Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Лепш бы я і не меў з ім марокі, падумалася; але як што дурань быў вось ён, трэба было трымаць яго, пакуль мы ў засадзе, бо пойдзе, разнясе; a як мне ўжо досыць збрыдла тырчаць тут, я рашыў разгаварыць гэтага ёлупа і абярнуць сабе на карысць ягоныя таленты; таму я сказаў яму: «Як жа так яно ўсё спрычынілася, што твая высокая боскасць пакінула трон нябесны і сышла на нашу грэшную зямную цвердзь? Даруй мне, о Юпітар, маё пытанне, якое ты, можа, палічыш рэзкім, мы ж бо тут на зямлі таксамака лічым сябе пэўным чынам божымі родзічамі, бо многія нашыя сільваны народжаны ад фаўнаў і німфаў, ад якіх не павінны быць утоены гэтыя таямніцы».— «Прысягаю табе Стыксам,— адказаў Юпітар,— што ніколі ты пра гэта не
даведаўся б, нават калі б быў сынам самога вялікага Пана, калі б не быў аж так падобны на майго чашніка Ганімэда; a таму я паведамляю табе, што вялікі лямант пра грахі свету дайшоў да мяне праз хмары на неба, і высокая рада багоў пастанавіла, што я, як y часы Лікаона, справядліва знішчу ўсё на зямлі, наслаўшы на яе патоп. Але як што я дабраволю чалавечаму роду з асаблівым мілажалем ды і без таго ўчыняю на зямлі больш даброці, чым ліха, дык вось хаджу цяпер і вандрую, каб на свае вочы пабачыць людскія чыны і звычаі; і хоць, бачу, тут намнога лішэй, чым я думаў, я ўсё ж схільны не вынішчаць усіх людзей без разбору, a пакараю толькі тых, хто заслужыўся на кару, a потым падтрымаю астатніх, каго пакіну, маёй боскай воляй».
Я ледзь не зарагатаў, але стрымаўся і сказаў: «Ах, Юпітар, твае намогі і праца несумненна запрапасцяцца, калі ты зноў, як раней, не пойдзеш супроць свету вадою, a яшчэ лепей агнём, Бо калі нашлеш ты на яго вайну, дык усе ліхія людзі збягуцца і пачнуць мучыць мірашчасных і пабожных; a пашлеш голад, дык гэта толькі на руку ўсялякім злыдням, бо яны адразу падымуць цэны на хлеб; a нашлеш пошасць, гэта дасць прыбытак розным прагным ліхаздзірцам, бо яны шмат уварвуць ад спадчыны; таму, калі сапраўды хочаш пакараць свет, вырві яго з карэннем і бадыллем зусім і вынішчы»,
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы слухае, як пад германца ўсе народы збягуцца яднацца
Юпіт'ар адказваў: «Ты разважаеш пра рэчы, як адпрыродны чалавек, нібыта не ведаеш, што нам, багам, магчыма ўсё зладзіць так, каб толькі ліхія былі пакараны, a добрыя — умілажалены. Я хачу разбудзіць германскага героя, які ўсё вырашыць вастрыём свайго мяча; ён пераб’е ўсіх зацятых грэшнікаў, a пабожных пакіне і ўзвысіць».
