то неба, ці пекла. Былі і такія, што лічылі мяне блазнюком, юродам, яны, бадай, былі б найбліжэй да праўды, калі б я не ведаў мілага Госпада Бога.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
    Сімпліцы вядуць на адсідку ў турму, але нечакана пашыхавала яму
    Калі мяне прывялі да губернатара, ён спытаўся, хто я такі, чый я буду і адкуль іду. A я адказаў, што не ведаю. Тады ён будзе пытацца далей: «А куды ты ідзеш?» A я адказваю: «Не ведаю».— «Што ж, y халеры, ты ведаеш? — пытаецца ён далей.— Чым жа ты займаешся?» A я зноў, як і раней, адказваю, што не ведаю. Ён пытаецца: «Дзе твой дом?», і калі я зноў сказаў, што не ведаю, той аж з твару сышоў, ці то ад злосці, ці ад здзіўлення. A як што кожны стараецца западозрыць благі намер, асабліва калі паблізу вораг, які, як я ўжо далажыў, мінулае ночы захапіў
    Гэльнхаўзэн і паглуміў там цэлы драгунскі полк, ён прыняў бок тых, якія лічылі мяне перш за ўсё здраднікам ці віжам, варожым выведнікам, і загадаў абшукаць мяне. Калі ён даведаўся ад жаўнераў варты, якія прывялі мяне да яго, што гэта ўжо зроблена і нічога пры мне не знойдзена, акрамя кніжачкі, якую яны яму тут жа і перадалі, той прачытаў некалькі радкоў і спытаўся ў мяне, хто мне даў гэтую кніжачку. Я сказаў, што ад самага пачатку гэта кніжачка мая, бо я сам зрабіў яе і сам напісаў y яе. Ён спытаўся: «А чаму менавіта на бяросце?» Я адказаў: «Бо з іншых дрэў кара непрыдатная».— «Ты, хамуйла, малаціла засцянковае,— сказаў ён,— я пытаюся, чаму ты не пісаў на паперы?» — «Ай,— кажу я,— y лесе ў нас яе не было». Губернатар спытаўся: «Дзе? У якім лесе?» Я зноў адказаў ранейшым манерам, што не ведаю.
    Тады губернатар павярнуўся да сваіх афіцэраў, якія чакалі яго, і сказаў: «Альбо гэта круты прахадзімец, альбо галган неабструганы і поўны дурань. Але зноў жа які з яго дурань, калі ўмее пісаць». I, гаворачы так, гартае маю кніжачку, каб паказаць ім маё пісанне, і тут з яе выпадае пустэльнікаў цэтлік. Падымае; я збялеў, бо гэта ж быў мой самы вялікі скарб і святыня, і губернатар, відаць, узяў гэта пад увагу і яшчэ больш западозрыў здраду, асабліва калі разгарнуў цэтлік і прачытаў; тады ён сказаў: «Я пазнаю гэтую руку і ведаю, што тут напісана адным маім добра знаёмым афіцэрам; але не магу ўспомніць якім». I сам змест цэтліка падаўся яму вельмі дзіўным і незразумелым; ён сказаў: «Гэта несумненна тайная мова, якое ніхто не разумее, акрамя тых, з кім умоўлена». A ў мяне ён папытаўся, як мяне завуць, і калі я адказаў: «Сімпліцы», ён сказаў: «Так, так, і ты той самай кароўкі ягнятка! Прэч, прэч, накіньце яму кайданы на рукі і ногі, каб можна было выдабыць з шалапута яшчэ што-небудзь». I абодва мае памянёныя жаўнеры павандравалі са мною да новага жытла ці, правільней, да турмы і перадаверылі мяне там турэмнаму наглядчыку, які, выконваючы загад, y дадатак да нацельных ланцугоў яшчэ больш абчапіў мяне жалезнымі ковамі і ланцугамі, па руках і нагах, нібыта і без таго на мне было мала жалеза.
    Такі пачатак гасціннасці быў якраз толькі пачатак, бо да мяне прыйшлі кат і турэмнікі-дапытнікі з жудаснымі тартурнымі прыладамі, якія, нягледзячы на тое, што я суцяшаў сябе сваёй невінаватасцю, зрабілі мой гаротны стан проста жахлівым. «О Божа,— сказаў я сабе,— так мне і трэба! Сімпліцы ўцёк ад службы Богу і пайшоў y белы свет, каб гэты выкідзень хрысціянства прыняў сваю спра-
    вядлівую адплату, на якую заслужыўся сваёй легкадумнасцю. 0 няшчасны Сімпліцы, да чаго давядзе твая няўдзяка? Толькі што Бог прыняў цябе на сваю службу, a ты ўжо ўцякаеш і паказваеш яму спіну! Ці ж бо ты не еў бы ўдосыць жалудоў і бобу, як еў раней, калі б вытрываў на службе ў Творцы? Ці ж бо ты не ведаў, што твой добры пустэльнік і настаўнік уцёк ад марнасці свету і ці ж не выбраў сабе дзікую лясную гушчэчу? Ах ты, аслеплая доўбня! Ты пакінуў самоту ў марным спадзяванні задаволіць сваю пахібную прагу пабачыць свет. Дык вось цяпер дзівіся, думаючы, што наталяеш свае вочы; ты будзеш круціцца і марнавацца ў гэтым небяспечным вар’яцтве. Ці ж бо ты, дурны пахолак, не мог сабе ўявіць, што твой дабрашчасны папярэднік не аддаў бы ўсіх радасцяў свету за тое суровае жыццё, якое ён вёў y пустэльні, калі б спадзяваўся знайсці ў свеце сапраўдны мір, ціхі спакой і вечнае шчасце? Ты, гаротны Сімпліцы, цяпер памкніся, прымі належную плату за свае плыткія подумкі і за непраглядную дурасць! Не след табе наракаць на крыўду, не можаш суцяшацца бязвіннасцю, бо ты ж сам страмотыч ляцеў насустрач сваім катам і сваёй смерці, ты сам на сябе наклікаў няшчасце».
    Так я сам сябе вінаваціў, прасіў y Бога даравання і даручаў яму сваю душу. Так мы падышлі да вежы і вось — калі патрэба найвышша, Божая помач найбліжша! Бо калі ўжо я стаяў, акружаны вартай і тлумам народу, каля турмы, чакаючы, калі яе адамкнуць і ўвядуць мяне туды, той самы мой добры святар, чыя вёска нядаўна была сплюндрана і спалена, якраз і ўбачыў, што тут рабілася, бо ён тым часам таксама сядзеў пад арыштам y вязніцы. Выглянуўшы ў акно і ўбачыўшы мяне, ён крыкнуў: «0 Сімпліцы, няўжо гэта ты?» Пачуўшы і ўбачыўшы яго, я ўскінуў да яго абедзве рукі і закрычаў: «0 войча! 0 войча! О войча!» A ён спытаўся, што я нарабіў. Я адказаў, што, далібог, не ведаю, а, мабыць, мяне прывялі сюды таму, што я ўцёк з лесу. Калі ж яму сказалі з натоўпу, што мяне прымаюць за здрадніка і шпіёна, ён папрасіў, каб мяне не чапалі, пакуль ён не падасць пану губернатару ліст па маёй справе, y якім ён папросіць вызваліць з турмы нас абодвух, каб пан губернатар не памыліўся часам з намі, бо то ж ён, святар, ведае мяне лепш, чым хто-небудзь яшчэ.