Я сказаў: «У такім разе гэты герой павінен будзе мець жаўнераў, a дзе жаўнеры, там вайна, a дзе вайна, там гінуць і вінаватыя і невінаватыя!» — «А хіба зямныя божышчы думаюць так, як і зямныя людзі,— сказаў на гэта Юпітар,— што і зразумець нічога не могуць? Я пашлю вам такога героя, які ўправіцца і без жаўнераў, ён зрэфармуе ўвесь свет; пры нараджэнні я дам яму статнае і моцнае цела, як y Геркулеса, адару прадбачлівасцю, мудрасцю і раз-
важлівасцю; Венера дасць яму прыгожы такі твар, ён будзе прыгажэйшы за Нарцыса, Аданіса і майго Ганімэда; яна дадасць да ўсіх цнотаў яшчэ і асаблівую пяшчотлівасць, віднасць і вабнасць і зробіць яго любасным усяму свету, з гэтых прычын я паспрыяю добраму раскладу зорак пры яго нараджэнні. Меркурый адорыць яго вострым і кемным розумам, пераменлівая Луна будзе яму не толькі няшкодная, але й карысная, бо прышчэпіць яму неверагодную імклівасць, Палада выгадуе яго на Парнасе, a Вулкан y hora Mortis выкуе меч, якім ён адолее ўвесь свет і скіне ўсіх бязбожных без дапамогі людзей, якіх ты называеш жаўнерамі; яму не спатрэбіцца дапамога. Вялікія гарады затрымцяць перад ім, і любая фартэцыя, раней неадольная, праз чвэрць гадзіны цалкам яму ўпакорыцца і стане пад ягоную ўладу; нарэшце ён зробіцца наймагутнейшым патэнтатам y свеце і ўсталюе кіраванне на зямлі і на моры, што і багі і людзі будуць ім вельмі задаволеныя».
Я сказаў: «Як можа стацца знішчэнне ўсіх бязбожных без пралівання крыві і як атрымаць уладу над усім светам без ужывання сілы і без жалезнай рукі? 0, Юпітар, прызнаюся, нічога не ўтойваючы, што гэтых рэчаў я не хачу разумець, бо я чалавек смяротны!»
Юпітар адказаў: «Мяне гэта не здзіўляе, бо ты яшчэ не ведаеш, якая вялікая сіла будзе ў майго мяча. Вулкан яго зробіць з той самай матэрыі, з якое ён робіць мне грамавыя стрэлы, a добрыя якасці мяча такія, што як толькі мой велікадушны германскі герой аголіць яго і толькі адзін раз шахне ім y паветры, як скоцяцца галовы ў цэлай армады, нават калі яна будзе за гарою за цэлую швейцарскую мілю ад яго, так што бедная нечысць паляжа раней, чым зразумее, што з ёю адбываецца. A калі рушыць y паход і падыдзе да горада ці фартэцыі, ён зробіць на прыклад Тамерлана і падыме белы прапар на знак таго, што вось ён тут аб’явіўся дзеля міру і шчасця людскога. Калі выйдуць яму насустрач і ўпакорацца, добра; калі не, ён дастане з похваў памянёны меч, сілаю якога ва ўсіх чарадзеяў, буртнікаў* і варажбітоў, якія толькі ёсць y горадзе, будуць сцяты галовы, і тады ён падыме чырвоны прапар; a калі тады ніхто не з’явіцца, дык сказаным чынам пазбавіць ён жыцця ўсіх мужабойцаў, ліхвяроў, злодзеяў, махляроў, пералюбнікаў, чужаложнікаў, шлюх і прахадзімцаў, пасля чаго падыме чорны прапар. A калі тыя, якія яшчэ заставацьмуцца ў горадзе, не прыйдуць пакорліва да яго, ён вынішчыць увесь
* Ведзьмароў (стар. бел).
горад і яго жыхароў, як цвёрдахрыбетны і непаддатны корань, але тут пакарае толькі тых, што схілялі іншых да непакорства і сталіся прычынаю таго, што народ не здаўся яму. I так пойдзе ён ад горада да горада, і кожнаму гораду аддасць пад кіраванне і паслушэнства прылеглы край, і ад кожнага горада па ўсёй Германіі возьме ён па два самых разумных і вучоных мужоў, і складзе з іх парламент, і навечна злучыць усе гарады; па ўсёй германскай зямлі, па ўсіх грунтах і добрах ён скасуе прыгон разам з усімі мытамі, акцызамі, чыншамі, пазыковымі распіскамі, закладнымі і навядзе такі парадак, што больш ніхто ніколі не пачуе ні пра якія паншчыны, шарваркі, талокі, кантрыбуцыі, аброкі, паборы, войны і іншыя ўціскі народа, і зажывуць усе шчаслівей, чым на елісейскіх палях. A тады,— сказаў Юпітар далей,— я буду часта збіраць увесь chorum Deorum — гурт багоў, па-вашаму, і спускацца да немцаў, каб павесяліцца ў вас сярод вінаграднікаў і смакоўніц; тады я ўсталюю ў вас Гелікон, і загарэзуюць y вас музы; тры грацыі прынясуць вам, немцам, тысячы розных уцехаў. Я дабраслаўлю Германію і дам ёй большае дабрадзенства, чым шчаснай Аравіі, Месапатаміі альбо ваколіцам Дамаска. Я адмоўлюся тады ад грэцкай мовы і буду гаварыць толькі па-нямецку, адным словам, выяўлю сябе такім германцам, што нарэшце дазволю, як колісь рымлянам, пашырыць уладу на ўвесь свет».
Я сказаў: «Найвышэйшы Юпітар, a што скажуць на гэта князі і паны, калі будучы герой захоча такім вось незаконным чынам адабраць y іх іхняе і падпарадкаваць сабе гарады? Няўжо яны не ўсупрацівяцца сілай альбо, прынамсі, не запратэстуюць перад Судом Божым і людскім?»
Юпітар адказаў: «А яму, герою, клопат малы. Ён падзеліць усіх-усіх вялікіх гэтага свету на тры часткі і тых, якія будуць жыць няўзорна і грэшна, пакарае, як роўна і чэрню, бо ніякая зямная сіла не здолее ўсупрацівіцца ягонаму мячу; астатнім ён дасць выбар — альбо застацца ў краіне, альбо пакінуць яе. Тыя, якія застануцца і любіцьмуць сваю бацькаўшчыну, будуць жыць, як і ўсе паспалітыя; але прыватнае жыццё немцаў тады будзе больш шчаслівае і дабрадзейнае, чым сёння ў каралёў, так што кожны немец зробіцца як бы чыстым ФаДрыцыем, які не схацеў падзяліць з каралём Пірам ягонае каралеўства, бо любіў сваю бацькаўшчыну гэтак сама марна, як гонар і дабрачынства; так будзе і з астатнімі. A трэція, якія захочуць застацца панамі і валадарамі, будуць праз Вугоршчыну і Італію вывезены ў Малдавію, Валахію, y Македонію, Фракію, Грэ-
цыю, нават праз Гелеспонт y Азію, і хай яны ідуць туды ваяваць, забраўшы ўсіх галаварэзаў з усёй Германіі, і хай там здабываюць землі чужым каралям. Пасля ён за адзін дзень возьме Канстанцінопаль, a ўсім туркам, якія не навернуцца ў шчырую веру і не ўпакорацца, загне мікіткі галавою да задніцы; і тады адродзіць ён Свяшчэнную Рымскую імперыю, выправіцца ў Германію і там з парламентам, які ён, як ужо было сказана, збярэ з усіх германскіх гарадоў, па двое ад кожнага горада, і назаве іх перадпастаўнікамі і бацькамі германскай бацькаўшчыны, пабудуе сярод Германіі горад, які будзе большы за Маноа ў Амерыцы і золатапраменнейшы, чым сам Ерусалім за Саламонавых часоў; крапасныя валы можна будзе параўнаць з Цірольскімі гарамі, a равы па шырыні з пратокаю паміж Гішпаніяй і Афрыкай. A ўсярэдзіне ён паставіць храм з чыстых адамантаў, рубінаў, смарагдаў і шафіраў; a ў куншткамеры, якую таксама збудуе, будуць з усяго свету сабраны ўсялякія рэдкія дзівосіны, багатыя дарункі, якіх яму панашЛюць імператары Кітая і Персіі, вялікі магол Усходняй Індыі, вялікі хан татарскі, святар Ян з Афрыкі і вялікі цар Маскоўшчыны. Турэцкі султан будзе самы руплівы і запабеглівы, бо памянёны герой не адбярэ ў яго імперыю, a зробіць яго леннікам рымскага імператара».
Я спытаўся ў майго Юпітара, што ж пры гэтым будуць рабіць хрысціянскія каралі. Ён адказаў: «Тыя, што ў Англіі, Швецыі і Даніі, як бо яны нямецкай крыві і пакорныя застануцца, a тыя, што ў Гішпаніі, Францыі і Партугаліі, з увагі на тое, што ў старыя часы немцы займалі памянёныя краіны і імі валадарылі, атрымаюць свае кароны, каралеўствы і інкарпараваныя ў іх краіны ад нямецкай нацыі па добрай волі ў леннае валоданне, і тады запануе вечны, непарушны мір паміж усімі народамі ва ўсім свеце, як y часы Аўгуста».
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Сімпліцы слухае, як герой Юпігпараў з’яднае папоў, ксяндзоў і прасвітараў
Гізуйчмут, які таксама слухаў нашую гутарку, ледзь быў не зглуміў усяго гандлю, сказаўшы: «I ўжо тады ў Германіі зажывём, як y краіне Дрыхляндыі, дзе не дожджык падае, a чысцюткая мушкатэля, дзе крэйцэрпаштэты вы-
скокваюць за ноч, як сыраежкі. Во ўжо таптацьму за абедзве шчакі, як малацілыпчык, і во ўжо хлябтацьму малмазею, пакуль вочы на лоб не палезуць».— «Яно, вядома, канечне,— адказаў Юпітар,— асабліва калі я нашлю на цябе Эрысіхтонавую пакуту, бо, здаецца, пакепваеш ты з маёй вялікасці». I, павярнуўшыся да мяне, дадаў: «Здавалася мне, што я сярод сапраўдных сільванаў, a выходзіць, сустрэў зайздросніка Мома ці Заіла. I перад такім прадажнікам абвяшчаць волю нябёсаў і рассыпаць пэрлы перад свіннёй? Ну ясна, наклаў сабе на пагоршкі кучу гаўна і носіцца — дзівіцеся на яго, такога харошага!» Я падумаў: «Гэта дзіўны і нячысты ідал, бач, як умее ўсё абярнуць,— высокія рэчы і далікатная матэрыя». Я добра ўжо змеціў, што ўсякія там кепікі яму папярок, a таму трываў як мог, потым сказаў: «Любасны Юпітар, ты ж не будзеш за недалікатнасць неабструганага фаўна ўтойваць ад другога Ганімэда, што будзе далей y Германіі».— «0 не! — адказаў ён.— Але скажы спярша свайму Фэону, хай наперад прыкусіць свой гіпанаксаў язык, пакуль я яго, як Меркурый Батума, не ператварыў y камень. I прызнайся, што ты мой Ганімэд і ці не цябе выгнала раўнівая Юнона, пакуль мяне тут не было, з нябесных харомаў?» Я паабяцаў яму ўсё расказаць, як толькі пачую ад яго ўсё, што мне хацелася ведаць. На гэта ён сказаў: «Дарагі Ганімэд,— толькі не аднеквайся больш, што ты гэта не ты, бо я ж усё бачу наскрозь,— да таго часу золатаробнае рамяство ў Германіі стане звычайным і будным, як, скажам, ганчарства, так што ці не кожны смаркач y канюшні будзе насіць пры сабе lapidem philosophorum*». Я спытаўся: «А як жа ўсталюецца ў Германіі вечны мір, калі столькі рэлігій? Хіба ж не пачнуць разнаверныя папы нацкоўваць сваю паству і ці не сплятуць новую вайну на іншаверцаў?» — «О не,— адказаў Юпітар,— мой герой запабегне гэтай небяспецы і найперш злучыць y адно ўсе хрысціянскія канфэсіі». Я сказаў: «0 цуд, гэта быў бы вялікі, нечуваны і найвыдатнейшы чын! Але як гэта зрабіць?» Юпітар адказаў: «А я табе шчыра адкрыю. Усталяваўшы вечны і універсальны спакой ва ўсім свеце, мой герой звернецца да ўсіх духоўных і свецкіх кіроўцаў і ўзначалькікаў усіх хрысціянскіх народаў і розных цэркваў з вельмі ўзрушлівай казанню і пакажа ім усю пахібнасць ранейшых нязгодзіц і разладаў і неаспрэчнымі, разумнымі аргументамі прывядзе іх да таго,